Маямі Гіт
| Маямі Гіт | |||
| Заснаваны | 1988 | ||
|---|---|---|---|
| Месцазнаходжаньне | Маямі, Флорыда, ЗША | ||
| Арэна | Касэя-Цэнтар | ||
| Галоўны трэнэр | |||
| Чэмпіянат | Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя | ||
| Форма | |||
| Клюбныя колеры | |||
|
| |||
| Спасылкі | |||
| Афіцыйная бачына | |||
«Мая́мі Гіт» (па-ангельску: Miami Heat) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Каманда была заснаваная ў 1988 годзе. Клюб месьціцца ў горадзе Маямі, штат Флорыда. Трохразовы пераможца чэмпіянату НБА (2006, 2012, 2013). Пасьля пэрыяду пасярэднасьці «Гіт» набылі папулярнасьць у сярэдзіне 1990-х гадоў, калі прэзыдэнтам і галоўным трэнэрам каманды стаў Пэт Райлі. Райлі зрабіў важныя абмены на Алонза Моўрнінга і Тыма Гардўэя, што дапамагло камандзе прабівацца ў плэй-оф. Моўрнінг і Гардўэй прывялі «Гіт» дапамаглі клюбу чатыры разы запар перамагаць у сваім дывізіёне, перш чым гульцы сышлі ў 2001 і 2002 гадах адпаведна. Наступныя посьпехі былі павязаныя з Дўэйнам Ўэйдам, Крысам Бошам і Лебронам Джэймзам, якія ўтварылі гэтак вядомую «Вялікую тройку». У тыя гады «Гіт» некалькі разоў рабіліся чэмпіёнамі лігі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1987 годзе НБА дала Маямі адную з чатырох новых камандаў пашырэньня. Новая каманда, якая стала вядомай як «Гіт», пачала спаборнічаць у лістападзе 1988 году. Свае першыя гады дружыне бракавала посьпехаў, а ейная гульня была вельмі пасярэдней, то бок за першыя восем гадоў існаваньня «Гіт» толькі двойчы траплялі ў плэй-оф і абодва разы спыняліся на першым раўндзе.

Па набыцьці франшызы ў 1995 годзе Мікі Арысанам, Пэт Райлі быў запрошаны на пасаду прэзыдэнта клюбу і галоўнага трэнэра. Райлі набыў цэнтравога Алонза Моўрнінга і гульнёвага абаронцы Тыма Гардўэя, якія сталі асновай каманды, ператварыўшы «Гіт» у прэтэндэнта на чэмпіёнства ў канцы 1990-х. У сэзоне 1996—1997 гадоў каманда зрабіла рэзкі прагрэс, скончыўшы рэгулярны сэзон з вынікам 61–21, што на той момант было найлепшым у гісторыі франшызы. У тым жа годзе «Гіт» атрымалі мянушку «Ваяры дарогі» за ўражлівы вынік 32–9 у гасьцявых матчах. Дзякуючы Гардўэю і Моўрнінгу, «Гіт» упершыню прасунуліся далей за першы раўнд, дабраўшыся да фіналу канфэрэнцыі, дзе саступілі ў пяці матчах «Чыкага Булз» Майкла Джордана. Галоўным жа супернікам таго часу сталіся «Нью-Ёрк Нікс», папярэдняя каманда Райлі, якая выбівала «Гіт» з плэй-оф у наступныя гады.
