Перайсьці да зьместу

Жыцьцё і подзьвігі сьвятога Гіяцынта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыцьцё і подзьвігі сьвятога Гіяцынта
De vita et gestis Divi Hyacinthi
Жанр: агіяграфічная паэма
Аўтар: Мікалай Гусоўскі
Мова арыгіналу: лацінская
Публікацыя: 1525
Пераклад на беларускую: Жанна Некрашэвіч-Кароткая
Электронная вэрсія

«Жыцьцё і подзьвігі сьвятога Гіяцынта» (па-лацінску: De vita et gestis Divi Hyacinthi) — агіяграфічная паэма Мікалая Гусоўскага, выдадзеная ў 1525 годзе ў кракаўскай друкарні Гераніма Віетора. Храналягічна першы ўзор дадзенага жанра ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага[1].

Апавядае пра жыцьцё, падзьвіжніцкую дзейнасьць і цудатварэньні манаха-дамініканца XIII стагодзьдзя сьвятога Гіяцынта (Яцка Адрованжа).

Выданьне паэмы было прысьвечана кракаўскаму ваяводу і маршалку, найвышэйшаму кароннаму канцлеру Хрыстафору Шыдлавецкаму, які, як і сьвяты Гіяцынт, паходзіў з роду Адрованжаў, і быў вялікім прыхільнікам гуманістычнай літаратуры, у прыватнасьці творчасьці нідэрляндзкага літаратара Эразма Ратэрдамскага[2].

Першая старонка выданьня Мікалая Гусоўскага з выяваю герба Адрованжаў-Шыдлавецкіх

Паэма напісаная дактылічным гекзамэтрам і кампазыцыйна падзяляецца на дзьве часткі: першыя чатырыста радкоў прысьвечаныя непэсрэдна апісаньню жыцьця сьвятога, другая частка твора носіць палемічны характар і прысьвячаецца абароне крытыкі вучэньня Мартына Лютэра, апалёгіі эстэтычнага аспэкту ў набажэнстве і абгрунтаваньні неабходнасьці культу сьвятых[2]. Паводле словаў В. Дарашкевіча, такая канцэпцыя Мікалая Гусоўскага «грунтуецца на сьцьвярджэньні адзінства найлепшых прынцыпаў раньнехрысьціянскай маралі, ідэалаў народнай этыкі і рэнэсансавых элемэнтаў»[3]. У гэтым творы, як і ў папярэдніх дзьвюх паэмах, аўтар ставіў перад сабой важную задачу — «pauca domestica dici» («каб крыху было расказана пра айчынныя справы»). Таму ён дапаўняе жыційную частку твора шырокай палітрай хрысьціянска-гуманістычных пытаньняў, якія былі актуальнымі ў рэчышчы палемікі з пратэстанцкімі плынямі, якія пачыналі ў 20-я гг. XVI стагодзьдзя паступова распаўсюджвацца ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польскай Кароне[4].

У першай частцы аўтар перадусім падкрэсьлівае маральны аспэкт хрысьціянскага вучэньня сьвятога Гіяцынта, што спраўджваецца ў яго неверагоднай дабрыні, спагаднасьці да людзей і міласэрнасьці. М. Гусоўскі не абмяжоўвае твор вузкаканфэсійнай праблематыкай, разам з тым, не закранае складаных дагматычных праблемаў, што набліжае жыціе сьвятога да паўсядзённага жыцьця сьвецкага чалавека[5]. Уласна жыційная частка паэмы завяршаецца, згодна з агіяграфічным канонам, апісаньнем шматлікіх пасьмяротных цудаў, учыненых сьвятым Гіяцынтам.

Многія паэтычныя пасажы ў паэме набліжаюцца да стылю прапаведніцкай літаратуры; паэт карыстаецца цытатамі з кананічных тэкстаў і дае сымболіка-алегарычныя тлумачэньні па пэўных пытаньнях хрысьціянскай дактрыны. Насуперак нэапаганскай традыцыі свайго часу, Мікалай Гусоўскі амаль зусім не ўжывае ў сваіх творах імёнаў багоў антычнага пантэону[6].

Выданьне паэмы ўпрыгожана дзьвюма гравюрамі, якія сюжэтна зьвязаныя са зьместам твора.

Крытыка лютэранства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзьве гравюры, якія ілюструюць сюжэт паэмы

Найперш многія дасьледнікі заўважалі ў паэме крытыку вучэньня Мартына Лютэра. Паводле словаў кандыдаткі філялягічных навук Жанны Некрашэвіч-Кароткай (па сумяшчальніцтве перакладніцы паэмы), Мікалай Гусоўкі ўплятае крытычныя выпады супраць лютэранскай дактрыны ў кантэкст больш шырокіх разважаньняў пра духоўны космас хрысьціянства ўвогуле, што зьяўляецца часткай эстэтычнай праграмы аўтара. Тыпалёгія антылютэраўскай тэмы па-мастацку карэлюе з антытурэцкай тэмай у знакамітай «Песьні пра зубра»[5].

