Сяргей Валер’евіч Кавалёў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кавалёў.
Сяргей Кавалёў
Сяргей Валер’евіч Кавалёў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 чэрвеня 1963 (60 гадоў)
Магілёў
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці выкладнік
Гады творчасьці З 1988-га
Жанр герменэўтычная драматургія, казка, паэзія
Мова беларуская
Дэбют Падборка вершаў «Шыпшына» (1988)
Значныя творы П’есы «Стомлены д’ябал» (2004), «Францішка, або Навука каханьня» (2005), «Сёстры Псыхеі» (2010)
Узнагароды Узнагарода імя Ежы Гедройца (2001), мэдаль Камісіі нацыянальнай адукацыі Польшчы (2008)
Творы на сайце Knihi.com

Сярге́й Вале́р’евіч Кавалёў (нар. 20 чэрвеня 1963, Магілёў) — беларускі крытык, драматург і літаратуразнаўца. Скончыў Філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ, 1985), дзе пазьней працаваў выкладнікам на катэдры гісторыі беларускай літаратуры. Кандыдат філялягічных навук з 1991 году, доктар філялягічных навук з 2002 году. Прафэсар ўнівэрсытэту імя Марыі Кюры-Складоўскай (Люблін, Польшча).

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як пісьменьнік пачынаў свой творчы шлях зь вершаў (падборка «Шыпшына» ў калектыўным зборніку «Лагодны прамень раніцы», 1988) і казак («Мэва», 1988), быў адным з кіраўнікоў таварыства «Тутэйшыя» (1986—1990), з 1989 году сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. На пачатку 1990-х гг. зацікавіўся тэатрам, распрацаваў жанр герменэўтычнай драматургіі («Стомлены д’ябал», «Трышчан ды Іжота», «Чатыры гісторыі Саламеі», «Францішка, або Навука каханьня», «Тарас на Парнасе»). Шмат піша для дзіцячага гледача («Хохлік», «Піліпка і Ведзьма», «Шлях да Батлеему», «Пацалунак ночы», «Пясчаны замак»). П’есы ставіліся ў Беларусі, Расеі, Украіне, Польшчы, Славаччыне. Апублікаваныя ў зборніках «Хохлік» (2002), «Стомлены д’ябал» (2004), «Навука каханьня» (2005), «Шлях да Бэтлеему» (2009), «Сёстры Псыхеі» (2010).

Як літаратуразнаўца спачатку займаўся літаратурнай крытыкай, выдаў зборнікі артыкулаў «Як пакахаць ружу» (1989) і «Партрэт шкла» (1991), пазьней зацікавіўся дасьледаваньнем старадаўняга беларускага і іншамоўнага пісьменства Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар навуковых манаграфіяў: «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.» (1993), «Станаўленьне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнэсансу» (2002), «Літаратура Беларусі позьняга Рэнэсансу: жанры, творы, асобы» (2005), «Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу» (Мн., 2010), падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры: другая палова XVI ст.» (2005), адзін з суаўтараў акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагодзьдзяў» (т. 1, 2006).

Падрыхтаваў да выданьня зборнік Францішкі Ўршулі Радзівіл «Творы» (2003) і анталёгію «Вар’ят і манашка. Польская драматургія ХХ стагоддзя» (2006). За сваю дзейнасьць быў адзначаны ў 2001 г. ўзнагародай імя Ежы Гедройца Польскага інстытуту ў Менску, а ў 2008 г. мэдалём Камісіі нацыянальнай адукацыі Польшчы.

У 2009 г. у Менску выйшаў зборнік артыкулаў пра драматургічную творчасьць Сяргея Кавалёва «Паміж Беларусьсю і Польшчай: драматургія Сяргея Кавалёва»[1].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяргей Кавалёў. Kamunikat.orgПраверана 8 лістапада 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Лапіцкая А. У смарагдавым палацы [агляд творчасьці пісьменьніка, драматурга, літаратуразнаўца С.В. Кавалёва] // ЛіМ : газэта. — 2013. — № 24. — С. 5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]