Перайсьці да зьместу

Барбадас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Барбадос»)
Барбадас
па-ангельску: Barbados
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
У дабрабыце і ў нястачы[d]
Дата заснаваньня: 30 лістапада 1966
Афіцыйная мова: ангельская мова і баянская мова[d]
Сталіца: Брыджтаўн
прэзыдэнт Барбадаса[d]: Сандра Мэйсан[d][1]
прэм’ер-міністар Барбадаса[d]: Мія Мотлі[d]
Заканадаўчы орган: парлямэнт Барбадаса[d]
Выканаўчы орган: урад Барбадаса[d]
Плошча:
  • 439 км²
Насельніцтва:
Валюта: барбадаскі даляр[d]
СУП (2019)
па ППЗ: 5,398 млрд $
па ППЗ на душу насельніцтва: 18 798 $
намінальны: 5,207 млрд $
намінальны на душу насельніцтва: 18 133 $
ІРЧП: 0,79[3]
Часавы пас: UTC-4 і Амэрыка/Барбадас[d][4]
Аўтамабільны знак: BDS
Бок аўтамабільнага руху: леваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .bb
Тэлефонны код: +1246
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
gov.bb

Барба́дас (па-ангельску: Barbados) — незалежная астраўная дзяржава на ўсход ад Карыбскага мора ў заходняй частцы Атлянтычнага акіяна. Разьмешчаная на востраве Барбадас[5]. Уваходзяць у склад Малых Антыльскіх астравоў[6]. Знаходзіцца на адлегласьці каля 160 км на ўсход ад Сьвятога Вінцэнта і Грэнадынаў[7] і зьяўляецца самым усходнім з астравоў Карыбскага мора[8]. Плошча вострава складае 432 км²[9]. Барбадас адкрыты гішпанцамі ў 1518 годзе[10]. Напачатку XVII стагодзьдзя быў заваяваны ангельцамі[11]. 30 лістапада 1966 году Барбадас стаў незалежнай дзяржавай, увайшоўшы ў аб’яднаньне Садружнасьці нацыяў, ачоленае Лізаветай II у якасьці каралевы Барбадаса. 30 лістапада 2021 году краіна была абвешчаная рэспублікай[12][13]. Барбадас — разьвітая і мірная краіна з добра ўладкаванай эканомікай. Насельніцтва дзяржавы мае пераважна афрыканскае паходжаньне. Не зважаючы на тое, што Барбадас ёсьць востравам у Атлянтыцы, ён цесна зьвязаны з Карыбскім басэйнам і лічыцца адным зь вядучых турыстычных напрамкаў сьвету[14].

Дакалюмбавыя часы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Археалягічныя зьвесткі сьведчаць аб тым, што людзі ўпершыню пасяліліся або наведалі востраў прыкладна ў 1600 годзе да н. э.[7][15]. Самыя старыя сталыя паселішчы індзейцаў на Барбадасе датуюцца прыблізна IV—VII стагодзьдзямі нашай эры[16].

Эўрапейскае прыбыцьце

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Барбадас на гішпанскай мапе 1632 году.

Невядома, якая эўрапейская нацыя і калі першай наведала Барбадас. Верагодна, гэтая падзея мела месца ў XV або XVI стагодзьдзі. Некаторыя зьвесткі сьведчаць, што першымі прадстаўнікамі «Старога Сьвету» на востраве былі гішпанцы[17]. Але, існуе папулярнае меркаваньне аб тым, што партугальцы былі першымі эўрапейцамі, хто меў візыт на Барбадас, на сваім шляху да Бразыліі[18]. Тым ня менш, востраў быў у значнай ступені праігнараваны эўрапейцамі, не зважаючы на тое, што гішпанскія набегі, як мяркуюць, скарацілі колькасьць карэннага насельніцтва, і прывялі да ўцёкаў часткі тубыльцаў да іншых астравоў[7].

