Перайсьці да зьместу

Чарнагорская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чарнагорская мова
Crnogorski jezik, Црногорски језик
Мова большасьці па муніцыпалітэтах Чарнагорыі

     чарнагорская мова

     сэрбская мова

     альбанская мова

     басьнійская мова

Ужываецца ў Чарнагорыі
Рэгіён Балканы
Колькасьць карыстальнікаў
  • 232 600 чал.
Клясыфікацыя Індаэўрапейскія мовы
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Чарнагорыі
Дапаможная мова ў грамадзе Малі-Іджаш, Ваяводзіна, Сэрбія
Статус: 1 дзяржаўная[d][1]
Пісьмо Montenegrin Cyrillic alphabet[d] і Montenegrin Latin alphabet[d]
Коды мовы
ISO 639-2(Б) cnr[2]
ISO 639-3 cnr
SIL cnr[3]

Чарнаго́рская мо́ва (саманазва: Crnogorski jezik, Црногорски језик) — паўднёваславянская мова заходняе падгрупы, у вузейшым сэнсе — літаратурны варыянт сэрбскахарвацкае мовы, на якім размаўляюць чарнагорцы і які выкарыстоўваецца ў якасьці афіцыйнае мовы Чарнагорыі.

Мова заснаваная на базе выкарыстоўванага ў Чарнагорыі іекаўска-штакаўскага дыялекту сэрбскахарвацкае моўнае сыстэмы, зьяўляючыся з пункту гледзішча параўнальнае лінгвістыкі адным зь яе стандартызаваных узаемазразумелых варыянтаў побач з сэрбскай, харвацкай і басьнійскай мовамі. Дыялект, які палёг у аснову літаратурнай чарнагорскай мовы, зьяўляецца таксама асновай для харвацкай, сэрбскай і басьнійскай моваў[4].

Як адзначаюць некаторыя дасьледчыкі, чарнагорская мова гістарычна мела найменьне сэрбскай[5]. Ідэя незалежнай, асобнай ад сэрбскай, чарнагорскай мовы ўзьнікла ў пэрыяд 1990-х гадоў і стала актыўнай праз дапамогу прыхільнікаў незалежнасьці Чарнагорыі, у выніку чаго чарнагорская мова была абвешчаная афіцыйнай мовай краіны па ратыфікацыі новай Канстытуцыі краіны 22 кастрычніка 2007 году.

Стварэньне літаратурнага стандарту чарнагорскай мовы яшчэ працягваецца ў сучаснай пэрспэктыве. Так, яе артаграфія была зацьверджаная 10 ліпеня 2009 году, згодна зь якой у мове ўстанаўліваліся два варыянты альфабэту. Граматыка і навучальныя праграмы знаходзяцца ў працэсе распрацоўкі[6].

Моўная стандартызацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 2008 году Ўрадам Чарнагорыі была сфармаваная рада па кадыфікацыі мовы, дзейнасьць якой мусіла накіроўвацца на стандартызацыю мовы ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Дакумэнты, што паўсталі ў выніку працы рады, сталі ў наступным часткай мясцовых адукацыйных праграмаў.

Першая артаграфія чарнагорскае мовы была афіцыйна прадстаўленая ў ліпені 2009 году. У гэтай сыстэме была выказаная прапанова аб замене сэрбскахарвацкіх дыграфаў sj, zj на асобныя літары, ś і ź[6]. Міністэрства адукацыі, аднак, не аддало перавагі ніводнаму з праектаў і прыняло рашэньне аб прыняцьці ўласнага варыянту артаграфіі. Рада раскрытыкавала гэты новы варыянт, адзначыўшы, на думку сяброў рады, вялікую колькасьць «мэтадалягічных, канцэптуальных і лінгвістычных хібаў»[7].

21 чэрвеня 2010 году рада па пытаньнях агульнай адукацыі Чарнагорыі прыняла першую чарнагорскую граматыку.

На думку шэрагу дасьледчыкаў, моўная сытуацыя зьяўляецца адным з астрэйшых пытаньняў у сучаснай Чарнагорыі[8].

