Гісторыя пошты і паштовых марак Беларусі
Беларусь | |||
| |||
Гісторыя пошты | |||
---|---|---|---|
Чалец СПЗ | з 13 траўня 1947 | ||
Паштовыя адміністрацыі | |||
Расейская імпэрыя (да 1917) |
1 рубель = 100 капеек | ||
Расейская рэспубліка (1917) |
1 рубель = 100 капеек | ||
БССР (1917—1923) |
1 рубель = 100 капеек | ||
БНР (1918—1920) |
1 рубель = 100 капеек | ||
БССР (да 1992) |
1 савецкі рубель = 100 капеек | ||
Беларусь (з 1992) |
1 беларускі рубель = 100 капеек | ||
Белпошта (з 1995) | |||
Офіс пошты | Менск, праспэкт Незалежнасьці, 10 | ||
Сайт пошты | www.belpost.by | ||
Першыя паштовыя маркі | |||
Філятэлія | |||
Колькасьць марак у год | 40—50 | ||
Удзельнік WNS | з 2002[a] | ||
Офіс суполкі | Беларускі зьвяз філятэлістаў | ||
Сайт суполкі | bsfil.narod.ru |
Гісто́рыя по́шты і пашто́вых ма́рак Беларусі падзяляецца на пэрыяды, што адпавядаюць паштовым сыстэмам дзяржаваў, у складзе якіх знаходзілася тэрыторыя сучаснай Беларусі (Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя, Польшча, СССР), пэрыяд БНР (1918—1920) і сучаснай Рэспублікі Беларусь (з 1991). Таксама маркі выдаваліся беларускай дыяспарай на эміграцыі.
Беларусь зьяўляецца чальцом Сусьветнага паштовага зьвязу з 1947 року; нацыянальны паштовы апэратар — «Белпошта»[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Правізорыі польскага корпусу ў Менску
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас мяцяжу корпусу Доўбар-Мусьніцкага ў лютым 1918 року падпадзяленьні корпусу занялі Менск. Адміністрацыяй Доўбар-Мусьніцкага былі зьдзейсьненыя два выпускі правізорыяў[2].
Першы выпуск уяўляў сабой маркі царскага ўраду наміналам 3, 4, 5, 7, 10, 15, 20, 25, 35, 50 і 70 капеек з наддрукоўкай польскага гербу і надпісу «POCZTA Pol. Korp.» (бел. Пошта Польскага корпусу)[2].
На правізорыях другога выпуску малюнак наддрукоўкі быў зьменены і ўяўляў сабой надпіс «Pol. Korp.», герб Польшчы і пазначэньне новага наміналу. Правізорыі былі выкананыя на марках царскага (з зубцоўкай) і Часовага (без зубцоўкі) ўрадаў вартасьцю 1, 2 і 3 капейкі. Маркі ў 1 капейку атрымалі намінал у 35 капеек, 2 капейкі — 50 капеек, 3 капейкі — 10 капеек і 1 рубель[2].
Маркі БНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На працягу 1918—1920 рокаў і ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, і ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ўжываліся галоўным чынам расейскія маркі.
Асобны атрад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1920 годзе ў Латвійскай дзяржаўнай друкарні ў Рызе выдадзеная сэрыя марак на замову камандаваньня Асобнага Атраду БНР. Надпіс «Асобны атрад» сьведчыць аб тым, што маркі выпускаліся для беларускага вайсковага фармаваньня на чале з генэралам Булак-Балаховічам. Замову на яго даваў старшыня Беларускай вайсковай камісіі ў Латвіі Кастусь Езавітаў.
Выдадзена 5 марак розных наміналаў: 5, 10, 15, 50 капеек і 1 рубель. Існуюць зубцаваныя і незубцаваныя маркі. Агульны наклад — 5 мільёнаў асобнікаў (па 1 мільёне кожны). Адносіны зубцаваных да незубцаваных — 1:1. Незубцаваныя маркі былы выдадзены дзеля зьдзешаўленьня накладу. Зь іх 250 тысячаў было выраблена і бяз клею[3].
На ўсіх пяці марках сэрыі — адзін малюнак: маладыя сяляне ў нацыянальных строях (Магілёўскі строй), хлопец і дзяўчына, сядзяць на лаўцы ля плота. Праект маркі быў выкананы мастаком Рыхардам Зарыньшам. Паводле меркаваньня гісторыкаў, прататыпам была выкарыстаная гравюра У. дэ Гарнэка, зьмешчаная ў трэцім томе выданьня «Живописная Россия» (1882 г.) пад назвай «Тыпы Магілёўскай губэрні»[4].
