Вуліца Сэзам
Вуліца Сэзам — міжнародная дзіцячая адукацыйная тэлепраграма.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У далёкім 1966 годзе тагачасны прэзыдэнт «Фонду Карнэґі» Лойд Морысэт (па-ангельску: Lloyd Morrisett) наняў журналістку й тэлепрадусарку Джоан Ґанц Куні (Joan Ganz Cooney) дзеля дапамогі ў стварэньні адукацыйнай праграмы, якая магла быць дасягальнай дзеля шырачэйшае аўдыторыі, у асаблівасьці дзеля дзяцей зь бедных сем’яў. Куні прапанавала стварыць фонд і дзіцячую перадачу, якая б у гульнёвай форме вучыла б малых абэцэдзе, лічбам і асновам жыцьцёвых паводзінаў. І вось ўжо на працягу сарака гадоў маленькія гледачы большае часткі Зямлі, якія размаўляюць на дзясятках моваў, жывуць і вучацца разам з жыхарамі Вуліцы Сэзам.
Тэлекампанія Сэзам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Атрымаўшы васьміміліённы грант ад Фонда Карнэґі і дадаўшы да іх грошы, якія выдзялілі на праект прамыслоўца й філянтроп Ральф Роджэрз (Ralph Rogers), іншыя фундатары і нават амэрыканскія ўлады, Куні стварае «Дзіцячую тэлекампанію» (Children’s Television Workshop) — CTV, якая пазьней будзе перайменована на «Тэлекампанію Сэзам» (Sesame Workshop).
Улетку 1968 году распачынаецца сур’ёзная праца, Куні наймае каманду прадусараў, а таксама стварае шэраг невялічкіх вучэбных сэмінараў дзеля стваральнікаў дзіцячых тэлепраграм. На адным з сэмінараў Куні знаёміцца зь лялечнікам Джымам Гэнсанам і запрашае яго далучыцца да праекта, а Гэнсан рэкрутуе створаную ім каманду лялечнікаў.
Запрасіўшы таксама ў сваю каманду шэраг актораў, сцэнарыстаў і аніматараў, Куні стварае арыгінальны фармат праграмы: у аснове кожнага эпізода ляжыць адзін дзень з жыцьця вуліцы, дзе разам жывуць людзі (дзеці і дарослыя) і лялькі-мапэты, перапыняюцца рэпартажамі з жыцьця лялек, дакумэнтальнымі сюжэтамі аб сучасных дзецях і кароткімі анімацыйнымі фільмамі пад час якіх гледачы вучацца абэцэдзе й лічбам.
Першапачаткова праграма была разьлічана выключна на амэрыканскую публіку, але зь цягам часу да праекту праявілі цікавасьць і іншыя краіны, дзеля якіх камандай Гэнсана былі створаны арыгінальныя лялькі.
Жыхары вуліцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На працягу сарака гадоў існаваньня на вуліцы Сэзам зьмянілася безьліч жыхароў, як людзей так і мапэтаў, але вось шэраг герояў, якія трапляюцца часьцей за ўсё:
- Элма (Elmo; сёньняшні выканаўца Кэвін Клэш) — упершыню на вуліцы Сэзам аб’явіўся ў сэрэдзіне 1970-х гадоў. Элма — трох з паловай гадовы пухмяны мапэт чырвонага колеру з памаранчавым носам, пра сябе кажа выключна як аб трэцяй асобе. Яго ўлюбёнай цацкай ёсьць памаранчавая лялька Дэвід. Жыве разам з бацькамі і ў некаторых эпізодах зь сястрой Дэйзі. Таксама мае свой уласны паўнамэтражны фільм «Сусьвет Элмы».
- Вялікая птушка (Big Bird; сёньняшні выканаўца Мэт Фоґель) — на вуліцы Сэзам з самога пачатку яе існаваньня, адзіная сярод асноўных пэрсанажаў раставая лялька. Некаторы час была асноўным мапэтам на вуліцы. Уяўляе сабой вялізарную жоўтую канарку. Цалкам таленавітая, але нязграбная істота, якая, напрыклад, спрабавала вымавіць абэцэду, як адно вялікае слова. Акрамя непасрэднага удзелу ў перадачы, першай атрымала ўласны паўнамэтражны фільм, аб’яўляецца як гасьцявая зорка ў шматлікіх тэлевізійных шоў і паўнамэтражным фільме «Мапэт-стужка», таксама аб’яўляецца ў шматлікіх анімацыйных фільмах прысьвечаных «Вуліцы Сэзам».
- Печыўны пачвара (Cookie Monster; сёньняшні выканаўца Дэвід Рудман) — на вуліцы Сэзам жыве ад самога пачатку. Быў створаны Гэнсанам яшчэ ў 1966 годзе, як адзін з герояў скетча «Кола, Карона ды Флейта» (Wheels, Crowns and Flutes), але для ўдзелу ў «Вуліцы Сэзам» значна перапрацаваны. Ненажэрная істота з блакітнай поўсьцю, заўзяты аматар печыва, але з аднолькавым задавальненьнем спажывае яблыкі, пірагі ды іншыя рэчы, як прыстасаваныя так і не прыстасаваныя дзеля ежы. Мае глыбокі голас і характэрны гук пад час пажэры: «АХУМ-НУМ-НУМ-НУМ»
- Ґровэр (Grover; сёньняшні выканаўца Эрык Джэкабсан) — на вуліцы Сэзам жыве з 1970 году. Прататып Ґровэра аб’явіўся на сьвет яшчэ ў 1966 годзе, як сярэдняя галава трохгаловае пачвары ў Гэнсанаўскім скетчы «Рок-н-Рольныя пачвары» (The Rock and Roll Monster) дзеля «Шоў Эда Салівана» (The Ed Sullivan Show), а пасьля перапрацаваны дзеля ўдзелу ў «Вуліцы Сэзам». Ґровэр — блакітная істота з ружовым носам і чырвонымі вуснамі, сам сябе ён кліча «любай, пухмянай маленькай пачварай». Бярэцца за любую справу.
- Буркач Оскар (Oscar the Grouch; ад пачатку і да сёньня выконваецца Каралем Сьпіні) — жыве ў сьметніку паміж гняздом Вялікай птушкі і вуліцай Сэзам. Першапачаткова быў памаранчавага колеру, але зь цягам часу яго вырашылі зрабіць зялёным (а часьцей брудна-зялёнага колеру). Больш за ўсё ў сьвеце любіць сьмецьце і буркатаць.
- Эрні (Ernie; сёньняшні выканаўца Стыў Вітмайр) — на вуліцы Сэзам жыве з самога пачатку яе існаваньня. Гэрой усемагчымых скетчаў сам насам і са сваем лепшым сябрам Бэртам. Любіць прымаць ванну са сваім улюбёным гумовым качанём, спрабуе навучыцца граць на саксафоне. Разнастайным чынам «дапамагае» свайму сябру Бэрту заснуць, дзеля гэтага можа граць на бубнах, ці лічыць для Бэрта авечак.
- Бэрт (Bert; сёньняшні выканаўца Эрык Джэкабсан) — на вуліцы Сэзам жыве з самога пачатку яе існаваньня. Сябра і сусед па пакоі Эрні. Лепшым сябрам Бэрта, акрамя яго суседа Эрні, ёсьць галубіха Беатрыс. Вельмі рэдка аб’яўляецца на экране бязь сябра Эрні зь якім уяўляе сваеасаблівы камічны дуэт. Больш таго яны адны зь нешматлікіх мапэтаў, якія ўдзельнічалі яшчэ ў пілётным выпуску «Вуліцы Сэзам».
- Граф Пытальнік (Count von Count; ад першага зьяўленьня ў 1972 годзе і да сёньняшняга часу выконваецца Джэры Нэльсанам) — вампір, сваем выглядам парадуе актора Бэлу Лугошы ў ролі Графа Дракулы. Гэрой скетчаў пад час якіх лічыць усё што заўгодна, нават сьцьвярджае, што можа палічыць сябе самога. Калі Граф скончвае падлік, ён аб’яўляе агульную колькасьць падлічанага і жахліва сьмяецца пад акампанімэнт грымотаў і маланак.
- Гэры Пачвара (Herry Monster; ад першага зьяўленьня ў 1970 годзе і да сёньняшняга часу выконваецца Джэры Нэльсанам) — уяўляе сабой блакітую лахманную істоту зь фіялетавым носам. Адзін з удзельнікаў Трупы Пачвар з Вуліцы Сэзам, амаль не карыстаецца сваімі пачварнымі магчымасьцямі. Жыве на вуліцы Сэзам разам з бацькамі, бабуляй і сястрой Гэрыетай. Акрамя «Вуліцы Сэзам» бярэ ўдзел у разнастайных іншых Мапэт-праектах.
- Кэрміт (Kermit the Frog; самая старая зь лялек Гэнсана, якой ён кіраваў уласнаручна ажно да самае сваёй сьмерці ў 1990 годзе, сёньняшнім выканаўцам зьяўляецца Стыў Вітмайр) — на вуліцы Сэзам, амаль з самога пачатку яе існаваньня. У 1971 годзе, атрымаў уласнае міні-шоў «Экстраныя навіны з вуліцы Сэзам» (Sesame Street News Flash), дзе выступае ў якасьці рэпартэра. Самы запатрабаваны з мапэтаў, удзельнічае амаль ва ўсіх праектах Кампаніі Джыма Гэнсана, пачынаючы з 1955 году да сёньняшняга часу. Сваеасаблівы талісман Гэнсана і можна сказаць галоўны мапэт.
Вэрсіі на іншых мовах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Француская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]La rue Sésame ўпершыню ўзьнікла ў 1978 годзе на канале ТФ1 і мела афіцыйную назву «1, Rue Sésame» («Вуліца Сэзам, 1») і неафіцыйную «Таката́ й Мардзіку́с» (Toccata et Mordicus) па імёнах яе галоўных мапэтаў. Акрамя гэтага ў перадачы дзейнічалі жывыя пэрсанажы і гэроі арыгінальнае вэрсіі, але жыцьцё праграмы было ня надта доўгім і ў 1982 годзе яе зачынілі.
Аднаўленьне «Вуліцы Сэзам» на францускае прасторы адбылося ў 2005 годзе на канале «Франс 5» (France 5) і па аналёгіі з папярэдняй вэрсіяй перадача атрымала назву «5, Rue Sésame» («Вуліца Сэзам, 5») ці «Вітай Сэзам» («Bonjour Sésame»).
На францускай вуліцы Сэзам жывуць: Нак (Nac) — вялізнага памеру жоўты мапэт у зялёнай тэнісцы, Вішанка (Griotte) — дзяўчынка інвалід рухаючаяся на інвалідным вазку, Ёё (Yoyo) — нязграбная чырвоная істота зь зялёным носам, Аліў (Olive) — спрытная заўжды вясёлая суседзкая дзяўчынка аліўкавага колеру, Элма — гэрой амэрыканскае вэрсіі і Жорж (Georges) — пінгвін, які трапіў на вуліцу Сэзам у ільдзяным кубе.
Расейская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На расейскую тэрыторыю «Улица Сезам» прыйшла ў 1996 годзе, дзякуючы намаганьням некалькіх камэрцыйных кампаніяў і Амэрыканскае агенцыі сусьветнага разьвіцьця, якія прафінансавалі вытворчасьць спэцыяльна створаных дзеля праекту мапэтаў — раставое лялькі Зелібобы і дзьвюх лялек-пальчатак Кубіка й Бусенкі, а таксама будаўніцтва дэкарацыяў, здымкі і г. д.
Таксама па традыцыі нацыянальныя эпізоды ішлі разам з урыўкамі з арыгінальнае перадачы, героі якіх былі перайменованы на мясцовы лад.
Адным з рэжысэраў праграмы стаў дзіцячы кінарэжысэр Уладзімер Граматыкаў, а кампанію мапэтам саставілі вядомыя расейскія акторы і запрошаныя зоркі кіно й музыкі.
Праграма ішла зь перапынкамі на трох разнастайных каналах і перажыла чатыры сэзоны. Апошнім прыстанкам расейскае «Вуліцы Сэзам» ёсьць камэрцыйны тэлеканал СТС.
Польская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ulica Sezamkowa — з Польшчы напэўна адна з самых кароткіх у гісторыі нацыянальных вэрсіяў.
Першыя выпускі яшчэ арыгінальнае вэрсіі круціліся на Другім канале польскае тэлевізіі (TVP 2) зь першае паловы 1990-х гадоў з закадравым перакладам, а ў 1997 годзе пачалі ісьці першыя нацыянальныя выпускі з эпізодамі арыгінальнае вэрсіі на гэты раз дубляванымі, але перадача вытрымала толькі адзін сэзон і праз 15 месяцаў перапынілася.
Героямі польскае вэрсіі былі цмок Базылі (Bazyli), авечка Бэата (Beata) і бірузовы Пэндзі Пачвара (Рędzi Рotwór).
Бразыльская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Vila Sésamo — першае зацікаўленьне бразыльцаў да «Вуліцы Сэзам» адбылося яшчэ ў 1972 годзе, калі перадачай зацікавіліся вяшчальная сетка «Культура» і кампанія Rede Globo. Першапачаткова ў Бразыліі, колькі часу вяшчалася ў перакладзе на партугальскую арыгінальныя амэрыканскія выпускі, але ўжо ў 1973 годзе праграма была цалкам «нацяналізаваная», а яе здымкамі занялася адна з найбуйнейшых тэлекампаніяў «Ґлоба-ТВ».
У 1975 годзе перадача чарговы раз зьмяніла фармат, да эпізодаў цалкам зробленых у Бразыліі, былі дададзеныя некаторыя скетчы з арыгінальнай амэрыканскай вэрсіі, фармат якога цяпер прытрымліваюцца большасьць з нацыянальных вытворцаў. Але доўжылася гэта толькі да 1977 году, пасьля чаго перадача была закрытая.
Новае жыцьцё перадачы пачалося ў 2007 годзе, калі спачатку гледачам былі паказаны старыя (адфарбаваныя) чорна-белыя перадачы, а пасьля пачатыя здымкі новых выпускаў.
Галоўнымі мапэтамі бразыльскае вэрсіі зьяўляюцца птушка Ґарыбальда (Garibaldo) — дакладная копія амэрыканскай Вялікай птушкі і дзяўчынка Бэль (Bel).
Індыйская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]गली गली सिम सिम (Ґалі Ґалі Сім Сім) — адна з найноўшых вэрсіяў. Яна узьнікла ў жніўні 2006 году. Здымкі ажыцявіла індыйская філія карпарацыі «Картун Нэтварк» (कार्टून नेटवर्क भारत).
Акрамя эпізодаў з героямі арыгінальнае вэрсіі спэцыяльна дзеля індыйскае публікі былі створаны чатыры ўласныя мапэты, самым экзатычным зь якіх ёсьць вялізны разнакаляровы леў-вэгетарыянец Бумба. Цэнтральнай постацьцю зьяўляецца лялька-дзяўчынка Чамкі, якая заўжды ходзіць у школьнай форме. Чамкі мае лепшага сябра Ґуґлі — блакітную пухмяную істоту. Чацьвертым індыйскім мапэтам ёсьць дзівосная істота Аанчуу (Апчхі), якая праз сваё дзівоснае чханьне можа імгненна зьнікаць і нечакана аб’яўляцца наноў.
Асноўнымі мовамі на «Ґалі Ґалі Сім Сім» ёсьць дзяржаўныя хіндзі й ангельская.
Галяндзкая
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Sesamstraat — ідзе на тэрыторыі Нідэрляндаў і галяндзкамоўнае частцы Бэльгіі, адна з самых старэйшых зь ніколі не супыняўшых свой этэр вэрсіяў.
Першыя пілётныя выпускі галяндзкае вэрсіі быў выпушчаны кампаніяй НПС (NPS — Nederlandse Programma Stichting — Нідэрляндзкае праграмная фундацыя) у 1976 годзе, ішлі адзін раз на тыдзень у выходныя і былі працягласьцю 13 хвілінаў. Але калі працаўнікі НПС зразумелі аб наяўнасьці попыту перадача павялічыла свой час да 30 хвілінаў, дванаццаць зь якіх былі нацыянальнымі, а з 1978 году нацыянальная доля займала ўжо палову выпуску, а сама праграма пачала ісьці штодня.
У Sesamstraat удзельнічаюць шэсьць мапэтаў: Вялізная блакітная птушка Піна (Pino), сабакападобная істота Томі (Tommie), сьвінка Пурк (Purk) і мышаня Енемене (Ieniemienie) вэтэраны шоў. А напрыканцы 2000-х гадоў да іх далучыліся трусік Анґстгаас (Angsthaas) і кураня Стунткіп (Stuntkip).
Ізраільская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]רחוב סומסום (Рэчоў сумсум) — існуе зь перапынкамі 16 гадоў і перажыла чатыры буйныя пэрыяды.
Дагэтуль найпапулярнейшымі з усіх ёсьць 200 сэрыяў першага пэрыяду (1983—1986), складзеных з арыгінальных амэрыканскіх скетчаў дубляваных на іўрыт перапыняючыхся сюжэтамі зь мясцовага жыцьця й гры актораў, а таксама скетчамі з удзелам двух мясцовых мапэтаў велізарнага вожыка Кіпі Бен Кіпода (קיפי בן-קיפוד) й буркача, ізраільскага «сваяка» амэрыканскага Оскара Буркача Моішэ Уфніка (מוישה אופניק).
Другі пэрыяд (1989—1990) быў супольнай ізраільска-амэрыканскай вытворчасьці. У ім удзельнічалі вядомыя амэрыканскія і ізраільскія акторы, а сама перадача першапачаткова здымалася на ангельскае мове дзеля амэрыканскіх глядачоў, а потым перакладзена іўрытам, а пасьля буйное хвалі эміграцыі расейскамоўных габрэяў у Ізраіль і на расейскую, а мужчынскую кампанію Кіпі й Мошэ разбавіла жанчына Дафі.
Трэці пэрыяд (1998—2000) прайшоў дзеля шоў пад знакам спробы паляпшэньня адносінаў ізраільцян-габрэяў з ізраільцянамі-арабамі, а таксама палестынцамі. Таму да трох ужо меўшыхся мапэтаў былі дададзеныя дзьве лялькі-мусульманіна дзяўчынка Ганін і певень Карым, была створана дадатковая арабская вуліца Шара’а Сімсім (شارع سمسم). Па патрабаваньні прадусараў таксама быў зьменены на больш мужчынскі вобраз Кіпі. Але ўсё гэта вызвала шмат прэтэнзіяў з боку старых прыхільнікаў першых выпускаў.
Чацьверты пэрыяд (2006—2007) быў азначаны новымі зьменамі: было вырашына адмовіцца ад Кіпі; Ганін і Керым сышлі ва ўласнае шоў, а на іх месца прыйшлі хлопчык Брош і яго сябра вольна валодаючы, як іўрытам так і арабскае моваю Магбуб. Да іх далучыліся хлопчык Ноа і дзяўчынка Абіґайль. А цэнтральнаю фігураю стаў вэтэран шоў Мошэ Уфнік.
У сьнежні 2009 году адбудзецца прэм’ера чарговага пятага сэзону. Месца Ноа зоймуць Сіван інваліда на вазку і Круві — ізраільская копія амэрыканскага мапэта Ґровэра.
Палестынская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]شارع سمسم (Шара’а Сімсім) і яе гэроі Кэрым і Ганін першапачаткова былі часткаю ізраільскае вэрсіі, але ў 2007 годзе адкалоліся ад яе ва ўласнае выключна палестынскае шоў.
«Шара’а Сімсім» ствараецца пры падтрымцы фонда ЮНІСЭФ і ідзе адначасова як на іўрыце, так і на арабскай мове.
Паўднёва-Афрыканская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Takalani Sesame (Такаляні Сэзам) — узьнікшая ў 2000 годзе, паўднёва-афрыканская вэрсія па сваёй сутнасьці даволі ўнікальна. Гэта адзінае шоў якое ідзе на самае вялікай колькасьці моваў — пяці з адзінаццаці нацыянальных моваў Паўднёвае Афрыкі ў розныя дні тыдня. Таксама «Такаляні Сэзам» першая з шэрагу вэрсіяў у якой зьявілася ВІЧ-інфікаваная лялька.
Першы сэзон шоў быў цалкам англамоўным з асобнымі сюжэтамі на іншых нацыянальных мовах і ў ім бралі ўдзел чатыры героі — вялізная раставая лялька Мошэ (Moshe) і яго сябры Зіквэ (Zikwe), Зузу (Zuzu), а разам зь імі мясцовая копія амэрыканскага Элмы — Нэна (Neno). У другім сэзоне было вырашана рабіць асобныя выпускі на сваёй мове і дэманстраваць іх у належны дзень тыдня. А ў 2002 годзе не без намаганьняў з боку мясцовых гомасэксуалаў да чатырох асноўных мапэтаў далучылася лялька Камі (Kami) хворая на ВІЧ.
На выснове паўднёва-афрыканскае вэрсіі ў 2009 годзе была запушчана танзанійская «Вуліца Сэзам».
Паўнамэтражныя фільмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторы час свайго існаваньня, героі «Вуліцы Сэзам» не входзілі па-за межы свайго праекту, абмяжоўваючыся спэцыяльнымі выпускамі прысьвечанымі камусь з мапэтам, ці якому-небудзь сьвяту.
Становішча зьмянілася напыканцы 1970-х гадоў, калі Гэнсан ужо пачаўшы актыўна здымаць сваіх дарослых мапэтаў у поўнамэтражных фільмах запрашае адну з асноўных і найстарэйшых постацяў з «Вуліцы Сэзам» — Вялікую птушку ў якасьці гасьцявога пэрсанажа ў свой «Мапэт-фільм», у 1981 годзе шэраг пэрсанажаў гасьцюе ў Гэнсана ў адным з эпізодаў яго «Мапэт-шоў» і ў тым жа 1981 годзе Оскар Буркач бярэ ўдзел у «Вялікім Мапэт-бязглузьдзі». Нарэшце Джоан Ґанц Куні прымае рашэньне аб неабходнасьці стварэньня ўласнага паўнамэтражнага фільму.
У 1985 годзе на экраны выходзіць створаны супольна з «Ворнэр Бразэрз» фільм «Вуліца Сэмам прэзэнтуе: Сьпяшайся за той птушкай» (Sesame Street presents Follow That Bird) галоўнай постацьцю ягога была абрана Вялікая птушка. У фільме ідзе гаворка аб тым, як дзякуючы намаганьням «Таварыства ахоўнікаў жывёлаў» Вялікая птушка была вымушана пакінуць свае гняздо на вуліцы Сэзам, каб перабрацца ў штат Ілінойс да сям’і додо, каб аб’яднацца са сваякамі, але хутка засмуткавала па родным гнязьдзе і сябрах з вуліцы Сэзам і вырашае адправіцца дамоў у Нью-Ёрк пешкі, але па дарозе была выкрадзена бандаю злачынцаў. На дапамогу ёй адпраўляецца кампанія яе сяброў з вуліцы Сэзам.
Праз чатырнаццаць гадоў стваральнікі «Вуліцы Сэзам» з «Тэлекампаніі Сэзам» і «Джым Гэнсан Пікчэрз» вырашаюць зьняць чарговы паўнамэтражны фільм. У супольнікі абіраецца «Каламбія Пікчэрз», а галоўнай постацьцю абіраецца малы Элма. У 1999 годзе на экраны выходзяць «Прыгоды Элмы ў Брудляндыі» (The Adventures of Elmo in Grouchland).
У аснове сюжэта ляжыць вольная інтэрпрытацыя кэралаўскае Алісы. Маленькі Элма вырашыўшы палятаць па-над вуліцай Сэзам у якасьці парашута выкарыстоўвае свае ўлюбённую коўдру зь якой ніколі не развітваецца і якой не дае карыстацца анікому, але падчас прызямленьня коўдра выпадкова трапляе ў сьметнік Оскара. Спрабуючы вярнуць сваю маёмасьць Элма лезе ў сьметнік і трапляе ў чароўную краіну Брудляндыю. Стаміўшыся чакаць пакуль Элма выйдзе вонкі яго сябры таксама лезуць ў сьметнік.
Акрамя таго існуе шэраг анімацыйных і лялькавых фільмаў гэроямі якіх ёсьць пэрсанажы з вуліцы Сэзам, а таксама колькі фільмаў зьнятых нацыянальнымі філіямі шоў.
Іншыя праекты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акрамя ўласна шоў, паўнамэтражных лялечных і анімацыйных фільмаў пад маркаю «Вуліца Сэзам» выходзіць шэраг камэрцыйнае прадукцыі — усемагчымыя цацкі, кампутарныя гульні, адукацыйныя фільмы і праграмы з дапамогаю якіх фінансуюцца здымкі самога шоў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт тэлекампаніі Сэзам
- Афіцыйны сайт Вуліца Сэзам
- Нідэрляндзкая Вуліца Сэзам
- 5 Вуліца Сэзам з Францыі
- Вуліца Сэзам на жыва
- Вуліца Сэзам у базе Internet Movie Database
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|