Згодна з вынікамі перапісу насельніцтва ў 1991 годзе, большасьць жыхароў Чарнагорыі — 510 320 чал ці 82,97% насельніцтва, пазначыла сябе як носьбітаў тагачаснай афіцыйнай мовы — сэрбскахарвацкай; падобныя зьвесткі былі атрыманыя таксама і па перапісе 1981 году. Між тым, паводле вынікаў перапісу 1909 большасьць насельніцтва (95%) тагачаснага Княства Чарнагорыя ўказала ў якасьці сваёй роднай мовы сэрбскую. Паводле Канстытуцыі Чарнагорыі 1992 году, афіцыйнай мовай рэспублікі, якая на той момант уваходзіла ў склад Дзяржаўнага зьвязу Сэрбіі і Чарнагорыі, абвяшчалася сэрбская мова іекаўскай формы.

Апошні перапіс насельніцтва ў Чарнагорыі, праведзены ў 2011 годзе, паказаў, што 36,97% насельніцтва краіны лічаць сваёй роднай мовай чарнагорскую, тады як 42,88% у якасьці роднай мовы ўказала сэрсбкую[9]. Яшчэ да абвяшчэньня вынікаў некаторыя палітыкі, напрыклад, лідэр апазыцыйнай партыі SNP Срджан Міліч, выказалі меркаваньне, што вельмі невялікая частка жыхароў Чарнагорыі назвала сваёй роднай мовай чарнагорскую, а сам праект патрывае фіяска[10]. Між тым, гэты перапіс засьведчыў падвышэньне адсоткавай дзелі асобаў, якія лічаць роднай мовай чарнагорскую, на 5%.

Асобы, якія ўказваюць у якасьці сваёй роднай мовы чарнагорскую, пражываюць у асноўным у старой гістарычнай вобласьці з цэнтрам у Падгорыцы. На поўначы краіны, які быў далучаны ў 1912 годзе, большая частка насельніцтва ў якасьці сваёй роднай мовы ўказвае сэрбскую.

Чарнагорскі адвакат Міят Шукавіч пры складаньні свайго чарнавога варыянту Канстытуцыі краіны прапанаваў палажэньне аб чарнагорскай мове як афіцыйнай мовы краіны. Вэнэцыянская камісія, кансультацыйны орган пры Радзе Эўропы, у цэлым станоўча паставіўся да праекту Канстытуцыі, не закрануўшы пры гэтым пытаньні мовы і царквы, палічыўшы іх сымбалічнымі. Сваё адмоўнае стаўленьне да моўнага палажэньня выказалі Сацыялістычная народная партыя Чарнагорыі, Народная партыя, Дэмакратычная сэрбская партыя, Басьнійская партыя, Рух за зьмены, а таксама кааліцыя «Сэрбскі сьпіс» на чале з Сэрбскай народнай партыяй. Новая Канстытуцыя, якая рэгулявала б становішча чарнагорскае мовы, была прынятая дзьвюма трацінамі парлямэнту, у тым ліку Кааліцыя за эўрапейскую Чарнагорыю, Рух за зьмены, Басьнійская партыя і Лібэральная партыя Чарнагорыі (пра-сэрбскія партыі выказаліся супраць, партыі альбанскае меншасьці ўстрымаліся). Канстытуцыя краіны, прынятая 22 кастрычніка 2007 году, дэкляруе чарнагорскую мову ў якасьці афіцыйнай мовы Чарнагорыі[11], а таксама прызнае разам зь ёю альбанскую, басьнійскую, харвацкую і сэрбскую.

Цяперашні прэм’ер-міністар Чарнагорыі Міла Джуканавіч выказваў сваю падтрымку ў справе стандартызацыі чарнагорскае мовы, заявіўшы пра сябе як носьбіта чарнагорскай мовы ў інтэрвію сэрбскаму штодзёньніку Politika ў кастрычніку 2004 году. Афіцыйны сайт Ураду Чарнагорыі зьмяшчае інфармацыю ў дзьвюх вэрсіях — чарнагорскай і ангельскай[12], на афіцыйнай web-старонцы Прэзыдэнта краіны заяўляецца пра напісаньне сайту на чарнагорска-сэрбскай вэрсіі (Crnogorsko-srpska verzija).

