Перайсьці да зьместу

Міхал Казімер Коцел

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхал Казімер Коцел

Герб «Пэлікан»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1644
Маладэчна
Памёр 6 кастрычніка 1722
Палонка, пахаваны ў Беніцы
Пахаваны
Род Коцелы
Бацькі Самуэль Геранім Коцел
Ганна з Ванляраў
Жонка Рахеля Ганна з Корсакаў
Рэлігія каталіцтва

Міхал Казімер Коцел гербу «Пэлікан» (1644, Маладэчна — 6 кастрычніка 1722, Палонка, пахаваны ў Беніцы) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Сын Самуэля Гераніма Коцела і Ганны з Ванляраў. Ашмянскі падкаморы (16831685), кашталян віцебскі (16851700), кашталян (17001703) і ваявода (17031710) троцкі, вялікі падскарбі літоўскі1710). Маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага у 1698 і 1702, удзельнік элекцый 1669, 1674 і 1697. Адзін зь лідараў апазыцыйнай Сапегам групоўкі рэспубліканцаў.

Палітычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 1697 склікаў паспалітае рушэньне ўсходніх паветаў Вялікага Княства Літоўскага, ад якога ў сярэдзіне 1698 абраны адным з паслоў да караля польскага й вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ. На зьезьдзе паспалітага рушэньня шляхты ВКЛ у Вільні 14 красавіка 1698, які адбыўся пад яго дырэкцыяй, абраны генэральным палкоўнікам ваяводзтваў і паветаў Вялікага Княства Літоўскага, атрымаў уладу над паспалітым рушэньнем і права займацца выплатай жалаваньня войску Вялікага Княства Літоўскага. Склікаў на 14 жніўня 1698 шляхецкі зьезд у Вільні, які запатрабаваў распусьціць войска, што знаходзілася пад камандаваньнем Сапегаў. Гэта плянавалася з дапамогай паспалітага рушэньня, скліканага на 15 лістапада 1698 і ўзначаленага Коцелам, які павёў яго пад Гародню. Падпісаў Пузавіцкую пастанову 1698. У пачатку 1700 узначалены Казімерам Янам Сапегам Скарбовы Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага выявіў фінансавыя злоўжываньні Коцела, але ня змог прыцягнуць яго да адказнасьці. Коцел склікаў паспалітае рушэньне на рэасумпцыю Галоўнага Трыбунала і 26 красавіка 1700 абраны дырэктарам зьезда рэспубліканскай шляхты. Падпісаў пагадненьне з Сапегамі 21 жніўня 1700. У верасьні—кастрычніку 1700 узначаліў паспалітае рушэньне шляхты Мсьціслаўскага, Віцебскага, Аршанскага і Ашмянскага паветаў, разьбітае 15 кастрычніка 1700 Бэнэдыктам Паўлам Сапегам пад Ашмянамі. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, камандаваў левым крылом рэспубліканцаў. Падпісаў Алькеніцкую пастанову 1700, паводле якой разам з Рыгорам Антонам Агінскім атрымаў у арэнду збор мытных паступленьняў і прызначаны камісарам пры генэральным палкоўніку Міхале Сервацыі Вішнявецкім. Пасьля Алькеніцкай бітвы яго ўплыў у лагеры рэспубліканцаў панізіўся. Удзельнік зьездаў шляхты ВКЛ у Ружанах (1701), Вільні (двойчы ў 1701, 1703), Горадні (1701). У час перагавораў рэспубліканцаў з Сапегамі ў 1701 выступаў супраць замірэньня. Быў адным зь ініцыятараў уступленьня Рэчы Паспалітай у Паўночную вайну 1700—1721, падчас якой падтрымліваў Аўгуста ІІ і арыентаваўся на Расею. Удзельнік зьезда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Новагародку 1707. Падчас швэдзкага наступленьня 1708 выехаў у Расею. Удзельнік Варшаўскай вальнай рады 1710, на якой атрымаў урад вялікага падскарбія літоўскага. У час сваёй дзейнасьці на гэтай пасадзе вызначыўся празьмернымі злоўжываньнямі. Па скарзе аднаго з пацярпелых, троцкага ваяводы Казімера Дамініка Агінскага, Трыбунал Літоўскі ў 1711 прыгаварыў Коцела да пазбаўленьня гонару й пакараньня сьмерцю. Арыштаваны 12 студзеня 1712, але пазьбегнуў пакараньня, пагадзіўшыся з Агінскім. У 1712 удзельнічаў у падаўленьні прашвэдзкага выступленьня Яна Казімера Сапегі. Далучыўся да зьезда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні з 23 сакавіка па 8 красавіка 1716, на пачатку пасяджэньняў якога была ўтворана антысаксонская канфэдэрацыя. Прадпрымаліся спробы пазбаўленьня яго пасады падскарбія за злоўжываньні, у тым ліку на сойме 1719—1720, але яны не мелі посьпеху. Памёр у Палонцы, пахаваны ў Беніцы.

  • Віцько З. Коцел Міхал Казімір // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 281. — 696 с — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.