Мілўокі Бакс
| Мілўокі Бакс | |||
| Заснаваны | 1968 | ||
|---|---|---|---|
| Месцазнаходжаньне | Мілўокі, Вісконсін, ЗША | ||
| Арэна | Файзэрв-Форум | ||
| Галоўны трэнэр | Док Рывэрз | ||
| Чэмпіянат | Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя | ||
| Форма | |||
| Клюбныя колеры | |||
|
| |||
| Спасылкі | |||
| Афіцыйная бачына | |||
«Мілўокі Бакс» (па-ангельску: Milwaukee Bucks) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Каманда была заснаваная ў 1968 годзе ў выніку пашырэньня лігі. Клюб месьціцца ў горадзе Мілўокі, Вісконсін. Былы сэнатар ЗША Гэрб Кол доўгі час быў уладальнікам каманды, але 16 красавіка 2014 году група мільярдэраў гэдж-фондаў пагадзілася набыць кантрольны пакет акцыяў каманды ў Коля. Празь месяц, 16 траўня, гэты продаж быў ухвалены ўладальнікамі НБА і ейнай Радай кіраўнікоў[1].
Свой першы тытул чэмпіёна НБА каманда здабыла ў 1971 годзе, толькі ў свой трэці сэзон у лізе. Наступную перамогу давялося чакаць доўгія дзесяцігодзьдзі ажно да 2021 году. У складзе каманды спаборнічалі такія вядомыя баскетбалісты, як то Карым Абдул-Джабар, Оскар Робэртсан, Боб Дэндрыдж, Сыдні Манкрыф, Боб Лэнье, Тэры Камінгс, Глен Робінсан, Рэй Ален, Майкл Рэд, Яніс Антэтакумпа, Крыс Мідэлтан, Джру Голідэй і Дэм’ен Лілард. Абдул-Джабар і Антэтакумпа былі названыя самымі каштоўнымі гульцамі НБА, гуляючы за «Бакс». Таксама ўдвох яны таксама рабілія самымі каштоўнымі гульцамі фіналаў лігі. «Бакс» уважаецца за адзіную каманду НБА, якая перамагала ў чэмпіянаце ў часы калі выступала як ва Ўсходняй, гэтак і ў Заходняй канфэрэнцыях.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]22 студзеня 1968 году НБА перадала франшызу групе кампаніяў Milwaukee Pro, якую ачольвалі Ўэсьлі Павалон і Марвін Фішман[2]. Каб вызначыць назву новага клюбу быў зладжаны конкурс сярод заўзятараў, у якім узялі ўдзел больш за 40 тысяч чалавек[2]. І хоць найбольшую колькасьць галасоў сярод прыхільнікаў каманды атрымала назва «Робінз», то бок высунутая ў гонар птушкі малінаўкі, якая ёсьць сымбалем штату Вісконсін, судзьдзі конкурсу абралі другую паводле папулярнасьці назву «Бакс», якая спасылаецца на афіцыйную дзікую жывёлу штату, як то белахвостага аленя. Стварэньне «Бакс» азначала вяртаньне НБА ў Мілўокі пасьля 13 гадоў адсутнасьці, бо папярэдняя каманда «Гокс» правяла чатыры сэзоны ў лізе на пачатку 1950-х гадоў, перш чым пераехаць у Сэнт-Луіс у 1955 годзе. У кастрычніку «Бакс» згулялі свой першы матч рэгулярнага сэзону НБА супраць «Чыкага Булз» перад 8467 гледачамі на Мілўокі-Арэне. Як гэта звычайна бывае з камандамі пашырэньня, першы сэзон «Бакс» быў цяжкім.