На драфце НБА 2003 году маямцы пад пятым нумарам абралі абаронцу Дўэйна Ўэйда[1]. Таксама каманда ўзмоцніліся вольным агентам Ламарам Одамам, які прыйшоў з «Лос-Анджэлес Кліпэрз». Беспасярэдне перад пачаткам сэзону 2003—2004 гадоў Райлі пакінуў пасаду галоўнага трэнэра, каб засяродзіцца на перабудове каманды, а новым трэнэрам стаў Стэн Ван Гандзі. Пад кіраўніцтвам адмыслоўца ды дзякуючы выдатнаму дэбютнаму сэзону Ўэйда і прарыву Одама, «Гіт» прабіліся ў плэй-оф 2004 году, дзе перамаглі «Нью-Арлеан Горнэтс» 4–3 у першым раўндзе, але зазналі паразу ад «Індыяны Пэйсэрз» зь лікам 2–4. У міжсэзоньне Райлі правёў гучны абмен, узяўшы з «Лос-Анджэлес Лэйкерз» Шакіла О’Ніла[2]. Моўрнінг, які на сэзон сыходзіў у «Нью-Джэрзі Нэтс», вярнуўся ў «Гіт» і стаў дублёрам О’Ніла. Каманда зноў стала прэтэндэнтам на тытул і скончыла сэзон з вынікам 59–23, атрымаўшы першы нумар пасеву ва Ўсходняй канфэрэнцыі. Пасьля перамогі ў першым раўндзе і паўфінале, флорыдцы ўпершыню за восем гадоў прасунуліся ў фінал канфэрэнцыі, дзе сустрэліся зь дзейным чэмпіёнам «Дэтройт Пістанз». Маючы перавагу ў сэрыі, «Гіт» страцілі Ўэйда перад шостым матчам і ў выніку прайгралі сэрыю ў сямі матчах. Улетку 2005 году Райлі падпісаў вэтэрана Гэры Пэйтана з «Бостан Сэлтыкс», а таксама прывёў у каманду Джэймза Поўзі, Джэйсана Ўільямза і Антуана Ўокера праз абмены[3]. Благі пачатак сэзону змусіў Райлі звольніць Ван Гандзі і самому вярнуцца да трэнэрскай працы[4]. У 2006 годзе «Гіт» зноў прабіліся ў фінал канфэрэнцыі і ў паўторнай дуэлі перамаглі «Пістанз» зь лікам 4–2. У сваім першым фінале НБА каманда сустрэлася з «Далас Мавэрыкс». Даласцы ўпэўнена перамаглі ў першым двух матчах, якія ладзіліся ў Тэхасе. Аднак «Гіт» перамаглі ў наступных чатырох сустрэчах, здабыўшы першае чэмпіёнства ў гісторыі франшызы. Дўэйн Ўэйд быў прызнаны самым каштоўным гульцом фіналу[5]. У 2007—2010 гадах клюб перажываў цяжкі час. У сэзоне 2007—2008 гадоў Ўэйд пакутаваў на траўмы, а каманда скончыла з найгоршым вынікам у лізе, маючы 15–67 у канцы сэзону. О’Ніл быў абменены ў «Фінікс Санз» у час сэзону. Райлі зноў пакінуў пасаду трэнэра, але стаў прэзыдэнтам клюбу. У наступныя сэзоны Ўэйд ужо быў здаровы, але камнда выбывала ўжо ў першых раўндах плэй-оф. Ўэйд стаў найлепшым бамбардзірам лігі ў 2009 годзе, а таксама самым каштоўным гульцом Матчу ўсіх зорак у 2010-м годзе.


