Мінэсота Тымбэрўулвз
| Мінэсота Тымбэрўулвз | |||
| Заснаваны | 1989 | ||
|---|---|---|---|
| Месцазнаходжаньне | Мінэапаліс, Мінэсота, ЗША | ||
| Арэна | Таргет Цэнтар | ||
| Галоўны трэнэр | |||
| Чэмпіянат | Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя | ||
| Форма | |||
| Клюбныя колеры | |||
|
| |||
| Спасылкі | |||
| Афіцыйная бачына | |||
«Мінэсо́та Тымбэрўу́лвз» (па-ангельску: Minnesota Timberwolves) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Каманда была заснаваная падчас пашырэньня лігі ў 1989 годзе, а свае хатнія матчы ладзіць у Мінэапалісу ў Таргет Цэнтры з 1990 году[2]. У 2025 годзе франшыза была перададзеныя новым уладальнікам за 1,5 мільярды даляраў[3]. Першыя сэзоны каманды былі няўдалымі, але пасьля прыходу ў каманду Кевіна Гарнэта, «Тымбэрўулвз» кваліфікавалася ў плэй-оф восем сэзонаў запар з 1997 па 2004 гады. «Тымбэрўулвз» перажыў адраджэньне ў 2020-х гадах, дзякуючы выбару Энтані Эдўардса пад першым нумарам драфту ў 2020 годзе і наймам галоўнага трэнэра Крыса Фінча ў 2021 годзе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Каманда НБА вярнуўся ў Мінэапаліс у 1989 годзе пасьля таго, як «Мінэапаліс Лэйкерз» пераехалі ў Лос-Анджэлес у 1960 годзе[4][5]. 22 красавіка 1987 году НБА перадала права на стварэньне адной з чатырох новых камандаў пашырэньня Гарві Ратнэру і Марву Ўулфэнсану. Перад тым, як «Лэйкерз» зьехалі з гораду і перад стварэньнем «Тымбэрўулвз» у горадзе існавалі дзьве каманды, якія спаборнічалі ў чэмпіянаце Амэрыканскай баскетбольнай асацыяцыі, як «Мінэсота Маскіс» ў 1967—1968 гадах і «Мінэсота Пайпэрз» у 1968—1969 гадах. 15 чэрвеня 1989 году быў зладжаны адмысловы драфт пашырэньня, каб разьмеркаваць гульцоў паміж «Тымбэрўулвз» і яшчэ адной новай каманай «Арланда Мэджык»[6]. Каманда абрала форварда «Дэтройт Пістанз» Рыка Магорна ў першым раўндзе. Толькі здабыўшы чэмпіёнскі тытул НБА і незадаволены пэрспэктывай гуляць за новую каманду, Магорн адмовіўся зьяўляцца на трэнаваньнях каманды, таму перад самым пачаткам сэзону ён быў абменены ў «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз»[7].
«Тымбэрўулвз» дэбютавалі 3 лістапада 1989 году, прагуляўшы «Сіетл Супэрсонікс» на выезьдзе зь лікам 106:94[8]. Празь пяць дзён яны дэбютавалі ўдома на арэне Губэрт Г. Гамфры Мэтрадом, прагуляўшы «Чыкага Булз» зь лікам 96:84[9]. Праз два дні, то бок 10 лістапада, «Ўулвз» атрымалі сваю першую перамогу, абгуляўшы на хатняй пляцоўцы «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз» зь лікам 125:118. Каманда, лідэрам якой стаў Тоні Кэмпбэл, які зьбіраў 23,2 пунктаў за гульню, дасягнулі паказьнікам 22–60, заняўшы шостае месца ў сваім дывізіёне. Не зважаючы на вялікую колькасьць паразаў, «Тымбэрўулвз» усталявалі рэкорд НБА паводле наведвальнасьці, сабраўшы больш за 1 мільён заўзятараў на сваіх хатніх гульнях[10]. На апошняй хатняй сустрэчы супраць «Дэнвэр Нагетс» прысутнічаў 49 551 гледач[11]. У наступным сэзоне каманда пераехала на сталы час у Таргет Цэнтар, але вынікі не палепшыліся. У дружыны зьмяняліся трэнэры, але першыя сэзоны колькасьць паразаў значна перавыўала колькасьць перамогаў. Паколькі «Ўулвз» працягвалі няўдалыя сэзоны, Ратнэр і Ўулфэнсан ледзь не прадалі каманду ў Новы Арлеан у 1994 годзе, але ўладальнікі НБА адхілілі прапанову. У рэшце рэшт, клюб быў прададзены Глену Тэйлару.

