Перайсьці да зьместу

Барысаўшчына (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Барысаўшчына
трансьліт. Barysaŭščyna
Дата заснаваньня: Перад 1621 годам
Былая назва: Барысавічы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская вобласьць
Раён: Хойніцкі раён
Сельсавет: Барысаўшчынскі
Насельніцтва
колькасьць: 275 чал.
колькасьць двароў: 104
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247611
СААТА: 3254808006
Геаграфічныя каардынаты: 51°52′29″ пн. ш. 29°47′29″ у. д. / 51.87472° пн. ш. 29.79139° у. д. / 51.87472; 29.79139Каардынаты: 51°52′29″ пн. ш. 29°47′29″ у. д. / 51.87472° пн. ш. 29.79139° у. д. / 51.87472; 29.79139
Барысаўшчына на мапе Беларусі
Барысаўшчына
Барысаўшчына
Барысаўшчына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бары́саўшчына[1] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі. Уваходзіць у склад Барысаўшчынскага сельсавету.

Вёска Барысаўшчына знаходзіцца за 11 км на захад ад места Хвойнікі[2], за 121 км ад Гомля[2], за 17 км ад чыгуначнай станцыі Хвойнікі[2], каля ракі Віць.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Газдава роду Храпавіцкіх

На сёньняшні дзень найбольш раньняя згадка пра Барысаўшчыну сустрэтая ў разьмежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 гадоў. Тады паны камісары згодна пацьвердзілі прыналежнасьць «sioła Borysewicze» войскага мазырскага пана Яўстахія, сына Яна, Храпавіцкага і яго жонкі пані Крыстыны з Лавейкаў[3], разам з Тульгавічамі паноў Лавейкаў і Загальлем маршалка мазырскага пана Лозкі і іншымі[a], да Мазырскага павету[5].

16 сьнежня 1702 году паселішча, уласнасьць пана Антонія Вольскага, згаданае ў скарзе былога эканома Хвойніцкага маёнтку капітана Фрыдэрыка Левенфатэра на тагачаснага яго адміністратара пана Зыгмунта Шукшту, дасланай у Оўруцкі гродзкі суд. Пан Левенфатэр зь сям'ёй, ратуючыся, як і іншая шляхта Кіеўскага ваяводзтва, ад казацкай навалы, прыехаў быў да вёскі Барысаўшчына. Даведаўшыся пра тое, З. Шукшта, папярэдне ў лісьце да пана Вольскага гонар і рэпутацыю пратэстанта зьняважыўшы, пачаў пільнаваць яго на дарогах, маючы намер забіць з-за нейкай даўняй да яго нянавісьці[b][6].

Парафія Юравіцкага касьцёлу ў 1748 годзе.
Герб Мурдэліо зменены роду Аскеркаў.

На 1748 год Барысаўшчына названая сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (пераважна зь ліку шляхты) належала да рыма-каталіцкай Юравіцкай парафіі Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[7].

У 1752 годзе ротмістар Мазырскага павету Францішак, сын Пятра, Збароўскі атрымаў па адказу сужэнства Ігнацыя і Людвікі з дому Збароўскіх князёў Шуйскіх зямлю ў Барысаўшчыне[8]. Згодна з запісам у мэтрычных кнігах Юравіцкага касьцёлу, 23 чэрвеня 1754 году айцец-езуіт Адальбэрт Чэрскі ахрысьціў у Барысаўшчыне Яна Алаізія, сына шляхетных Францішка і Ганны Збароўскіх, кумамі выступілі Багуслаў Аскерка і Катарына Стоцкая. 4 сакавіка 1769 году айцец Стэфан Кладкевіч, парох Загальскай уніяцкай царквы, ахрысьціў у Барысаўшчыне Ёзафа Леона, сына Аляксандра і Юстыны Арлоўскіх[9]. Як засьвечыла інтрамісія 1775 году, зямля ў Барысаўшчыне перайшла ў спадчыну сыну Францішка Збароўскага Алаізію[8], хрэсьніку Багуслава Аскеркі. А ў 1782 годзе каштэляніч навагародзкі Багуслаў Леапольд Аскерка запавяшчаў маёнткі Новы Двор і Барысаўшчыну свайму сыну Фларэнцыю[10].