Перад сэзонам 2010—2011 гадоў, маючы амаль 48 млн даляраў вольнай сумы ў каштарысы заробкаў, «Гіт» зрабілі гучныя трансфэры, падпісаўшы Крыса Боша і Леброна Джэймза, што стала пачаткам эпохі «Вялікай тройкі»[6][7]. Маямцы скончылі сэзон з вынікам 58–24 і занялі другое месца ва Ўсходняй канфэрэнцыі. У плэй-оф 2011 году яны перамаглі «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз», «Бостан Сэлтыкс» і «Чыкага Булз», а ўсе гэтыя сэрыі скончыліся ў пяці матчах. У фінале лігі «Гіт» зноў сустрэліся з «Далас Мавэрыкс», але гэтым разам даласцы ўзялі тытул. Па заканчэньні лакаўту «Гіт» падпісалі вэтэрана Шэйна Бат’е. У скарочаным сэзоне 2011—2012 гадоў каманда зноў апынулася на другім месцы ў сваёй канфэрэцыі[8]. У першым раўндзе флорыдцы павялі 3–0 у сэрыі супраць «Нью-Ёрк Нікс», але ня здолелі закрыць сэрыю ў чацьвертым матчы. Перамога ў пятым матчы вывела іх у другі раўнд, дзе яны сустрэліся з «Індыянай Пэйсэрз». Па дзьвюх паразах у другім і трэцім матчах многія крытыкавалі Ўэйда за слабую гульню[9]. Аднак праблема разьвязала, а маямцы перамаглі ў наступных трох матчах. У фінале канфэрэнцыі «Гіт» змагаліся з «Бостан Сэлтыкс», узяўшы перамогі ў першых двух матчах, але саступілі ў трох наступных. 7 чэрвеня яны перамаглі ў Бостане зь лікам 98:79, а ў сёмым матчы былі мацнейшымі пры ліку 101:88, трапіўшы ў фінал НБА другі год запар. Фінальная сэрыя супраць «Аклагома-Сіці Тандэр» пачала зь перамогі кожнай з камандаў у першых двух матчаў, але ў наступным мацнейшымі былі толькі «Гіт»[10]. Джэймз быў уганараваны званьнем самага каштоўнага гульца фіналу, упершыню стаўшы пераможцам НБА[11].

11 ліпеня 2012 году «Гіт» падпісалі вэтэранаў Рэя Алена на тры гады і Рашарда Льюіса на два гады[12]. У 2013 годзе каманда здолела зрабіць сэрыю з 27 перамогаў запар, якая цягнулася ад 3 лютага да 27 сакавіка[13]. Перамога над «Арланда Мэджык» у апошнім матчы сэзону дазволіла ўсталяваць рэкорд франшызы ў 66 перамог. «Гіт» сьвяткавалі 18 перамог у апошніх 19 гасьцявых матчах, што стала найлепшым вынікам у гісторыі НБА на фінішы сэзону. У сакавіку «Гіт» займелі вынік у 17–1, стаўшы першай камандай, якая выйграла 17 матчаў у адным календарным месяцы. У плэй-оф «Гіт» перамаглі «Мілўокі Бакс» зь лікам 4–0, «Чыкага Булз» быў пераможаны зь лікам 4–1, а на перамогу над «Індыянай Пэйсэрз» спатрэбілася сем матчаў. Такім чынам, «Гіт» сталі першай камандай ва Ўсходняй канфэрэнцыі з часоў «Чыкага Булз» 1990-х, якая тройчы запар прабівалася ў фінал НБА. У вырашальнай сэрыі флорыдцам супрацьстаяў «Сан-Антоніё Спэрз». Каманды абменьваліся перамогамі да шостага матчу, у якім «Спэрз» вялі ў дзесяць пунктаў у чацьвертай чвэрці. Джэймз назьбіраў 16 пунктаў у гэтай чвэрці, а за 5,2 сэкунды да канца Рэй Ален улучыў мяч за тры пункты, ураўнаўшы лік 95:95 і перавёўшы матч у авэртайм, дзе «Гіт» перамаглі зь лікам 103:100[14]. У сёмым матчы маямскі клюб перамог 95:88, дзякуючы 37-і пунктам і 12-і падборам Джэймза ды 23-м пунктам і 10 падборам Ўэйда[15]. Шэйн Бат’е таксама набраў 18 пунктаў — усе з трохпунктавых кідкоў. «Гіт» сталі чэмпіёнамі другі год запар і першай камандай з Усходняй канфэрэнцыі з часоў «Булз», якая дала рады ў справе абароны тытулу. Джэймз зноў стаў самым каштоўным гульцом фіналу, а таксама быў абраны самым каштоўным гульцом рэгулярнага сэзону[16].
