Перайсьці да зьместу

Атланта Гокс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Атланта Гокс

Заснаваны 1946
Месцазнаходжаньне Атланта, Джорджыя, ЗША
Арэна Стэйт-Фарм Арэна
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя
Форма
Клюбныя колеры              


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Хатняя


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Выязная
Спасылкі
Афіцыйная бачына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

«Атла́нта Гокс» (па-ангельску: Atlanta Hawks) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Каманда была заснаваная ў 1946 годзе. Клюб месьціцца ў горадзе Атланце, штат Джорджыя. Паходжаньне каманды прасочваецца да каманды 1946 году, якая паўстала ў Бафала з штату Нью-Ёрк. Тады яна называлася «Бафала Бізанз» і спаборнічала ў Нацыянальнай баскетбольнай лізе. Ужо хутка каманда пераехала ў Молін штату Іліной, дзе была перайменаваная ў «Трай-Сіціз Блэкгокс»[2]. У 1949 годзе яны далучыліся да НБА ў рамках зьліцьця паміж лігамі. У наступныя гады каманда разьмяшчалася ў Мілўокі і Сэнт-Луісе. Час у Сэнт-Луісе быў самым пасьпяховым у гісторыі каманды, бо дружына чатыры разы трапляла ў фіналы НБА ў 1957, 1958, 1960 і 1961 гадах. Ува ўсіх гэтых фіналах клюб супрацьстаяў «Бостан Сэлтыкс», і толькі аднойчы ў 1958 годзе «Гокс» здолелі разжыцца перамогай у чэмпіянаце. 3 траўня 1968 году «Гокс» пераехалі ў Атланту. З пасьпяховых часоў пачатку 1960-х гадоў каманда 48 гадоў не давала рады, каб прасунуцца далей за другі раўнд плэй-оф, пакуль дружына не прабілася ў паўфінал канфэрэнцыі ў 2015 годзе. У час паміж 2008 і 2017 гадамі атланцкі клюб кожны сэзон кваліфікаваўся ў плэй-оф НБА.

Паходжаньне «Атланты Гокс» можна прасачыць да франшызы «Бафала Бізанз», якая была заснаваная ў 1946 годзе. «Бізанз» былі сябрамі Нацыянальнай баскетбольнай лігі (НБЛ) і ладзілі свае хатнія гульні ў Бафала-Мэмарыял-Аўдыторыюм. Клюб быў зафундаваны Лео Фэрысам і Амэрыканскім легіёнам акругі Эры. Галоўным трэнэрам той каманды быў Нэт Гікі[3]. Каманда, якой трэба было прыцягваць 3600 заўзятараў за гульню, каб дасягнуць бясстратнасьці, зь цяжкасьцю прыцягвала нават 1000 заўзятараў за матч. Франшыза праіснавала ўсяго 38 дзён, згуляўшы толькі 13 гульняў, у Бафала, а 25 сьнежня 1946 году Фэрыс, генэральны мэнэджар і суўладальнік каманды, абвесьціў, што клюб пераедзе ў Молін штату Іліной, які на той час утвараў вялікую аглямэрацыю з гарадамі Рок-Айлэнд з штату Іліною і Дэвэнпортам з штату Аёва[4]. Суўладальнікам каманды стаў Бэн Кернэр[2].

Пераможны склад «Сэнт-Луіс Гокс» 1958 году.

