Перайсьці да зьместу

Дэнвэр Нагетс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дэнвэр Нагетс

Заснаваны 1967
Месцазнаходжаньне Дэнвэр, Каларада, ЗША
Арэна Бол-Арэна
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя
Форма
Клюбныя колеры              


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Хатняя


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Выязная
Спасылкі
Афіцыйная бачына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

«Дэ́нвэр На́гетс» (па-ангельску: Denver Nuggets) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Каманда была заснаваная ў 1967 годзе. Клюб месьціцца ў горадзе Дэнвэры, штат Каларада. Каманда была заснаваная у 1967 годзе як франшыза Амэрыканскай баскетбольнай асацыяцыі (АБА), маючы спачатку назву «Рокетс» перад пачаткам першага сэзону[1]. 7 жніўня 1974 году «Рокетс» зьмянілі сваю назву на «Нагетс» дзеля засьцярогі для пераходу сваёй франшызы з АБА ў НБА[2], бо ў іншай лізе гуляла каманда «Г’юстан Рокетс». Па зьмене назвы каманда стала апошнім пераможцам АБА ў 1976 годзе. Дружына далучылася да НБА ў 1976 годзе па зьліцьці АБА і НБА і кваліфікавалася ў плэй-оф НБА цягам дзевяці сэзонаў запар у 1980-х гадах і дзесяці сэзонаў запар з 2004 па 2013 гады. У 2023 годзе «Нагетс» з зорнымі Нікалам Ёкічам і Джамалам Мюрэям упершыню трапілі ў фінал НБА, дзе перамаглі «Маямі Гіт», упершыню ў гісторыі стаўшы пераможцам лігі. Свае хатнія матчы каманда ладзіць на Бол-Арэне[3], якую яны дзеляць з клюбам «Каларада Эвэланш» з Нацыянальнай хакейнай лігі.

Гісторыя цяперашняй франшызы бярэ свой пачатак у 1967 годзе, калі адная з франшызаў Амэрыканскай баскетбольнай асацыяцыі (АБА) была перададзена групе гульцоў з Канзас-Сіці на чале з паўднёвакаліфарнійскім бізнэсоўцам Джэймзам Трындлам. Аднак Трындл ня здолеў знайсьці трапную арэну ў раёне Канзас-Сіці, камісар лігі Джордж Майкан прапанаваў перанесьці каманду ў Дэнвэр, што і было зроблена.

Байран Бэк у складзе «Дэнвэр Рокетс».

Гуляючы на арэне Дэнвэр-Аўдыторыюм, «Дэнвэр Рокетс» адразу займелі посьпехі і моцную падтрымку[4]. Спачатку ў дэнвэрскай дружыны быў моцны склад з Байранам Бэкам і Лары Джонзам, а пазьней да клюбу далучыўся Ральф Сымпсан. Лоні Райт з «Дэнвэр Бронкас» з Амэрыканскай футбольнай лігі падпісаў кантракт з «Рокетс» у тым першым сэзоне, стаўшы першым прафэсійным гульцом, які адначасна гуляў у амэрыканскі футбол і баскетбол у адным сэзоне. Райт гуляў у Дэнвэры агулам чатыры сэзоны[4]. Скандальны пачатковец Спэнсэр Гэйўуд далучыўся да каманды ў сэзоне 1969—1970 гадоў. Гэйўуд быў адным зь першых гульцоў, якія сталі прафэсіяналамі да заканчэньня каледжа, таму НБА спачатку адмовілася дазволіць яму гуляць у лізе празь ягоны статус. Гэйўуд зьбіраў у сярэднім амаль 30 пунктаў і рабіў 19,5 падбораў за гульню, за што быў абраны самым каштоўным гульцом АБА, а таксама пачаткоўцам году ды Матчу ўсіх зорак АБА.