Ангельская калянізацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы ангельскі карабель, які прыбыў да вострава 14 траўня 1625 году, быў ачолены капітанам Джонам Паўэлам. Першае паселішча было закладзенае 17 лютага 1627 году недалёка ад сучаснага гораду Гоўлтаўна групай на чале з малодшым братам Джона Паўэла, Гэнры, якая складалася з 80 пасяленцаў і 10 ангельскіх рабочых па найме[19]. Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што некаторыя афрыканцы былі сярод гэтых першых пасяленцаў[7]. Калёнія фінансавалася сэрам Ўільямам Куртэнам, гандляром зь лёнданскага Сіці, які набыў права ўласнасьці на Барбадас і прылеглыя астравы. Першыя каляністы фактычна былі арандатарамі, а значная частка прыбыткаў іхнай працы вярталася Куртэну і ягонай кампаніі. Пазьней правы на востраў былі перададзеныя Джэймзу Гэю, графу Карлайлу.

У Кромўэльскія часы ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя на востраў адпраўлялі ваеннапалонных, валацуг і людзей, якія былі незаконна выкрадзеныя і гвалтоўна перавезеныя на востраў і прададзеныя ў якасьці слуг. Гэтыя дзьве апошнія групы пераважна складалі ірляндцы, бо ў гэты пэрыяд некалькі тысяч зь іх былі схопленыя ангельскімі купцамі і прададзеныя ў рабства на Барбадас ды іншыя астравы Карыбскага басэйну[20][21]. Вырошчваньнем тытуню, бавоўны і імбэрца займалася ў асноўным эўрапейская наёмная праца да пачатку індустрыі вырошчваньня цукровага трысьнёгу ў 1640-х гадах, калі пачала пераважна выкарыстоўвацца праца паняволеных афрыканцаў.

Помнік усталяваны ў гонар Бусы, правадыру антырабскага паўстаньня.

Вырошчваньне цукровага трысьнёгу зь нідэрляндзкай Бразыліі ў 1640 годзе цалкам зьмяніла грамадзтва, эканоміку і ляндшафт. У рэшце рэшт Барбадас меў адну з найбуйнейшых у сьвеце цукровых прамысловасьцяў[22]. Адной з этнічных груп, якая спрыяла раньняму посьпеху індустрыі, былі габрэі-сэфарды, якія першапачаткова былі выгнаныя зь Пірэнэйскага паўвострава і апынуліся ў нідэрляндзкай Бразыліі[22]. З падвышэньнем аб’ёмаў новага ўраджаю адбыліся зьмены ў этнічным складзе Барбадаса і навакольных астравоў[20]. Цукровая плянтацыя патрабавала вялікіх укладаньняў і вельмі цяжкай працы, таму вырашына было карыстаць афрыканскіх рабоў. У 1644 годзе насельніцтва Барбадаса ацэньвалася ў 30 тысяч чалавек, зь якіх толькі каля 800 мелі афрыканскае паходжаньне, астатнія ў асноўным мелі ангельскае паходжаньне. З пашырэньнем тэрыторыяў цукровых плянтацыяў павялічвалася і колькасьць паняволеных афрыканцаў-рабоў[7]. Да 1660 году колькасьць мурынаў і людзей эўрапейскага паходжаньня зраўнялася, то бок абедзьве групы налічвалі каля 26 тысяч чалавек. Да 1666 году сама меней 12 тысяч белых дробных уладальнікаў прадалі свае дзялянкі, памерлі або пакінулі востраў, бо многія вырашылі эміграваць на Ямайку або ў амэрыканскія калёніі[7]. Да 1680 году на востраве налічвалася каля 20 тысяч вольных белых людзей і 46 тысяч паняволеных афрыканцаў[7]. Да 1724 году налічвалася каля 18 тысяч чалавек эўрапейскага паходжаньня і 55 тысяч паняволеных афрыканцаў[20].