9 лютага 1778 году ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, што месьцілася ў добрах пана Багуслава Аскеркі, харунжага мазырскага, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, паведамлялася пра старую капліцу Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Барысаўшчыне, адміністрацыйна прыналежную да прыходу названай царквы. У візытацыі, выкананай 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, што ў вёсцы Барысаўшчына тады налічвалася 15 двароў, ды што старая капліца ў зусім лядашчым стане, а ўзьвядзеньне новай яшчэ не завершана[11].

24 кастрычніка 1785 году айцец-капуцын Маўрыцы, настаяцель юравіцкі, ахрысьціў jam baptisatos ex aqua per presbiterum ritus graeci[c] Леанарда і Ганну, дзяцей законных сужэнцаў шляхетных Фларэнціна і Тэадоры з Кунцэвічаў Аскеркаў; кумамі выступілі Багуслаў Аскерка, харунжы мазырскі, Марцыяна Шышкава, падчашына рэчыцкая, і шмат іншых de villa Borysowszczyzna. 4 чэрвеня 1786 году айцец-капуцын Юзафат, прапаведнік, ахрысьціў сына тых жа бацькоў на імя Казімер Адам Фларыян[13].

15 ліпеня 1791 году айцец-дамінікан Эгідыюс Аніхоўскі ахрысьціў Ануфрыя Ўладыслава, народжанага 12 чэрвеня і ахрышчанага «ex aquа» айцом Іаанам Транцэвічам, уніяцкім парохам[d] у Барысаўшчыне, сына стольніка мсьціслаўскага[e] Юстыніяна і Брыгіды з Дамброўскіх Фурсаў, кумамі былі судзьдзя земскі мазырскі Леапольд Аскерка і Людвіка Прозарава, абозны вялікалітоўскі і кавалер Караль Прозар і Эльжбэта Аскерчына, падстароста рэчыцкі Ігнацы Аскерка і Марыяна Стоцкая, паручнік Міхал Александровіч і Петранэля Капарніцкая de villa Borysowszczyzna[14].

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Барысаўшчына, Гноеў, Загальле на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Герб Зарэмба роду Ястржэмбскіх.
Запіс у мэтрычнай кнізе царквы Сялецкага базылянскага кляштару аб хросьце Мікалая Ястржэмбскага.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Барысаўшчына апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[15]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вынікае, што «сельцо Алексичи и двор, местечко Богуслав, село Борисовщина, деревня Туновщизна» былі ўласнасьцю мазырскага земскага судзьдзі Фларыяна Аскеркі, але знаходзіліся ў заставе ў пана Садкоўскага[16].

30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў і Барысаўшчына былога падсудка земскага рэчыцкага Фелікса Ястржэмбскага[f]. У названым дакумэнце грунты Барысаўшчыны разьмяжоўваліся насыпанымі праз вымераныя шнурамі адлегласьці капцамі з угодзьдзямі хвойніцкага Храпкава і тымі, што належалі да Загальскага староства[19]. З «Метричной тетради_Епархии и губернии Минской повета Речицкого местечка Загалья церкви Вознесенской Борисовщинской о родившихся, бракосочетавшихся и умерших — 1807-го года[g]»[20], вынікае, што функцыі прыходзкай царквы, будынак якой у Загальлі згарэў і працяглы час не аднаўляўся, выконвала Барысаўшчынская Ўзьнясенская прыпісная царква. Прыходзкім сьвятаром у 1811 годзе быў Лука Іванаў Транцэвіч, дыяканам Кліменцій Іванаў Транцэвіч, панамаром Хведар Іванаў Кайдашэўскі[21]. 11 ліпеня[h] 1808 году ў сям'і рэчыцкага падсудка Фелікса і Яанны з дому Крушэўскіх Ястржэмбскіх[i] нарадзіўся сын Ян Ксенафонт (Зэнафонт) Мікалай[23] — асоба ў будучыні знакамітая[24]. У 1811 годзе ў маёнтку Барысаўшчына жыло таксама сямейства стрыечнага брата пана Фелікса Яна, сына Францішка, Ястржэмбскага, межавога судзьдзі рэчыцкага[25].

