Перайсьці да зьместу

Песьня пра зубра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Песьня пра зубра»
па-лацінску: Carmen de statura feritate ac venatione bisontis
«Песьня пра зубра»
аркуш 1-га кракаўскага выданьня (1523)
Жанр: паэма
Аўтар: Мікола Гусоўскі
Мова арыгіналу: лацінская
Год напісаньня: 1522
Публікацыя: 1523
Электронная вэрсія

«Пе́сьня пра зу́бра» (па-лацінску: «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» — «Песьня пра аблічча, дзікасьць зубра і паляваньне на яго[1][2]») — паэма беларускага[3] паэта-лацініста Міколы Гусоўскага. Першы вялікі вершаваны твор, напісаны на лацінскай мове для заходнеславянскага чытача[4]. Напісаны ў 1522 годзе, па замове Папы Льва X Медычы, выдадзены ў Кракаве ў 1523 годзе.

Першая высокая ацэнка «Песьні пра зубра» Мікалая Гусоўскага належыць паэту, перакладчыку паэмы на польскую мову Яну Каспровічу(pl), які Гусоўскага, як паэта, паставіў побач з Адамам Міцкевічам ва ўнівэрсытэцкай лекцыі «Песьня пра зубра і пан Тадэвуш» у 1913 годзе[5][6]. Некаторыя польскія аўтары яшчэ ў XIX стагодзьдзі выказвалі дапушчэньні, што Гусавянін паходзіў з Польшчы, з-пад Кракава. Але гісторык польскае літаратуры Юзаф Каленбах(pl) у 1922 годзе зьвярнуў увагу на тое, што польскае паходжаньне запярэчвае ў паэме сам паэта. Ён кажа, што рос пры бацьку на лясных прыдняпроўскіх прасторах краю, які тады называўся Літвою, а цяпер Беларусяй. Зь «Песьні» відаць, што напісанае ў ёй было паэтам глыбака перажытае ды выяўнае ад маленства. Вось чаму Юзаф Каленбах дайшоў да перакананьня, што паходзіў Гусавянін напэўна ня з Польшчы, а зь Вялікага Княства Літоўскага ды зь ягоных беларускіх земляў[7][8].

Паэма лічыцца непераўзыдзенай у эпічным паказе Беларусі й беларускага народу да зьяўленьня паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча й «Новай зямлі» Якуба Коласа[9][10] .

У паэме выразна гучыць патрыятычны заклік да яднаньня і сяброўства розных эўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсьця, услаўленьне свабоднай і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны патас, узаемадачыненьня чалавека, грамадзтва і прыроды, міждзяржаўныя адносіны[10].

Аўтар імкнуўся ўславіць усё тое, з чым у яго сьвядомасьці асацыіруецца вобраз яго роднай зямлі, яе прыгажосьць і непаўторнасьць. Ён апісвае беларускія лясы, багатыя на свае дары (ягады, мёд, куніцу). Як адзначыў Віктар Дарашкевіч: «Для Гусоўскага прырода — усенародны здабытак і крыніца здароўя, радасьці, выхаваньня высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуцьцяў»[4]. Гусоўскі, апроч апісаньня хараства беларускай прыроды паказвае і забабоны свайго народу (вера ў ведзьмакоў, русалак), грамадзкую пасіўнасьць і пакорнасьць лёсу.

Адзін з галоўных герояў паэмы, яе цэнтральны вобраз — князь Вітаўт. Яго аўтар падае як ідэальнага валадара, сапраўднага патрыёта, вернага традыцыям, праўдзівага і справядлівага, выдатнага кіраўніка дзяржавы.

Гісторыя стварэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Песьня пра зубра» была напісаная Міколам Гусоўскім ў 1522—1522 гадах, пад час, калі ён знаходзіўся ў Рыме ў складзе дыпляматычнай місіі Вялікага княства Літоўскага. Гусоўскі не аднойчы прысутнічаў на нацыянальнай гішпанскай забаве — карыдзе. І ён падзяліўся з Папам Рымскім Львом X Медычы забавай беларускіх князёў і магнатаў — паляваньнем на зубра. Гэтая гісторыя зацікавіла Папу, і ён папрасіў дыплямата ВКЛ напісаць яму пра гэта. Мікола Гусоўскі, сын вялікакняскага лесьніка, здолеў падрабязна і дэталёва апісаць постаць, звычкі і паводзіны зубра, як і само паляваньне на яго, у высокамастацкай вершаванай форме.

Ў 1523 паэма была выдадзена ў Кракаве ў складзе зборніка, які таксама ўтрымліваў 11 вершаў і празаічнае прысьвячэньне каралеве Боне Сфорцы[2].

Вобраз Вітаўта ў паэме

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Князь Вітаўт выступае ў паэме, як ідэал дзяржаўнага ўладара.

