Ян Пац
Герб «Газдава» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1550 |
Памёр | 1610 |
Род | Пацы |
Бацькі | Дамінік Пац Ганна з Лозкаў |
Жонка | Крыстына з Нарушэвічаў Соф’я зь Вішнявецкіх |
Дзеці | Крыштап, Аляксандар, Аўрэліян, Ян Казімер, Павал, Фэлікс, Ганна |
Ян Пац (каля 1550 — верасень або кастрычнік 1610) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік вялікі літоўскі (1580—1589), ваявода менскі (з 1600).
Трымаў Камянецкае і Даўгяліцкае староствы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Пацаў гербу «Газдава», сын Дамініка, кашталяна смаленскага, і Ганны з Лозкаў. Меў брата Мікалая і браценіка Іпація Пацея.
У 1582 атрымаў прывілей на вёску Дымнікі ў Камянецкай дзяржаве. У 1584 атрымаў падобныя прывілеі на сёлы Ківіле і Кліколе на Жамойці, якія яму саступіў кашталян смаленскі ягоны стрый Мікалай Пац. У 1585 прызначаны каралем камісарам дзеля разьмежаваньня каралеўскіх земляў з маёнткамі, што належалі Пацам. На сойме 1587 прапанаваў абраць на сталец Рэчы Паспалітай цара маскоўскага Фёдара Іванавіча[1]. У 1588 кароль і вялікі князь дазволіў яму выкупіць Камянецкае староства ў нашчадкаў ваяводы берасьцейскага Гаўрылы Гарнастая. У тым жа годзе прадаў князю Мікалаю Крыштапу Радзівілу мястэчка Кунаса недалёка ад Нясьвіжа за 12000 коп грошаў.
29 красавіка 1589 атрымаў урад віленскага цівуна, а 9 сакавіка 1600 — ваяводы менскага «па Андрэю Завішы».
У 1592 абраны маршалкам інквізыцыйнага сойму. У 1594 быў мадэратарам дыспута езуіта ксяндза Сьміглецкага з арыянамі. У 1595 канцлер Леў Сапега са згоды караля саступіў яму Даўгяліцкую дзяржаву. На Варшаўскім сойме 1596 прызначаны камісарам дзеля разьмежаваньня Падляскага, Берасьцейскага ваяводзтваў і Гарадзенскага павету. Вызнаваў кальвінізм, з 1600 каталік.
Купіў мястэчка Чартарыйск на Валыні ў князя Юрыя Чартарыйскага, які абумовіў сябе права на пражываньне ў замку Чартарыйскім на працягу сямі год. Але Ян Пац быў з гэтым нязгодзен і сам там пасяліўся. У адказ 5 сьнежня 1602 князь Ю. Чартарыйскі са сваімі людзьмі і сябрамі Бэнэдыктам Гулевічам і кашталянам брацлаўскім Мікалаем Сямашкай напалі на Чартарыйск і пабілі людзей Паца, а яго самога паранілі. Я. Пац паклікаў грабежнікаў на каралеўскі суд, але ў 1603 абодвы бакі дасягнулі замірэньня з дапамогай ваяводы віленскага князя Крыштапа Радзівіла і ваяводы валынскага князя Аляксандра Астроскага. Юры Чартарыйскі адмовіўся ад вольнага пражываньня ў замку Чартарыйскім і прадаў яго за 400000 злотых, а Ян Пац у сваю чаргу запісаў Чартарыйскаму замак і мястэчка Муравіца(pl) ў Валынскім ваяводзтве.
Першы шлюб з Крыстынай Нарушэвіч, дачкой кашталяна смаленскага Станіслава Камаеўскага, быў бязьдзетным. У другім шлюбе з Соф’яй Вішнявецкай (1569 — 4 лютага 1619), дачкой ваяводы валынскага Андрэя і Яўфіміі Вяржбіцкай, нарадзіліся сямёра дзяцей:
- Крыштап (памёр маладым)
- Аляксандар
- Аўрэліян, манах-бэрнардын Антоні
- Ян Казімер
- Павал (памёр маладым)
- Фэлікс (памёр маладым)
- Ганна, першы раз у шлюбе з кашталянам полацкім Мікалаем Багуславам з Братошына Дэспат-Зяновічам які загінуў 7 верасьня 1621 у бітве пад Хоцінам, а другі раз з паюрскім цівуном Крыштапам Крышпінам-Кіршэнстэйнам.
Па сьмерці Яна Паца ягоная жонка выйшла за расенскага і скерстымонскага старосту Крыштапа Вацлава Шэмета. Памерла 4 лютага 1619 у Бярэзані, пахавана ў катэдры Сьвятога Станіслава ў Вільні.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Анатоль Грыцкевіч. Пацы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 422.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Niesiecki K. Herbarz Polski / wyd. J.N. Bobrowicz. — Lipsk, 1839—1846.
- Wolff J. Pacowie: materyjały historyczno-genealogiczne. — Petersburg, 1885.
- Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. — Kraków, 1885.