Цяжкія ўмовы працы і жыцьця рабоў прывялі да некалькіх іхных паўстаньняў, найбуйнейшым зь якіх было паўстаньне Бусы ў 1816 годзе, якое, тым ня менш, было хутка здушанае каляніяльнымі ўладамі[7]. У 1819 годзе на Вялікдзень выбухнула яшчэ адно паўстаньне рабоў, якое было вельмі жорстка здушанае, то бок галовы паўстанцаў былі пасаджаныя на калы ў публічных месцах. Такая жорсткасьць шакавала Ангельшчыну і ўзмацьніла рух абаліцыяністаў[23]. Рост апазыцыі да рабства прывёў да ягонага скасаваньня ў Брытанскай імпэрыі ў 1833 годзе[7]. Кляса плянтатараў захавала кантроль над палітычнай і эканамічнай уладай на востраве, а большасьць рабочых жылі ў галечы[7]. Ураган 1780 году забіў больш за 4 тысячы чалавек на Барбадасе[24]. У 1854 годзе пошасьць халеры забрала жыцьці больш за 20 тысяч жыхароў[25].

Глыбокая незадаволенасьць станам рэчаў на Барбадасе прымусіла многіх да эміграцыі. Кульмінацыя адбылася ў 1930-я гады за часам Вялікай дэпрэсіі, калі барбадасцы пачалі патрабаваць паляпшэньня ўмоваў для працоўных, легалізацыі прафэсійных зьвязаў і пашырэньня выбарчых правоў, якія на той момант былі значна абмежаваныя[7]. На той час права голасу мелі толькі мужчыны-земляўласьнікі. У выніку нарастальных хваляваньняў брытанцы накіравалі ў 1938 годзе на востраў камісію, якая рэкамэндавала правесьці многія з патрабаваных рэформаў[7]. У выніку насельніцтва мурынскага паходжаньня сталі выконваць значна больш прыкметную ролю ў палітыцы калёніі. У 1950 годзе ў краі было ўведзенае ўсеагульнае выбарчае права[7]. За гэты час на востраве быў закладзены шэраг палітычных партыяў, як то Барбадаская працоўная партыя (БПП) і Дэмакратычная працоўная партыя (ДПП). Поўнае нутранае самакіраваньне стала чыніцца ў 1961 годзе[7]. На некаторы час Барбадас далучыўся да Фэдэрацыі Вэст-Індыі з 1958 па 1962 гады, а 30 лістапада 1966 году была абвешчаная незалежнасьць вострава[7]. Першым прэм’ер-міністрам краіны стаў Эрал Бэроў з ДПП. Барбадас вырашыў застацца ў складзе Садружнасьці нацыяў. Тым ня менш, паводле ладу Барбадас стаў манархіяй, ачоліла якую брытанская каралева Лізавета II.

Урачыстасьці ў гонар чарговай гадавіны незалежнасьці.

Урад Бэраў імкнуўся да дывэрсыфікацыі эканомікі, якая палягала на сельскай гаспадаркі, імкнучыся павысіць долю прамысловасьці і сэктар турызму. Барбадас таксама быў у авангардзе намаганьняў па рэгіянальнай інтэграцыі, ачоліўшы стварэньне такіх арганізацыяў, як то Карыбская асацыяцыя свабоднага гандлю і Карыбская супольнасьць[7]. ДПП атрымала паразу на ўсеагульных выбарах у 1976 годзе і кіроўнай стала партыя БПП на чале з Томам Адамзам. Адамз заняў больш кансэрватыўную і моцна празаходнюю пазыцыю, дазволіўшы ЗША скарыстаць востраў у якасьці стартавай пляцоўкі да ўварваньня ў Грэнаду ў 1983 годзе[26]. Адамз памёр у 1985 годзе, займаючы пасаду прэм’ер-міністра, у выніку чаго навым кіраўніком ураду стаў Гаральд Бэрнард Сэнт-Джон. Наступным годам Сэнт-Джон, аднак, трываў паразу на ўсеагульных выбарах, паводле вынікаў якіх ДПП зноўку вярнулася да кіраваньня, а ейны лідэр Эрал Бэраў зноў ачоліў урад, маючы пры гэтым вельмі крытычнае стаўленьне да умяшальніцтва ЗША ў справы Грэнады. Бэраў таксама памёр падчас знаходжаньня на пасадзе, і яго зьмяніў Лойд Эрскін Сэндыфард, які заставаўся прэм’ер-міністрам да 1994 году.