Блакітны колер — тэрыторыя, дзе большасьць насельніцтва адзначыла ў якасьці сваёй роднай мовы чарнагорскую падчас перапісу насельніцтва ў 2003 г.

У 2004 годзе Ўрад Чарнагорыі зацьвердзіў зьмены, згодна зь якімі назва школьнага прадмэту «Сэрбская мова» зьмянялася на «Родная мова (сэрбская, чарнагорская, басьнійская, харвацкая)», што было зроблена з мэтай падтрымкі моўнае разнастайнасьці краіны і грамадзянаў, якія лічаць сябе носьбітамі іншых моваў, апрача сэрбскай[13]. Гэта, аднак, прывяло да забастовак настаўнікаў і адмовы часткі бацькоў пасылаць сваіх дзяцей у школы[14] ў местах Нікшыч, Падгорыца, Бэранэ, Плеўля і Хэрцэг-Нові.

Чарнагорыя, на думку некаторых дасьледчыкаў, зьяўляецца адным з прыкладаў драбненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці ва Ўсходняй Эўропе на мяжы ХХ-ХХІ стагодзьдзяў. Самавызначэньне для легітымацыі незалежнасьці грунтуецца на двух прынцыпах:

  • абгрунтаваньне ўласнага гістарычнага шляху, адрознага ад суседніх краінаў
  • дэклярацыя існаваньня ўласнае мовы

Гэтыя прынцыпы аткыўна абмяркоўваюцца ў навуцы з мэтаю падмацаваць палітычныя заявы фактамі лінгвістычных і гістарычных дасьледаваньняў. Прыкладам, прыхільнікі існаваньня асобнай чарнагорскай мовы выступалі і за палітычную незалежнасьць Чарнагорыі. Сябры чарнагорскага ПЭН-цэнтру пратэставалі супраць Канстытуцыі 1992 году, паводле якой у якасьці дзяржаўнай мовы ўсталёўвалася сэрбская, аргумэнтуючы сваю адмоўную пазыцыю правам кожнай нацыі на ўласную мову, прыводзячы на ўзор харвацкую, басьнійскую, македонскую і малдаўскую мовы. Яны не адмаўлялі ўваходжаньня чарнагорскай мовы ў склад сэрбскахарвацкай моўнай сыстэмы. але патрабавалі каб мова мела афіцыйнае найменьне чарнагорскай[15], падобныя прапановы былі падтрыманыя і арганізацыяй Matica crnogorska.

Лінгвістычныя рысы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чарнагорцы размаўляюць перадусім на штакаўскіх гаворках, а менавіта на ўсходнегерцагавінскім (распаўсюджаны на захадзе й паўночным захадзе Чарнагорыі) і зэцка-паўднёвасанджацкім (астатняя частка краіны) дыялектах, якія аб’ядноўваюць іх з носьбітамі іншых суседніх славянскіх краінаў.

З пункту гледзішча марфалёгіі чарнагорская мова адрозьніваецца дзякуючы захаваньню ўжываньня ў размоўным маўленьні імпэрфэкту разам з формамі аорысту, пэрфэкту, плюсквампэрфэкту, тады як у іншых рэгіянальных сэрбскахарвацкіх варыянтах гэтая дзеяслоўная форма носіць кніжны, а за цяперашнім часам нават архаічны характар.

Прыхільнікі асобнасьці чарнагорскае мовы карыстаюцца лацінскім альфабэтам і прапаноўваюць дапоўніць альфабэт літарамі С́ [ç], З́ [ʝ] и Ѕ [ʣ][16]. Гэты праект рэфармаваньня, у прыватнасьці, падтрымлівае прафэсар катэдры мовы і літаратуры ў Чарнагорскім кнівэрсытэце і кіраўнік Інстытуту чарнагорскай мовы Ваіслаў Нікчэвіч[17]. Аднак на думку апанэнтаў гэтага праекту гукі, для якіх прапаноўваюцца новыя літары, не ўтвараюць моўнае сыстэмы, з гэтае прычыны яны ня могуць быць прызнаныя фанэмамі і зьяўляюцца толькі аляфонамі[18]. Разам з тым, такія гукі ўжываюцца не ва ўсіх чарнагорскіх рэгіёнах, пры гэтым могуць ужывацца ў некаторых нечарнагорскіх (Герцагавіна, Басьнійская Краіна).

