Перайсьці да зьместу

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «БДІНГ»)
Беларускі эканамічны ўнівэрсытэт
Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт
Заснаваны 20 траўня 1933 (91 год таму)
Тып урадавы
Рэктар Аляксей Ягораў
Факультэтаў 14
Месцазнаходжаньне
Горад Менск
Краіна Беларусь
Былыя назвы Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (да 20 студзеня 1992 г.)
Знаходзіцца ў складзе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Вэб-сайт www.bseu.by

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт» (УА БДЭУ) — адзін з найбуйнейшых унівэрсытэтаў Беларусі й галоўная вышэйшая навучальная ўстанова эканамічнага профілю.

У БДУ 1930 быў створаны самастойны факультэт народнае гаспадаркі зь пяцьцю аддзяленьнямі: прамысловым, сельска-гаспадарчым, плянава-статыстычным, фінансавым і каапэратыўным. У гэты час на факультэце навучалася 300 студэнтаў, а ў 1931 іх было больш за 700.

На базе факультэту грамадзкіх навук БДУ у адпаведнасьці з рэзалюцыяй пастановы СНК БССР № 215 ад 7 ліпеня 1931 былі створаныя 3 самастойныя інстытуты: Плянава-эканамічны, Фінансава-эканамічны й Інстытут спажывецкае каапэрацыі (Каапэратыўны) рознага адміністрацыйнага падначаленьня. Праіснавалі яны каля двух гадоў. Выпускі склалі 335 чалавек.

20 траўня 1933 СНК БССР прыняў пастанову № 721 аб арганізацыі на базе трох вышэйзгаданых ВНУ новае навучальнае ўстановы, якая спачатку была названая Інстытутам народнае гаспадаркі зь месцазнаходжаньнем у Менску.

Да восені 1933 Дзяржплян БССР зацьвердзіў статут Беларускага дзяржаўнага інстытуту народнае гаспадаркі (БДІНГ) і працоўны факультэт пры ім.

20 студзеня 1935 урад рэспублікі прыняў пастанову аб прысваеньні БДІНГ імя У. У. Куйбышава, якое ён насіў да 1992.

Падчас нямецка-савецкай вайны былі разбураныя вучэбныя карпусы, зьнішчанае абсталяваньне кабінэтаў, лябараторыяў, катэдраў, спаленая і часткова вывезеная за мяжу бібліятэка.

28 кастрычніка 1944 унівэрсытэт аднавіў сваю дзейнасьць. Рэгулярныя заняткі пачаліся 1 сакавіка 1945 у вячэрнюю зьмену ў будынку сярэдняй школы № 12 (зараз вул. Мясьнікова і корпус філфаку БДУ). У 1945 было толькі 12 выкладчыкаў і 54 студэнты; у 1945/1946 навучальным годзе — 38 выкладчыкаў і 252 студэнты; бібліятэка налічвала 6 000 кніг. У 1945 на рашэньне навуковае рады 11 студэнтаў (выпуск 1941) атрымалі дыплёмы. 2 сакавіка 1946 адбыўся першы пасьляваенны выпуск студэнтаў. Яго склад — 71 чалавек, сярод якіх 22 — удзельнікі нямецка-савецкай вайны. Пачыналі яны вучобу яшчэ ў даваенны час.

Усяго за 1946—1950 было падрыхтавана 455 адмыслоўцаў. 3 студзеня 1950 была здадзеная ў эксплюатацыю першая частка вучэбнага корпуса па вул. Сьвярдлова, 7. Другая — у 1952, апошняя — у 1954.

За заслугі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных адмыслоўцаў народнае гаспадаркі й разьвіцьцё навуковых дасьледаваньняў 28 красавіка БДЭУ быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга. 20 студзеня 1992 Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь № 21 быў ператвораны ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. У 1997 яму афіцыйна быў прысвоены статут кіроўнае навучальнае ўстановы ў галіне падрыхтоўкі эканамічных кадраў.

На 2009 у БДЭУ існуюць наступныя факультэты:

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унівэрсытэт ёсьць галоўнай навучальнай установай у галіне падрыхтоўкі кадраў эканамічнай кваліфікацыі ў Беларусі й адным з найбуйнейшых эканамічных навукова-дасьледчых цэнтраў.