У сэзоне 2013—2014 гадоў «Гіт» сутыкнуліся з працяглымі траўмамі Ўэйда, які згуляў толькі 54 матчы. У плэй-оф каманда прасоўвалася да фіналу, выбіваючы «Шарлот Бобкэтс», «Бруклін Нэтс» і «Індыяну Пэйсэрз». У чарговым фінале НБА «Гіт» зноў сустрэліся з «Сан-Антоніё Спэрз», але ўжо саступілі зь лікам 1–4. 11 ліпеня 2014 году Джэймз абвесьціў, што пасьля адмовы ад апошняга году кантракту ён пакідае «Гіт» і вяртаецца ў «Кліўлэнд Кавальерз»[17]. Ўэйд і Бош засталіся ў камандзе, але нават з прыходам новых гульцоў «Гіт» ня далі рады. Сэзон быў скончаны з паказьнікам 37–45. Такім чынам, каманда ўпершыню за шэсьць гадоў ня трапіла ў плэй-оф. «Гіт» сталі першай камандай з часоў «Лос-Анджэлес Лэйкерз» 2004—2005 гадоў, якая ня трапіла ў плэй-оф пасьля ўдзелу ў фінале НБА ў папярэднім сэзоне.
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў
| «Маямі Гіт» у НБА | |||||
|---|---|---|---|---|---|
| Сэзон | В | П | А% | Плэй-оф | Вынікі |
| 1988—1989 | 15 | 67 | .183 | ||
| 1989—1990 | 18 | 64 | .220 | ||
| 1990—1991 | 24 | 58 | .293 | ||
| 1991—1992 | 38 | 44 | .463 | Прайгралі ў першым раўндзе | Чыкага 3, Маямі 0 |
| 1992—1993 | 36 | 46 | .439 | ||
| 1993—1994 | 42 | 40 | .512 | Прайгралі ў першым раўндзе | Атланта 3, Маямі 2 |
| 1994—1995 | 32 | 50 | .390 | ||
| 1995—1996 | 42 | 40 | .512 | Прайгралі ў першым раўндзе | Чыкага 3, Маямі 0 |
| 1996—1997 | 61 | 21 | .744 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Маямі 3, Арланда 2 Маямі 4, Нью-Ёрк 3 Чыкага 4, Маямі 1 |
| 1997—1998 | 55 | 27 | .671 | Прайгралі ў першым раўндзе | Нью-Ёрк 3, Маямі 2 |
| 1998—1999 | 33 | 17 | .660 | Прайгралі ў першым раўндзе | Нью-Ёрк 3, Маямі 2 |
| 1999—2000 | 52 | 30 | .634 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Маямі 3, Дэтройт 0 Нью-Ёрк 4, Маямі 3 |
| 2000—2001 | 50 | 32 | .610 | Прайгралі ў першым раўндзе | Шарлот 3, Маямі 0 |
| 2001—2002 | 36 | 46 | .439 | ||
| 2002—2003 | 25 | 57 | .305 | ||
| 2003—2004 | 42 | 40 | .512 | Выйгралі ў першым раўндзе Прайгралі ў паўфінале канфэрэнцыі | Маямі 4, Нью-Арлеан 3 Індыяна 4, Маямі 2 |
| 2004—2005 | 59 | 23 | .720 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале канфэрэнцыі | Нью-Джэрзі 4:0 Вашынгтон 4:0 Дэтройт 3:4 |
| 2005—2006 | 52 | 30 | .634 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале | Чыкага 4:2 Нью-Джэрзі 4:1 Дэтройт 4:2 Далас 4:2 |
| 2006—2007 | 44 | 38 | .537 | Прайгралі ў першым раўндзе | Чыкага 0:4 |
| 2007—2008 | 15 | 67 | .183 | ||
| 2008—2009 | 43 | 39 | .524 | Прайгралі ў першым раўндзе | Атланта 3:4 |
| 2009—2010 | 47 | 35 | .573 | Прайгралі ў першым раўндзе | Бостан 1:4 |