З падпісаньнем дамовы зь Лью Алсындорам, пазьней вядомым як Карым Абдул-Джабар, «Бакс» скончылі сэзон 1969—1970 гадоў з паказьніка 56–26, то бок другім найлепшым у лізе пасьля «Нью-Ёрк Нікс». Гэта быў каардынальна іншы вынік у параўнаньні зь іхным першым сэзонам. «Бакс» перамаглі «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз» у пяці гульнях у паўфінале Ўсходняй канфэрэнцыі, але былі разгромленыя «Нікс» у пяці гульнях у фінале канфэрэнцыі. Алсындор быў абраны на званьне пачаткоўца году НБА. У наступным сэзоне клюб зь Мілўокі абмянялі абаронцу «Цынцынаці Роялз» Оскара Робэртсана, каб узмацніць гульню Альсындора. Пасьля гэтага «Бакс», якія цяпер гулялі ў Заходняй канфэрэнцыі, скончылі сэзон з паказьнікам 66–16, што стала другой найбольшай колькасьцю перамог у гісторыі НБА на той момант і дагэтуль ёсьць рэкордам франшызы. Падчас рэгулярнага сэзону каманда мела рэкордную сэрыю з 20 перамогаў запар, што было рэкордам лігі таго часу. Маючы паказьнік у 12–2 у плэй-оф, яны ўзялі тытул чэмпіёнаў НБА 30 красавіка 1971 году, абгуляўшы «Балтымар Булетс» у чатырох гульнях фіналу.
«Бакс» заставаліся магутным клюбам у першай палове 1970-х гадоў. У 1972 годзе Алсындор, які ўпотай навярнуўся ў іслам і зьмяніў імя, публічна абвесьціў аб зьмене імя на Карым Абдул-Джабар. «Бакс» выйшлі ў фінал канфэрэнцыі трэці год запар, але саступілі «Лос-Анджэлес Лэйкерз» у шасьці гульнях. У 1974 годзе мілоўкцы прасунуліся ў фінал НБА, дзе супрацьстаялі «Бостан Сэлтыкс». У шостай гульні сэрыі Абдул-Джабар зрабіў свой знакаміты кід «скай-гук» у пераможным матчы ў падвойным авэртайме. Аднак потым «Бакс» саступілі ў сёмай гульні і ўжо доўгія дзесяцігодзьдзі не дасягалі фіналу. Па сэзоне 1974—1975 гадоў Абдул-Джабар абвесьціў аб сыходзе з каманды, бо хацеў пераехаць у Лос-Анджэлес ці Нью-Ёрк. Шэраг абменаў і зьмены складу прывялі да зьменаў у складзе ўладальнікаў каманды. На драфце 1977 году «Бакс» мелі тры выбары ў першым раўндзе і абралі Кента Бэнсана, Маркеса Джонсана і Эрні Грунфэлда. Джонсан стаў асноўным гульцом «Бакс» на доўгія гады. Пачатковец Сыдні Манкрыф дэбютаваў у складзе каманды ў 1979 годзе. У 1980 годзе Бэнсан быў абменены ў «Дэтройт Пістанз» на вэтэрана-цэнтравага Боба Лэнье, каб запоўніць пустку, якая некалі ўтварылася пасьля сыходу Абдул-Джабара.

У 1980-я гады «Бакс» шэсьць разоў рабіліся пераможцамі дывізіёну, стаўшы сталымі прэтэндэнтамі на перамогу ва Ўсходняй канфэрэнцыі, галоўным чынам дзякуючы моцнай гульні Манкрыфа, Джонсана, Пола Прэсі, Джуніяра Брыджмана ды шэрагу іншых баскетбалістаў. Аднак гульца зь Вінсконсіну не давалі рады ў справе выхаду ў фінал НБА, бо кожны раз выбіваліся з турніру альбо ў матчах супраць «Сэлтыкс», альбо ў сустрэчах з «Сэвэнці Сыксэрз». У 1985 годзе Фіцджэралд і ягоныя партнэры пастанавілі прадаць «Бакс». У Фіцджэралда меліся праблемы з здароўем, і некаторыя зь ягоных інвэстараў жадалі выйсьці з праекту, а сам ён меў крах Sportsvue, піянэрскай рэгіянальнай спартовай сеткі. Да таго часу Мілўокі-Арэна была найменшай арэнай у НБА, а горад ня меў намеру будаваць новую. Бізнэсовец зь Мілўокі і будучы сэнатар ЗША Гэрб Кол набыў «Бакс» пасьля боязі, што інвэстары зь іншых гарадоў могуць выкупіць каманду і вывезьці яе зь Мілўокі. Перад завяршэньнем угоды былы тэлевядоўца і бізнэсовец Лойд Пэтыт і ягоная жонка Джэйн Брэдлі Пэтыт абвесьцілі, што ахвяруюць грошы на новую арэну.
