Перайсьці да зьместу

Сузор’е (гурт)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сузор’е
Гады 1977—1991
Месца ўтварэньня Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларуская ССР
Мова беларуская
расейская
Жанр рок
Удзельнікі Андрэй Казлоўскі
Андрэй Філатаў
Валянцін Пучынскі
Ігар Майскі
Уладзімер Пучынскі
Былыя ўдзельнікі Аляксей Казлоўскі
Аляксандар Растопчын
Вольга Аліпава
Вольга Хіжанкова
Павал Харэвіч
Аляксандар Брынцаў
Нэлі Дзянісава
Аляксандар Несьцяровіч

«Сузо́р’е» — менскі гурт, граў у стылістыцы гард-рок. Першы на Беларусі рок-гурт, які атрымаў статус прафэсійнага[1]. Калектыў запісаў першы ў гісторыі беларускай рок-музыкі магнітаальбом(uk) і даў больш за 1500 канцэртаў у розных гарадох СССР[1].

Гурт зьявіўся у верасьні 1977 году як штатны гурт аднайменнага камсамольска-моладзевага кафэ ў Менску ў складзе: Андрэй Казлоўскі (сьпеў, гітара), Валянцін Пучынскі (сьпеў, бас-гітара), Андрэй Філатаў (бубны), Ігар Майскі (клявішныя), Уладзімер Пучынскі (гукарэжысэр). Напачатку сваёй дзейнасьці гурт выконваў вядомыя рокавыя і блюзавыя творы замежных аўтараў, абраўшы ў якасьці асноўнага кірунку прагрэсіў- і гард-рок.

Ад 1981 году гурт стаўся штатным калектывам Беларускае дзяржаўнае філярмоніі, дзе і працаваў да 1991 году, выконваючы ў асноўным расейска- і беларускамоўныя творы Пучынскага, Лучанка і Будніка. У выніку ажыцьцяўленьня пастановы ЦК КПСС у 1983 годзе калектыў быў пазбаўлены назвы і расфармаваны[2], але дастаткова хутка аднавіўся як інструмэнтальны ансамбль пад кіраўніцтвам А. Несьцяровіча. У сярэдзіне 80-х гурт выступаў як акампаніруючы ансамбль Сьвятланы Кульпы і Надзеі Мікуліч, узбагаціўшы сваё гучаньне народнымі інструмэнтамі. Пад назовам «Сузор’е» гурт аднавіўся у 1986 годзе.

Музыкі першымі на беларускае папулярнае сцэне рэалізавалі інструмэнтальныя фрагмэнты з «Полацкага сшытку», напісалі музыку на фрагмэнты паэмы «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага[3] (у 2008 годзе аднайменная рок-опэра была скончаная і выйшла на дысках).

У розныя гады у склад гурту ўваходзілі Аляксей Казлоўскі (бас-гітара, сьпеў, пазьней — Zindan), Аляксандар Растопчын (гітара 1982—1984, пазьней «Тоніка», «Песьняры»), Вольга Аліпава (сьпеў), Вольга Хіжанкова (сьпеў), Павал Харэвіч (сьпеў), Аляксандар Брынцаў (сьпеў), Нэлі Дзянісава (сьпеў, пазьней — Zindan), Аляксандар Несьцяровіч (клявішныя, ад 1983). Гурт запісаў музыку для спэктаклю «Транслегатар» (Беларускае радыё, 1980), музычнага спэктаклю «Клеменс» (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа).

Гурт прыпыніў існаваньне ў 1991 годзе. Напрыканцы 2001 з ініцыятывы прадусара Ўладзімера Пучынскага гурт быў часова адноўлены, і адбылося колькі клюбных канцэртаў у Менску.

Найбольш вядомыя песьні — «Старый мост», «Фортуна», «Весенний день», «Капитан», «Сентябрьская река», «Песня пра зубра», «На шляху дзікіх гусей».

Фэстывалі: Міжнародны фэстываль палітычнае песьні «Рыга 1978» (Рыга, Латвія), Усесаюзны конкурс эстраднае песьні «Ялта 1981» (Ялта, Украіна), Другі ўсесаюзны фэстываль польскае песьні ў Віцебску (1990).

Узнагароды: I прэмія Міжнароднага фэстывалю палітычнае песьні «Рыга 1978» (Рыга, Латвія), «За ўнёсак у разьвіцьцё беларускае рок-музыкі» на «Рок-каранацыі»-2001.

Альбом «Песня пра зубра» трапіў у топ-10 па вэрсіі «Experty.by» па выніках 2008 году[4].

  • «Кофе Сузорье» (магнітаальбом, 1981; CD «Кафе», 2003)
  • «Старый мост» (максі-сынгл, EP, 1983)
  • «Рок-терапия» (альбом, MC 1984, CD 2003)
  • «Сентябрьская река» (альбом, LP, 1988)
  • «Нелли + Сузорье» (альбом, CD, 2002)
  • «Песня пра зубра» (альбом, CD, 2010)[5]
  1. ^ а б Д.П. 2008. С. 286.
  2. ^ Иващенко, Максим (15 красавіка 2011) Владимир Пучинский: „«Сузор’е» было священной коровой“ (рас.) Experty.by Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  3. ^ Мяльгуй, Анатоль «Сузор’е» вярнулася зь «Песьняй пра зубра». БеларусПраверана 4 сакавіка 2020 г.
  4. ^ Лучшие альбомы 2008 / Experty.by
  5. ^ Дискография группы «Сузорье» (рас.) Группы СССР Праверана 4 сакавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]