Маркі былі ў выкарыстаньні з 14 лютага 1920 да 22 красавіка 1920 году. Маркі Асобнага атраду выкарыстоўваліся палявой поштай, якая засталася на тэрыторыі Латвіі, да красавіка 1920 году, і гасіліся асобным штампам[4].
-
5 кап.
-
10 кап.
-
15 кап.
-
50 кап.
-
1 руб.
Надалей гэты выпуск (пачынаючы з 1939 року) неаднаразова перавыдаваўся як эмігранцкім урадам БНР, так і «неафіцыйна», што спрычынілася да зьяўленьня вялікай колькасьці адменаў марак гэтага выпуску паводле якасьці друку[5].
Сэрыя «Беларусь»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1921 року выйшла сэрыя пад назваю «Беларусь», прадстаўленая маркамі вартасьцю 2, 3 і 5 рублёў. На марцы двухрублёвага наміналу партрэт Францішка Скарыны і подпіс «Francišk Skaryna z Polacka 1517—1917». На 3-хрублёвай марцы выява «Пагоні», на 5-рублёвай — аратага, надпісаў няма. Слова «Почта» напісанае праз «ч»[6].
Маркі Слуцкага паўстаньня (Слуцкія маркі)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У часе Слуцкага збройнага чыну штабам Беларускай Слуцкай Брыгады 1 сьнежня 1920 году былі выдадзеныя правізорыі. Выкарыстоўваліся польскія маркі, на якіх была наддрукоўка наміналу, Пагоні і літарамі «Ч. Р. Сл.» (Часовая Рада Случчыны).
- Польская марка 5 грошай — наддрукоўка 25 грошай;
- Польская марка 10 грошай — наддрукоўка 50 грошай;
- Польская марка 15 грошай — наддрукоўка 50 грошай;
- Польская марка 15 фэнігаў — наддрукоўка 50 грошай[7].
Лічыцца, што выдадзена было 200 асобнікаў вартасьцю 50 грошай і каля 20 асобнікаў вартасьцю 25 грошай. На 1921 год згадвалася, што захавалася толькі 3 камплекты. Марка вартасьцю 10 грошай з надрукоўкаю стала вядома толькі ў 1921 годзе[8].
Валянцін Баціеўскі мяркуе, што да наддруковак можа быць датычны Васіль Русак, які на 1 сьнежня 1920 хварэў і знаходзіўся бязмэтава ў Грыцэвічах.
Вядомыя два паштовыя адпраўленьні з маркамі Слуцкай рады:
- Паштовая картка Баранавічы — Вільня ад 21 студзеня 1921 (2 маркі агулам на 75 грошай ці па польскім намінале — 20 грошай)
- Заказны ліст Баранавічы — Ляйпцыг ад 23 студзеня 1921 (4 польскія маркі і 2 з наддрукоўкаю на 75 грошай — тут яны прысутнічаюць у выглядзе дадатковых налепак).
Польская акупацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У часе польскай акупацыі ў 1919—1920 роках быў зьдзейсьнены выпуск мясцовых правізорыяў Горадні. Ён уяўляў зь сабе маркі Часовага ўраду Расеі (выпуску 1917 року без зубцоўкі) з нанесенай на іх наддрукоўкай польск. «Poczta Polska 40 GR» («Польская пошта 40 грошаў»). Намінал гэтых марак быў прывязаны да летувіскай аўксінаі[9].
Маркі Беларускага камітэту самапомачы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1942 годзе ў Бэрліне былі надрукаваны маркі Беларускага камітэту самапомачы. Маркі з выявай Скарыны былі выдадзены рудога, зялёнага, чырвонага, фіялетавага, сіняга і сьветла-сіняга колера. У той самы час былі выдадзеныя й маркі з Пагоняй (сіняя), зь Віленскім замкам (рудыя), князем Альгердам (зялёныя), князем Вітаўтам (сінія) ды вобразам дзяўчыны з хлопцам (зялёныя й фіялетавыя). Маркі выдаваліся як паквітаваньне за ўплачаную складку ці за дадзеную ахвяру. Фактычны ініцыятар выданьня — тагачасны старшыня Цэнтралі БКС інж. Мікола Абрамчык. Малюнкі для марак былі выкананыя ў Лодзі тамашнім сябрам БКС Зэнанам Зянкевічам[10].
Маркі БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля ўтварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і яе ўлучэньня ў склад СССР права выданьня знакаў паштовай аплаты было дэлегаванае Маскве, і на тэрыторыі БССР выкарыстоўваліся паштовыя маркі СССР[11].
Беларуская тэматыка на марках СССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская тэматыка прысутнічае на паштовых марках СССР пачынаючы з 1930-х рокаў. У прыватнасьці, выпускаліся маркі, прысьвечаныя самой БССР і беларускаму народу:
- «Беларусы», сэрыя «Этнаграфія СССР», 1933, намінал маркі — 15 кап.