Цягам большай часткі 1990-х гадоў франшыза была пасярэднім клюбам. У гэты час яны толькі тройчы траплялі ў плэй-оф. «Бакс» абралі Глена Робінсана пад першым нумарам на драфце НБА 1994 году, а ў 1996 годзе набылі пачаткоўца Рэя Алена ў абмен на выбар драфту зь «Мінэсотай Тымбэрўулвз». Абодва гульцы адыгралі важную ролю ў адраджэньні «Бакс» у канцы 1990-х гадоў. «Бакс» у сэзоне 1997—1998 гадоў скончылі сэзон з паказьнікам 36–46, ня здолеўшы прабіцца ў плэй-оф сёмы раз запар. На драфце 1998 году «Бакс» абралі Дырка Навіцкі пад дзявятым нумарам, але абмянялі яго ў «Далас Мавэрыкс» на Робэрта Трэйлара. Многія лічаць гэты абмен адным з самых няўдалых у гісторыі НБА, бо Навіцкі некалькі дзесяцігодзьдзяў зьзяў у складзе даласцаў, а Трэйлар згуляў у Мілўокі ўсяго два сэзоны, перш чым далучыцца да «Кліўлэнд Кавальерз». Каманда дасягнула першага за доўгі час посьпеху ў 2000—2001 гадах, перамогшы ў 52-х гульнях рэгулярнага сэзону. Яны дакрочылі да фіналу Ўсходняй канфэрэнцыі 2001 году, але там саступілі «Філадэлфіі Сэвэнці Сыксэрз» у сямі гульнях.
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў
| «Мілўокі Бакс» у НБА | |||||
|---|---|---|---|---|---|
| Сэзон | В | П | А% | Плэй-оф | Вынікі |
| 1968—1969 | 27 | 55 | .329 | ||
| 1969—1970 | 56 | 26 | .683 | Выйгралі ў паўфінале дывізіёну Прайгралі ў фінале дывізіёну | Мілўокі 4, Філадэлфія 1 Нью-Ёрк 4, Мілўокі 1 |
| 1970—1971 | 66 | 16 | .805 | Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале | Мілўокі 4, Сан-Францыска 1 Мілўокі 4, Лос-Анджэлес 1 Мілўокі 4, Балтымар 0 |
| 1971—1972 | 63 | 19 | .768 | Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Мілўокі 4, Голдэн Стэйт 2 Лос-Анджэлес 4, Мілўокі 2 |
| 1972—1973 | 60 | 22 | .732 | Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Голдэн Стэйт 4, Мілўокі 2 |
| 1973—1974 | 59 | 23 | .720 | Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале | Мілўокі 4, Лос-Анджэлес 1 Мілўокі 4, Чыкага 0 Бостан 4, Мілўокі 3 |
| 1974—1975 | 38 | 44 | .463 | ||
| 1975—1976 | 38 | 44 | .463 | Прайгралі ў першым раўндзе | Дэтройт 2, Мілўокі 1 |
| 1976—1977 | 30 | 52 | .366 | ||
| 1977—1978 | 44 | 38 | .537 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Мілўокі 2, Фінікс 0 Дэнвэр 4, Мілўокі 3 |
| 1978—1979 | 38 | 44 | .463 | ||
| 1979—1980 | 49 | 33 | .598 | Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Сіетл 4, Мілўокі 3 |
| 1980—1981 | 60 | 22 | .732 | Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Філадэлфія 4, Мілўокі 3 |
| 1981—1982 | 55 | 27 | .671 | Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Філадэлфія 4, Мілўокі 2 |