Оўэн Артур з БПП атрымаў перамогу на ўсеагульных выбарах у 1994 годзе і заставаўся прэм’ер-міністрам ажно да 2008 году[27]. Артур быў непахісным прыхільнікам рэспубліканізму, аднак заплянаваны рэфэрэндум аб скасаваньні пасады манарха ў 2008 годзе гэтак і не адбыўся[28]. ДПП перамагла на ўсеагульных выбарах у 2008 годзе, але новы прэм’ер-міністар Дэйвід Томпсан памёр у 2010 годзе і быў заменены Фройндэлам Ст’юартам. БПП вярнулася да ўлады ў 2018 годзе, ачоленая Міяй Мотлі, якая стала першай прэм’ер-міністркай краіны. 15 верасьня 2020 году ўрад Барбадаса абвесьціў аб намеры стаць рэспублікай да 30 лістапада 2021 году, у 55-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці, у выніку чаго барбадаскі манарх павінен быць памянёны абраным прэзыдэнтам[29]. Дзейная генэрал-губэрнатарка Барбадаса Сандра Мэйсан была сумесна вылучаная прэм’ер-міністаркай і лідэрам апазыцыі ў якасьці кандыдата на пасаду першага прэзыдэнта дзяржавы і была абраная 20 кастрычніка[30]. Мэйсан уступіла на пасаду 30 лістапада 2021 году. Прынц Чарлз, які быў спадчыньнікам Барбадаскай кароны, прысутнічаў на цырымоніі прысягі ў Брыджтаўне на запрашэньне ўраду Барбадаса. У студзені 2022 году партыя прэм’ер-міністаркі Міі Мотлі атрымала пераканаўчую перамогу, атрымаўшы ўсе 30 месцаў у заканадаўчым органе на першых усеагульных выбарах пасьля таго, як Барбадас стаў рэспублікай[31].

Вёска на ўзьбярэжжы Барбадаса.

Барбадас месьціцца ў Атлянтычным акіяне і знаходзіцца на ўсходзе ад іншых астравоў Вэст-Індыі. Барбадас ёсьць самым усходнім вострам Малых Антыльскіх астравоў. Ягоная даўжыня складае 34 км, а шырыня сягае да 23 км, ахопліваючы плошчу у 432 км². Ён месьціцца прыкладна ў 168 км на ўсход ад Сьвятой Люсіі ды Сьвяты Вінцэнту і Грэнадзінаў. Да Мартынікі ад Барбадаса прыкладна 180 км і яшчэ да 400 км на паўночны ўсход ад Трынідада і Табага. Ляндшафт краю ёсьць раўнінным у параўнаньні з астраўнымі суседзямі на захадзе. Востраў спадзіста падымаецца да цэнтральнага нагор’я, а найвышэйшы пункт Барбадаса ёсьць гара Гілабі, якая ўзвышаецца на 340 м над узроўнем мора[7].

