Мэрытакратыя
Базавыя формы кіраваньня |
---|
Крыніца ўлады |
|
Форма дзяржаўнага ладу |
Формы дзяржаўнага кіраваньня |
Іншае |
рэд · пр · разм |
Мэрытакра́тыя (лац. mereō + грэц. κράτος — «зарабляць» + «моц») — прынцып кіраваньня, згодна зь якім кіруючыя пасады павінны займаць найбольш здольныя людзі, незалежна ад іх сацыяльнага паходжаньня і фінансавай дастачы. Выкарыстоўваецца перважна ў двух значэньнях. Першае адпавядае сыстэме, у якой кіраўнікі прызначаюцца з шэрагу адмыслова падрыхтаваных талентаў (такая сыстэма ў значнай ступені процілеглая як арыстакратыі, так і дэмакратыі). Другое, больш распаўсюджанае, азначэньне дапушчае стварэньне першасных умоў для аб’ектыўна таленавітых і працавітых людзей, каб у будучыні яны мелі шанц заняць высокую грамадскую пасаду ва ўмовах вольнай канкурэнцыі.
Раньнія азначэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш агульнае азначэньне мэрытакратыі канцэптуалізуе годнасьць як вымераную кампэтэнтнасьць і здольнасьць, якая, хутчэй за ўсё, вызначаецца па IQ ці з дапамогай стандартызаваных тэстаў дасягеньняў. Ва ўрадзе ці іншых адміністратыўных сыстэмах мэрытакратыя (у адміністрацыйным сэнсе) ёсьць сыстэма ўраду, ці іншага кіраваньня (напрыклад, бізнэс-кіраваньня), калі пасады і адказнасьць разьмяркоўваюцца сярод людзей у залежнасьці ад «годнасьці», а менавіта інтэлігентнасьці, прафэсійнай прыдатнасьці і адукацыі, якая вызначаецца пасродкам нейкіх ацэньваньняў ці экзамэнаў.
У больш агульным сэнсе мэрытакратыяй можна назваць любую форму кіраваньня, якая грунтуецца на дасягненьнях. Як «утылітарны» ці «прагматычны», слова «мэрытакратычны» таксама зь цягам часу атрымала шырокае тлумачэньне і можа выкарыстоўвацца датычна любага кіраваньня, заснаванага на перавазе адукаваных і здольных людзей. Гэта ў нейкім сэнсе супярэчыць першапачатковаму азначэньню, наданаму гэтаму слову брытанскім палітыкам і сацыёлагам Майклам Янгам у 1958 годзе, па меркаваньню якога мэрытакратыя — гэта сыстэма, дзе «годнасьць вымяраецца інтэлігентнасьцю плюс дасягненьні, яе носьбіты вызначаюцца ў маладым узросьце і адбіраюцца для адпаведнай інтэнсіўнай адукацыі, пры тым мае месца апантанасьць падлікамі, тэстамі і экзамэнамі».
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на тое, што канцэпцыя мэрытакратыі існавала стагодзьдзямі (напрыклад, у рамках канфуцыянскай філязофіі), само слова «мэрытакратыя» зьявілася ў 1950-х. Яно было ўжыта нямецка-амэрыканскім філёзафам Ханнай Арэндт у яе эссэ «Крызіс адукацыі»[1], якое было напісана ў 1954 годзе, а празь некалькі гадоў тэрмін быў пашыраны брытанскім палітыкам і сацыёлагам Майклам Янгам у яго сатырычнай працы «Пад’ём мэрытакратыі»[2], у якім апісваецца футурыстычнае грамадзтва, дзе грамадзкая пазыцыя вызначаецца каэфіцыентам інтэлекту (IQ). У кнізе такая сыстэма вынікае рэвалюцыяй, пад час якой людзі зьвяргаюць фанабэрыстую і адарваную ад народа эліту. Аналягічныя сюжэты выкарыстоўваліся і ў іншых літаратурных творах. Пазьней у азначэньня «мэрытакратыя» зьявіўся больш пазітыўны сэнс, які ўзялі на ўзбраеньне прыхільнікі ўсеагульнай роўнасьці магчымасьцяў. У сваёй кнізе «Постіндыстрыяльнае грамадзтва будучыні» (1973) Дэніял Бэл выказаў меркаваньне, што мэрытакратыя дазволіць зьнішчыць бюракратыю і агулам зьмяніць сацыяльную пабудову грамадзтва. Падобных поглядаў прытрымліваліся і прадстаўнікі нэакансэрватызму ў заходняй сацыялёгіі (Зьбігнеў Бжазінскі).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хаця само слова «мэрытакратыя» зьявілася ня так даўно (1958), канцэпцыя ўраду, заснаванага на стандартызаваных экзамэнах, вядзе свае карані ад прац Канфуцыя і яго пасьлядоўнікаў. Першая вядомая ў сьвеце мэрытакратыя, меркавана, была ўжыта ў II стагодзьдзі да нашай эры кітайскай дынастыяй Хань, дзе ўпершыню былі прызначаны экзамэны па дзяржаўнай службе, на якіх ацэньваліся здольнасьці чыноўнікаў. Мэрытакратыя як канцэпцыя перанеслася з Кітаю ў Брытанскую Індыю ў XVII стагодзьдзі, а потым трапіла ў кантынэнтальную Эўропу і Злучаныя Штаты.
