Афіцэрскія курсы БКА
Афіцэ́рскія ку́рсы БКА — курсы падрыхтоўкі афіцэраў для Беларускай краёвай абароны, якія дзейнічалі ў Менску з сакавіка па чэрвень 1944 году й выкладаліся Францішкам Кушалем.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўнай праблемай БКА была нястача афіцэрскіх кадраў. Яшчэ перад пачаткам мабілізацыі Кушаль зьвяртаў ўвагу на гэтае прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага, заявіўшы яму, што «беларускі афіцэрскі корпус вельмі слабы, а кадровых афіцэраў наогул няма». У скутку, да лютага-сакавіка 1944 году будучы афіцэрскі корпус БКА мусіў складацца з афіцэраў беларускай паліцыі й самааховы, якія да гэтага часу пасьпелі прайсьці падрыхтоўку на афіцэрскіх курсах БСА ў Менску або ў ваколіцах; былых афіцэраў Расейскай імпэратарскай арміі; калішніх афіцэраў Польскай арміі й колішніх афіцэраў Чырвонай Арміі. Кушаль пра гэта казаў:
Былi, праўда, яшчэ прапаршчыкі запасу царскае арміі, але гэта былі людзі старыя векам, вайскова зусiм бязвартасныя і ў бальшыні чужыя беларускай справе.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя курсы пачаліся ў сярэдзіне сакавіка 1944 году. Слухачоў на іх было нават болей, чым разьлічвалі — 50 афіцэраў і 200 унтэр-афіцэраў. У першай палове красавіка 1944 году, пасьля сканчэньня гэтых курсаў, усе яны здалі іспыт у прысутнасьці фон Готбэрга. Пасьля гэтага, напрыканцы красавіка 1944 году, былі адкрытыя другія курсы.
Аднак, акром перашкаленьня афіцэраў й унтэр-афіцэраў, галоўнай задачай Менскіх курсаў было, на думку кіраўніцтва БКА, прыцягнуць на іх моладзь, якая яшчэ не служыла ў войску. Атрымаўшы згоду фон Готбэрга, БЦР правяла адпаведныя прапагандысцкія дзеі й, адначасова з трэцімі курсамі перападрыхтоўкі, у Менску ў 15 чэрвеня 1944 году была адкрытая афіцэрская школа, у якую было прынята 250 кандыдатаў. Збольшага гэта былі маладзёны са скончанай сярэдняй адукацыяй й амаль ўсе сябры СБМ. Іх шкаленьне мусіла цягнуцца шэсьць месяцаў, пасьля чаго яны б атрымалі першыя афіцэрскія годнасьці. Але гэтаму не было наканавана збыцца, бо ўжо 29 чэрвеня 1944 году афіцэрская школа мусіла эвакуявацца зь Менску, каб не патрапіць пад удар наступальнай Чырвонай Арміі.
У ліпені 1944 року зь Беларусі былі звакуяваныя шматлікія нацыянальныя паліцыйна-вайсковыя фармаваньні, у тым ліку афіцэрская школа БКА. Яны сканцэнтраваліся на тэрыторыі Ўсходняй Прусіі й Паўночнай Мазовіі, а ў верасьні ўжо былі ў Бэрліне.
Вынікі дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усяго ж з сакавіка па чэрвень 1944 году на курсах у Менску было перападрыхтавана блізу 150 афіцэраў і каля 600 унтэр-афіцэраў. Паводле Кушаля, з ваеннага й палітычнага пункту гледжаньня, гэта былі вельмі добрыя афіцэры й унтэр-афіцэры, цалкам адданыя ідэі стварэньня нацыянальных Беларускіх узброеных сілаў. Адзінай нястачай было тое, што іх было яўна замала каб утварыць такія ўзброеныя сілы.
Кіраўніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь нямецкага боку начальнікам курсаў перашкаленьня быў назначаны СС-гаўптштурмфюрэр Шнайдэр, які нёс адказнасьць толькі перад фон Готбэргам. Зь беларускага ж боку начальнікам быў назначаны капітан В. Чабатарэвіч. Выкладнікам курсаў стаў Францішак Кушаль.
Курсы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Першы курс (сакавік — красавік)
- Другі курс (травень — чэрвень)
- Трэці курс (чэрвень)