Калоднае
Калоднае | |
трансьліт. Kalodnaje | |
Першыя згадкі: | 1507 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Столінскі |
Сельсавет: | Радчыцкі |
Насельніцтва: | 481 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1655 |
Паштовы індэкс: | 225523 |
СААТА: | 1258852016 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°56′32″ пн. ш. 26°29′6″ у. д. / 51.94222° пн. ш. 26.485° у. д.Каардынаты: 51°56′32″ пн. ш. 26°29′6″ у. д. / 51.94222° пн. ш. 26.485° у. д. |
± Калоднае | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Кало́днае[1] — вёска ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці, на шашы Р6, за 9 км на поўнач ад Гарадной, за 5 км на ўсход ад Фядораў, за 6 км на поўдзень ад Аўсямірава, за 28 км на захад ад Століна. Калоднае ўваходзіць у склад Радчыцкага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню згадваецца ў 1507 року, належала Марыі Ровенскай. Пазьней Калоднае перайшло да Скірмунтаў, чый продак — літоўскі баярын Скірмунт яшчэ ў 1460 року атрымаў ад вялікага князя Казіміра Ягелончыка маёнтак у Плотніцах на Палесьсі.
Існуе два паданьні пра паходжаньне назвы Калоднага. Першае зьвязана зь зьнішчэньнем татарамі замка ў Гарадной, жыхары якога ратаваліся ў лесе за калодамі. Другая распавядае аб крыніцах у гэтых мясьцінах. Спакон веку такія мясьціны шанаваліся і аберагаліся, і каб упарадкаваць такую крыніцу палешукі прыдумалі каладзень — пустую калоду, звычайна дубовую, якую ўстаўлялі ў крыніцу замест зруба.
Росквіт маёнтку пачаўся з 1820 року, калі ўладаньне атрымаў Аляксандар Скірмунт. Быў пабудаваны драўляны палац, які ўяўляў сабой прамавугольны будынак на высокім падмурку з традыцыйным порцікам у цэнтры галоўнага фасаду. Пад палацам знаходзіўся вялікі цагляны склеп, дзе захоўваліся запасы харчаваньня. Палац акружала штучнае возера, насупраць сядзібы разьмяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Пасьля сьмерці Аляксандра ў 1847 року, Гартэнзія Скірмунт прадала (скарэй за ўсё ў арэнду) маёнтак шляхцічу Восіпу Зьмітравічу Глябовічу на пачатку 1860-х рокаў.
Паўстаньне 1863 року
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўстаньне сялянаў за адмену прыгоннага права не абмінула і Палесьсе. Пасьпяхова вызначыўся атрад паўстаўшых пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута, які тройчы нанёс значны ўрон карным войскам Расейскай імпэрыі. Супраць паўстанцаў царскі ўрад паслаў карную экспэдыцыю ў складзе чатырох рот стралкоў, дзьвюх соцень казакоў і дзьвюх гармат. Атрад Траўгута, падмацаваны сотняй паўстанцаў зь Берасцейскага павету, прыведзеных Янам Ваньковічам, атрымаў загад рушыць на Валынь. Пераначаваўшы ў Століне, ранкам паўстанцы паромам пераправіліся праз раку Гарынь і спыніліся ў лесе пад Варанямі. Ведаючы, што за імі ідуць карныя ўрадавыя войскі, Рамуальд Траўгут арганізаваў засаду, на якую ўрэшце і трапілі тры роты жаўнераў пад кіраўніцтвам маёра Кемера. У выніку боя загінула 19 карнікаў і 17 былі паранены, а страты паўстанцаў склалі толькі 2 чалавекі.