Барысаўшчына, Гноеў, Клівы на мапе Ф. Ф. Шубэрта. 1850 г.

Згодна з інвэнтаром 1844 году, у вёсцы Барысаўшчына аднайменнага маёнтку пана Фелікса, сына Яна, Ястржэмбскага, налічвалася 35 цяглых двароў і 4 двары, прыналежныя агароднікам. Усяго — 144 душы мужчынскага і 140 душ жаночага полу прыгонных сялянаў[26]. На 1850 год — 44 двары, 288 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 302 жыхары сяла Барысаўшчына зьяўляліся прыхаджанамі Загальскай Сьвята-Троіцкай царквы, 7 жыхароў двара Барысаўшчына былі парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[27].

Сядзібны дом у Барысаўшчыне. Малюнак Ігнацыя Ўрублеўскага. 1891 г.
Воданапорная вежа.
Фрагмэнты сядзібнага комплексу ў Барысаўшчыне: воданапорная вежа і мураваная агароджа.
Будаўнічы матэрыял зь сядзібы Ястржэмбскіх у Барысаўшчыне.

У парэформавы пэрыяд Барысаўшчына належала да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году тут — 135 рэвізскіх душ з сялянаў уласьнікаў, прыпісаных да Барысаўшчынскага сельскага таварыства[28]. У 1876 годдзе ў маёнтку Барысаўшчына нябожчыка Мікалая, сына Фелікса, Ястржэмбскага (†1874) налічвалася 773 дзесяціны зямлі. Згодна са зьвесткамі 1876 і 1879 гадоў, Барысаўшчына заставалася ў прыходзе Загальскай царквы[29]. У 1886 годзе ў сяле — 36 двароў, 359 жыхароў, царква[30]. На 1889 год уладальнікамі добраў Барысаўшчына ў 1500 дзесяцін угодзьдзяў названыя дваране Уладзімер, Канстанцін і Станіслаў, сыны Мікалая, Ястржэмбскія[31]. Недзе ў той час на беразе ракі Віць і яе прытоку Гаранкі ў двары Барысаўшчына[j] закладзена новая сядзіба — цэлы комплекс мураваных жылых і гаспадарчых пабудоваў[k], парк. Апошні асабліва адметны. На ніжняй тэрасе ён складаўся ў асноўным з мясцовых пародаў, сярод якіх высаджаныя лістоўніцы і піхты. На верхняй расьлі шматлікія экзоты, у большасьці сваёй прывезеныя з пітомнікаў Рыгі, Кіева, Варшавы, а часткова вырашчаныя на месцы. Наколькі багатай была калекцыя дрэваў і кустоў сьведчыць тое, што ў парку калісьці зарэгістравана да 300 іх відаў і формаў[35]. З 1890 году працавала вінакурня, з 1896 году — маслабойня і паравы млын. Паводле перапісу 1897 году ў Барысаўшчыне было 88 двароў, 552 жыхары, дзейнічалі прыпісная царква, хлебазапасны магазын. У даведніку 1903 году сказана, што маслабойня і млын належалі тайнаму саветніку Станіславу Ястржэмбскаму[l]. Сіламі 5 работнікаў выраблялі мукі і масла на 9 900 рублёў у год, па заказах — на 1000 рублёў[37].

На 1909 год у сяле налічвалася 95 двароў з 611 жыхарамі, у аднадворным фальварку – 35 жыхароў. У 1911 годзе маёнтак Барысаўшчына ў 1927 дзесяцін быў уласнасьцю Міхала, сына Ўладзімера, Ястржэмбскага[38]. У 1912 годзе вінакурня сіламі 8 работнікаў і коннага рухавіка, кіраванага адным чалавекам, вырабляла прадукцыі на 11 172 рублі[39].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Барысаўшчына ў складзе Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[40].

Барысаўшчына на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Барысаўшчынскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) налічвалася адпаведна 21 і 40 вучняў[41]. У пачатку 1920-х гадоў арганізаваны саўгас «Барысаўшчына».

