Унія (часопіс)
Унія | |
Краіна | Беларусь |
---|---|
Заснавальнік | Сяргей Абламейка |
Выдавец | Суполка «Унія» |
Галоўны рэдактар | Ірына Дубянецкая |
Дата заснаваньня | 1990 |
Дата закрыцьця | 1995 |
Мова | беларуская, украінская |
Аб’ём | 32—48 старонак |
Наклад | 2000—10 000 |
«У́нія» — непэрыядычны рэлігійны часопіс, які выдаваўся ў Менску ў 1990—1995 роках. Першапачаткова ставіў сваёй задачай дасьледаваць беларускую духоўнасьць і ініцыяваць адраджэньне Грэка-каталіцкай (Уніяцкай) Царквы ў Беларусі. Выйшлі чатыры нумары беларускай мовай клясычным правапісам, адзін зь якіх таксама быў выдадзены па-ўкраінску.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ініцыятыва нарадзілася ў асяродку нефармальных моладзевых суполак, аб’яднаных вакол ідэі нацыянальнага адраджэньня і дэмакратычных пераўтварэньняў напрыканцы 1980-х рокаў, калі Беларусь была ў складзе СССР. Першапачатковая ідэя старонкі пра рэлігійныя пошукі і Унію ў газэце «Супольнасьць» Канфэдэрацыі беларускіх моладзевых суполак пераўтварылася ў часопіс «Унія» дзеля вывучэньня беларускай духоўнасьці праз гісторыю і культуралёгію[1].
Першы нумар часопісу меў падзагаловак «Выданьне беларускае ўніяцкае моладзі». У ім паведамлялася, што 13 ліпеня 1990 року ў Менску ўтварылася суполка «Унія», якая будзе выдаўцом часопісу. 6 жніўня 1990 року ў Доме літаратара адбылася вечарына, на якой часопіс быў упершыню прадстаўлены. Ён быў надрукаваны ў друкарні «Liesma» (Рыга, Латвія) накладам 10 тыс. асобнікаў[2]. У ягонай падрыхтоўцы бралі ўдзел Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч і Міхал Анемпадыстаў[3]. Часопіс прадаваўся распаўсюднікамі непадцэнзурных выданьняў на мітынгах, вечарынах, зьездах і пад.
Другі нумар выйшаў у канцы 1990 року з новым падзагалоўкам — «Часопіс хрысьціянскага сумоўя». Сябры рэдакцыі: Сяргей Абламейка (заснавальнік), Ігар Бабкоў, Юрась Быкаў, Сяржук Вітушка, Галіна Дубянецкая, Ірына Дубянецкая (галоўная рэдактарка), Галіна Жарко, Генадзь Лойка (мастацкі рэдактар), Караліна Мацкевіч (тэхнічная рэдактарка) і Алена Ткачова[4].
Трэці нумар выйшаў у 1991 року. Паралельна часопіс быў выдадзены на ўкраінскай мове для распаўсюду ва Ўкраіне. Часопіс атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю (заснавальнік — Сяргей Абламейка) і мог распаўсюджвацца празь дзяржаўную сетку распаўсюду. У складзе рэдакцыі пазначаныя Ірына Дубянецкая (галоўная рэдактарка), Караліна Мацкевіч (адказная рэдактарка), Алена Ткачова (мастацкая рэдактарка), Галіна Дубянецкая, Генадзь Лойка, Андрусь Пазьняк і Эдвард Тарлецкі. У ліку фундатараў нумара: Уладзімер Арлоў, Юрась Беленькі, Галіна Дубянецкая, айцец Аляксандар Надсан (Вялікабрытанія), Алесь Палескі (Канада), Лія Салавей, Натальля і Зьміцер Санько і Эдвард Тарлецкі[5].
Чацьверты нумар выйшаў у 1995 року, калі стваральнікі часопісу — Сяргей Абламейка, Ірына Дубянецкая і Караліна Мацкевіч — працавалі ці навучаліся за мяжой. Яго рыхтавалі Натальля Альхова, Галіна Дубянецкая, Ірына Дубянецкая (рэдактарка), Ігар Іваноў, Сяржук Няхамес і Алена Ткачова (мастацкая рэдактарка)[6].
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы нумар адкрываўся зваротам ад выдаўцоў «Мілы браце!», які сфармуляваў першапачатковую задачу выданьня: «Называецца вера нашая Грэка-Каталіцкая, або Уніяцкая […] Мы паспрабуем расказаць у гэтым выданьні, што самі ведаем пра нашую Унію». Тры гістарычныя матэрыялы склалі асноўны аб’ём гэтага нумара: «Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі» Міхаліны (Ірына Дубянецкая), «Апалёгія Вуніі» Сяржука Мамчыца (Сяргей Абламейка) і выступ Адама Мальдзіса на канфэрэнцыі ТБМ «Мы павінны зьмяніць свае адносіны да Уніі…» Адзін з цэнтральных матэрыялаў — інтэрвію з а. Аляксандрам Надсанам, запісанае падчас першага прыезду сьвятара ў Беларусь у сакавіку 1990 року. Багаслоўе прадстаўлена кароткім нарысам Казімера Сваяка, а паэзія — вершамі Ўладзімера Жылкі і Алеся Разанава. Зь першага нумару пачаўся разьдзел «Хвалу Богу пяём, пяём», прысьвечаны беларускім царкоўным сьпевам. Першы нумар пачаў таксама публікаваць хроніку адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы.
Багатае графічнае аздабленьне часопісу зрабіла яго адметным сярод пазацэнзурных выданьняў у тагачаснай Беларусі. На вокладцы першага і другога нумароў — цярновы вянок, выкананы Міхалам Анемпадыставым.
