Перайсьці да зьместу

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Летувы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Летувы

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і далучэньня да Расейскай імпэрыі заходне-літоўскіх (заходне-беларускіх) земель (1795) большая частка сучаснай тэрыторыі Летувы ўвайшла ў Віленскую губэрню. Першапачаткова падзялялася на паветы Браслаўскі (пасьля Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Ашмянскі, Расенскі, Цельшыцкі, Троцкі, Упіцкі (Панявескі), Шавельскі. У 1797 годзе падчас адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформаў Паўла I злучылася са Слонімскай губэрняй у адну Літоўскую губэрню з адміністрацыяй у Вільні.

Пры Аляксандры I Літоўская губэрня ў 1801 годзе падзеленая на Віленскую губэрню (да 1840 звалася Літоўска-Віленскай губэрняй) і Гарадзенскую губэрню (колішняя Слонімская губэрня).

У 1843 годзе частка тэрыторыі ўвайшла ў склад ізноў утворанай Ковенскай губэрні. У складзе Віленскай губэрні засталіся Віленскі, Ашмянскі, Сьвянцянскі (Завілейскі) і Троцкі паветы, а таксама перададзеныя з Гарадзенскай губэрні Лідзкі і зь Менскай губэрні — Вялейскі й Дзісьненскі паветы.

Летувіская Рэспубліка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля Першай сусьветнай вайны ў незалежнай Летувіскай Рэспубліцы асноўнымі адзінкамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, праведзенага ў 1919—1921 гадах былі паветы й воласьці (па-летувіску: valscius). У кожнай воласьці павінна было пражываць каля 5000 жыхароў; воласьці ў сваю чаргу падзяляліся на староствы (па-летувіску: seniunija) з колькасьцю насельніцтва каля 100 чалавек.

Тэрыторыя падзялялася на 21 павет (па-летувіску: apskritis), у якіх было 249 воласьцяў; правамі самакіраваньня карыстаўся 31 горад, зь іх 10 былі першаразраднымі (ня ўдзельнічалі ў самакіраваньні паветаў), астатнія — гарадамі другога разраду (удзельнічалі ў самакіраваньні паветаў). Воласьці падзяляліся на староствы. Воласьці засноўваліся й ліквідаваліся рашэньнем Рады міністраў. Правы самакіраваньня надаваліся гарадам кабінэтам міністраў.

Чатыром найбуйнейшым гарадам (Коўна, Панявеж, Шаўлі, Вількамір) былі прадстаўленыя правы паветаў. Пры гэтым большая частка Сейненскага павету з часовым цэнтрам у Лазьдзеі і Троцкага павету з часовым цэнтрам у Кашадарах рэальна знаходзіліся на польскай тэрыторыі. Асобную адміністрацыйную адзінку ўтвараў Клайпедзкі край з Клайпедай і трыма акругамі.

У ваенна-адміністрацыйным дачыненьні краіна падзялялася на тры вайсковыя акругі (Ковенская, Мар’ямпальская, Панявеская), кожная зь якіх складалася з трох мабілізацыйных раёнаў.

20 ліпеня 1950 году ў Летувіскай ССР ранейшы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на паветы, воласьці й апілінкі (па-летувіску: apylinke, гэта значыць «ваколіца», адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка менш за раён з уласным самакіраваньнем, аналяг сельсавету) было заменена савецкім на вобласьці, раёны й апілінкі. Першапачаткова было чатыры вобласьці (Віленская, Ковенская, Клайпедзкая й Шавельская) і 87 раёнаў. 29 траўня 1953 вобласьці былі ліквідаваныя; апілінкі ўзбуйняліся (у 1954 — 1224, у 1963 — 653). У 1957 была спроба пераразьмеркаваць тэрыторыю, кіруючыся вытворча-тэрытарыяльным прынцыпам (саўнаргасы).

У 1963 годзе тэрыторыя Летувіскай ССР падзялялася на 41 раён, 89 гарадоў, 25 пасёлкаў гарадзкога тыпу.

У апошнія гады існаваньня Летувіскай ССР тэрыторыя падзялялася на 44 сельскія раёны і 11 гарадоў рэспубліканскага падначаленьня (у 1960-я іх налічвалася 9, без Аліты й Капсукасу). Самыя буйныя гарады Вільня й Коўна, акрамя таго, падзяляліся на гарадзкія раёны (усяго 7). Сельскія раёны падзяляліся на апілінкі і ўключалі 22 пасёлкі гарадзкога тыпу і 81 горад раённага падначаленьня.

У 1994 року быў уведзены падзел на паветы (лет. apskritys). Паводле стану на 2022 год Летува мае 10 паветаў. Самы большы па плошчы — Віленскі павет, а самы малы — Цельшыцкі павет. Паводле колькасьці насельніцтва таксама Віленскі павет — найбольшы, а найменшы — Цельшыцкі павет.

Паветы падзяляюцца на 60 самакіраваньняў (лет. savivaldybės). Зь іх 43 самакіраваньні адпавядаюць савецкаму падзелу на раёны, 7 — мескія самакіраваньні (альбо проста месты), яшчэ 10 былі ўтвораныя пасьля 1994 року і называюцца проста самакіраваньнямі.

Самакіраваньні падзяляюцца на староствы (лет. seniūnijos).