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Барысаўшчына — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет узбуйнены за кошт далучэньня тэрыторыі скасаваных Гноеўскага і часткі Храпкаўскага сельсаветаў. У 1930 годзе тут налічвалася 138 двароў, 741 жыхар. Працавалі пачатковая школа, хата-чытальня, адзьдзяленьне спажывецкай каапэрацыі. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьціз цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Барысаўшчыне было 184 двары з 729 жыхарамі. У вайну акупанты разбурылі 31 дом, загубілі 9 вяскоўцаў[42]. 88 жыхароў сяла загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 году — у складзе Гомельскай вобласьці. 16 ліпеня 1954 году да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Загальскага сельсавету[43]. Паводле перапісу 1959 года ў Барысаўшчыне налічвалася 982, у 1970 годзе — 299 жыхароў. Цэнтар саўгасу «Барысаўшчына». Працавалі пачатковая школа, дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя ясьлі, фельчарска-акушэрскі пункт, сталовая, 2 крамы, швейная майстэрня, адзьдзяленьне сувязі.

У 1986 — 1987 гадох пабудаваныя дамы на 50 кватэраў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў.

1 сьнежня 2009 году ў склад Барысаўшчынскага сельсавету перададзеная вёска Храпкаў, якая ўваходзіла ў Дварышчанскі сельсавет[44].

  • 1995 год — 188 двароў, 435 жыхароў[2].
  • 2004 год — 134 двары, 340 жыхароў.
  • 2021 год — 104 двары, 275 жыхароў[45].

