Перайсьці да зьместу

Фінікс Санз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фінікс Санз

Заснаваны 1968
Месцазнаходжаньне Фінікс, Арызона, ЗША
Арэна Мортгейдж-Матчап-Цэнтар
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя
Форма
Клюбныя колеры              


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Хатняя


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Выязная
Спасылкі
Афіцыйная бачына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

«Фі́нікс Санз» (па-ангельску: Phoenix Suns) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Каманда была заснаваная ў 1968 годзе. Клюб месьціцца ў горадзе Фінікс, штат Арызона. Франшыза пачала гуляць у НБА ў 1968 годзе як каманда пашырэньня. Не зважаючы на ​​тое, што першыя гады былі ня вельмі ўдалымі, лёс пачаў зьмяняцца ў 1970-х гадах пасьля таго, як да каманды далучыліся Дык Ван Эрсдэйл і Элван Адамз у партнэрстве з Полам Ўэстфалам. Каманда дакрочыла да фіналу НБА 1976 году, аднак, ня здолеўшы заваяваць чэмпіёнскі тытул, «Санз» большую частку 1980-х гадоў спрабавалі перабудавацца, пакуль у 1988 годзе ня быў набыты Кевін Джонсан. У гэты час, а таксама з узмацненьнем у асобе Чарлза Барклі «Санз» сталі стабільнай камандай плэй-оф. Дзякуючы ўнёскам Тома Чамбэрза і Дэна Марлі, «Санз» траплялі ў плэй-оф трынаццаць сэзонаў запар, што стала рэкордным паказьнікам франшызы, і прасунуліся ў фінал НБА 1993 году. Каманда зноў ня здолела перамагчы ў чэмпіянаце, пасьля чаго пачаўся час пасярэднасьці, які трываў да пачатку 2000-х гадоў.

Джэры Каланджала доўгі час працаваў галоўным мэнэджарам клюбу.

«Фінікс Санз» былі адной зь дзьвюх франшызаў, якія далучыліся да НБА на пачатку сэзону 1968—1969 гадоў, калі гэта адбылося разам зь «Мілўокі Бакс». Гэты баскетбольны клюб сталі першай буйной прафэсійнай спартовай франшызай як Фініксу, гэтак і штату Арызоны агулам, заставаючыся адзіным клюбам такога кшталту цягам 20 гадоў. Назва «Санз» была абраная на конкурсе газэты The Arizona Republic, а пераможца атрымаў 1000 даляраў і абанэмэнты на першы сэзон[2][3].

На драфце пашырэньня каманда сярод іншых абралі Гэйла Гудрыча і Дыка Ван Эрсдэйла. І Гудрыч, і Ван Эрсдэйл былі абраныя на Матч усіх зорак у сваім першым сэзоне ў складзе «Санз». Гудрыч вярнуўся ў сваю былую каманду, «Лос-Анджэлес Лэйкерз», пасьля двух сэзонаў у Фініксе, але Ван Эрсдэйл правёў астатнюю частку сваіх гульнёвых дзён у якасьці гульца «Санз» і адзін раз галоўнага трэнэра каманды. Перад драфтам 1969 году лёс права на першы выбар разьвязваўся падкідваньнем манэткі. У выніку «Мілўокі Бакс» атрымалі гэтае права і абралі Карыма Абдул-Джабара, які тады быў вядомы пад імём Лью Алсындар, а «Фінікс» спыніўся на цэнтравым Ніле Ўоку з Флорыды[4]. Паміж 1970 і 1976 гадамі каманда не кваліфікавалася ў плэй-оф. Гэтая эпоха таксама адзначылася прыходам Эла Макоя, даўняга камэнтатара матчаў «Санз» і Залы славы Нэйсьміта, якога наняў генэральны мэнэджар Джэры Каланджэла перад пачаткам сэзону НБА 1972—1973 гадоў. Неўзабаве ён стаў вядомым на мясцовым узроўні як Голас «Санз», а трансьляцыі зь ягоным камэнтаром адначасна былі ў этэры як па тэлебачаньні, гэтак і па радыё з 1972 па 2003 гады. Каланджэла пазьней называў Макоя найвялікшым прадаўцом баскетбольнай гульні ва ўсім штаце і акрэсьліў, што ён меў столькі ж дачыненьня да посьпеху «Санз», колькі і любы іншы гулец, трэнэр ці мэнэджар»[5].