Паэт адзначае, што ў яго час вера Хрыста трывала ўвайшла ў сэрцы людзей і сталася найважнейшым чыньнікам іх духоўнага жыцьця. Але зьяўляецца новая рэлігія, якая выпускае «блюзьнерскія законы», сутнасьць якіх аўтар пратакольным чынам фіксуе ў творы:

  • пазбавіць сьвятыні ўсіх залатых аздобаў;
  • не ўшаноўваць малітвамі нябесныя сілы;
  • не дазваляць урачыстасьці ў гонар Божай Маці.

Тым самым аўтар знаходзіць самыя слабыя месцы лютэраўскай дактрыны, якія павінны былі стаць перашкодаю для яе засвойваньня славянскімі народамі[7]. Прывёўшы ўсе неабходныя аргумэнты, накіраваныя супраць вучэньня Лютэра, Мікалай Гусоўскі пераходзіць да больш разгорнутай яго крытыкі, прадпракае адмоўныя сацыяльныя наступствы рэфарматарства: рэлігійныя войны, анархію, маральную дэградацыю.

Аўтар лічыць неабходным растлумачыць чытачам, на якім грунце ўзьнікла ідэя рэфармаваньня хрысьціянства і зьвязвае гэта з тым, што шлях пасьлядоўнікаў Хрыста вымагаў надзвычайнай самаахвярнасьці, адмаўленьняў ад дабротаў жыцьця, значнага самаабмежаваньня, аскезы і падзьвіжніцтва. Таму, на думку М. Гусоўскага, магла нарадзіцца ідэя пра ўдасканаленьне або рэфармаваньне хрысьціянскай веры і набліжэньня яе да большасьці простых людзей, аднак вучэньне Лютэра ён ня лічыць правільным выйсьцем, адзначаючы[7]:

Можа, й не ўсё, што было, нам цяпер падабаецца — толькі
Тое, што Лютэр прыдумаў, нам не падабаецца яўна.

— 527—528

Мікалай Гусоўскі акцэнтуе эстэтычны аспэкт хрысьціянскага культу і менавіта ў ім бачыць вонкавую прывабнасьць: касьцельныя аздобы, убраньне сьвятара, іконы, залаты посуд, харавыя сьпевы неабходныя, прынамсі, на пачатковым этапе далучэньня чалавека да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў[6].

Самы палемічна завостраны пасаж паэмы М. Гусоўскага зьвязаны з імкненьнем падтрымаць традыцыю ўшанаваньня хрысьціянскіх пакутнікаў і падзьвіжнікаў. Палемізуючы з прыхільнікамі лютэранства, якія адмянялі культ сьвятых, паэт прыходзіць да высновы, што спробы каардынальным чынам рэфармаваць хрысьціянскую веру могуць даць адпаведна адваротны вынік[8].

Панэгірык Жыгімонту I

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваёй паэме Мікалай Гусоўскі стварае велічны панэгірык каралю-сучасьніку Жыгімонту I, які ўслаўляецца як абаронца і захавальнік традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, у першую чаргу, за імкненьне будаваць і ўпрыгожваць новыя сьвятыні. Таксама кароль заслугоўвае пахвалу і за тое, што асабіста паклапаціўся пра бэатыфікацыю свайго памерлага брата і руплівага прыхільніка каталіцкай веры княжыча Казімера[8].

Уплыў на пазьнейшую агіяграфію

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэма пра «Жыцьцё і подзьвігі сьвятога Гіяцынта» карысталася чытацкім попытам, пра што сьведчыць наяўнасьць ў экзэмпляры выданьня 1525 году, які захоўваецца ў навуковай бібліятэцы ў Курніку і паходзіць з кнігазбору заснавальніка курніцкай бібліятэкі польскага мэцэната Тытуса Дзялынскага, шматлікіх заўвагаў на палях старонак жыційнай частцы паэмы. Мяркуючы па гэтых чытацкіх заўвагах, літаратурная інтэрпрэтацыя жыція сьвятога была запатрабаваная пазьнейшымі агіёграфамі Гіяцынта Адрованжа.

Такое меркаваньне спраўдзілася ў 1606 годзе, калі ў Вэнэцыі была надрукаваная кніга Абрагама Бзоўскага «Propago D. Hyacinthi Thaumatugri Poloni» (Пасьлядоўнікі сьв. Гіяцынта, польскага цудатворцы). На дзясятай старонцы гэтага выданьня, дзе расказваецца пра паходжаньне ГІяцынта, прысутнічае спасылачная глёса: «Nicolaus Hussovianus in lib[ro] de vita et miraculis S. Hyacinthi»[9].

Пераклады на беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 3.
  2. ^ а б Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 4.
  3. ^ Дорошкевич, В. И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы : Первая половина XVI века / В. И. Дорошкевич. — Минск: Наука и техника, 1979. — С. 208.
  4. ^ Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 9.
  5. ^ а б Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 5.
  6. ^ а б Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 7.
  7. ^ а б Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 6.
  8. ^ а б Жанна Некрашэвіч-Кароткая. "Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...": паэма "Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта" Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — 2008. — № 9. — С. 8.
  9. ^ [Bzovius A.] Propago D. Hyacinthi Thaumatugri Poloni, seu De rebus praeclare gestis in Provincia Polonia Ordinis Praedicatorum. Commentarius. F. Abraham Bzovii Sacrae Theologiae Magistri, Ord. Praedic. — Venetiis, 1606. — Apud Societatem Minimam. Superiorum permissu. — [275] s.