Віталь Кажан
Віталь Кажан | |
Род дзейнасьці | вайсковец, грамадзкі дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 9 кастрычніка 1916 |
Месца нараджэньня | Дзісенскі павет, Віленская губэрня |
Дата сьмерці | 17 студзеня 2014 |
Месца сьмерці | Стамфард, ЗША |
Занятак | вайсковец |
Месца працы | |
Сябра ў | Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне і Беларуская фундацыя Крачэўскага[d] |
Віталь Кажан (9 кастрычніка 1916, в. Балбекі, Дзісенскі павет, Віленская губэрня (сёньня Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласьць) — 17 студзеня 2004, Стамфард, ЗША) — беларускі вайсковы і грамадзкі дзяяч.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вырас у сям’і прадпрымальнага селяніна, які, здабыўшы асьвету, працаваў сакратаром ў земскага начальніка. Маці Віталя паходзіла з заможнай сялянскай сям’і. Бацькі мелі 20-гэктарную гаспадарку.
Пад польскай акупацыяй бацька спачатку быў выбраны войтам гміны, але пасьля трох гадоў яго зволілі за нястачу «польскасьці» і ён заняўся гандлем.
Віталь скончыў у Дзісьне польскую гімназію, адбыў вайсковую службу ды ў 1938 годзе падаўся ў афіцэрскую школу. Пасьля польска-нямецкай вайны працаваў настаўнікам у родных мясьцінах.
У жніўні 1942 году адбыў першыя курсы беларускіх афіцэраў у Менску, адкуль быў пасланы ў Браслаў для вядзеньня падафіцэрскіх курсаў для Беларускай Самааховы. Пасьля працаваў у Глыбокім сакратаром і заступнікам акруговага старшыні Беларускай Народнай Самапомачы.
У сакавіку 1943 году на пастанову беларускага актыву працаваў у Вялейцы загадчыкам беларускай канцылярыі пры нямецкай установе.
У чэрвені 1944 году зьехаў зь Беларусі. У Бэрліне працаваў у БЦР, браў удзел у падрыхтоўцы беларускіх афіцэраў. У лістападзе 1944 году палкоўнік Кушаль прызначыў яго сваім ад’ютантам.
1 сакавіка 1945 году Віталь ажаніўся з Жэняй Кароль, якая працавала ў канцылярыі палкоўніка Кушаля. А празь месяц Кажаном удалося перабрацца ў заходнюю частку Нямеччыны, каб не патрапіць пад савецкую акупацыю.
Пасьля некалькіх пераездаў зь лягеру ў лягер, Віталь Кажан, трапіў на пасаду заступніка камэнданта лягернай паліцыі ў Шляйсгайме ля Мюнхэну. Там прабыў ад ліпеня 1946 па люты 1948 году. Пасьля пераезду ў лютым 1948 году ў беларускі лягер Остэргофэн выконваў абавязкі адміністратара газэты «Бацькаўшчына», а ад лістапада таго-ж году — яшчэ й абавязкі камэнданта лягернай паліцыі. Быў сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Амэрыканскую зону Нямеччыны.
У кастрычніку 1948 году прайшоў спэцыяльныя курсы для камэндантаў лягернай паліцыі ў горадзе Штутгарце, дзе ад імя ўсіх курсантаў вітаў жонку прэзыдэнта ЗША Элеанору Рузвэльт.
У чэрвені 1949 году, калі быў арганізаваны адзіны лягер для беларусаў у Розэнгайме, працаваў там бухгальтарам аддзелу прадуктаў ды адначасна прайшоў курсы ангельскай мовы. Працаваў там-жа выкладчыкам пачаткаў ангельскай мовы ў беларускай школе.
Чацьвертая сэсія Рады БНР у Розэнгайме ў кастрычніку 1949 году надала яму становішча галоўнага Скарбніка Рады БНР.
У чэрвені 1950 году Віталь з жонкаю і дачушкай Ларысай вадаплавам прыбылі ў Нью-Ерк. Праз год Кажаны перабіраюцца ў горад Стамфард у штат Канэтыкут. Тут Віталь атрымаў працу ў добрай кампаніі, дзе і адпрацаваў на пасадзе прараба амаль трыццаць гадоў.
У сакавіку 1952 году Віталя напаткала трагедыя: жонка нарадзіла сына Аўгена, а пасьля родаў сама памерла.
У кастрычніку 1953 году Віталь ажаніўся зь Любай Пронькай, ранейшай знаёмай з Шаркаўшчыны. У іх нарадзіліся дзьве дачкі, Юля і Маргарыта.
Каб забясьпечыць чатыром дзецям вышэйшую асьвету, Віталь Кажан пачаў у 1954 годзе, у дадатак да фабрычнай працы, свой бізнэс — маляваньне дамоў звонкі й усярэдзіне. Гэта ён рабіў аж да 1984 году ў час адпачынку ды сьвяточнымі днямі.
Апошнія гады ён жыў у гарадку Пэнінгтан у Нью-Джэрзі. Пахаваны ў горадзе Стамфард у штаце Канэтыкэт (ЗША).
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялёгу цывілізацый» (сэрыя «Беларусіка-Albaruthenica», Мінск, «Беларускі кнігазбор», 2001
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Віталь Кажан»(недаступная спасылка), Янка Запруднік, ЗБС «Бацькаўшчына»