Пол Ўэстфал далучыўся да каманды ў 1975 годзе і быў адным зь лідэраў каманды, якая трапіла ў фінал НБА 1976 году.

Сэзон 1975—1976 гадоў зрабіўся пераломным для «Санз», бо яны зрабілі некалькі ключавых крокаў, у тым ліку міжсэзонны абмен былога абаронцы ўсіх зорак Чарлі Скота ў «Бостан Сэлтыкс» на абаронцу Пола Ўэстфала, які быў у чэмпіёнскай камандзе бостанцаў 1974 году. Таксама да складу трапілі Элван Адамз і Гарфілд Гэрд. Клюб зь Фініксу згуляў няроўны рэгулярны сэзон, прасеўшы паводле вынікаў у сярэдзіне сэзону, збольшага праз траўмы, але здолеў упершыню за шмат гадоў прабіцца ў плэй-оф. У першым раўндзе плэй-оф Заходняй канфэрэнцыі «Санз» сустрэліся зь «Сіетл Супэрсонікс», узяўшы перамогу ў сэрыі зь лікам у чатыры перамогі супраць дзьвюх паразаў, а ў фінале канфэрэнцыі абгулялм дзейнага чэмпіёна НБА «Голдэн Стэйт Ўорыярз» зь лікам 4-3, што дазволіла клюбу ўпершыню выйсьці ў фінал НБА. «Санз» сустрэліся з дасьведчанай камандай «Бостан Сэлтыкс», і ў зацятай барацьбе бостанцы атрымалі перамогу ў сэрыі. У канцы 1970-х і пачатку 1980-х гадоў «Санз» правялі некалькі пасьпяховых сэзонаў, у тым ліку стаўшы першымі ў Ціхаакіянскім дывізіёне ў 1981 годзе. Агулам каманда трапляла ў плэй-оф восем сэзонаў запар, у тым ліку згуляўшы ў фінале Заходняй канфэрэнцыі ў 1984 годзе. Аднак, пэўныя праблемы ўзьнікалі як на пляцоўцы, гэтак і па-за ёй у сярэдзіне 1980-х гадоў. У 1987 годзе пракуратура акругі Марыкопа абвінаваціла 13 чалавек у незаконным абароце наркотыкаў, а трое зь іх былі дзейнымі гульцамі «Санз» Джэймзам Эдўардсам, Джэем Гамфрысам і Грантам Гандрэзікам. Гэтыя абвінавачваньні часткова былі збудаваныя на паказаньнях зорнага гульца Ўолтэра Дэвіса, якому быў нададзены імунітэт. Аніводзін з абвінавачаных гэтак і не пайшоў у турму, бо два гульцы былі накіраваны ў праграму адцягненьня адказнасьці, а яшчэ адзін атрымаў вырак з умоўным тэрмінам. Тым ня менш, скандал, які цяпер шмат у чым успрымаецца як паляваньне на ведзьмаў[6], запляміў рэпутацыю франшызы як на нацыянальным узроўні, гэтак і ў грамадзтве.

Матч «Фінікс Санз» з ізраільскім клюбам «Макабі» з Тэль-Авіву.

Сытуацыя пачала выпраўляцца ў 1988 годзе з набыцьцём Кевіна Джонсана з «Кліўлэнд Кавальерз», а таксама далучэньнем Марка Ўэста і Тайрана Корбіна. Гэты час адзначыўся пачаткам рэкордных для франшызы 13 запар выхадаў у плэй-оф. Зорны гулец Том Чамбэрз прыйшоў у каманду зь «Сіетл Супэрсонікс», а праз драфт да дружыны далучыўся Дэн Марлі. У сэзоне 1989—1990 гадоў «Санз» разграмілі «Лэйкерз» у пяці гульнях сэрыі плэй-оф, але ў фінале Заходняй канфэрэнцыі фініксаўцы зазналі паразу ад «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз». У рэгулярным сэзоне 1990—1991 гадоў «Санз» мелі паказьнік 55–27, але саступілі ў першым раўндзе «Юце Джаз» зь лікам 3–1. У сэзоне 1991—1992 гадоў «Санз» мелі паказьнік 53–29. Калектыў разграміў «Сан-Антоніё Спэрз» у трох гульнях першага раўнду плэй-оф НБА 1992 году, але затым «Санз» пацярпелі паразу ў пяці гульнях ад «Трэйл Блэйзэрз» у паўфінале канфэрэнцыі. Сэрыя завяршылася чацьвертай гульнёй, у якой «Санз» аддалі перамогу супернікам у падвойным авэртайме зь лікам 153:151. Гэтая гульня стала апошняй гульнёй «Санз» на арэне Калізэюм.