- «Герб БССР», сэрыя «Гербы саюзных рэспублік», 1938, намінал маркі — 20 кап. Адзіная паштовая марка, на якой адлюстраваны герб БССР узору 1927 року з дубовай галінкай у вянку герба.
- «Герб БССР», сэрыя «Гербы саюзных рэспублік», перавыданьне сэрыі ў новым дызайне(en), 1947, намінал маркі — 30 кап.
- «30 лет БССР», 1949, наміналы марак — 40 кап. і 1 руб.
- «Менск — сталіца БССР», сэрыя «Сталіцы саюзных рэспублік», 1958, намінал маркі — 40 кап.
- «50 гадоў БССР», сэрыя з трох марак, 1969, намінал марак — 2, 4 і 6 кап.
- «60 гадоў БССР», 1979, намінал маркі — 4 кап.
-
«Беларусы. Сэрыя «Этнаграфія СССР» (1933)
-
Герб БССР. Сэрыя «Гербы саюзных рэспублік» (1938)
-
Герб БССР. Сэрыя «Гербы саюзных рэспублік» (1947)
-
Менск — сталіца БССР. Сэрыя «Сталіцы саюзных рэспублік» (1958)
-
Марка з сэрыі «50 гадоў БССР» (1969)
Агулам зь Беларусяй зьвязаная тэматыка каля 90 паштовых марак СССР: акрамя беларускай дзяржаўнай сымболікі, гэта беларускія гарады і архітэктура, выбітныя беларускія дзеячы, героі Вялікай Айчыннай вайны, прамысловасьць, культура, мастацтва і прырода Беларусі)[11].
Маркі беларускай эміграцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1950-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1950 году пачалі рассылацца маркі Рады БНР. Ідэя паўстала ў Парыжы, дзе жылі ў той час Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімер Шыманец, а ў Амэрыцы маркамі займаўся Віталь Кажан.
Маркі выдалі ў дзьвюх сэрыях. На першай — старшыні Рады БНР: Пётра Крэчэўскі (марка фіялетавага колеру вартасьцю ў тры талеры) і Васіль Захарка (чырвонага колеру, адзін талер), Дом Рады БНР (зялёнага колеру, 50 грошай). Аўтар гэтай сэрыі дасюль невядомы. На другой сэрыі: Пагоня (чырвонага колеру, вартасьць 25 грошай) і мапа Беларусі (сіняга колеру, 10 грошай). Другая сэрыя надрукаваная па эскізах Уладзімера Шыманца[12].
1960-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1960 годзе Згуртаваньне беларускай моладзі выдала марку ў гонар 40-ых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну па эскізах мастака Генрыха Архацкага ў чырвоным, сінім, зялёным і шэрым колерах. На марцы постаць дзяцюка з Бел-Чырвона-Белым сьцягам, на якім напісана: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Тронка сьцягу ў форме паходні з надпісам на полымі: «The Slucak Uprising 1920—1960». Справа ўнізе надпіс: «Freedom for Byelorussia!» Зьлева долу літары «БНР». Маркі надрукаваныя ў аркушах па 20 асобнікаў з надпісам на двух мовах: «Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня — злажыце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках — пашырайце праўду аб Беларусі»[10].
1970-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1971 годзе ў Вялікабрытаніі застрайкавалі паштары, і Гай Пікарда ад імя ЗБВБ зьвярнуўся па дазвол на адкрыцьцё паштовай службы. Атрымаўшы дазвол, Пікарда сам зрабіў эскізы і надрукаваў аж пяць сэрыяў марак, якія 19 лютага 1971 выйшлі ў абарот. Яны выкарыстоўваліся да 10 сакавіка 1971, калі скончыўся страйк.
- Першая сэрыя. На марцы тэкст у тры радкі: «З. Б. В. Б. (10 п. ці 20 п.) Пошта». 10 п. — чырвоная на сьветла-зялёнай паперы; 20 п. — сіняя на сьветла-зялёнай паперы. Наклад — 300 асобнікаў.
- Другая сэрыя. Маркі «Асобны атрад» з 1920 году з ручной наддрукоўкай ліловага колеру ў ніжнім правым кутку — «10 п.», у левым — «ZBVB Post», без зубцоў: 10 п. на 5 кап. — зялёная, 10 п. на 10 кап. — чырвоная, 10 п. на 15 кап. — ліловая, 10 п. на 1 руб — карычневая. Наклад невядомы[10].