У краіне звычайна назіраюцца два сэзоны, адзін зь якіх улучае прыкметна большую колькасьць ападкаў. Гэтая паравіна году вядомая як «вільготны сэзон». Яна доўжыцца з чэрвеня па сьнежань. Наадварот, «сухі сэзон» доўжыцца зь сьнежня па травень. Гадавая колькасьць ападкаў вагаецца ад 1000 да 2300 мм. Зь сьнежня па травень сярэднія тэмпэратуры вагаюцца ад 21°C да 31°C, у той час як з чэрвеня па лістапад яны вагаюцца ад 23°C да 31°C[32]. Паводле шкалы кліматычнай клясыфікацыі Кёпэна вялікая частка Барбадаса мае трапічны мусонны клімат. Тым ня менш, ветры з хуткасьцю ад 12 да 16 км/гадз на працягу ўсяго года забясьпечваюць Барбадасу ўмерана трапічны клімат. Нячастыя стыхійныя бедзтвы ўключаюць землятрусы, апоўзні і ўраганы. Барбадас знаходзіцца па-за межамі асноўнага пасу ўраганаў Атлянтыкі і часта ўнікае ад найгоршых наступстваў трапічных штормаў і ўраганаў у рэгіёне за часам сэзону дажджоў. У сярэднім моцны ўраган захапляе востраў прыкладна раз на 26 гадоў. Апошнім значным ураганам, які значна нашкодзіў Барбадасу, быў ураган Джанэт у 1955 годзе.

Барбадас займае 52-і радок у сьпісе найбагацейшых краінаў у сьвеце паводле СУП на душу насельніцтва[33] з добра разьвітай зьмяшанай эканомікай. Дзякуючы гэтаму ў краі падтрымліваецца мерна высокі ўзровень жыцьця. Паводле зьвестак Сусьветнага банка, Барбадас ёсьць адной з 83 краінаў сьвету з высокім узроўнем прыбытку[34]. Не зважаючы на ​​гэта, самадасьледаваньне 2012 году сумесна з Карыбскім банкам разьвіцьця выявіла, што 20% жыхароў Барбадаса жывуць у беднасьці, і амаль 10% ня могуць задаволіць свае асноўныя штодзённыя харчовыя патрэбы[35].

Гістарычна склалася так, што эканоміка Барбадаса залежала ад вырошчваньня цукровага трысьнёгу і зьвязаных з гэтым відаў дзейнасьці, але з канца 1970-х і пачатку 1980-х гадоў яна дывэрсіфікавалася, дзякуючы чаму значна пашырылася вытворчасьць і сэктар турызму[7]. На пачатку 2000-х гадоў дзяржаўныя адміністрацыі рабілі захады па скарачэньні беспрацоўя, заахвочваючы простыя замежныя інвэстыцыі і ладзячы прыватызацыю кінутых дзяржаўных прадпрыемстваў. Афшорныя фінансавыя і інфармацыйныя паслугі сталі важнымі крыніцамі здабыцьця валюты. Часткова дзякуючы таму, што ў 2017 годзе ў краіне ладзіўся чэмпіянат сьвету па крыкеце, на востраве пачаўся будаўнічы бум са зьяўленьнем і рэканструкцыяй гатэляў, офісных комплексаў і дамоў[36]. Росквіт запаволіўся падчас сусьветнага эканамічнага крызісу 2008—2012 гадоў і рэцэсіі. У наступным пэрыяды падзеньня зьмяняліся пэрыядамі росту. Да традыцыйных гандлёвых партнэраў адносяцца Канада, краіны Карыбскага басэйну (асабліва Трынідад і Табага), Вялікабрытанія і ЗША.

Турыстычны цэнтар кампаніі Mount Gay Rum, якая вырабляе ром з XVIII стагодзьдзя.

Барбадаская культура ёсьць сумесьсю заходнеафрыканскай, партугальскай, крэольскай, індыйскай і брытанскай культураў. Найбуйнейшым карнавальным культурным мерапрыемствам, якое праходзіць на востраве, ёсьць фэстываль Корн-Овэр, заснаваны ў 1974 годзе. Як і ў многіх іншых краінах Карыбскага басэйну і Лацінскай Амэрыкі, гэты фэстываль ёсьць важнай падзеяй для многіх тубыльцаў. Тым ня менш, фэстываль прываблівае і тысячы турыстаў[7]. Корн-Овэр прысьвечаны сканчэньню збору ўраджаю і ўлучае музычныя конкурсы ды іншыя традыцыйныя імпрэзы. Мужчына і жанчына, якія назьбіралі найбольшую колькасьць цукровага трысьнёгу, карануюцца як Кароль і Каралева ўраджаю[37]. Ладзіцца Корн-Овэр звычайна ў пачатку ліпеня і завяршаецца касьцюмаваным парадам у Кадумэнт-дзень у першы панядзелак жніўня.