| 1982—1983 | 51 | 31 | .622 | Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Мілўокі 4, Бостан 0 Філадэлфія 4, Мілўокі 1 |
| 1983—1984 | 50 | 32 | .610 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Мілўокі 3, Атланта 2 Мілўокі 4, Нью-Джэрзі 2 Бостан 4, Мілўокі 1 |
| 1984—1985 | 59 | 23 | .720 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Мілўокі 3, Чыкага 1 Філадэлфія 4, Мілўокі 0 |
| 1985—1986 | 57 | 25 | .695 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Мілўокі 3, Нью-Джэрзі 0 Мілўокі 4, Філадэлфія, 3 Бостан 4, Мілўокі 0 |
| 1986—1987 | 50 | 32 | .610 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Мілўокі 3, Філадэлфія 2 Бостан 4, Мілўокі 3 |
| 1987—1988 | 42 | 40 | .512 | Прайгралі ў першым раўндзе | Атланта 3, Мілўокі 2 |
| 1988—1989 | 49 | 33 | .598 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Мілўокі 3, Атланта 2 Дэтройт 4, Мілўокі 0 |
| 1989—1990 | 44 | 38 | .537 | Прайгралі ў першым раўндзе | Чыкага 3, Мілўокі 1 |
| 1990—1991 | 48 | 34 | .585 | Прайгралі ў першым раўндзе | Філадэлфія 3, Мілўокі 0 |
| 1991—1992 | 31 | 51 | .378 | ||
| 1992—1993 | 28 | 54 | .341 | ||
| 1993—1994 | 20 | 62 | .244 | ||
| 1994—1995 | 34 | 48 | .415 | ||
| 1995—1996 | 25 | 57 | .305 | ||
| 1996—1997 | 33 | 49 | .402 | ||
| 1997—1998 | 36 | 46 | .439 | ||
| 1998—1999 | 28 | 22 | .560 | Прайгралі ў першым раўндзе | Індыяна 3, Мілўокі 0 |
| 1999—2000 | 42 | 40 | .512 | Прайгралі ў першым раўндзе | Індыяна 3, Мілўокі 2 |
| 2000—2001 | 52 | 30 | .634 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Мілўокі 3, Арланда 1 Мілўокі 4, Шарлот 3 Філадэлфія 4, Мілўокі 3 |
| 2001—2002 | 41 | 41 | .500 | ||
| 2002—2003 | 42 | 40 | .512 | Прайгралі ў першым раўндзе | Нью-Джэрзі 4, Мілўокі 2 |
| 2003—2004 | 41 | 41 | .500 | Прайгралі ў першым раўндзе | Дэтройт 4, Мілўокі 1 |
| 2004—2005 | 30 | 52 | .366 | ||
| 2005—2006 | 40 | 42 | .488 | Прайгралі ў першым раўндзе | Дэтройт 1:4 |
| 2006—2007 | 28 | 54 | .341 | ||
| 2007—2008 | 26 | 56 | .317 | ||
| 2008—2009 | 34 | 48 | .415 | ||
| 2009—2010 | 46 | 36 | .561 | Прайгралі ў першым раўндзе | Атланта 3:4 |
| 2010—2011 | 35 | 47 | .427 | ||
| 2011—2012 | 31 | 35 | .469 | ||
| 2012—2013 | 38 | 44 | .463 | Прайгралі ў першым раўндзе | Маямі 0:4 |
| 2013—2014 | 15 | 67 | .183 | ||
| Усяго | 2024 | 1944 | .510 | ||
| Плэй-оф | 104 | 118 | .468 | 1 тытул | |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Charles F. Gardner, Don Walker. NBA approves sale of Milwaukee Bucks // Milwaukee Journal Sentinel, 05.2014 г. Архіўная копія ад 05.2014 г.
- 1 2 On This Day in 1968: Milwaukee Awarded an NBA Franchise. NBA.com (01.2016). Архіўная копія ад 12.2019 г.