Кевін Джонсан бараніў колеры клюбу цягам 11 сэзонаў.

Цяжкі форвард «Санз» Чарлз Барклі быў абменены зь «Філадэлфіі Сэвэнці Сыксэрз» на Джэфа Горнасэка, Эндру Лэнга і Тыма Пэры. У сэзоне 1992—1993 гадоў Барклі атрымаў узнагароду самага каштоўнага гульца лігі[7] . Акрамя Барклі, «Санз» узмацнілі свой склад некалькімі ключавымі баскетбалістамі, у тым ліку Дэні Эйнджам і цэнтравым Олівэрам Мілерам, які быў задрафтаваны ў 1991 годзе, але быў дыскваліфікаваны на першы год праз парушэньне палітыкі НБА датычна наркотыкаў. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Пола Ўэстфала, «Санз» перамаглі ў 62-х гульнях рэгулярнага сэзону 1992—1993 гадоў, усталяваўшы рэкорд франшызы. У першым раўндзе яны выбілі «Лэйкерз», якія былі пасеяныя пад восьмым нумарам, адгуляўшыся ў сэрыі зь пяці гульняў зь ліку 0–2. Затым «Санз» выкінулі з плэй-оф «Спэрз» і «Супэрсонікс», прасунуўшыся ў фінал НБА ў другі раз у гісторыі франшызы. У галоўнай сэрыі сэзону яны ня здолелі даць рады «Чыкага Булз», у складзе якіх былі зорныя Майкл Джордан і Скоці Піпэн. «Санз» яшчэ пэўны час былі магутнай камандай, але спрэчкі і няўдалыя рашэньні прывялі да сыходу як трэнэра, гэтак і частку гульцоў. Тым ня менш, каманда звычайна штогод прасоўваліся ў плэй-оф. У сэзоне 2003—2004 гадоў «Санз» ня трапілі ў плэй-оф, займеўшы ў сэзоне рэкорную кольксьць паразаў роўную 53-м.

У пачатку 2004 году кіраўніцтва «Санз» сышло з пасадаў, калі Джэры Каланджэла абвесьціў, што «Фінікс Санз» будзе прададзены інвэстыцыйнай групе на чале зь бізнэсоўцам Робэртам Сарвэрам за 401 мільён даляраў. Сэзон 2004—2005 гадоў адзначыў вяртаньне «Санз» у эліту НБА, калі клюб завяршыўшы рэгулярны сэзон з найлепшым паказьнікам у 62–20, паўтарыўшы рэкорд франшызы 1992—1993 гадоў. У міжсэзоньне «Санз» падпісалі кантракт зь неабмежавана вольным агентам Стывам Нэшам, які прыйшоў з «Далас Мавэрыкс», а раней баскетбаліст ужо гуляў за «Санз» на пачатку сваёй кар’еры. У першым сваім сэзоне Нэш атрымаў узнагароду самага каштоўнага гульца лігі. Амарэ Стадэмайр і Шон Мэрыён трапілі на Матч усіх зорак, а трэнэр Майк Д’Антані быў названы трэнэрам году.

В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў

  1. https://www.nba.com/suns/news/phoenix-suns-name-jordan-ott-head-coach
  2. The Prickly Pears?. NBA Media Ventures, LLC. Архіўная копія ад 07.2021 г.
  3. Allen, Scott (10.2018) The Origins of All 30 NBA Team Names. MentalFloss.com. Архіўная копія ад 01.2018 г.
  4. Coro, Paul. 1969 coin flip changed a lot for Phoenix Suns, Los Angeles Lakers // The Arizona Republic, 11.2012 г. Архіўная копія ад 12.2014 г.
  5. McCoy, Al; Wolfe, Rich The Real McCoy. — Lone Wolfe Press. — ISBN 9780980097870
  6. Sielski, Mike. Sielski: 76ers’ Colangelo has seen trouble before // The Philadelphia Inquirer, 01.2016 г. Архіўная копія ад 08.2018 г.
  7. Brown, Clifton (06.1992) Basketball; Bright Day for Suns: They Get Barkley. The New York Times. Архіўная копія ад 09.2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]