Барбадаская кухня мае афрыканскія, індыйскія, ірляндзкія, крэольскія і брытанскія прыкметы. У звычайную страву ўваходзяць мяса ці рыба, звычайна замарынаваныя зь зёлкамі і спэцыямі, гарачы гарнір і адзін альбо некалькіх салатаў. Распаўсюджаным гарнірам ёсьць марынаваныя агуркі, рыбныя катлеты, печыва. Страву звычайна падаюць з адным або некалькімі соўсамі[38]. Нацыянальнымі стравамі Барбадаса лічацца ку-ку і лятучая рыба з вострай поліўкай[39]. Яшчэ адная традыцыйная страва — пудынг з марынаванай сьвініны і салодкай бульбы[40]. Традыцыйна на востраве па ангельскім прыбыцьці выраблялі алькагольныя напоі, а кампанія Mount Gay Rum, як сьцьвярджаецца, ёсьць найстарэйшай кампаніяй па вытворчасьці рому ў сьвеце, што засьведчанае актам ад 1703 году. Напоі Cockspur Rum і Malibu таксама паходзяць з Барбадаса. Таксама на востраве маюцца традыцыі броварства, то бок браварня Banks Barbados вырабляе піва Banks Beer, сьветлы лягер, а таксама Banks Amber Ale[41].

Музыка Барбадаса мае адметныя нацыянальныя стылі народнай і папулярнай музыкі, улучаючы элемэнты заходняй клясычнай і рэлігійнай музыкі. Культура Барбадаса ўяўляе сабой сынкрэтычную сумесь афрыканскіх і брытанскіх элемэнтаў, і музыка вострава адлюстроўвае гэтую сумесь праз стылі, інструмэнты, танцы і эстэтыку выступаў. У сучасным Барбадасе папулярныя стылі улучаюць каліпса, спаж, сучасны фольк і папулярную музыку. Барбадас, разам з Гвадэлюпай, Мартынікай, Трынідадам і Табага, Кубай, Пуэрта-Рыка і Віргінскімі астравамі, ёсьць адным зь нямногіх цэнтраў карыбскага джазу. Сусьветна вядомая сьпявачка Рыяна паходзіць з Барбадаса, дзе гадавалася амаль да самага паўнагодзьдзя.