У цяперашні момант выкарыстоўваецца чарнагорскі альфабэт, які мае кірылічную вэрсію (црногорска ћирилица / crnogorska ćirilica або азбука) і лацінскую абэцэду (црногорска латиница / crnogorska latinica або abeceda), абедзьве графічныя сыстэмы афіцыйна маюць роўныя правы ў сваім выкарыстаньні[19]. Новая графіка была зацьверджана Міністэрствам адукацыі Чарнагорыі 9 чэрвеня 2009 году[6], раней выкарыстоўваліся сэрбскахарвацкая кірыліца і лацінка[20]. У адрозьненьне ад сэрбскахарвацкага альфабэту, замест дыграфаў sj, zj (у кірыліцы зj і сj) ужываюцца асобныя літары ś і ź (адпаведна з́ і с́)[21], але ў лацініцы захаваліся спалучэньні , nj, і lj для пазначэньня асобных гукаў.

Лацініца A B C Č Ć D Dž Đ E F G H I J K L Lj M N Nj O P R S Š Ś T U V Z Ž Ź
Кірыліца[a] А Б Ц Ч Ћ Д Џ Ђ Е Ф Г Х И Ј К Л Љ М Н Њ О П Р С Ш С́ Т У В З Ж З́
Беларускі адпаведік А Б Ц Ч ЦЬ Д ДЖ ДЬЖ Е Ф Г Х І Й К Л ЛЬ М Н НЬ О П Р С Ш СЬ Т У В З Ж ЗЬ

Графіка і фанэтыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і ў сэрбскай мове, запазычаныя ўласныя імёны запісваюцца фанэтычна. У чарнагорскай, як і беларускай мове, у цэлым выконваецца правіла, як чуецца — так і пішацца.

Чарнагорская мова характарызуецца іекавізмам — ije вымаўляецца як два склады, тады як у іншых рэгіёнах сэрбскахарвацкай моўнай сыстэмы зьяўляецца дыфтонгам. Гістарычна ije ёсьць вынікам зьмяненьня асаблівага праславянскага гуку, пазначанага як «ѣ».

Чарнагорская Сэрбская, харвацкая, басьнійская Беларуская
нијесам нисам «я ня ёсьць…»
тијех тих родны склон ти, те, та «тых»
тијема тима давальны склон ти, те, та
овијех ових родны склон ови, ове, ова «гэтых»
овијема овима давальны склон ови, ове, ова

Памякчэньне [д], [т], [с], [з] перад [e] у чарнагорскай мае свае асаблівасьці:

Чарнагорская Сэрбская Харвацкая, басьнійская Беларуская
ђе где gdje дзе
ђевојка девојка djevojka дзяўчына
ђеца деца djeca дзеці
лећети летети летјети ляцець
ћерати терати тјерати гнаць, разганяць
с́еди седи сједи сядзь
с́екира секира сјекира сякера
из́елица изелица изјелица ядок

Чарнагорская лексыка ня мае істотных адрозьненьняў ад сэрбскахарвацкай, але карыстаецца большай колькасьцю запазычыньняў з італьянскай мовы, а таксама выяўляе некаторыя свае асаблівасьці. Ніжэй прыведзеныя словы агульнай этымалёгіі, якія пры гэтым утварылі розныя формы[22]:

Чарнагорская Сэрбская (Сэрбія) Басьнійская, харвацкая, сэрбская Босьніі Беларуская
цкло стакло стакло шкло
ђетић дечак дјечак хлопчык
коштањ кестен кестен каштан
мртац мрвтац мрвтац мярцьвяк
омразити мрзети / мрзити мрзити ненавідзець
с́утра сутра сутра заўтра
знавен познат познат вядомы

Прыклады словаў, што маюць аднолькавае значэньне ў чарнагорскай, сэрбскай і харвацкай:

Чарнагорская Сэрбская Басьнійская, харвацкая Беларуская
извањац странац странац замежнік
глиб блато блато гразь
цукар шећер шећер цукар
ориз пиринач рижа рыс
разурити срушити срушити разбурыць

Формы інтэрнацыяналізмаў у чарнагорскай таксама маюць свае асаблівасьці:

Чарнагорская Сэрбская Басьнійская, харвацкая Беларуская
суфікс -тада (напр. квалитада) -тет (квалитет) -тета (квалитета) якасьць
суфікс -ан (напр. Аустријан) -анац (Аустријанац) -анац (Аустријанац) аўстрыец
суфікс -дур(ица) (напр. штимадур(ица)) проценитељ(ица) процјенитељ(ица) ацэншчык (-ца)
Актоіх — кніга псальмаў царкоўнаславянскай мовай, створаная на тэрыторыі сучаснай Чарнагорыі, першая друкаваная кніга паўднёвых славян

Шматлікія чарнагорскія аўтары абапіраліся пры складаньні сваёй творчасьці на народную аснову. Літаратура Сярэднявечча збольшага прадстаўляла сабой літаратуру на стараславянскай мове і ейных ізводах, але ў ХІХ ст. дыялекты Чарнагорыі сталі дамінаваць у мясцовай літаратуры. Яна ўключае ў сябе народны фальклёр, сабраны Вукам Стэфановічам Караджычам й інш., асобныя кнігі чарнагорскіх пісьменьнікаў («Горны вянок» Пэтара Пэтравіча Негаша, «Прыклады чалавецтва й адвагі» Марка Мілянава) і г. д. У другой палове ХІХ ст. у літаратуры больш выкарыстоўваўся ўсходнегерцагавінскі дыялект, які зьяўляецца асновай сэрбскахарвацкай мовы, замест мясцовага зэцка-санджацкага дыялекту.

Да прыкладу, большая частка формаў вінавальнага склону, якія ўласьцівыя для зэцка-санджацкага дыялекту, Негашам былі замененыя на формы мясцовага, характэрныя для сэрбскай мовы. Напрыклад, у друкаванай вэрсіі радок U dobru je lako dobar biti, / na muci se poznaju junaci быў заменены на U dobro je lako dobar biti, / na muku se poznaju junaci. У іншых творах чарнагорскіх пісьменьнікаў таксама адсочваецца тэндэнцыя да прытрымліваньня нормаў усходнегерцагавінскага дыялекту. Тым ня менш, у літаратуры таксама трапляліся і рысы, уласьцівыя для зэцка-санджацкага дыялекту: напрыклад, вершы Нікола І Пэтравіча Onamo namo, za brda ona, Onamo namo, da viđu і г. д.

У сьведчаньнях іншаземцаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню лінгвонім чарнагорская мова быў ужыты ў дзёньніку францускага палкоўніка Віяля дэ Сам’е падчас свайго падарожжа па Чарнагорыі ў 1813 годзе, сам дзёньнік пад назваю «Ваяж гістарычны і палітычны ў Чарнагорыю» (Voyage historique et politique au Montenegro) быў апублікаваны ў 1820 годзе.

Вук Караджыч у сваёй кнізе на нямецкай мове «Чарнагорыя і чарнагорцы» (Montenegro und die Montenegriner) 1837 году абвяргае Сам’е, які сьцьвярджаў, што чарнагорская мова зьўляецца дыялектам грэцкай[23].

Сэрбскі пісьменьнік Любамір Нянадавіч у сваёй працы «Пра чарнагорцаў» (O Crnogorcima) 1856 году рабіў высновы, што чарнагорцы «размаўляюць на чарнагорскай мове»[24].


