Антоні Генрых Радзівіл
Антоні Генрык Радзівіл. Люўр, 1797 | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 чэрвеня 1775 Вільня |
Памёр | 7 красавіка 1833 (57 гадоў) Бэрлін |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Міхал Геранім Радзівіл Алена з Пшазьдзецкіх |
Дзеці | Фрыдэрык Вільгельм Радзівіл[1], Багуслаў Фрыдэрык Радзівіл[d][1], Эліза Радзівіл[d][2][1], Фердынанд Радзівіл[d][2][1] і Ванда з Радзівілаў[d][2][1] |
Дзейнасьць | кампазытар, палітык, службовая асоба, мэцэнат, філянтроп, музыка |
Антоні Генрых Радзівіл (13 чэрвеня 1775, Вільня — 7 красавіка 1833, Бэрлін) — кампазытар-аматар, сьпявак, мэцэнат. XII ардынат на Нясьвіжы, заснавальнік бэрлінскай лініі Радзівілаў.
Антоні Генрых Радзівіл — адзіны кампазытар, зь якім Ё. В. Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст, перапрацаваўшы тэкст 1-й часткі сваёй паэмы ў опэрнае лібрэта і дапісаўшы на просьбу кампазытара спэцыяльна для опэры дадатковыя новыя фрагмэнты тэксту[3].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Міхала Гераніма, апошняга ваяводы віленскага, і Алены з Пшазьдзецкіх.
Атрымаў добрую хатнюю адукацыю. Дзякуючы сямейнай традыцыі далучэньня да музыкі, ужо ў маладым веку набыў вядомасьць як віялянчэліст. З 1792 навучаўся ў Гётынгенскім унівэрсытэце, аднак у 1794 перабраўся ў Бэрлін.
У час Напалеонаўскіх войнаў дзейнічаў на карысьць пруска-польскага супрацоўніцтва. Дзякуючы сваяцтву з прускай дынастыяй у 1815 атрымаў пасаду намесьніка польскай аўтаноміі ў межах Прускага Каралеўства — Вялікага Княства Познанскага. Аднак функцыя намесьніка была амаль ганаровай ды не давала практычна ніякага ўплыву на становішча ў аўтаноміі.
У 1796 ажаніўся з дачкой брата караля Прусіі Фрыдрыха ІІ Вялікага — Фрыдэрыкай Даротай Люізай Гагэнцолерн, зь якой меў сыноў Вільгельма Паўла, Фэрдынанда Фрыдэрыка, Багуслава Фрыдэрыка і Ўладзіслава; дачок Элізу Фрыдэрыку Людвіку, Марту, Ванду Аўгусту і Вільгельміну.
Ягоная дачка Эліза Радзівіл(en) была першым каханьнем і нявестай першага нямецкага імпэратара Вільгельма І[4].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар каля трыццаці камэрных вакальных твораў. Асаблівай увагі заслугоўваюць чатыры рамансы на вершы невядомых нямецкіх паэтаў.
Найбуйнейшы твор А. Г. Радзівіла — опэра «Фаўст» на тэкст Ё. В. Гётэ. Геніяльны паэт сам згадзіўся на супрацоўніцтва з кампазытарам у якасьці лібрэтыста. Пачынаючы з прэм’еры ў Бэрліне (1835) опэра доўгі час зь вялікім посьпехам ішла ў тэатрах Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Ангельшчыны.
На Беларусі фрагмэнты «Фаўста» ўпершыню паказала «Беларуская капэла» у Нясьвіжы (1995), а 20 ліпеня 1999 у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балету ў Менску адбылася яе прэм’ера. Спэктакль выклікаў цікавасьць публікі і атрымаў рэзананс у прэсе — на пастаноўку адгукнуліся амаль трыццаць выданьняў, у тым ліку і замежных[5].