29 чэрвеня 1863 року паруччык Пятроўскі зь дзьвюмя ротамі жаўнераў нечакана напаў на адпачываючы атрад, у выніку чаго паўстанцы страцілі 4 вазы з харчаваньнем і 8 верхавых коней. На паляне, абкружанай лесам, ля Калоднага зрабілі чарговы прывал. 12 ліпеня адрад зноў быў атакаваны. Пасьля гэтай падзеі баявыя дзеі на чале з Рамуальдам Траўгутам скончыліся, але атрад яшчэ існаваў нейкі час. Траўгут перад пераправай праз Стыр падзяліў атрад на дзясяткі і загадаў прабірацца на Кобрыншчыну.
У ліпені 1863 року Рамуальд Траўгут пры дапамозе Элізы Ажэшка міграваў ў Польшчу, аднак там быў арыштаваны царскімі жандармамі і 5 жніўня 1864 року павешаны. Ян Ваньковіч выехаў ў Галіцыю. Уладальніка маёнтку за падтрымку паўстанцаў выслалі ў Сыбір. Дачыненьне Алены Скірмунт да паўстаньня не даказалі, але на тры гады саслалі ў Тамбоў. Яе муж, Казімер Скірмунт, адмовіўся пацьвердзіць ляяльнасьць цару і за гэта быў сасланы ў Кастраму таксама на тры гады. Так Скірмунты страцілі сваё права на валоданьне маёнткам у Калодным.
Асваеньне вёскі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маёнтак у Калодным быў перададзены расейскімі ўладамі барону Гартынгу Мікалаю Густаву Адаму, але празь некаторы час ён падаў у газэту аб’яву аб продажы маёнтку. Гэтая аб’ява і трапіла на вочы валасному пісару Якаву Іванавічу Сазановічу, што ведаў пра намер сялянаў вёсак Шчорсы, Жукаў, Харошыя, Карэлічы, Падкасоўе і некаторых іншых вёсак Наваградзкага павету набыць зямлю дзеля сельскагаспадарчых патрэб. Знайшоўшы зацікаўленых такой прапановай, сяляне абралі прадстаўнікоў, якія паехалі ў Калоднае каб агледзецца, а галоўнае ўпэўніцца ў добрай якасьці глебы, жменю якой узялі з сабою дадому каб паказаць астатнім. Наваградчукі задаволіліся якасьцю глебы і вырашылі прыдбаць зямлю ў Калодным.
Умовы пакупкі былі наступныя. Сяляне куплялі ўсе землі якія належалі маёнтку Калоднае. Іх дзялілі на ўчасткі па 60 дзесяцінаў, і за кожны надзел уносіўся задатак па 10 рублёў. На астатнія грошы ў суме 37 800 рублёў была аформлена пазыка тэрмінам на 20 рокаў. Падзел зямлі на іншыя ўчасткі патрабаваў новых грошаў, а іх ў сялянаў было мала.
Восеньню 1886 року ў Калоднае прыехалі 170 мужчын і 175 жанчын, якія за зіму вывучылі свае ўладаньні, даведаліся пра назвы асобных мясьцін. Вясной 1889 року з Наваградчыны прыбылі яшчэ 336 чалавек. Вось прозьвішчы тых каладнянцаў, якія прыехалі з Наваградчыны: Амяшкевіч, Аржахоўскі, Базар, Барэйка, Вішнеўскі, Война, Ворсіч, Гурын, Дзяшкевіч, Дубовік, Жарыч, Жук, Карась, Каляда, Карлюк, Краскоўскі, Лецка, Лічко, Ложачнік, Ляўковіч, Моніч, Рубан, Русак, Сазановіч, Самайловіч, Сачко, Стасевіч, Цішук, Шарыкала, Шасьцель, Шышэя, Яваровіч.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2010 год — 481 чалавек
- 1999 год — 630 чалавек
Інфармацыя для турыстаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнікі архітэктуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Сьв. Дзьмітрыя
- Парк пры былой сядзібе Скірмунтаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 267
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Карсека, М. М. Вёска Калоднае: выпрабаванне лёсам / М. М. Карсека. — Брэст: Вячэрні Брэст, 2008. — 60с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калоднае — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў