Волга
Волга | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | Валдайскае ўзвышша |
Вусьце | Касьпійскае мора і Кама |
Краіны басэйну | Расея, Казахстан |
Вобласьці | Цьвярская вобласьць, Маскоўская вобласьць, Яраслаўская вобласьць, Кастрамская вобласьць, Іванаўская вобласьць, Ніжагародзкая вобласьць, Марый Эл, Чувашыя, Татарстан, Ульянаўская вобласьць, Самарская вобласьць, Саратаўская вобласьць, Валгаградзкая вобласьць, Астраханская вобласьць і Калмыкія |
Даўжыня | 3692 км |
Плошча басэйну | 1 360 000 км²[1] |
Месцазнаходжаньне | |
Во́лга — рака ў эўрапейскай частцы Расеі, адна з найбуйнейшых рэк на Зямлі і самая вялікая ў Эўропе. Невялікая частка дэльты Волгі, па-за асноўным рэчышчам ракі, знаходзіцца на тэрыторыі Казахстану.
Паходжаньне назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У антычных аўтараў першых стагодзьдзяў н. э. (Кляўдыюс Пталемэй і Аміян Марцэлін) Волга звалася Ра (ср. па-эрзянску: Рав). У сярэдневеччы вядомая пад назовам Ітыль (па-татарску: Ідэл, Idel). Па адной з вэрсіяў сучасны назоў Волга набыла па фіна-вугорскаму слову valkea, якое мела значэньне сьветлы, белы; па іншай — пайшла ад назову Булга, зьвязанаму з пражывалымі на яе берагах волскімі булгарамі.
Даўжыня 3530 км (да пабудовы вадасховішчаў 3690 км). Плошча басейна — 1360 тыс. км².
Геаграфічныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Волга бярэ пачатак на Валдайскім узвышшы (на вышыні 229 м), упадае ў Касьпійскае мора. Вусьце ляжыць на 28 м ніжэй за узровень мора. Агульнае падзеньне — 256 м. Волга — найбуйнейшая ў сьвеце рака ўнутранага сьцёку, то бок не ўпадае ў сусьветны акіян.
Рачная сыстэма басэйну Волгі ўключае 151 тыс. вадацёкаў агульнай працягласьцю 574 тыс. км. Волга прыймае блізка 200 прытокаў. Левыя прытокі болей шматлікія і шматводныя за правыя. Пасьля Камышына значных прытокаў няма.
Басэйн Волгі займае блізка 1/3 Эўрапейскай тэрыторыі Расеі ды распрасьціраецца ад Валдайскага ды Сярэднерускага ўзвышшаў на захадзе да Ўралу на ўсходзе. Волгу прынята падзяляць на 3 часткі: верхняя Волга — ад вытоку да вусьця Акі, сярэдняя Волга — ад упадзеньня Акі да вусьця Камы ды ніжняя Волга — ад упадзеньня Камы да вусьця.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуюць меркаваньні, што першая згадка пра Волгу сустракаецца ў працах старажытнагрэцкага гісторыка Герадоту ў V стагодзьдзі да н. э. У апавяданьні пра паход пэрсыдзкага шага Дарыя I на скіфаў. Герадот паведамляе, што Дарый, перасьледуючы скіфаў за раку Танаіс, які ён сучасным Донам, спыніўся на рацэ Оар[2], якая верагодна і ёсьць Волгай, на зважаючы на тое, што той жа Герадот сьведчыў, што Оар ўпадае ў Мэатыду, то бок у Азоўскае мора.
Першымі людзьмі на Верхняй Волзе былі марыйцы і іхная заходняя этнічная група вядомая як мера, якія прыйшлі ў гэтую вобласьць каля I—III стагодзьдзя. З VIII і IX стагодзьдзяў з тэрыторыі Кіеўскай Русі пачалася славянская экспансія і калянізацыя гэтых земляў. Славяне прынесьлі хрысьціянства, якое прынялі некаторыя мясцовыя жыхары, асымілявалі і паступова пачалі лічыць сябе ўсходнімі славянамі. Астатнія марыйцы мігравалі на захад у глыб краіны. На працягу некалькіх стагодзьдзяў яны асымілявалі карэннае фінскае насельніцтва. Ацалелыя народы этнічных прыволскіх фінаў ўключаюць марыйцаў і мардву на тэрыторыях Сярэдняе Волгі. Акрамя таго, разам з гунамі, у VII стагодзьдзі сюды прыйшлі цюркскія плямёны і асымілявалі некаторыя групы фінскага і індаэўрапейскага насельніцтва на Сярэдняй і Ніжняй Волзе. На сёньня хрысьціяне-чувашы і мусульманы-татары ёсьць нашчадкамі насельніцтва сярэднявечнай Паволскай Булгарыі. Іншая цюркская група, нагаі, раней насяляла стэпы Ніжняга Паволжа.
Геаграфічнае становішча Волгі і ейных прытокаў прывяло да ўзьнікненьня волскага гандлёвага шляху. Праз Валгадонск працягвалі чоўны, ажыцьцяўляючы такім чынам сувязь з Донам, а таксама Азоўскім і Чорным морамі. З Арабскага халіфату вывозіліся тканіны, мэталы, зь земляў, якія былі заселеныя славянамі, эспартавалася зброя, футра, воск і мёд. У IX—X стагодзьдзях у гандлі значную ролю гулялі такія цэнтры, як хазарскі Ітыль у вусьце ракі, а таксама булгарскі Булгар на Сярэдняй Волзе, а таксама славянскія гарады Растоў, Суздаль, Мурам, якія месьціліся ў Верхнім Паволжы. Вялікую магутнасьць атрымала Хазарыя, якая кантралявала ніжнія вучасткі ракі. Такія гарады Паволжжа, як Ітыль, Саксін і Сарай былі аднымі з найбуйнейшых у сярэднявечным сьвеце. Рака служыла важным гандлёвым шляхам, які злучаў Скандынавію, фіна-вугорскія раёны з рознымі славянскімі і цюркскімі плямёнамі, Волскую Булгарыю, Хазарыю, Пэрсію і арабскі сьвет.
Пасьля паходу князя Сьвятаслава ў 965 годзе на Волгу і разгрому шэрагу хазарскіх гарадоў, значэньне волскага гандлёвага шляху прыпала, а шматлікія старажытныя гандлёвыя гарады прыйшлі ў заняпад. Пачынаючы з XI стагодзьдзя большая частка міжнароднага гандлю ўсходне-славянскіх земляў праходзіла па Дняпроўскім гандлёвым шляху, чаму спрыяла палітыка, арыентаваная на гандлёвыя і рэлігійныя сувязі зь Бізантыяй. У гэты пэрыяд волскі гандаль моцна паслабеў, а ў XIII стагодзьдзі мангола-татарскае нашэсьце канчаткова парушыла гаспадарчыя сувязі, акрамя басэйну Верхняе Волгі, дзе актыўную ролю адыгрывалі Ноўгарад, Цьвер і гарады Ўладзімера-Суздальскага княства. З XV стагодзьдзя значэньне гандлёвага шляху аднавілася, што прывяло да росту ролі такіх цэнтраў, як то Казань, Ніжні Ноўгарад і Астрахань. Скарэньне Іванам Жахлівым у сярэдзіне XVI стагодзьдзя Казанскага і Астраханскага ханстваў прывяло да аб’яднаньня ўсёй паволскай рачной сыстэмы ў руках Масковіі, што спрыяла росквіту волскага гандлю ў XVII стагодзьдзі.
У XVIII стагодзьдзі асноўныя гандлёвыя шляхі перамясьціліся на Захад, а эканамічнае разьвіцьцё Ніжняй Волгі стрымлівалася слабой населеннасьцю і набегамі качоўнiкаў. Басэйн Волгі ў XVII—XVIII стагодзьдзях зьяўляўся асноўным раёнам дзеяньняў паўсталых казакоў і сялянаў пад кіраўніцтвам Сьцяпана Разіна і Емяльяна Пугачова. З мэтай разьвіцьця рэгіёну расейская імпэратарка Кацярына II у 1763 годзе выступіла з маніфэстам, у якім запрасіла ўсіх замежнікаў прыехаць і засяліць рэгіён, прапаноўваючы ім шматлікія стымулы для гэтага. Збольшага гэта было зроблена для разьвіцьця рэгіёну, але і для стварэньня ахоўнай зоны паміж расейцамі і мангольскімі ордамі на ўсходзе. Найбольшая цікавасьць да рэгіёну зьявілася ў немцаў, якія ў вялікая колькасьці засялілі рэгіён.
Падчас грамадзянскай вайны ў Расеі абодва бакі канфлікту мелі баявыя караблі на Волзе. У 1918 годзе флятылія Чырвонай Волгі выціснула белых на ўсход, ад Казані да Камы і ў рэшце рэшт да Уфы. Аднаўленьне кантролю бальшавікоў над Волгай лічыцца важным пераломным момантам Грамадзянскай вайны, бо кантроль над Волгай забясьпечваў доступ да хлебных рэсурсаў і бакінскай нафты. Важную ролю ў Грамадзянскай вайне адгуляла абарона Цацырына, у якой удзел прымаў Ёсіф Сталін, што і паслужыла падставай для далейшага перайменаваньня гораду ў Сталінград. У гады сацыялістычнага будаўніцтва ў сувязі з індустрыялізацыяй ўсёй краіны значэньне Волскага шляху ўзрасло. З канца 1930-х гадоў Волгу пачалі выкарыстоўваць як крыніцу атрыманнья гідраэлектраэнэргіі. У пэрыяд Другой сусьветнай вайны на рацэ адбыліся пераломныя і найбольш крывавыя Ржэўская і Сталінградзкая бітвы.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://water-rf.ru/Водные_объекты/80/Волга
- ^ Геродот. История (IV, 123—124). Доватур А. И., Каллистов Д. П., Шишова И. А. «Народы нашей страны в "Истории" Геродота» (рус.). — М.: Наука, 1982. — С. 149.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Волга — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Партал «Волга Planet». (рас.)
- Волга. Фатаздымкі, мапы і падарожныя дапаможнікі. (рас.)
- Волга. «Вокруг света». (рас.)
- Волга. OpenStreetMap. (анг.)