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьведчаньні пра кампазытарскі талент А. Г. Радзівіла пакінулі Ё. В. Гётэ, К. Цэльтэр і К. Лёвэ, Ф. Шапэн і Р. Шуман, крыху пазьней Ф. Ліст, У. Адоеўскі і іншыя.[5]
- У 1837 Станіслаў Манюшка вывучаў на занятках з рэктарам Бэрлінскай сьпеўнай акадэміі прафэсарам Карлам Фрыдрыхам Рунгенхагенам радзівілаўскага «Фаўста». Па вяртаньні дадому ў 1844 ён выдаў у Віленскім музычным выдавецтве Ю. Завадзкага асобныя нумары «Фаўста» ў сваёй клявірнай рэдакцыі[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Radziwiłłowie herbu Trąby (пол.) — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
- ^ а б в Lundy D. R. Prince Antoni Henryk Radziwill // The Peerage (анг.)
- ^ «Упершыню гэты твор прагучыць на беларускай мове». Радыё Свабода. Праверана 22 траўня 2007 г.
- ^ Глеб Лабадзенка. У палацы Радзівілаў у Бэрліне жыў Бісмарк // Зьвязда : Газэта. — 8 сьнежня 2009. — № 232 (26590). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б 13 чэрвеня — 230 год з дня нараджэння А. Г. Радзівіла (1775-1833), палітычнага дзеяча, мецэната, кампазітара. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- ^ Віктар Скорабагатаў. Старонкі беларускага жыцця «Фаўста» Антона Разівіла. Kamunikat.org. Праверана 22 студзеня 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антоні Генрых Радзівіл. Ёган Вольфганг Гётэ. Фаўст. (Партытура і галасы) опера ў 3 дзеях = Faust: Oper in Drei Teilen / пераклад з нямецкай Васіля Сёмухі; рэдакцыя Ганны Каржанеўскай; пераклад на нямецкую мову ўступных артыкулаў і каментара: Галіна Скакун; мастак Уладзімір Вішнеўскі. — Менск: Тэхналогія, 2006. — 399 с. — (Музыка старажытных сядзібаў). — 500 ас. — ISBN 985-458-144-6
- Віктар Скорабагатаў. Антон Генрык Радзівіл і яго опера «Фаўст». Дадатак 2 аптычных дыска / Зьмест кампакт-дыскаў: Фаўст: фрагмэнты опэры ў 3-х дзеях / Антоні Генрых Радзівіл; лібрэта — Ёган Вольфганг фон Гётэ ; пераклад Васіля Сёмухі ; мастацкі кіраўнік запісу і канцэртмайстар Ганна Каржанеўская ; дырыжор Анатоль Лапуноў ; хормайстар Віктар Роўда; выканаўцы: Алена Бундзелева і інш. ; Акадэмічны хор і сімфанічны аркестр Белдзяржтэлерадыёкампаніі. — Менск: Каўчэг, 2017. — 115 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-7137-47-3
- Віктар Скорабагатаў. Беларускі «Фауст» // «Спадчына» № 1, 1995. С. 80—82.
- Віктар Скорабагатаў. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // «Мастацтва» № 4, 1995. С. 2—6.
- Віктар Скорабагатаў. Антоні Генрык Радзівіл // Зайгралі спадчынныя куранты. — Мн., 1998. С. 48—62.
- Алесь Марціновіч. Дух вольнасці: Антоні Генрык Радзівіл // У часе прасветленыя твары. — Мн., 1999. С. 187—203.
- Віктар Скорабагатаў. «Фауст» князя Радзівіла // «Роднае слова» № 9, 2000. С. 86—88.
- Віктар Скорабагатаў. Антоні Генрык Радзівіл // «Роднае слова» № 6, 1996. С. 137—139.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Jachimecki Z., Poźniak W. Antoni Radziwiłł i jego muzyka do «Fausta» / obwoluta (вокладка): Daniel Mróz. — Kraków: Polskie Wydawnictwo Muzyczne, 1957. — 100 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Антоні Генрых Радзівіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Скорабагатаў Віктар, Собалева Наталля. Гётэ, Радзівіл, «Фаўст». Kamunikat.org. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- 13 чэрвеня — 230 год з дня нараджэння А. Г. Радзівіла (1775-1833), палітычнага дзеяча, мецэната, кампазітара. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 22 студзеня 2011 г.
|