У цяперашні час ува ўнівэрсытэце дзейнічае пяць цэнтраў: Цэнтар навуковых дасьледаваньняў (ЦНД), Цэнтар макраэканамічных дасьледаваньняў (ЦМЭД), Цэнтар праблемаў кіраваньня й кансультацыйных паслугаў (ЦПКІКП), Цэнтар таваразнаўчых дасьледаваньняў (ЦТД), Цэнтар разьвіцьця інфармацыйных дасьледаваньняў (ЦРІД).

Міжнародныя кантакты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унівэрсытэт актыўна разьвівае міжнароднае супрацоўніцтва, асноўнымі кірункамі якога ёсьць:

  • навучаньне замежных грамадзянаў ува ўнівэрсытэце па кантракце на платнай аснове;
  • умацаваньне й разьвіцьцё акадэмічных сувязяў з замежнымі ўнівэрсытэтамі;
  • праца ў рамках двухбаковых і шматбаковых акадэмічных праектаў з замежнымі ўнівэрсытэтамі, фондамі і арганізацыямі.

Ува ўнівэрсытэце ў рамках Міжурадавых дамоваў аб акадэмічным супрацоўніцтве навучаюцца прадстаўнікі з 16 краінаў СНД, Балтыі, Азіі, Афрыкі, Эўропы.

БДЭУ стала пашырае сфэру супрацоўніцтва з замежнымі ўнівэрсытэтамі. У дадзены момант БДЭУ мае дамовы з 36 унівэрсытэтамі СНД, Азіі, Эўропы, ЗША, Канады. Асабліва дынамічная праца праводзіцца ў рамках сумесных праектаў БДЭУ з Інстытутам кіраваньня прадпрыемствамі пры Парыскім унівэрсытэце (Францыя) і Ўнівэрсытэтам Сэры (Вялікабрытанія).

БДЭУ актыўна прыцягвае для чытаньня лекцыяў замежных прафэсараў і адмыслоўцаў у рамках Фулбрайт, «Грамадзянская адукацыя», «Лідэр», «REAP» і інш.

Унівэрсытэт праводзіць сталую працу ў якасьці чальца Асацыяцыі Эўрапейскіх Унівэрсытэтаў, шукае новыя шляхі й магчымасьці пашырэньня замежных кантактаў і праграмаў, падтрымлівае цесныя кантакты з замежнымі амбасадамі й арганізацыямі ў Менску, такімі як: Інфармацыйная служба Амбасады ЗША (РАО), Амэрыканская Рада па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі (ACCELS), Рада па міжнародных дасьледаваньнях і абменах (IREX), Брытанская Рада, Нямецкая служба акадэмічных абменаў (DAAD).

Скандалы, палітычныя рэпрэсіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 2005 г. студэнтка-выдатніца Тацяна Хома была выключаная з факультэту міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ пасьля ўдзелу ў канфэрэнцыі Эўрапейскага саюзу студэнтаў (European Students' Union, ESIB), на якой яна была абраная ў склад кіраўніцтва гэтай арганізацыі.[1] Гэта выклікала актыўныя міжнародныя пратэсты і заяву міністра адукацыі Швэцыі. Эўрапейская ўнівэрсытэцкая асацыяцыя (European University Association) замарозіла супрацоўніцтва з БДЭУ ў сувязі з гэтым скандалам.[1][2][3] На студэнтаў БДЭУ, блізкіх да Тацяны Хомы, аказваўся ціск з боку адміністрацыі БДЭУ і КДБ[4].

Пасьля пратэстаў, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 г., студэнтаў БДЭУ, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, пад пагрозай выключэньня прымушалі публічна каяцца за гэта[5].

У 2020 г., падчас масавых пратэстаў, што пачаліся пасьля выбараў Прэзыдэнта Беларусі, кіраўніцтва БДЭУ накіравала ў міліцыю сьпіс удзельнікаў пратэсных акцый зь ліку сваіх студэнтаў і папрасіла прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасьці[6].

Выбітныя студэнты і выпускнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]