  1. ^ а б https://www.nationnews.com/2021/10/20/dame-sandra-becomes-first-president-barbados/
  2. ^ а б https://www.cia.gov/the-world-factbook/countries/barbados/summaries/#people-and-society
  3. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  4. ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica
  5. ^ Барбадас // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 302
  6. ^ Золотник Е. А., Тархов С. А. и др. БАРБАДОС // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2017)
  7. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Anthony De Vere Phillips, Woodville K. Marshall and Others (January 01, 2020) Barbados Encyclopædia Britannica. Encyclopædia Britannica, inc. Праверана 10 жніўня 2020 г.
  8. ^ Discover Barbados – An Island With Endless Possibilities ?️ (анг.). Caribbean Dreams Publishing. Праверана 10 жніўня 2020 г.
  9. ^ Stats in Barbados (анг.). Lonely Planet (10 жніўня 2020).
  10. ^ Страны мира: Краткий полит.-экон. справочник. — М.: Политиздат, 1989. — С. 372.
  11. ^ Barbados History & Culture (анг.). Explore Rich Caribbean Culture. Праверана 10 жніўня 2010 г.
  12. ^ Barbadians celebrate the birth of a republic and bid farewell to the Queen (анг.). CNN. Праверана 30 лістапада 2021 г.
  13. ^ Barbados parts way with Queen and becomes world's newest republic (анг.). The Guardian. Праверана 30 лістапада 2021 г.
  14. ^ Belle, Nicole; Bramwell, Bill (1 August 2005). «Climate Change and Small Island Tourism: Policy Maker and Industry Perspectives in Barbados». Journal of Travel Research. 44: 34—38. doi:10.1177/0047287505276589.
  15. ^ Scott M. Fitzpatrick. «A critical approach to c14 dating in the Caribbean». Latin American Antiquity. 17 (4). — С. 389 ff.
  16. ^ Beckles, Hilary (2007). «A History of Barbados: From Amerindian Settlement to Caribbean Single Market». Cambridge University Press.
  17. ^ Sauer, Carl Ortwin (1969) [1966]. «Early Spanish Main, The». University of California Press. — С. 192—197. — ISBN 0-520-01415-4.
  18. ^ History of Barbados (анг.). Encyclopedia Britannica. Праверана 20 ліпеня 2022 г.
  19. ^ Holetown Barbados (анг.). Fun Barbados Sights. Праверана 20 ліпеня 2022 г.
  20. ^ а б в Slavery and Economy in Barbados (анг.). BBC. Праверана 20 ліпеня 2022 г.
  21. ^ Corish, Patrick J. (12 March 2009). «The Cromwellian Regime, 1650—60». Oxford University Press. — С. 353—386. — ISBN 978-0-19-956252-7.
  22. ^ а б Ali, Arif (1997). «Barbados: Just Beyond Your Imagination». Hansib Publishing (Caribbean) Ltd. — С. 46—48. — ISBN 1-870518-54-3.
  23. ^ Noël 1831 La grande révolte des esclaves jamaïquains (анг.). L’Humanité. Праверана 30 ліпеня 2022 г.
  24. ^ The Deadliest Atlantic Tropical Cyclones, 1492—1996 (анг.). National Oceanic and Atmospheric Administration. Праверана 30 ліпеня 2022 г.
  25. ^ Barbados (анг.). Library of Congress Country Studies. Праверана 30 ліпеня 2022 г.
  26. ^ Ex-airport boss recalls Cubana crash (анг.). Nation Newspaper. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  27. ^ Dieter Nohlen (2005). «Elections in the Americas: A data handbook». Volume I. — С. 90. — ISBN 978-0-19-928357-6.
  28. ^ Barbados to vote on move to republic (анг.). Caribbean Net News. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  29. ^ Barbados announces plan to remove Queen Elizabeth as head of state next year (анг.). USA Today. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  30. ^ Barbados just appointed its first president as it becomes a republic (анг.). The National. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  31. ^ Barbados PM hails governing party's landslide election victory (анг.). Al Jazeera. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  32. ^ Average and Record Conditions at Bridgetown, Barbados (анг.). BBC Weather. Праверана 30 лістапада 2021 г.
  33. ^ Barbados (анг.). International Monetary Fund. Праверана 10 траўня 2017 г.
  34. ^ Country Groups (анг.). World Bank. Праверана 18 сакавіка 2011 г.
  35. ^ 20 percent in poverty (анг.). Caribbean Broadcasting Corporation. Праверана 20 красавіка 2012 г.
  36. ^ Builders paradise (анг.). The Nation Newspaper. Праверана 2 студзеня 2006 г.
  37. ^ Crop Over Festival (анг.). 2camels.com. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  38. ^ Barbados Food (анг.). Totally Barbados. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  39. ^ Barbados National Dish: Coucou & Flying Fish (анг.). Epicurian Tourist. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  40. ^ Pudding and Souse (анг.). Barbados.org. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
  41. ^ Banks Beer: The Beer (анг.). Banks Beer. Праверана 23 ліпеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]