« Мова — ва ўсіх школах чарнагорская, шмат у чым адрозная ад той прыгожай мовы, на якую Біблія перакладзена. Я казаў аднойчы ў Цэціне, што для пісьмовага адзінства неабходна ўводзіць адну мову, на якой сёньня пішуць у Бялградзе і Новым Садзе. Тую мову, на якой дагэтуль найболей напісана і сказана, якая застанецца вядомай як сэрбская літаратурная мова. Калі чарнагорцы працягнуць шырыць свае школы так як цяпер, то праз сто год між дзьвюма мовамі адрозьненьняў будзе больш, чым між партугальскай і гішпанскай.
Арыгінальны тэкст  (сэрб.)
U svim školama, jezik je – crnogorski, u mnogome različan je od onoga priznatog, lijepog jezika na kome je Biblija prevedena. Govorio sam jednom prilikom na Cetinju da bi trebalo, radi književnog jedinstva, da uvedu onaj jezik kojim se danas piše u Beogradu i Novom Sadu. Taj je jezik, na kojem se dosada najviše pisalo i radilo, ostati će zauvijek kao srpski književni jezik. Ako Crnogorci produze svoje škole kao dosada, onda, poslije sto godina, između ta dva jezika biti će veća razlika nego što je između portugalskog i španjolskog.
»

У 1927 годзе вугорскі славіст Ёзэф Байза ў сваёй манаграфіі «Чарнагорскае пытаньне» (A montenegrói kérdés) напісаў: «Пяцівекавая барацьба з туркамі ізалявала чарнагорцаў ад сьвету ў цяжкадаступных цясьнінах. Такім чынам ізаляваўшы і лінгвістычна. Іх мова разьвівалася незалежна і атрымала арыгінальныя рысы[25]».

  1. ^ Тут парадак адпаведна абэцэдзе, правільны парадак чарнагорскай кірыліцы наступны: А Б В Г Д Ђ Е Ж З З́ И Ј К Л Љ М Н Њ О П Р С С́ Т Ћ У Ф Х Ц Ч Џ Ш
  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Alpha-3 Code Search Result - Codes for the representation of names of languages (анг.). Library of CongressПраверана 1 студзеня 2019 г.
  3. ^ ISO 639-3 (анг.). SIL International. Праверана 1 студзеня 2019 г.
  4. ^ Serbian, Croatian, Bosnian, Or Montenegrin? Or Just 'Our Language'?
  5. ^ гл. Роланд Сасэкс, Пол Кабэрлі, The Slavic Languages, Cambridge University Press, Cambridge 2006; esp. v. ст. 73: «Serbia had used Serbian as an official language since 1814, and Montenegro even earlier.»
  6. ^ а б в 2 more letters in Montenegrin language
  7. ^ https://archive.is/20120804174002/http://www.mondo.rs/v2/tekst.php?vest=142385
  8. ^ Montenegro embroiled in language row. BBCПраверана 28 кастрычніка 2013 г.
  9. ^ Census of Population, Households and Dwellings in Montenegro 2011 Monstat Праверана 28 кастрычніка 2013 г.
  10. ^ Kako je propao crnogorski jezik
  11. ^ Артыкул 13 Канстытуцыі Чарнагорыі.
  12. ^ Official site of Government of Montenegro
  13. ^ Slobodan Backović potpisao odluku o preimenovanju srpskog u maternji jezik, Voice of America
  14. ^ «Počelo otpuštanje profesora srpskog», Glas Javnosti
  15. ^ Declaration of Montenegrin P.E.N. Centre
  16. ^ Proposed Montenegrin alphabet, Montenet.org
  17. ^ Pravopis crnogorskog jezika, Vojislav Nikčević. Crnogorski PEN Centar, 1997
  18. ^ Politika: Црногорци дописали Вука
  19. ^ Ustav Crne Gore. (сэрб.)
  20. ^ Donijet Pravopis crnogorskog jezika  (сэрб.)
  21. ^ Dva nova slova u pravopisu (сэрб.)
  22. ^ Sreten Zekovic RAZUR CRNOGORSKOGA JEZIKA I NJEGOVA REVITALIZACIJA MONTENEGRINA - digitalna biblioteka crnogorske kulture i nasljedja Праверана 28 кастрычніка 2013 г.
  23. ^ Vuk Karadžić o crnogorskom jeziku u djelu Montenegro und die Montenegriner (1837) (сэрб.)
  24. ^ Ljubomir Nenadović o crnogorskom jeziku  (харв.)
  25. ^ Jozsef Bajza, „A montenegrói kérdés“, Budapesti szemle A magyar tud. Akademia megbizasabol (601 szam, str. 321—372),Budapest, 1927  (сэрб.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]