Дзякуючы перакладу тэкстаў Канфуцыя пад час Асьветніцтва, канцэпцыя мэрытакратыі дасягнула інтэлектуалаў Захаду, якія ўбачылі ў ёй альтэрнатыву Старому Рэжыму Эўропы. У Злучаных Штатах забойства прэзыдэнта Гарфілда ў 1881 годзе падштурхнула зьмену Амэрыканскай сыстэмы здабычы на мэрытакратыю. У 1883 годзе быў прыняты акт Пэндэльтана (ён рэфармаваў сыстэму дзяржаўнай службы), які абумоўліваў, што дзяржаўныя пасады павінны прызначацца на падставе здольнасьцяў праз канкурэнцыю на адмысловых экзамэнах, а не праз сувязі паміж палітыкамі ці дзякуючы палітычным перакананьням.
Найбольш распаўсюджаны прыклад мэрытакратыі на сёньняшні дзень — гэта сыстэма адукацыі. Вышэйшая адукацыя ўяўляе сабой няскончаную мэрытакратычную сыстэму ацэньнваньня па розных прычынах, такіх як недахоп агульных для ўсяго сьвету стандартаў, недахоп парамэтраў (ня ўсе віды заняткаў і чалавечай дзейнасьці ахоплены), недахоп доступу (некаторыя таленавітыя людзі ніколі не атрымаюць магчымасьці ўдзельнічаць празь вялікія кошты, асабліва ў краінах трэцяга сьвету). Тым ня менш пры адсутнасьці больш дасканалых мэтадаў, адукацыйная сыстэма мае шмат рыс, агульных з мэрытакратычным скрынінгам. Аднак па асобку адукацыя ня можа выбудаваць эфэктыўнай і поўнавартаснай сыстэмы, так як мэрытакратыя аўтаматычна павінна адмаўляць уплыў аўтарытэтаў, з чым адукацыйная сыстэма адна ня здолее справіцца.
Рэалізацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку шэрагу дасьледчыкаў, Кітай у некаторыя пэрыяды гісторыі быў блізкі да рэалізацыі мэрытакратычнай сыстэмы. Так, нават пад час панаваньня дынастыі Сунь шырока выкарыстоўвалася трохузроўневая сыстэма экзамэнаў (кэцзюй), з дапамогай якой на ролю кіраўнікоў адбіраліся прэтэндэнты, якія лепш за іншых разумелі мастацтва, канфуцыянства і адміністратыўная праблемы.
У ЗША распаўсюджана меркаваньне, што прынцып мэрытакратыі там ўжо зьдзейсьнены, і таму асабістыя дасягненьні амэрыканцаў залежаць толькі ад здольнасьцяў, працавітасьці і жыцьцёвых поглядаў. Аднак крытыкі зьвяртаюць увагу на тое, што, як і раней, вялікую ролю маюць спадчына, сацыяльныя і культурныя перавагі, аб’ектыўныя магчымасьці на рынку працы і індывідуальнага прадпрымальніцтва, удача, доступ да якаснай адукацыі і дыскрымінацыя.
