Кліўлэнд Кавальерз
| Кліўлэнд Кавальерз | |||
| Заснаваны | 1970 | ||
|---|---|---|---|
| Месцазнаходжаньне | Кліўлэнд, Агаё, ЗША | ||
| Арэна | Рокет-Арэна | ||
| Галоўны трэнэр | |||
| Чэмпіянат | Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя | ||
| Форма | |||
| Клюбныя колеры | |||
|
| |||
| Спасылкі | |||
| Афіцыйная бачына | |||
«Клі́ўлэнд Ка́вальерз» (па-ангельску: Cleveland Cavaliers) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Клюб месьціцца ў горадзе Кліўлэнд, Агаё. Клюб трапіў у лігу ў 1970 годзе разам з «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» і «Бафала Брэйвэз». Свае хатнія гульні каманда спачатку ладзіла на Кліўлэнд-Арэне з 1970 па 1974 гады, а затым на Рычфілд-Калізэі з 1974 па 1994 гады. З 1994 году «Кавальерз» гуляюць на Рокет-Арэне ў самым цэнтры Кліўлэнду, якую падзяляюць з хакейным клюб «Кліўлэнд Монстэрз» з Амэрыканскай хакейнай лігі. «Кавальерз» першыя гады мелі праблемы на пляцоўцы, упершыню трапіўшы ў плэй-оф толькі ў 1976 годзе. У 1980 годзе франшыза была набытая Тэдам Стэп’енам, які адзначыўся частымі зьменамі трэнэраў, сумніўнымі абменамі і пастановамі наконт драфтаў, а таксама нізкай наведвальнасьцю і фінансавымі стратамі.
У 2016 годзе «Кавальерз» выйгралі свой першы чэмпіянат НБА, што стала першым буйным спартовым дасягненьнем прадстаўніком «Кліўлэнду» з 1964 году. Перамога ў фінале над «Голдэн Стэйт Ўорыярз» стала першым выпадкам у гісторыі фіналаў, калі каманда здолела адгуляцца ў сэрыі зь ліку 3–1.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]«Кавальерз» пачалі гуляць у лізе ў сэзоне 1970—1971 гадоў як каманда пашырэньня[2]. Яны ўсталявалі рэкорды паводле колькасьці паразаў у кожным зь першых пяці сэзонаў, перш чым не фінішавалі першымі ў сваім дывізіёне ў 1976 годзе[3][4]. У той камандзе 1976 году гулялі Остын Кар, Бінга Сьміт, Джым Чоўнз, Дык Снайдэр, Нэйт Турманд, а пасаду галоўнага трэнэра займаў Біл Фітч[5]. Яна запомнілася «Цудам у Рычфілдзе», у якім «Кавальерз» перамаглі «Вашынгтон Булетс» зь лікам 4–3 у паўфінале Ўсходняй канфэрэнцыі[6]. Апошнюю гульню згаданай сэрыі «Кавальерз» перамаглі зь лікам 87:85 дзякуючы трапнаму кідку Снайдэра за чатыры сэкунды да канца[6]. Клюб упершыню прабіўся ў фінал канфэрэнцыі[6], але там яны апынуліся бяз Чоўнза, які зламаў палец на назе перад першым матчам сэрыі[7]. У выніку «Кавальерз» саступілі «Бостан Сэлтыкс» зь лікам 4:2[8]. У наступныя два сэзоны каманда трапляла ў плэй-оф, пасьля чаго ў іх пачаўся сэзон «засушы», які расьцягнуўся на шэсьць гадоў[9][10].

Пачатак 1980-х гадоў адзначыўся тым, што клюбам валодаў Тэд Стэп’ен. У час ягонага кіраваньня «Кавальерз» займелі традыцыю абменьваць будучыя выбары на драфте на вэтэранаў, які ўжо мелі невялікія паказьнікі ў статыстыцы[11]. Ягонай найбольш прыкметнай угодай быў абмен выбару ў першым раўндзе драфту 1982 году ў «Лос-Анджэлес Лэйкерз» на Дона Форда і 22-і агульны выбар драфту ў 1980 годзе[12]. У выніку Стэп’енавых угодаў НБА прасунула «Правіла Стэп’ена», якое забараняе камандам абменьвацца выбарамі першага раўнду драфту наступных сэзонаў[11][13]. Вынікі на пляцоўцы для «Кавальерз» былі благімі, яны таксама апусьціліся на дно лігі паводле наведвальнасьці і страцілі 15 мільёнаў даляраў за тры гады кіраваньня Стэп’ена[11]. За гэты час у «Кавальерз» зьмянілася шэсьць трэнэраў, у тым ліку чатыры цягам сэзону 1981—1982 гадоў[11]. Каманда скончыла сэзон з паказьнікам 15–67, а паміж сакавіком і лістападам 1982 году яна агулам мела сэрыю з 24 паразаў, што на той момант было самай працяглай сэрыяй паразаў у НБА[14][15]. Джордж і Гордан Ганд набылі «Кавальерз» у Стэп’ена ў 1983 годзе[13][16].