Па пераезьдзе каманда была перайменаваная ў «Трай-Сіціз Блэкгокс», гуляючы хатнія матчы на молінскай арэне на 6 тысяч месцаў[5]. Падчас існаваньня каманды пад назовам «Блэкгокс» яна таксама называлася як «Трай-Сіці Блэкгокс» і «Квад-Сіці Блэкгокс»[6]. У 1949 годзе клюб стаў адным з 17 першапачатковых камандаў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі па зьліцьці 12-гадовай НБЛ і трохгадовай Баскетбольнай асацыяцыі Амэрыкі. Яны трапілі ў плэй-оф у першы год НБА пад кіраўніцтвам трэнэра Рэда Аўэрбаха. У наступным сэзоне каманда абрала на драфце Боба Кузі, але кіраўніцтва ня здолела дасягнуць зь ім складаньня ўгоды, у выніку чаго гулец быў абменены ў «Чыкага Стэгс». Ужо хутка стала відавочна, што раён Трай-Сіціз занадта малы, каб утрымліваць каманду НБА. У 1951 годзе франшыза зьмяніла места яшчэ раз, пераехаўшы ў Мілўокі і ўзяўшы назву «Мілўокі Гокс». У 1954 годзе «Гокс» абралі на драфце Боба Пэтыта, які ў будучыні стаў самым каштоўным гульцом НБА. Базуючыся ў Вісконсіне клюб быў адной з найгоршых камандаў лігі, у выніку ўжо ў 1955 годзе «Гокс» зноў зьмянілі горад, на гэты раз трапіўшы ў Сэнт-Луіс, абраўшы назву «Сэнт-Луіс Гокс». Мілўокі заставаўся без каманды НБА да 1968 году, калі баскетбол вярнуўся ў горад зь «Мілўокі Бакс». У 1956 годзе Пэтыт упершыню ў сваёй кар’еры атрымаў узнагароду Самага каштоўнага гульца лігі. Клюб абраў Біла Расэла ў першым раўндзе драфту, але ён адразу быў абменены ў «Бостан Сэлтыкс» на Кліфа Гэйгана і Эда Маколі[7][8][9]. У 1957 годзе «Гокс» трапілі ў фінал НБА, дзе ў зацятай барацьбе саступіў «Сэлтыкс», якіх да перамогі прывёў Аўэрбах. Ужо праз год афіша фіналу паўтарылася, але гэтым разам «Гокс» сьвяткавалі перамогу ў сэрыі, а Пэтыт назьбіраў 50 пунктаў у фінальнай гульні сэрыі. У 1960 і 1961 гадах каманда зноў дасягала фіналу лігі.

Боб Пэтыт у 1961 годзе.

Не зважаючы на посьпех, Кернэр стаміўся ад хатняга стадыёна Кіл-Аўдыторыюм. 33-гадовая арэна была ўжо занадта састарэлай і магла ўмяшчасьць усяго толькі 10 тысяч гледачоў. «Гокс» часам прымалі больш моцных супернікаў на большай Сэнт-Луіс Арэне, але Кернэр не жадаў перавозіць туды каманду на сталы час праз адкладзены рамонт, які ўсё не пачынаўся да 1967 году, калі арэна нарэшце была адрамантаваная дзеля пераезду туды клюбу «Сэнт-Луіс Блюз» з Нацыянальнай хакейнай лігі. У пачатку 1967 году ўладальнік ненадоўга выставіў «Гокс» на продаж[10]. Адным з удзельнікаў перамоваў аб набыцьці франшызы была група з Новага Арлеану на чале з будучым вядучым ток-шоў Мортанам Даўні-малодшым. Угода сарвалася, і празь месяц каманда была зьнятая з рынку[11][12]. Усё ж такі празь нейкі час клюб быў прададзены, а новыя ўладальнікі перавезьлі каманду ў Атланту, дзе «Гокс» пачалі сэзон 1968—1969 гадоў[13]. Праз гады па пераезьдзе атлантаўцы прадэманстравалі таленавітую каманду, у якой гулялі Піт Маравіч і Лу Гадсан. Аднак пасьля неблагога адрэзка каманда перажыла некалькі гадоў перабудовы.

Квіток на матч «Атланты Гокс» супраць «Шарлот Горнэтс» у 1988 годзе.

Бізнэсовец у сфэры кабэльных сетак ды ўладальнік бэйсбольнага клюбу «Атланта Брэйвэз» Тэд Тэрнэр выкупіў каманду ў 1977 годзе і наняў Г’юбі Браўна галоўным трэнэрам[14]. «Гокс» былі адзінай камандай НБА на Глыбокім Поўдні, гэтак жа як «Атланта Брэйвэз» была адзінай камандай МЛБ у рэгіёне цягам многіх гадоў менавіта дзякуючы Тэрнэру. У сэзоне 1979—1980 гадоў «Гокс» скончылі сэзон з паказьнікам 50–32, стаўшы першым у Цэнтральным дывізіёне. У 1982 годзе франшыза набыла суперзорку Дамініка Ўілкінза, які быў выпускніком Унівэрсытэту Джорджыі[15]. Праз падзеньне наведвальнасьці 12 хатніх гульняў у сэзоне 1984—1985 гадоў былі згуляныя ў Новым Арлеане. З 1985 па 1989 гады «Гокс» былі сярод фаварытаў лігі, дасягаючы 50-і перамог і больш у кожным сэзоне. У сэзоне 1986—1987 гадоў яны сталі найлепшымі ў сваім дывізіёне з паказьнікам 57–25, што стала рэкордам франшызы, які пратрымаўся да сэзону 2014—2015 гадоў. Аднак каманда не давала рады ў плэй-оф, ня здолеўшы ў гэты гады прабіцца далей за паўфінал канфэрэнцыі, саступаючы «Бостан Сэлтыкс» і «Дэтройт Пістанз». «Гокс» абралі Стэйсі Огмана пад сваім дзявятым агульным нумарам на драфце НБА 1991 году. Гэты баскетбаліст адразу ж трапіў у першую зборную ўсіх пачаткоўцаў. Аднак у тым жа сэзоне Ўілкінс выбыў у сярэдзіне сэзону праз траўму, праз што каманда ня трапіла ў плэй-оф. У 1992 годзе «Гокс» набылі абаронцу Мукі Блэйлака зь «Нью-Джэрзі Нэтс». Ён сем гадоў гуляў за атланцкі клюб, стаўшы лідэрам у камандзе паводле колькасьці перахопаў мячоў і трохпунктавых кідкоў, а таксама браў удзел у Матчы ўсіх зорак 1994 году. У сэзоне 1993—1994 гадоў «Гокс» здабылі перамогу ў 57 гульнях, паўтарыўшы камандны рэкорд. Аднак каманда зноў не дацягнула да посьпеху ў плэй-оф, саступіўшы пятаму сеянаму «Індыяне Пэйсэрз» у паўфінале Ўсходняй канфэрэнцыі ў шасьці гульнях.

