Перайсьці да зьместу

Герой Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герой Беларусі
Арыгінальная назва па-беларуску: Герой Беларусі
Краіна Беларусь
Тып Званьне + Мэдаль
Падставы ўзнагароджаньня Выключныя заслугі перад дзяржаваю і грамадзствам, зьвязаныя з подзьвігам, зьдзейсьненыя ў імя свабоды, незалежнасьці і росквіту Рэспублікі Беларусь.
Статус Уручаецца
Статыстыка
Парамэтры Дыямэтр зоркі — 33 мм,
матэрыял — золата 585 пробы,
Вага 19 г.
Дата заснаваньня 13 красавіка 1995
Першае ўзнагароджаньне 21 лістапада 1996
Колькасьць 11
Чарговасьць
Малодшая ўзнагарода Ордэн Айчыны

Геро́й Белару́сі — найвышэйшая адзнака Беларусі, што надаецца толькі аднойчы ўказам прэзыдэнта за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам, зьвязаныя з учынкам дзеля свабоды, незалежнасьці й росквіту краіны. Званьне заснаванаў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь Пастановай № 3726-XII ад 13 красавіка 1995 году. У якасьці знака ўзнагароды ўручаецца мэдаль, што носіцца на левым баку над ордэнамі ды іншымі мэдалямі[1].

Мэдаль уяўляе сабой 5-канцовую зорку з гладкімі шматграннымі прамянямі на вонкавым баку, упісаную ў круг дыямэтрам 33 мілімэтры. Адваротны бок мэдаля мае гладкую паверхню, пасярэдзіне знаходзіцца нумар мэдаля. Мэдаль пры дыпамозе вушка і кальца злучаецца з прастакутнай калодкай. Уздоўж асновы калодкі ідуць проразі, унутраная яе частка абцягнутая муаравай стужкай чырвонага колеру з падоўжнай зялёнай палоскай з правага краю. Мэдаль і калодка вырабляюцца з золата 585-й пробы на гомельскім заводзе «Ювэлір», іх вага складае 19 грамаў[2]. Раней, паводле ўказу прэзыдэнта ад 15 студзеня 1996 г. № 26, і да ўказу ад 6 верасьня 1999 г. № 516 пры вырабе мэдаля на нутраных тупых кутах зоркі прадугледжвалася разьмяшчэньне ў радыяльных кірунках стралападобных ўставак з штучнага рубіна. Калодка была трапэцападобнай з пазалочанага срэбра.

Сходы працаўнікоў прадпрыемстваў, дзяржаўныя ўстановы ды суполкі грамадзкіх аб’яднаньняў маюць права за подпісам свайго кіраўніцтва накіроўваць ва ўрад і яго ведамствы ўзнагародныя лісты з апісаньнем заслугаў вылучэнцаў на званьне. Урад падае сваё прадстаўленьне да ўзнагароды ў Дзяржаўны сакратарыят Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусь, што перадае ўласныя высновы прэзыдэнту празь яго Адміністрацыю. Уручэньне прэзыдэнтам ажыцьцяўляецца не пазьней, як праз 2 месяцы пасьля падпісаньня ўказу[3].

Імя Пасада Дата наданьня Заслугі Дата народзінаў Месца народзінаў
1 Уладзімер Карват Начальнік паветрана-агнявой базы ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць) 21 лістапада 1996 Мужнасьць і гераізм, праяўленыя пры выкананьні воінскага абавязку[4] 28 лістапада 1958 Берасьце
2 Павал Марыеў Кіраўнік «БелАЗа» (Жодзін, Менская вобласьць) 29 чэрвеня 2001 Разьвіцьцё айчыннага аўтамабілебудаваньня[5] 16 чэрвеня 1938 Вёска Дулава, Яраслаўскі раён, Расейская СФСР
3 Аляксандар Дубко Старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту 30 чэрвеня 2001 Перад дзяржавай і грамадзтвам[6] 14 студзеня 1938 в. Ілава, Сіроцінскі раён, Віцебская вобласьць
4 Міхаіл Карчміт Старшыня агракамбіната «Сноў» (Нясьвіскі раён, Менская вобл.) 30 чэрвеня 2001 Разьвіцьцё сельскагаспадарчай вытворчасьці 1 лютага 1949 в. Радаўцы, Маладэчанскі раён, Менская вобл.
5 Віталь Крамко Старшыня калгаса «Кастрычнік» (Гарадзенскі раён) 30 чэрвеня 2001 Разьвіцьцё сельскагаспадарчай вытворчасьці[7] 1 студзеня 1941 в. Беражна, Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласьць
6 Міхаіл Высоцкі Кіраўнік «Белаўтатрактарабудаваньня» 1 сакавіка 2006 Грамадзка-гаспадарчае разьвіцьцё краіны 10 лютага 1928 в. Семежаў, Капыльскі раён, Менская вобл.
7 Пётар Пракаповіч Старшыня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка 2006 Грамадзка-гаспадарчае разьвіцьцё краіны 3 лістапада 1942 в. Роўна, Пружанскі раён, Берасьцейская вобл.
8 Васіль Равяка Старшыня сельскагаспадарчага каапэратыва «Прагрэс – Верцялішкі» (Гарадзенскі раён) 1 сакавіка 2006 Грамадзка-гаспадарчае разьвіцьцё краіны 15 ліпеня 1948 в. Рабец, Хвойніцкі раён, Гомельская вобласьць
9 Міхаіл Савіцкі Кіраўнік «Творчых акадэмічных майстэрняў жывапісу, графікі і скульптуры» 1 сакавіка 2006 Грамадзка-гаспадарчае разьвіцьцё краіны[8] 18 лютага 1922 в. Зьвянячы, Талачынскі раён, Віцебская вобл.
10 Філярэт Вахрамееў Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх ўсяе Беларусі 1 сакавіка 2006 Духоўнае адраджэньне народа, умацаваньне дружбы і брацкіх сувязяў між народамі, разьвіцьцё міжканфэсійнага дыялёгу[9] 21 сакавіка 1935 Масква, Расейская СФСР
11 Дар’я Домрачава біятляністка 17 лютага 2014[10] [11] 3 жніўня 1986 Менск
12 Андрэй Нічыпорчык лётчык 24 лістапада 2021[12] За мужнасьць і гераізм, праяўленыя пры выкананьні воінскага абавязку [11] 17 кастрычніка 1987 Паставы
13 Мікіта Куканенка лётчык 24 лістапада 2021[13] За мужнасьць і гераізм, праяўленыя пры выкананьні воінскага абавязку[11] 18 верасня 1998 Полацак