«Кавальерз» выходзілі ў плэй-оф 10 разоў паміж 1985 і 1998 гадамі[17]. Сэзон 1988—1989 гадоў стаў найлепшым сэзонам клюбу на той час, калі рэгулярны сэзон яны завяршылі з паказьнікам 57–25. Галоўным трэнэрам той дружыны быў Лені Ўілкенз[17][18]. Свой другі сэзон з 57 перамогамі яны згулялі ў 1991—1992 гадах і ў тым жа годзе дакрочылі да фіналу Ўсходняй канфэрэнцыі[17][19]. Аднак паміж 1999 і 2005 гадамі «Кавальерз» аніводнага разу ня здолелі патрапіць у плэй-оф[17]. Сэзон 2002—2003 гадоў клюб скончыў з паказьнікам 17–65, што было найгоршым паказьнікам у лізе[20]. «Кавальерз» мелі першы нумар драфту НБА 2003 году, абраўшы будучаю зорку лігі Леброна Джэймза[21]. 3 студзеня 2005 году каманда была прададзеная бізнэсоўцу Дэну Гілбэрту за 375 мільёнаў даляраў[22][23][24], і ўгода была закрытая 1 сакавіка 2005 году[25]. У тым жа годзе каманда таксама наняла галоўнага трэнэра Майка Браўна і генэральнага мэнэджара Дэні Фэры[26]. «Кавальерз» збудавалі каманду вакол Джэймза і Жыдрунаса Ілгаўскаса, дадаўшы да складу такіх гульцоў, як то Дру Гудэн, Лары Г’юз і Андэрсан Варажан[27][28]. Пад гэтым новым кіраўніцтвам «Кавальерз» пяць разоў запар прабіваліся ў плэй-оф з 2006 па 2010 гады, кожны раз выходзячы як найменш у другі раўнд[17]. «Кавальерз» 2006—2007 гадоў упершыню ў гісторыі франшызы прасунуліся ў фінал НБА, але саступілі ў ім «Сан-Антоніё Спэрз»[29][30]. Праз два гады каманда цягам сэзону здабыла рэкордныя для сябе 66 перамогаў, маючы паказьнік у хатніх матчах 39–2, аднак у фінале Ўсходняй канфэрэнцыі дружына зазнала паразу ад «Арланда Мэджык»[17]. Не зважаючы на тое, што да складу прыяднаўся чатырохразовы чэмпіён НБА Шакіл О’Ніл[31], «Кавальерз» у сэзоне 2009—2010 гадоў ня здолелі нават прабіцца ў фінал канфэрэнцыі, саступіўшы ў другім раўндзе «Бостан Сэлтыкс»[17].

Пасьля таго, як «Кавальерз» выбылі з плэй-оф, увага была сканцэнтраваная на Джэймзе, які стаў вольным агентам[32]. 8 ліпеня 2010 году ён абвесьціў у гадзінным спэцыяльным выпуску пад назовам «Пастанова», які трансьляваўся па нацыянальным тэлебачаньні, што падпіша кантракт з «Маямі Гіт»[33]. Гэтая заява разьюшыла многіх жыхароў Кліўлэнду і прывяла да таго, што заўзятары адчулі сябе здраджанымі[34]. Па сэзоне 2010—2011 гадоў з 19 перамогамі «Кавальерз» пачалі перабудову вакол Кайры Ірвінга, якога яны абралі пад першым нумарам на драфце НБА 2011 году[17][35]. У 2014 годзе Джэймз вярнуўся ў «Кавальерз» пасьля чатырох гадоў у Маямі. У той час як «Гіт» мелі паказьнік 224–88 за чатыры гады перабываньня там Джэймза, які стаў новым клюбам чэмпіёнам НБА ў 2012 і 2013 гадах, «Кавальерз» мелі паказьнік 97–215 і што сэзон былі па-за плэй-оф[36]. «Кавальерз» зрабілі некалькі крокаў, каб перабудаваць каманду, каб ператварыцца на дружыну, якая можа змагацца за чэмпіёнства. Галоўнай постацю зноў стаў Джэймза, а яшчэ адным прыкметным баскетбалістам каманды стаў Кевін Лаў, які перабраўся ў Кліўлэнд зь «Мінэсоты Тымбэрўулвз». У выніку трыё з Джэймзам, Лавам і Ірвінгам было ахрышчанае заўзятарамі і СМІ як «вялікая тройка»[37]. «Кавальерз» чатыры разы запар прабіваліся ў фінал з 2015 па 2018 гады, дзе ўсе гэтым разы супрацьстаялі «Голдэн Стэйт Ўорыярз». Пераможным годам быў толькі 2016-ы[17][38]. Чэмпіёнства 2016 году сталася першым у гісторыі франшызы, а таксама каманда была першай, яка здолела адгуляцца, саступаючы ў сэрыі 3–1[38]. Гэта быў таксама першы чэмпіёнскі тытул Кліўлэнда ў буйных прафэсійных відах спорту з часоў «Браўнс» у 1964 годзе, што паклала канец гэтак званаму спартоваму праклёну места[39].
Склад «Кавальерз» зьведаў шмат зьменаў у сэзоне 2017—2018 гадоў, найбольш прыкметным зь якіх быў абмен Ірвінга ў «Бостан Сэлтыкс» на Айзэю Томаса ды іншых гульцоў[40][41]. Пазьней Томас быў абменены ў «Лос-Анджэлес Лэйкерз» у рамках перагляду тэрмінаў абмену, у выніку якога «Кавальерз» дадалі Джордана Кларксана, Лары Нэнса-малодшага ды іншых да сваіх шыхтаў[42]. У наступные міжсэзоньне Джэймз адмовіўся ад клюбу, замест гэтага падпісаўшы кантракт з «Лэйкерз»[43]. У наступных двух сэзонах каманда мела толькі 19 перамогаў, наступствам чаго стала іхны брак у плэй-оф[17]. За першыя тры сэзоны па другім сыходзе Джэймза «Кавальерз» выйгралі ў агульнай складанасьці 60 гульняў, кожны сэзон не трапляючы ў плэй-оф і маючы чатырох розных галоўных трэнэраў. 26 сакавіка 2023 году клюб забясьпечыў сабе месца ў плэй-оф НБА, што стала першым такім вынікам з 2018 году. Гэта таксама быў першы раз з 1998 году, калі каманда прабілася ў плэй-оф ня маючы ў складзе Леброна Джэймза[44]. У выніку ў першым раўндзе яны саступілі ў сэрыі «Нью-Ёрк Нікс»[45].
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў
| «Кліўлэнд Кавальерз» у НБА | |||||
|---|---|---|---|---|---|
| Сэзон | В | П | А% | Плэй-оф | Вынікі |
| 1970—1971 | 15 | 67 | .183 | ||
| 1971—1972 | 23 | 59 | .280 | ||
| 1972—1973 | 32 | 50 | .390 | ||
| 1973—1974 | 29 | 53 | .354 | ||
| 1974—1975 | 40 | 42 | .488 | ||
| 1975—1976 | 49 | 33 | .598 | Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Кліўлэнд 4, Вашынгтон 3 Бостан 4, Кліўлэнд 2 |
| 1976—1977 | 43 | 39 | .524 | Прайгралі ў першым раўндзе | Вашынгтон 2, Кліўлэнд 1 |
| 1977—1978 | 43 | 39 | .524 | Прайгралі ў першым раўндзе | Нью-Ёрк 2, Кліўлэнд 0 |
| 1978—1979 | 30 | 52 | .366 | ||
| 1979—1980 | 37 | 45 | .451 | ||
| 1980—1981 | 28 | 54 | .341 | ||
| 1981—1982 | 15 | 67 | .183 | ||
| 1982—1983 | 23 | 59 | .280 | ||
| 1983—1984 | 28 | 54 | .341 | ||
| 1984—1985 | 36 | 46 | .439 | Прайгралі ў першым раўндзе | Бостан 3, Кліўлэнд 1 |
| 1985—1986 | 29 | 53 | .354 | ||
| 1986—1987 | 31 | 51 | .378 | ||
| 1987—1988 | 42 | 40 | .512 | Прайгралі ў першым раўндзе | Чыкага 3, Кліўлэнд 2 |
| 1988—1989 | 57 | 25 | .695 | Прайгралі ў першым раўндзе | Чыкага 3, Кліўлэнд 2 |
| 1989—1990 | 42 | 40 | .512 | Прайгралі ў першым раўндзе | Філадэлфія 3, Кліўлэнд 2 |
| 1990—1991 | 33 | 49 | .402 | ||
| 1991—1992 | 57 | 25 | .695 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Кліўлэнд 3, Нью-Джэрзі 2 Кліўлэнд 4, Бостан 3 Чыкага 4, Кліўлэнд 2 |
| 1992—1993 | 54 | 28 | .659 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Кліўлэнд 3, Нью-Джэрзі 2 Чыкага 4, Кліўлэнд 0 |
| 1993—1994 | 47 | 35 | .573 | Прайгралі ў першым раўндзе | Чыкага 3, Кліўлэнд 0 |
| 1994—1995 | 43 | 39 | .524 | Прайгралі ў першым раўндзе | Нью-Ёрк 3, Кліўлэнд 1 |
| 1995—1996 | 47 | 35 | .573 | Прайгралі ў першым раўндзе | Нью-Ёрк 3, Кліўлэнд 0 |
| 1996—1997 | 42 | 40 | .512 | ||
| 1997—1998 | 47 | 35 | .573 | Прайгралі ў першым раўндзе | Індыяна 3, Кліўлэнд 1 |
| 1998—1999 | 22 | 28 | .440 | ||
| 1999—2000 | 32 | 50 | .390 | ||
| 2000—2001 | 30 | 52 | .366 | ||
| 2001—2002 | 29 | 53 | .354 | ||
| 2002—2003 | 17 | 65 | .207 | ||
| 2003—2004 | 35 | 47 | .427 | ||
| 2004—2005 | 42 | 40 | .512 | ||
| 2005—2006 | 50 | 32 | .610 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Вашынгтон 4:2 Дэтройт 3:4 |
| 2006—2007 | 50 | 32 | .610 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале НБА | Вашынгтон 4:0 Нью-Джэрзі 4:2 Дэтройт 4:2 Сан-Антоніё 0:4 |
| 2007—2008 | 45 | 37 | .549 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Вашынгтон 4:2 Бостан 3:4 |
| 2008—2009 | 66 | 16 | .805 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Дэтройт 4:0 Атланта 4:0 Арланда 2:4 |
| 2009—2010 | 61 | 21 | .744 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Чыкага 4:1 Бостан 2:4 |
| 2010—2011 | 19 | 63 | .232 | ||
| 2011—2012 | 21 | 45 | .318 | ||
| 2012—2013 | 24 | 58 | .293 | ||
| 2013—2014 | 33 | 49 | .402 | ||
| Усяго | 1660 | 1976 | .457 | ||
| Плэй-оф | 70 | 78 | .473 | ||
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://apnews.com/article/kenny-atkinson-cavaliers-coach-contract-cd0fbd70a6dd622d0582d7892a240b34
- ↑ Lubinger, Bill (06.2010) It was 40 years ago that the Cleveland Cavaliers prepared for their first NBA draft. cleveland. Архіўная копія ад 08.2020 г.
- ↑ Cavaliers Are Defensively Oriented For Playoff Spot. Newspapers.com (03.1975). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Cavaliers Reach Lofty Plateau. Newspapers.com (04.1976). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Chenier's scoring outburst overdue. Newspapers.com (04.1976). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- 1 2 3 First thought was to pass, says Snyder. Newspapers.com (04.1976). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Cavs-Celts series looks like a parade of wounded. Newspapers.com (05.1976). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Pluto, Terry (03.2016) Cleveland Cavaliers celebrate Miracle of Richfield — close your eyes and you can still hear the cheers: Terry Pluto (video). Cleveland.com. Архіўная копія ад 11.2017 г.
- ↑ Kings Aid Cavaliers to Playoff Spot. Newspapers.com (04.1977). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Cavs rely on defense. Newspapers.com (04.1978). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- 1 2 3 4 Ted Stepien, N.B.A. Owner, Is Dead at 82. The New York Times (09.2007). Архіўная копія ад 03.2014 г.
- ↑ Big-time swaps. Newspapers.com (02.1980). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- 1 2 Zegers, Charlie (03.2017) About the Ted Stepien Rule. thoughtco.com. Архіўная копія ад 11.2017 г.
- ↑ Bird, Parish help keeps Celts undefeated. Newspapers.com (11.1982). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Warrior slump persists. Newspapers.com (11.1982). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Gund brothers end Stepien's reign. Newspapers.com (04.1982). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Cleveland Cavaliers Franchise Index. Basketball-Reference.com. Архіўная копія ад 11.2017 г.
- ↑ NBA Standings, Box Scores, Leaders. Newspapers.com (04.1989). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Bulls hold on to defeat Cavaliers Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Cleveland, Denver top LeBron lottery. Newspapers.com (04.2003). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ LeBron era begins. Newspapers.com (06.2003). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Bielik, Tim (04.2021) Dan Gilbert acquires former owner Gordon Gund's minority share of Cleveland Cavaliers. cleveland. Архіўная копія ад 04.2021 г.
- ↑ Gund Gets $375 Million in Sale of the Cavaliers. Los Angeles Times (01.2005). Архіўная копія ад 01.2022 г.
- ↑ Dan Gilbert Confirms Contract Has Been Signed to Purchase Cleveland Cavaliers Basketball Team; Rights to Operate Gund Arena. NBA.com (01.2005). Архіўная копія ад 01.2022 г.
- ↑ NBA Approves Purchase of Cleveland Cavaliers by Investor Group Led by Quicken Loans Founder Dan Gilbert. NBA.com (03.2005). Архіўная копія ад 01.2022 г.
- ↑ Pluto, Terry (05.2017) Mike Brown’s strange trip to NBA Finals. cleveland. Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ A look back at LeBron James' supporting casts through the years. NBA.com (10.2018). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Stein, Marc (08.2006) Gooden signs three-year, $23M deal with Cavaliers. ESPN.com. Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Basketball: San Antonio Spurs sweep Cleveland Cavaliers to claim a third NBA title in five years. The Guardian (06.2007). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Decade of Dominance: LeBron James' first Finals run in Cleveland. www.nba.com. Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Windhorst, Brian (06.2009) Cavs reportedly reach deal for Shaquille O'Neal. cleveland. Архіўная копія ад 11.2020 г.
- ↑ Windhorst, Brian (07.2010) The LeBron free agency: Breaking down how the NBA’s MVP and the Cleveland Cavaliers got to this moment. Plain Dealer. Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Stableford, Dylan (07.2010) ESPN's Disgraceful LeBron James 'Decision'. TheWrap.com. Архіўная копія ад 11.2017 г.
- ↑ Plain Dealer (07.2010) GONE! LeBron James and 'The Decision'. cleveland. Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Cavs take Irving at No. 1; Williams goes No. 2. ESPN.com (06.2011). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ LeBron to Cleveland: I'm coming home. Chicago Tribune (07.2014). Архіўная копія ад 11.2018 г.
- ↑ Golliver, Ben Did Cavs, Sixers or Wolves score highest grade in Love deal? // Sports Illustrated.
- 1 2 Cacciola, Scott. Cavaliers Defeat Warriors to Win Their First N.B.A. Title // The New York Times, 06.2016 г. Архіўная копія ад 07.2016 г.
- ↑ Haynes, Chris (06.2016) The curse is over: Cavs win the NBA championship. cleveland. Архіўная копія ад 10.2020 г.
- ↑ NBA trade deadline 2018: Cavs roster looks unrecognizable after blockbuster deals. CBSSports.com (02.2018). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Isaiah Thomas reveals reaction to being traded from Boston Celtics to Cleveland Cavaliers. www.nba.com. Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Chavez, Chris Cavaliers trade Isaiah Thomas to Lakers // Sports Illustrated.
- ↑ Stein, Marc; Cacciola, Scott. LeBron James Joining Lakers on 4-Year $154 Million Deal // The New York Times, 07.2018 г. Архіўная копія ад 11.2020 г.
- ↑ Cavs clinch playoff spot with dominant 108-91 win over Houston Rockets. cleveland.com (03.2023). Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ Knicks advance to second round, down Cavs 106-95 in Game 5. AP News (04.2023). Архіўная копія ад 01.2024 г.