У 1974 годзе, чакаючы пераходу ў НБА і новай арэны, франшыза правяла конкурс на выбар новай мянушкі каманды, бо «Рокетс» ужо былі занятыя камандай «Г’юстан Рокетс». Пераможцам стала назва «Нагетс» у гонар першапачатковай каманды «Дэнвэр Нагетс», якая некалі існавала з 1948 па 1950 гады. Афіцыйнае пераўтварэньне з «Рокетс» на «Нагетс» адбылося 7 жніўня 1974 году, за некалькі месяцаў да пачатку сэзону АБА 1974—1975 гадоў[4]. Каманда добра ўзмацнілася перад дэбютам у новай лізе. У сэзоне 1975—1976 гадоў, гуляючы на сваёй новай арэне, «Нагетс» з набыцьцём Томпсана, Джонза і Дэна Ісэла, які прыйшоў да іх паводле абмену пасьля таго, як ён стаў пераможцам лігі АБА з «Кентукі Каланз» у сэзоне 1974—1975 гадоў, каманда мела паказьнік 60–24, абгуляўшы дзейнага чэмпіёна «Кентукі Калонз» зь лікам чатыры супраць трох і ўпершыню трапілі ў фінал АБА 1976 году. У рэшце рэшт, яны перагулялі «Нью-Ёрк Нэтс» у шасьці гульнях[5], стаўшы апошнімі чэмпіёнамі лігі, бо па сэзоне адбылося аб’яднаньне. «Нагетс», «Нэтс», «Індыяна Пэйсэрз» і «Сан-Антоніё Спэрз» былі далучаныя да Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (НБА). Падобна іншым новым камандам НБА, «Нагетс» былі абцяжараныя жорсткімі фінансавымі абавязацельствамі па ўступленьні ў НБА, у тым ліку ўступным узносам у памеры 2 мільёнаў даляраў.

Матч «Нагетс» супраць «Голдэн Стэйт Ўорыярз» у 2008 годзе.

У 1981 годзе клюб наняў Дуга Мо ў якасьці галоўнага трэнэра. Ён распрацаваў філязофію «рухомага нападу», то бок стыль гульні, які сканцэнтраваны на спробах перамясьціць мяч, пакуль хтосьці не адкрыецца. Мо таксама быў вядомы тым, што не надаваў столькі ўвагі абароне, колькі іншыя трэнэры НБА. Абапіраючыся на гульню Алекса Інгліша і Кікі Вандэвэге на пазыцыях нападнікаў і Дэна Ісэля ў цэнтры, «Дэнвэр Нагетс» стаў лідэрам лігі паводле колькасьці набраных пунктаў, прычым Інгліш і Вандэвэге зьбіралі ў сярэднім больш за 25 пунктаў за гульню. У сэзоне 1984—1985 гадоў каманда дакрочыла да фіналу Заходняй канфэрэнцыі. Мо пакінуў каманду ў 1990 годзе. «Нагетс» абраў у 1991 годзе цэнтравога Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту Дыкембэ Мутомба. У плэй-оф сэзону 1993—1994 гадоў, куды каманда ўпершыню за некалькі гадоў трапіла, яны маючы 8-ю пазыцыі здолелі выбіць першую каманду канфэрэнцыі «Сіетл Супэрсонікс». У наступным раўндзе дэнвэрцы сустрэліся зь «Ютай Джаз», саступіўшы ёй у сямі гульнях. Па сыходзе Мутомбы «Атланты Гокс» тварам франшызы стаў Антоніё Макдаес. «Нагетс» правёў сэзон 1997—1998 гадоў ледзь не ўсталяваў рэкорд у найменшай колькасьці перамог за сэзон з 82 гульняў, маючы іх толькі 11.

Праблемы каманды ў канцы 1990-х гадоў былі часткова павязаны зь нестабільнасьцю ўласнасьці. У 2003 годзе «Нагетс» абралі будучага ўдзельніка Матчу ўсіх зорак Кармэла Энтані пад трэцім агульным нумарам на драфце НБА 2003 году[6]. Усяго за два месяцы сэзону каманда атрымала больш перамог, чым за пяць з паловай месяцаў за сэзон 2002—2003 гадоў. Значнай прычынай гэтага неверагоднага перавароту сталі зьмены ў кіраўніцтве[7]. У красавіку дружына ўпершыню за восем гадоў трапілі ў плэй-оф[7], але ў першым раўндзе яны выбылі, зазнаўшы паразу ад «Мінэсоты Тымбэрўулвз»[8]. Аднак, той сэзон заклаў падмурак да доўгай сэрыі выхаду ў плэй-оф, але звычайна «Нагетс» завяршалі свой шлях ужо ў першым раўндзе. 19 сьнежня 2006 году «Нагетс» абмянялі Джо Сьміта, Андрэ Мілера і два выбары першага раўнду драфту НБА 2007 году ў «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз» на Айвэна Макфарліна і супэрзорку Алена Айвэрсана. 16 сакавіка 2008 году «Нагетс» набралі 168 пунктаў у хатняй перамозе над «Сіетл Супэрсонікс» зь лікам 168:116[9]. Сэзон 2007—2008 гадоў быў першым разам з сэзону 1987—1988 гадоў, калі «Нагетс» завяршылі сезон як мінімум з 50 перамогамі[10]. 3 лістапада 2008 году абаронца Ален Айвэрсан быў абменены ў «Дэтройт Пістанз» на Чонсі Білапса, Антоніё Макдаеса і Шэйка Сэмба.

В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]