- Трэцяя сэрыя. Віньеткі, выпушчаныя ў Заходняй Нямеччыне ў 1950 року з наддрукоўкамі, як у другой сэрыі: 10 п. на 10 грошай — сіняя з выявай скрутку з мапаю Беларусі; 10 п. на 25 грошай — аранжавая з выявай Пагоні; 10 п. на 50 грошай — зялёная з выявай Дому Рады БНР у Менску; 10 п. на талер — чырвоная з партрэтам Васіля Захаркі і надпісам «В. Захарка 1928—1934»; 10 п. на 3 талеры — ліловая з надпісам «П. Крэчэўскі 1919—1928». Наклад невядомы[13].
- Чацьвертая сэрыя. Як першая[13].
- Пятая сэрыя. Выявы гістарычных будынкаў. На ўсіх марках унізе надпіс «Пошта ЗБВБ», па левым баку зьнізу ўверх — «Byelorussia». Марка 1 п., чорная на сьветла-жоўтай паперы, «Полацак» — царква Хрыста Збаўцы і сьв. Эўфрасіньні Полацкай XII стагодзьдзя; 5 п., намінал чорны, сіняя на блакітнай паперы, «Супрасьль» — царква Дабравесьця XVI стагодзьдзя; 10 п., намінал чорны, чырвоная на сьветла-зялёнай паперы, «Ішкальдзь» — касьцёл XV стагодзьдзя; 15 п., намінал чорны, зялёная на ружовай паперы, «Магілёў» — меская ратуша ў Віцебску XVIII стагодзьдзя[b]; 20 п., намінал чорны, чырвоная на аранжавай паперы, «Нясьвіж» — дом XVIII стагодзьдзя на Рынкавым пляцы. Наклад 1000 асобнікаў, выдадзеныя аркушамі па 5 марак[13].
У 1972 року да 450-годзьдзя кнігадрукаваньня на тэрыторыі Беларусі БІНіМ выдаў марку з партрэтам Францішка Скарыны. Марка вішнёвага колеру, партрэт у рамцы са словамі «450-я ўгодку друку ў Беларусі. Др. Фр. Скарына, 1485?—1540. Малая Падарожная Кніжка. Вільня, 1522—1972»[13].
Маркі Рэспублікі Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачаткі марак РБ заклала Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 верасьня 1991 №351 «Аб выпуску паштовых марак Беларускай ССР».
Першая марка незалежнай Беларусі з выяваю крыжа Эўфрасіньні Полацкай зьявілася 20 сакавіка 1992 году. Яе аформіў мастак Комлеў. Надрукаваная ў Маскве, як і бальшыня першых беларускіх марак. Наклад — 2 мільёны паасобнікаў. Вартасьць — адзін (напачатку зьбіраліся выдрукаваць рубель, але пасьля тое слова было зьнятае — дасюль беларускія маркі выдаюцца бяз назвы наміналу).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Belarus (анг.) Member countries. Universal Postal Union. Праверана 5 чэрвеня 2015 г.
- ^ а б в Stamp Encyclopaedia Poland (анг.) Энцыкляпэдыя паштовых марак Польшчы. Ben Nieborg (2002-09-10). Праверана 2011-01-30 г.
- ^ Le Collectionneur de timbres-poste. Numeros 459 a 464.. — Парыж: Maison Arthur Maury Bureaux d'abonnement et de vente, 1920. — С. 62. — 224 с.
- ^ а б Батиевский В. (2 красавіка 2011) Марки и полевая почта «Асобнага атрада БНР» (рас.) mirmarok.ru Праверана 10 лістапада 2014 г.
- ^ И.Ф. Мясковский (5 верасьня 2010) 1.5. Выпуск Особого Отряда БНР (Булак-Балахович) — Подделки марок выпуска (рас.) Фантастические выпуски. Мир м@рок. Праверана 9 ліпеня 2015 г.
- ^ Леў Коласаў. Маркі часоў БНР // Спадчына. — 1990. — № 4. — С. 49—50.
- ^ Słuck (анг.) Miscellaneous stamps. Stamp Encyclopaedia Poland. Праверана 9 ліпеня 2015 г.
- ^ Уладзімер Іваноў. (14 траўня 2012) Загадкі слуцкіх марак. ARCHE.
- ^ Grodno (анг.) Local issues 1918—1919. Russian occupied Poland. Stamp Encyclopaedia Poland. Праверана 9 ліпеня 2015 г.
- ^ а б в Мялешка, Андрэй (24 ліпеня 2012) Пошта беларускай эміграцыі Гісторыя. Будзьма беларусамі!. Праверана 9 ліпеня 2015 г.
- ^ а б S.Baiko. История филателии Беларуси (рас.) Филателия в Беларуси и о Беларуси Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Уводзіны ў філатэлію Сайт ТБМ
- ^ а б в г Гардзіенка, Натальля Маркі й налепкі Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паводле зьвестак сайту САРФ. (анг.)
- ^ Памылкова пазначаная як Магілёўская