| 2010—2011 | 58 | 24 | .707 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале | Філадэлфія 4:1 Бостан 4:1 Чыкага 4:1 Далас 2:4 |
| 2011—2012 | 46 | 20 | .697 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале | Нью-Ёрк 4:1 Індыяна 4:2 Бостан 4:3 Аклагома 4:1 |
| 2012—2013 | 66 | 16 | .805 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале | Мілўокі 4:0 Чыкага 4:1 Індыяна 4:3 Сан-Антоніё 4:3 |
| 2013—2014 | 54 | 28 | .659 | Выйгралі ў першым раўндзе Выйгралі ў паўфінале канфэрэнцыі Выйгралі ў фінале канфэрэнцыі Прайгралі ў фінале | Шарлот 4:0 Бруклін 4:1 Індыяна 4:2 Сан-Антоніё 1:4 |
| Усяго | 1201 | 1098 | .522 | ||
| Плэй-оф | 116 | 89 | .566 | 3 тытулы | |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ HEAT Select Dwyane Wade with the 5th Pick in NBA Draft // NBA Media Ventures, LLC, 06.2003 г. Архіўная копія ад 07.2003 г.
- ↑ DuPree, David. It’s Official: Shaq traded to Heat for three players, draft pick // USA Today, 07.2004 г. Архіўная копія ад 07.2013 г.
- ↑ HEAT Acquire Antoine Walker, Jason Williams & James Posey // NBA Media Ventures, LLC, 08.2005 г. Архіўная копія ад 08.2005 г.
- ↑ Heat coach Van Gundy resigns, replaced by Riley. ESPN.com (12.2005). Архіўная копія ад 10.2021 г.
- ↑ Bensch, Bob. Wade Leads Heat Past Mavericks to Win First NBA Title (Update1) // Bloomberg, 06.2006 г. Архіўная копія ад 01.2014 г.
- ↑ Nutbrown, Charlie (07.2010) LeBron James joins the Miami Heat. The Guardian. Архіўная копія ад 02.2020 г.
- ↑ Broussard, Chris (07.2010) Source: Bosh to join Wade, Heat. ESPN. Архіўная копія ад 02.2020 г.
- ↑ Who Are the Best Florida Sports Teams of All-Time? // Space Coast Daily, 04.2023 г. Архіўная копія ад 12.2023 г.
- ↑ Manfred, Tony (05.2012) Dwyane Wade Got Into A Shouting Match With His Coach During Last Night’s Blowout Loss To The Pacers. Insider Inc..
- ↑ Lee, Michael. NBA Finals 2012: LeBron James, Miami Heat rout Oklahoma City Thunder to win championship // The Washington Post, 06.2012 г. Архіўная копія ад 02.2020 г.
- ↑ LeBron James wins Finals MVP. ESPN.com (06.2012). Архіўная копія ад 02.2020 г.
- ↑ Wallace, Michael (07.2012) Ray Allen, Rashard Lewis join Heat. ESPN. Архіўная копія ад 12.2019 г.
- ↑ Game-by-game review: Miami Heat’s win streak // NBA Media Ventures, LLC, 03.2013 г. Архіўная копія ад 10.2018 г.
- ↑ Ray Allen's late 3 forces OT, Heat edge Spurs to force Game 7 // ESPN, 06.2013 г. Архіўная копія ад 12.2021 г.
- ↑ Peralta, Eyder (06.2013) LeBron James leads Heat to back-to-back NBA Titles. NPR. Архіўная копія ад 02.2020 г.
- ↑ LeBron James named Finals MVP. ESPN (06.2013). Архіўная копія ад 12.2019 г.
- ↑ LeBron James announces return to Cleveland Cavaliers // Sports Illustrated. — 07.2014.