У 1996 годзе выбітны цэнтар-блякавальнік Дыкембэ Мутомба падпісаў з «Гокс» пяцігадовы кантракт на 55 мільёнаў даляраў. Прыкладна ў гэты час было пастаноўлена, што тагачасную арэну Омні трэба замяніць новай арэнай. Омні быў распрацаваны з устойлівай да атмасфэрных узьдзеяньняў сталі, якая павінна была іржавець і ўтвараць ушчыльненьне вакол арэны, каб яна магла праслужыць дзесяцігодзьдзі. Аднак праектоўшчыкі і архітэктары не ўлічылі вільготны субтрапічны клімат Атланты. У выніку выкарыстаная сталь ніколі не пераставала іржавець, у выніку чаго арэна выглядала састарэлай, не зважаючы на век у 25 гадоў. Новая арэна для «Гокс», якая таксама адразу плянавалася для новай каманды НХЛ «Атланты Трэшэрз», была пабудаваная на тым жа месцы, дзе стаяла старая. Філіпс Арэна пачала працаваць перад сэзонам 1999—2000 гадоў.

В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў

  1. ↑ https://www.espn.com/nba/story/_/id/35742035/sources-quin-snyder-gets-5-year-deal-coach-hawks
  2. 1 2 Markazi, Arash. Long-forgotten Leo Ferris helped devise NBA's 24-second clock, first used 61 years ago today // ESPN, 10.2015 г. Архіўная копія ад 02.2022 г.
  3. ↑ Buffalo Joins the Major Leagues // Buffalo Courier-Express, 11.1946 г. Архіўная копія ад 02.2021 г.
  4. ↑ Wagner, Andrew. Long Before The Bucks Were Born, Milwaukee Was Home Of The Hawks // 06.2021 г. Архіўная копія ад 11.2023 г.
  5. ↑ Franchise History. NBA Media Ventures, LLC. Архіўная копія ад 10.2013 г.
  6. ↑ Tricities Blackhawks. nbahoopsonline.com.
  7. ↑ NBA.com: Bill Russell Bio. NBA.com. Архіўная копія ад 05.2016 г.
  8. ↑ Ben Kerner. Basketball-Reference.com. Архіўная копія ад 06.2020 г.
  9. ↑ Bill Russell. Basketball-Reference.com. Архіўная копія ад 07.2008 г.
  10. ↑ Hawk quint is for sale // Spokane Daily Chronicle, 01.1967 г. Архіўная копія ад 01.2022 г.
  11. ↑ Beck, Bill Kerner Takes Hawks Off Market After 29-Day Period.
  12. ↑ Hawk team off market // Spokane Daily Chronicle, 02.1967 г. Архіўная копія ад 11.2021 г.
  13. ↑ Aiello, Thomas 'You're in the South Now, Brother': The Atlanta Hawks and Race, 1968-1970 // Georgia Historical Quarterly. — 2014. — Т. 98. — № 3.
  14. ↑ Turner buys the Hawks, Day After Baseball Ban. The New York Times (01.1977). Архіўная копія ад 06.2020 г.
  15. ↑ Legends profile: Dominique Wilkins. NBA.com. Архіўная копія ад 06.2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]