На драфце НБА 1995 году «Тымбэрўулвз» абралі ў першым раўндзе выдатнага гульца Кевіна Гарнэта[12], а таксама прызначылі галоўным трэнэрам Фліпа Сондэрза ды зрабілі яшчэ некалькі набыткаў. У 1996 годзе «Ўулвз» дадалі яшчэ аднаго зорнага гульца на драфце, абмяняўшы Рэя Алена ў «Мілўокі Бакс» за правы на Стэфана Марбэры. Далучэньне Марбэры станоўча паўплывала на ўсю каманду, бо Гарнэт і Том Гульёта сталі першымі з «Ўулвз», каго абралі ў зборную ўсіх зорак. Гульёта і Гарнэт былі лідэрамі каманды паводле колькасьці назьбіраных пунктаў, а каманда ўпершыню ў гісторыі франшызы трапіла ў плэй-оф з паказьнікам 40–42. Тым ня менш, у плэй-оф мінэсотаўцы хутка выбылі з турніру, саступіўшы «Г’юстан Рокетс» у трох гульнях запар[13]. У 1997 годзе Гарнэт і Марбэры зарэкамендавалі сябе як дзьве найярчэйшыя ўзыходныя зоркі НБА. Гарнэт зьбіраў у сярэднім 18,5 пунктаў за гульню і рабіў 9,6 падбораў, а Марбэры вызначаўся 17,7 пунктамі за гульню і аддаваў 8,6 перадач. «Тымбэрўулвз» другі сэзон запар прабіліся ў плэй-оф, але зноў былі выбітыя ў першым раўндзе. У 1998 годзе, праз год пасьля падпісаньня з Гарнэтам шасьцігадовага кантракту на 126 мільёнаў даляраў, клюб адпусьціў Гульёту, але таксама страціў у сярэдзіне сэзону Марбэры. У пагадненьні з трыма камандамі «Ўулвз» наўзамен атрымалі Тэрэла Брэндана і выбар у першым раўндзе драфту 1999 году. У 2000 годзе кантракт з вольным агентам Джо Сьмітам быў ануляваны НБА, якая пастанавіла, што «Тымбэрўулвз» парушылі належную працэдуру пры складаньні працоўнага пагадненьня. Ліга пазбавіла каманду таксама пяці выбараў на драфце, але ў рэшце рэшт іхняя колькасьць была скарочана да трох выбараў у першым раўндзе. Ліга таксама аштрафавала «Тымбэрўулвз» на 3,5 мільёны даляраў і адхіліла генэральнага мэнэджара Кевіна Макгэйла на адзін год. Сьміт падпісаў кантракт з «Дэтройт Пістанз», а зноў узгодніў дамову з «Тымбэрўулвз» у 2001 годзе.
Сэзон 2002—2003 гадоў, здавалася, быў для каманды ўдалым. Гарнэт згуляў выдатны сэзон, заняўшы другое месца ў галасаваньні за найлепшага гульца лігі, маючы 23,0 пунктаў і 13,4 падбораў за гульню, а клюб заняў трэці радок з паказьнікам 51–31. У выніку яны сустрэліся з трохразовым дзейным чэмпіёнам «Лос-Анджэлес Лэйкерз», маючы перавагу хатняй пляцоўкі. У рэшце рэшт, «Тымбэрўулвз» выбылі ў першым раўндзе плэй-оф сёмы год запар[14]. У 2003 годзе Роб Бэбкак быў павышаны да віцэ-прэзыдэнта. Ён і генэральны мэнэджар Кевін Макгэйл зрабілі сэрыю моцных крокаў у міжсэзоньні, спрабуючы дапамагчы камандзе пераадолець цяжкасьці і прабіцца далей за першы раўнд плэй-оф. Яны зьдзейсьнілі важныя абмены і набыцьці, у выніку чаго клюб завяршыў сэзон з паказьнікам 58–24. Гарнет згуляў свой найлепшы сэзон, стаўшы самым каштоўным гульцом лігі[15]. У плэй-оф яны пераадолелі першы раўнд, узяўшы перамогу ў сэрыі супраць «Дэнвэр Нагетс», а затым перамаглі «Сакрамэнта Кінгс» у цяжкай барацьбе ў сямі гульнях, упершыню трапіўшы ў фінал Заходняй канфэрэнцыі. Пераможная хада «Тымбэрўулвз» скончылася ў фінале канфэрэнцыі, калі каманда саступіла «Лос-Анджэлес Лэйкерз».
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў
| «Мінэсота Тымбэрўулвз» у НБА | |||||
|---|---|---|---|---|---|
| Сэзон | В | П | А% | Плэй-оф | Вынікі |
| 1989—1990 | 22 | 60 | .268 | ||
| 1990—1991 | 29 | 53 | .354 | ||
| 1991—1992 | 15 | 67 | .183 | ||
| 1992—1993 | 19 | 63 | .232 | ||
| 1993—1994 | 20 | 62 | .244 | ||
| 1994—1995 | 21 | 61 | .256 | ||
| 1995—1996 | 26 | 56 | .317 | ||
| 1996—1997 | 40 | 42 | .488 | Прайгралі ў першым раўндзе | Г’юстан 3, Мінэсота 0 |
| 1997—1998 | 45 | 37 | .549 | Прайгралі ў першым раўндзе | Сіетл 3, Мінэсота 2 |
| 1998—1999 | 25 | 25 | .500 | Прайгралі ў першым раўндзе | Сан-Антоніё 3, Мінэсота 1 |
| 1999—2000 | 50 | 32 | .610 | Прайгралі ў першым раўндзе | Портлэнд 3, Мінэсота 1 |
| 2000—2001 | 47 | 35 | .573 | Прайгралі ў першым раўндзе | Сан-Антоніё 3, Мінэсота 1 |
| 2001—2002 | 50 | 32 | .610 | Прайгралі ў першым раўндзе | Далас 3, Мінэсота 0 |
| 2002—2003 | 51 | 31 | .622 | Прайгралі ў першым раўндзе | Лэйкерз 4, Мінэсота 2 |
| 2003—2004 | 58 | 24 | .707 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Дэнвэр 4:1 Сакрамэнта 4:3 Лэйкерз 2:4 |
| 2004—2005 | 44 | 38 | .537 | ||
| 2005—2006 | 33 | 49 | .402 | ||
| 2006—2007 | 32 | 50 | .390 | ||
| 2007—2008 | 22 | 60 | .268 | ||
| 2008—2009 | 24 | 58 | .293 | ||
| 2009—2010 | 15 | 67 | .183 | ||
| 2010—2011 | 17 | 65 | .207 | ||
| 2011—2012 | 26 | 40 | .394 | ||
| 2012—2013 | 31 | 51 | .378 | ||
| 2013—2014 | 40 | 42 | .488 | ||
| Рэгулярны сэзон | 802 | 1200 | .401 | ||
| Плэй-оф | 17 | 30 | .362 | ||
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://www.nba.com/news/saunders-out-head-coach-replacement-reportedly-en-route-for-reeling-timberwolves
- ↑ Minnesota Timberwolves. Target Center. Архіўная копія ад 11.2021 г.
- ↑ Wald, Jeff (25.06.2025) Marc Lore on buying Timberwolves: ‘We’re never moving the team’. Yahoo Sports.
- ↑ Rippel, Joel (05.2024) Why did the Minneapolis Lakers basketball team move to Los Angeles?. Star Tribune.
- ↑ MANY HAPPY RETURNS // Sports Illustrated Vault Архіўная копія ад 14.06.2023 г.
- ↑ Mahorn Tops Timberwolves' Expansion Selections | Minnesota Timberwolves. NBA.
- ↑ Mahorn Traded to 76ers // The New York Times, 28.10.1989 г.
- ↑ Minnesota Is Back in NBA, 29 Years After Lakers Leave. Los Angeles Times (01.03.1989).
- ↑ Madison, Eric in (24.11.2018) Remember When… The Wolves Played Their First Ever Home Game?. Canis Hoopus.
- ↑ The Association for Professional Basketball Research. APBR. Архіўная копія ад 07.2017 г.
- ↑ 1989-90 Minnesota Timberwolves Roster and Stats. Basketball-Reference.com. Архіўная копія ад 04.2013 г.
- ↑ 1995 NBA Draft. Basketball-Reference.com (06.1995). Архіўная копія ад 09.2018 г.
- ↑ 1996-97 Minnesota Timberwolves Roster and Stats. Basketball-Reference.com. Архіўная копія ад 04.2013 г.
- ↑ PLAYOFFS 2003. NBA. Архіўная копія ад 11.2018 г.
- ↑ 2003-04 Minnesota Timberwolves Roster and Stats. Basketball-Reference.com. Архіўная копія ад 01.2019 г.