Помнікі гісторыі і культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • На ўскраіне вёскі помнік архітэктуры — рэшткі былой сядзібы Ястржэмбскіх (канец XIX — пачатак XX стагодзьдзя)[46]
  • За 2 км на поўдзень ад вёскі гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку, за 0,5 км на поўдзень — паселішча эпохі неаліту і мезаліту[47]
  • Мікалай Ястржэмбскі (1808—1874) — інжынер-палкоўнік, вучоны і пэдагог, укладальнік першага расейскамоўнага дапаможніка па практычнай механіцы, лаўрэат палавіннай Дзямідаўскай прэміі Расейскай акадэміі навук, аўтар праектаў мастоў праз Дняпро і Заходнюю Дзьвіну, літаратурны містыфікатар што да «Мёртвых душ» М. В. Гогаля.
  1. ^ Тульгавічы і Загальле названыя дзеля доказу таго, што вялося пра хвойніцкую Барысаўшчыну. С. В. Марцэлеў у свой час памылкова прыпісаў ёй зьвесткі пра Барыскавічы (раней — Барысавічы) у сучасным Мазырскім раёне, маўляў, паводле попісу 1567 г. выстаўляла сваіх апалчэнцаў у войска ВКЛ[4].
  2. ^ Замахі на здароўе і жыцьцё капітана З. Шукшта чыніў яшчэ ў 1696 г., калі, стоячы з харугвай у Загальлі, наведаў Хвойнікі, дзе Ф. Левенфатэр служыў эканомам.
  3. ^ Першае: тут вядзецца пра хрост уніяцкім сьвятаром, хоць і не сказана, што ён вызнаваў ritus graeci unici, а толькі — ritus graeci. Другое: хрост уніяцкім сьвятаром датычыўся адно Ганны, бо Леанарда 10 лістапада 1782 г. у Барысаўшчыне ахрысьціў «толькі з вады» брат-капуцын Юзаф[12].
  4. ^ І. Транцэвіч быў парохам царквы ў Алексічах.
  5. ^ Запісана памылкова — менскага.
  6. ^ Паводле А. Банецкага Барысаўшчыну Ян Ястржэмбскі, бацька Фелікса, набыў ад Аскеркаў у 1804 г.[17] Відавочна, адбылося гэта крыху раней. Але, згодна з рэвізіяй 1795 г., былы шамбялян каралеўскага двара 67-гадовы Ян, сын Уладыслава, Ястржэмбскі быў пасэсарам, уласнай нерухомасьці ў Рэчыцкім павеце яшчэ ня меў. Жыў у арандаваным у Прозараў двары Астраглядавічы разам зь сямействам — з жонкай Францішкай (57 г.), сынам Мацеем, ротмістрам рэчыцкім, (27 г.), нявесткай Канстанцыяй (20 г.), сынам Феліксам, рэгентам рэчыцкім (22 г.), пляменьнікам Пятром Ястржэмбскім (20 г.), пляменьніцай Марцыянай Касінскай (25 г.), яе сынам Юзафам (1 г.) і дачкой Каятанай (4 г.)[18].
  7. ^ Аднайменны дакумэнт ёсьць і для 1816 году: НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 516. А. 489
  8. ^ Гэта — дата хросту, але, магчыма, яна супадае з датай нараджэньня. Адбылося яно ў двары Тэкліноў, дзе жылі сваякі Ястржэмбскія. Царква Сялецкага базылянскага кляштару і яе сьвятар зусім блізка. Ці не таму ўсе тутэйшыя Ястржэмбскія хрысьцілі дзяцей у Сяльцы, хоць належалі да Астраглядаўскай рыма-каталіцкай парафіі, што без асаблівых цяжкасьцяў маглі сабрацца разам?
  9. ^ 14 ліпеня 1805 г. нарадзілася і ахрышчаная іх дачка Апалінарыя Анеля[22].
  10. ^ Р. Афтаназы чамусьці атаясаміў Барысаўшчыну, якая належала да Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету, з аднаіменным маёнткам Воўк-Ланеўскага па-над ракою Пціч у Глускай воласьці павету Бабруйскага, скарыстаўшы артыкул А. Ельскага ў «Слоўніку геаграфічным…»[32].[33]
  11. ^ Рэшткі іх захаваліся да нашых дзён[34].
  12. ^ Сам маёнтак у 1903 г. і надалей належаў пляменьніку Міхалу Ястржэмбскаму[36], бацька якого Ўладзімер памёр у Барысаўшчыне ў 1901 г.[17]
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ а б в г БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2.
  3. ^ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki (надалей: Boniecki). – Warszawa, 1900. T. III. S. 80 — 83 (82); Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa, 1912. Tom IX. S. 382
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 2005. С. 432
  5. ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  6. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 509—510
  7. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  8. ^ а б Шпунт А. Збароўскія гербу «Ястрабец». // Малы гербоўнік Наваградзкай шляхты. Склад. С. А. Рыбчонак; маст. А. Леўчык. — Мінск: БелНДІДАС, 1997. С. 54—55
  9. ^ НГАБ у Менску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 13, 20адв.
  10. ^ НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 2386. А. 71адв.
  11. ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 105, 106адв., 108адв., 171, 171адв., 172
  12. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 29адв.
  13. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 31адв., 32
  14. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 39-39адв.
  15. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  16. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
  17. ^ а б Boniecki. – Warszawa, 1905. T. VІІІ. S. 326
  18. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 127
  19. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 12. S. 33–35
  20. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 506. А. 345
  21. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 321-321адв.
  22. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 28 адв.
  23. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 36
  24. ^ Гусак А. А. Практычная механіка і «Мёртвыя душы»: Мікалай Ястрэбскі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992
  25. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 235
  26. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1393. А 1-30
  27. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 708
  28. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  29. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 71
  30. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  31. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 378
  32. ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1880. T. I. S. 337
  33. ^ Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Tom 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. Wydanie drugie, przejrzane i uzupelnione. / R. Aftanazy – Wrocław; Warszawa; Kraków: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich Wydawnictwo, 1991. S. 25–26
  34. ^ Барысаўшчына на сайце «Глобус Беларусі»
  35. ^ Антипов В. Парки Белоруссии. — Минск, 1975; Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. – Минск: Ураджай, 1989. С. 188–189
  36. ^ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 60
  37. ^ Список фабрик и заводов европейской России. – С.-Петербург, 1903. С. 575
  38. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. — Б. м. С. 5
  39. ^ Список фабрик и заводов Российской империи. / Под ред. В. Е. Варзара. – С.-Петербург, 1912. Гр. XIб. С. 200
  40. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  41. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласьці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  42. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 498
  43. ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  44. ^ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области
  45. ^ Барысаўшчынскі сельскі савет
  46. ^ Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь
  47. ^ Ісаенка У. Ф. Барысаўшчына. // Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, 1993. С. 79