Перайсьці да зьместу

Іван Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іван Сапега
лац. Ivan Sapieha
Іван Сапега. Невядомы мастак, 1709
Іван Сапега. Невядомы мастак, 1709

Герб Ліс
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1450
Памёр 4 сьнежня 1517[1]
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Сямён Сапега
Настасся Паўшанка[d][1]
Жонка невядомая
Альжбета з Глябовічаў
Дзеці ад 1-га шлюбу: Павал, Міхал, Фёдар, Даброхна, Ганна

Іван Сямёнавіч Сапега[a] (каля 1450 — 4 сьнежня 1517) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар (з 1488) і маршалак гаспадарскі (з 1504), сакратар вялікі літоўскі (з 1506), ваявода віцебскі (1511—1514) і падляскі (з 1514).

Заснавальнік коданскай лініі роду Сапегаў, заклаў асновы яе лятыфундыі. У 1504 годзе збудаваў мястэчка Іказьнь і Іказьненскі замак, заснаваў мястэчка Кодань з замкам (на левым беразе Бугу каля Берасьця). У выніку войнаў страціў смаленскія маёнткі, але атрымаў ад вялікіх князёў новыя — на Браслаўшчыне, Падляшшы і Берасьцейшчыне[2].

Партрэт І. Сапегі аўтарства Ю. Шубэлера, 1872 г.

З шляхецкага роду Сапегаў гербу Ліс, другі сын Сямёна, пісара гаспадарскага, і Настасьсі Паўшанкі. Меў брата Багдана, заснавальніка чарэйска-ружанскай лініі роду.

Быў паслом у Маскве (1497, 1498 і 1499 гады), а таксама ў Рыме (1501 год), дзе дамогся ад Папы зацьверджаньня мітрапаліта Ёсіфа I Балгарыновіча. Тамака ж далучыўся да Флярэнтыйскай царкоўнай уніі.

3 1501 году стаў канцлерам вялікай княгіні Алены Іванаўны. У 1502 годзе быў паслом да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 годзе — у Маскву, склаў замірэньне, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княства Літоўскім (1500—1503).

Па абраньні на сталец Жыгімонта Старога (1506 год) тытуляваўся найвышэйшым сакратаром вялікім літоўскім. У 1505 годзе зноў скіраваўся з пасольствам у Маскву, аднак працягнуць тэрмін замірэньня не атрымалася. Быў намесьнікам віцебскім у 1508—1514 гадох (з 1511 году ваяводам). Зноў выехаў паслом у Маскву ў 1508 годзе, склаў мір, якім скончылася вайна Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508).

У 1512 годзе праводзіў перамовы ў Каралеўстве Польскім з кароннай радаю пра дапамогу ў вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522). Браў удзел у кампаніі 1514 году пад камандаю гетмана Канстантына Астроскага. Камандаваў часткай войска ў бітве на Бярэзіне 27 жніўня 1514 году і ў Аршанскай бітве (1514 год)[3]. Пахавалі І. Сапегу ў царкве Сьвятога Духа ў Кодні.

Быў двойчы жанатым. Імя і паходжаньне першай жонкі невядомыя, другі раз ажаніўся з Альжбетай Глябовіч. У першым шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Павал (пам. 1579), ваявода падляскі і наваградзкі
  • Міхал (пам. каля 1540)
  • Фёдар (пам. каля 1548), дваранін гаспадарскі
  • Даброхна (пам. па 1528), жонка кашталяна люблінскага Яна Тэнчынскага
  • Ганна, жонка старосты чаркаскага і канеўскага Яна Неміровіча

У грамаце вялікага князя Аляксандра да біскупа віленскага Войцеха Табара ад 1503 году Іван Сапега, які працаваў у славянскім сакратарыяце Вялікага Княства Літоўскага і фактычна азначаўся ў дзьвюх папскіх булах ад 1501 году як «сакратар рускай мовы» («secretarius Ruthenicus», «in cancellaria Ruthenica secretarium et capitaneum»), характарызаваўся як «secretario nostro Litvano» («secretarius noster Litvanus»), што варта разумець як «сакратар літоўскай мовы»[4].

  1. ^ Таксама Івашка Сапежыч, Ян Сапега; на лаціне падпісваўся як Joannes