Званьне надае права на:

  1. бясплатнае забесьпячэньне лекамі, што выпісваюцца лекарамі;
  2. бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў і прыладаў падтрымкі жыцьцядзейнасьці;
  3. атрыманьне грашовай дапамогі на аздараўленьне;
  4. бясплатны праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце, аднойчы на год — у агульнакраёвым;
  5. бясплатны праезд у агульнакраёвым транспарце да лякарні для атрыманьня мэдычнай дапамогі;
  6. 50%-ную зьніжку на праезд міжгароднім і агульнакраёвым траспартам з 1 кастрычніка па 15 траўня;
  7. вызваленьне ад платы за карыстаньне 20 квадратнымі мэтрамі жытла й жыльлёвыя паслугі;
  8. першачарговую аднаразовую бясплатную ўстаноўку кватэрнага тэлефона з працягласьцю абанэнцкай лініі да 500 мэтраў;
  9. бясплатнае карыстаньне кватэрным тэлефонам у гарадзкой і прыгараднай сетках[14].
Уладзімер Карват

12 жніўня 1999 году «Белпошта» выдала 90 тысячаў каляровых марак коштам 25 тысячаў рублёў паводле распрацоўкі В. Валынца з выяваю мэдаля і здымкам Уладзімера Карвата зьлева направа. Пад мэдалём месьціўся тэкст белага колеру: «Герой Беларусі падпалкоўнік Карват Уладзімір Мікалаевіч 28.11.1958 — 23.05.1996». 28 жніўня 2008 г. выйшла 35 тысячаў марак коштам тысяча рублёў паводле накіду Івана Лукіна з выяваю мэдаля. 1 сьнежня 2009 г. «Сталічнае тэлебачаньне» паказала стужку, прысьвечаную героям Беларусі.

  1. ^ Вышэйшая ступень адзнакі Рэспублікі Беларусь. Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  2. ^ Знак асаблівай узнагароды - мэдаль Героя Беларусі. Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Закон аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове (1 красавіка 2005). Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  4. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 1996 г. №484 (рас.). Архіў беларускага права (30 красавіка 2008). Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  5. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2001 г. № 360. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  6. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2001 г. № 361. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  7. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2001 г. № 362. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  8. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2006 г. № 135. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  9. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2006 г. № 137. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 8 сьнежня 2011 г.
  10. ^ БелТА. Домрачава атрымала званьне Героя Беларусі // Наша Ніва, 17 лютага 2014 г. Праверана 18 сьнежня 2015 г.
  11. ^ а б в Героі Беларусі Афіцыйны інтэрнэт-партал прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Праверана 18 сьнежня 2015 г.
  12. ^ прэсс-служба Лукашэнкі. Летчикам Андрею Ничипорчику и Никите Куконенко посмертно присвоено звание "Герой Беларуси" https://president.gov.by/ru/events/letchikam-andreyu-nichiporchiku-i-nikite-kukonenko-posmertno-prisvoeno-zvanie-geroy-belarusi (рас.) // 24 лістапада 2021 г.
  13. ^ прэсс-служба Лукашэнкі. Летчикам Андрею Ничипорчику и Никите Куконенко посмертно присвоено звание "Герой Беларуси" https://president.gov.by/ru/events/letchikam-andreyu-nichiporchiku-i-nikite-kukonenko-posmertno-prisvoeno-zvanie-geroy-belarusi (рас.) // 24 лістапада 2021 г.
  14. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 8 сьнежня 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]