« ...Вітаўт апекаваў тых, каму дазваляў уладарыць,
Воляю князя васал жыў або траціў жыцьцё,
Быццам нявольнік які, маскавіт яго зваў уладыкам,
Хоць і магутным царом быў сярод многіх цароў...
»

Вітаўт, як ніхто да яго, узвысіў мясцовую шляхту, і заручыўшыся яе падтрымкай, скарыў гардыню ўдзельных князёў і дабіўся цэнтралізацыі ўлады. Ў паэме княжаньне Вітаўта паўстае як час гераічных спаборніцтваў, у якіх кожны чалавек меў прастору для подзьвігаў і сьцьвярджэньня сваёй годнасьці, і гэтыя паляваньні-спаборніцтвы ўслаўляюцца, як сапраўдная школа вайсковага вайсковага выхаваньня.

Гусоўскі апісвае і набажныя рысы князя, зьвяртаючы ўвагу на тое, што «ён быў набожны і першы з народамі княства сам ахрысьціўся», «цэрквы Богу адзінаму скрозь будаваў».

Вітаўт ў паэме паўстае мудрым дзеячам, які заахвочваў падданых сьцьвярджаць сваю грамадзянскую прыдатнасьць удзелам у вайсковых спаборніцтвах і сумленным выкананьнем даручаных абавязкаў. Можна заўважыць, як аўтар параўноўвае мужнага і моцнага духам князя з самім зубрам[11] .

Паштоўка з арыгінальнай маркай, прысьвечанай 485-годзьдзю паэмы

25 верасьня 2008 году, да 485-годзьдзя першай публікацыі паэмы, у Беларусі была выпушчана аднабаковая паштовая картка з арыгінальнай маркай.

Паэма тройчы перакладзена на беларускаю мову: Язэпам Семяжонам, Натальляй Арсеньневай і Ўладзімерам Шатонам.

У 2007 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдала кнігу на беларускай мове[12].

Менскі рок-гурт «Сузор’е» ў 2008 годзе выпусьціў музычны альбом «Песьня пра зубра»[13] . Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі Стары Ольса ў сваім альбоме «Verbum» (2002 г.) запісала песьню на словы Мікалая Гусоўскага «Песьня пра зубра»[14].

Пераклады на беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады на ангельскую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады на летувіскую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады на польскую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады на ўкраінскую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Гусовський, Микола. Пісня про зубра: поема / пер. з латин. Содомора, Андрій Олександрович. Текст парал. укр. та латин. мовами. — Рівне: Рівненське міське об'єднання товариства "Просвіта" ім. Тараса Шевченка, 2007. — 125 с. — ISBN 978-966-416-108-1
  1. ^ Асветнікі зямлі беларускай Х- пачатак ХХ стагоддзя, Энцыклапедычны даведнік. Мн., „Беларуская энцыклапедыя“, 2001, С.127.
  2. ^ а б Мікола Гусоўскі (1523) Песьня пра зубра. Беларуская ПалічкаПраверана 25 лютага 2013 г.
  3. ^ Советский энциклопедический словарь. 4-е издание, Москва, «Советская энциклопедия», 1988, С.353.
  4. ^ а б Водгук на паэму Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра". Сучаснасць і мінуўшчына Праверана 25 лютага 2013 г.
  5. ^ Jan Kasprowicz(pl). Mikołaja Hussowskiego «Pieśń o żubrze» i «Pan Tadeusz»  (пол.) // «Dzieła». — Kraków: Wyd. Wojciech Meisels, 1930. — Т. 20. Pisma prozą 2. — С. 83—108.
  6. ^ Віктар Дарашкевіч. Паэма жыцьця. // Крыніца : часопіс. — 1997. — № 33 (7). — С. 7—28.
  7. ^ Por. np. Józef Kallenbach. O żywiole rodzimym w poezji Mikołaja Hussowskiego słów kilka.  (пол.) // Charisteria Casimiro de Morawski septuagenario oblata ab amicis, collegis, discipulis.. — Cracoviae: Societas Philologae Polonae=Polskie Towarzystwo Filologiczne, «Krakowska Spólka Wydawnicza», 1922. — С. 123—131.
  8. ^ Р. Максімовіч. Рэцэньзія: Mikalojus Husovianas. Giesm6 аріе Stumbra. Is lotynu kalbos verte Benedictas Kazlauskas. Vilnius, «Vaga», 1977, 108 p. // Запісы БІНіМ. — New York: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, 1978. — Т. 16. — С. 137—139.
  9. ^ Гусоўскі, Мікола / біяграфічныя зьвесткі — В. І. Дарашкевіч; бібліяграфія — В. І. Козіч // пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т.. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — Т. 2, Верабей-Іваноў. — С. 298—301. — ISBN 5-85700-060-2.
  10. ^ а б Песня пра зубра. Мастацкая літаратураПраверана 25 лютага 2013 г.
  11. ^ Вобраз Князя Вітаўта ў паэме М. Гусоўскага “Песня пра зубра” Праверана 25 лютага 2013 г.
  12. ^ Гусоўскі, М. Песня пра зубра Насустрач слову. Прэзідэнцкая Бібліятэка РБ. Праверана 25 лютага 2013 г.
  13. ^ Сузор'е - Песня пра зубра Праверана 25 лютага 2013 г.
  14. ^ Verbum Дыскаграфія. Стары ОльсаПраверана 25 лютага 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]