У Радэзіі да 1979 году існаваў маёмасны цэнз і адукацыйны цэнз, дзякуючы якім чорная большасьць гэтай афрыканскай краіны была амаль што цалкам адасоблена ад удзелу ў выбарах (зрэшты, варта адзначыць, што частка белага насельніцтва Радэзіі, якія не праходзілі па гэтых цэнзах, таксама была адасоблена ад удзелу ў выбарах). Ян Сьміт, былы прэм’ер-міністр Радэзіі, у сваіх мэмуарах наўпрост называў сыстэму, якая склалася ў тыя гады, мэрытакратыяй.
Сынгапур пазыцыянуе мэрытакратыю адным з афіцыяльна дамінуючых прынцыпаў дзяржаўнай арганізацыі, пры чым асаблівы націск робіцца на аб’ектыўныя паказчыкі акадэмічнай пасьпяховасьці. Аднак у якасьці крытыкі часта выказваецца меркаваньне, што грамадзтва Сінгупару падзялілася на пласты і элітны кляс ствараецца з вузкага сегмэнту ўсяго насельніцтва краіны. Міжнародныя арганізацыі кшталту The GNOME Foundation, Apache Software Foundation і Mozilla Foundation афіцыйна пазыцыянуюць сябе як мэрытакратычныя.
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольшы клопат датычна да мэрытакратыі выклікае цьмянае азначэньне тэрміну «годнасьць». Розныя людзі звычайна маюць розныя стандарты годнасьці, з чаго і падымаецца пытаньне па якому стандарту ацэньваць дадзены парамэтар.
Другае пытаньне паўстае наконт надзейнасьці людзей, вымяраючых годнасьць. Для прыкладу — адукацыйныя адзнакі звычайна ставяцца людзьмі, якія маюць сваё меркаваньне і могуць прыўносіць хібнасьць. Калі сыстэма карумпіяваная ці непразрыстая, вынікі могуць быць не праўдзівыя.
Мэрытакратыя таксама крытыкуецца эгалітарыямі як міт, які спрыяе зацьверджаньню статусу кво, пры тым што надае сваім прыхільнікам магчымасьць на словах падтрымліваць ідэю сацыяльнай роўнасьці.
Зь іншага боку, паўстае праблема прынцыпу некампэтэнтнасьці, ці «прынцыпу Пітэра». Калі людзі прасоўваюцца ў мерытакратычным грамадзтве па кар’ернай лесьвіцы, яны ў выніку ўпіраюцца ў першы ўзровень таго, што яны зрабіць няздольны. Ці, іншымі словамі, «у герархічнай сыстэме любы працаўнік у выніку прасоўваецца да ступені ўласнай некампэтэнтнасьці».
Шмат пытаньняў наконт правамернасьці і слушнасьці прынцыпу мэрытакратыі ўзьнікае, калі дадзенае пытаньне паспрабаваць разгледзіць з боку псыхалёгіі, сацыялёгіі і нэўрабіялёгіі. Мэрыкратыя дапушчае, што жыцьцё асобнага індывіду і яго пэрспэктывы не залежаць ад зьнешніх фактараў, такіх як сацыяльны статус, спадкаванае багацьце, раса і інш. Наадварот, кожнаму, незалежна ад гэтых фактараў, мусяць быць дадзеныя аднолькавыя магчымасьці і ўмовы дзеля ўласнага разьвіцьця. Людзі мусяць быць узнагароджаныя аб’ектыўна — толькі за іх уласныя дасягненьні і здольнасьці. Аднак некаторыя дасьледаваньні паказалі, што нават матывацыя, прафэсійная этыка і добрасумленнасьць могуць залежыць ад такіх непрадказальных зьнешніх фактараў, як чарга нараджэньня. Дзеці, якія былі народжаныя першымі, маюць схільнасьць накіроўвацца на мэты, абапіраючыся на свой папярэдні ўзровень здольнасьцяў. У той жа час дзеці, народжаныя другімі па чарзе схільныя ставіць сабе мэты ў залежнасьці ад спадзяваньняў і прадказаньняў іншых, і абапіраючыся на агульныя стандарты здольнасьцяў.
Па азначэньні, прынцып мэрытакратыі ня можа быць эфэктыўным у неканкурэнтным грамадзтве ці атачэньні.