Другі нумар меў новы падзагаловак — «Часопіс хрысьціянскага сумоўя» — які адлюстроўваў і новы інтарэс рэдакцыі: у разьдзеле «Шляхі да сумоўя» паэт Зніч (праваслаўны) і паэтка Данута Бічэль-Загнетава (рыма-каталічка) разважалі пра сутнасьць і зьмест хрысьціянскага адзінства для Беларусі. А грэка-каталіцкі погляд быў прадстаўлены перадрукам артыкулу Льва Гарошкі «Няўміручая ідэя» з часопісу «Божым шляхам», які гэты сьвятар выдаваў у Парыжы і Лёндане. Сучаснае багаслоўе было прадстаўлена трыма тэкстамі на тэму сьвятарскага пакліканьня, пачаткам «Катэхізма айца Пётры» (працяг якога зьявіўся ў трэцім нумары, але не атрымаў далейшага працягу) і артыкулам «Таямніцы Ружанцу» Яна Лук’яновіча. Зь літаратурных твораў — творы Трыпутніка (Галіна Дубянецкая), Ігара Бабкова, Натальлі Арсеньневай і Вольгі Куртаніч. Сяргей Горбік напісаў гісторыю Петрапаўлаўскай царквы ў Менску, а Караліна Мацкевіч і Сяржук Вітушка — пра традыцыі сьвяткаваньня Калядаў. У гэтым нумары зьяўляецца першы артыкул у разьдзеле «Беларускія абразы», які вёў знаўца ўніяцкага іканапісу Юры Хадыка. Зьяўляецца першы артыкул-агляд адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы Паўла Богдана (Сяржук Абламейка). Асобныя малюнкі багата ілюстраванага нумара падпісаны: А. Жыгоцкая, Г. Лойка, А. Ткачова.
У трэцім нумары заўважаецца прысутнасьць рыма-каталіцкіх аўтараў: Міхал Сапель (тады — пробашч першай у Менску беларускамоўнай рыма-каталіцкай парафіі сьв. Роха), Тамаш Кемпійскі (уступ да ўрыўку зь ягонага «Сьледам за Хрыстом» стварыў Эдвард Тарлецкі) і Казімер Сваяк. Пётра Смык і Алег Дзярновіч разважаюць пра пэрспэктыву адзінства царкоўнага календара ў Беларусі. Тацяна Шамякіна апублікавала першы тэкст у разьдзеле «У культурнай традыцыі сьвету», якія меўся ствараць дыскурс пра беларускую духоўную традыцыю ў сусьветным кантэксьце. У малітоўнай прозе «Дазволь прыйсьці» Міхаліна (Ірына Дубянецкая) распавядае пра першую грэка-каталіцкую пілігрымку, а ў канцы нумара — рэпартаж пра першую паездку беларускай моладзі на экумэнічную сустрэчу, арганізаваную супольнасьцю Тэзэ (грамада). Літаратура прадстаўленая творамі Алеся Гаруна і Галіны Дубянецкай, а разьдзел «Шляхі да сумоўя» — рэфлексіяй пастара Эрнста Сабілы.
Адной з тэмаў чацьвертага нумару стала сьвята Перамяненьня. Яму прысьвечаная казань а. Аляксандра Надсана, біблейскае эсэ Ірыны Дубянецкай і артыкул Юрыя Хадыкі ў разьдзеле «Беларускія абразы». Другая тэма — імёны любові і Бога, якой прысьвечаны пераклад з Максіма Вызнаўцы, эсэ Караліны Мацкевіч пра традыцыю Божага Імя ў старажытна-гэбрайскай і старажытна-хрысьціянскай традыцыях і артыкул-інструкцыя а. Віктара Данілава пра Ісусаву малітву. Гісторыя Грэка-Каталіцкай Царквы разглядаецца ў артыкулах Сяржука Абламейкі і Казімера Сваяка. Літаратура прадстаўленая творамі Якуба Коласа, Лукаша Трыпутніка (Галіна Дубянецкая) і Людкі Сільновай. У разьдзеле «Шляхі да сумоўя» — інтэрвію зь Ёзафам Марыяй дэ Вольфам, сакратаром дабрачыннай арганізацыі «Царква ў патрэбе». У нумары — пачатак цыклю пра ўсходнія каталіцкія абрады Алеся Ліцьвіна, а ў разьдзеле «Раздарожжа» — малітоўная проза Міхаліны (Ірына Дубянецкая) на тэму кнігі Псальмаў. Агляд «Царква» ў апошнім нумары часопісу занатоўвае і аналізуе грэка-каталіцкае жыцьцё за 1991—1995 рокі: рэгістрацыю першых парафіяў, складаныя стасункі зь дзяржаўнымі органамі, заснаваньне манастыра ў Полацку, безвыніковыя просьбы да Ватыкана аб прызначэньні біскупа.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гісторыя беларускага самвыдату: часопіс “Унія” Mediakritika.by — Інтэрвію зь Ірынай Дубянецкай. Праверана 6 жніўня 2020 г.
- ^ Унія № 1, 1990, стар. 32 (выходныя зьвесткі)
- ^ Лаўрык, Ю. і Андросік, л. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990). Каталёг. — Мн.: БГАКЦ, 1998. — С. 143. — ISBN 985-6012-58-9
- ^ Унія № 2, 1990, стар. 32 (выходныя зьвесткі)
- ^ Унія № 1(3), 1991, стар. 32 (выходныя зьвесткі)
- ^ Унія № 4, 1995, стар. 48 (выходныя зьвесткі)