Азарыцкія лягеры сьмерці
Дата заснаваньня / стварэньня | 12 сакавіка 1944 |
---|---|
Назва арыгінальнай мовай | Todeslager Osaritschi |
Краіна | Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка |
Адміністрацыйная адзінка | Даманавіцкі раён |
Цяперашняе месцазнаходжаньне | Каленкавіцкі раён |
Геаграфічныя каардынаты | 52°8′0″N 29°20′0″E, 52°28′0″N 29°16′0″E |
Асноўная тэма твору | Ваенныя злачынствы Ўзброеных сілаў Нямеччыны |
Код у каталёгу | camps/2058 |
Абслуговая арганізацыя | Узброеныя сілы Нямецкай дзяржавы |
Дата спыненьня існаваньня | 19 сакавіка 1944 |
Азарыцкія лягеры сьмерці — 3 канцэнтрацыйныя лягеры, якія нямецкія захопнікі стварылі ў Даманавіцкім раёне Беларускай ССР у сакавіку 1944 году ў якасьці жывой заслоны на шляху наступу Чырвонай арміі.
У пачатку сакавіка 1944 камандзір 9-й арміі Нямеччыны Ёзэф Гарпэ загадаў стварыць 3 лягеры сьмерці ў Даманавіцкім раёне (цяпер Каленкавіцкі раён) на пярэдняй лініі абароны. У 3 лягеры прыгналі каля 50 000 жыхароў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай вобласьцяў Беларускай ССР, а таксама жыхароў Смаленскай і Арлоўскай вобласьцяў Расейскай СФСР[1]. Да 12 сакавіка іх прыганялі жаўнеры 35-й пяхотнай дывізіі і камандаваньня ахоўных атрадаў[2].
Папярэдне ў гэтыя лягеры завезьлі хворых на сыпны тыф, каб сарваць наступ Чырвонай арміі за кошт эпідэміі сярод вайскоўцаў. Зборнік матэрыялаў «Нюрнбэрскі працэс над галоўнымі нямецкімі ваеннымі злачынцамі» згадваў: «19 сакавіка 1944 году наступаючыя часьці Чырвонай арміі ў раёне мястэчка Азарычы Палескай вобласьці Беларускай ССР знайшлі на пярэднім краі нямецкай абароны тры канцэнтрацыйныя лягеры, у якіх знаходзілася больш за 33 тысячы дзяцей, непрацаздольных жанчынаў і старых. Першы з гэтых лягераў знаходзіўся на балоце каля пасёлка Дзерць. Другі — за 2 кілямэтры на паўночны захад ад мястэчка Азарычы. Трэці — на балоце за 2 кілямэтры на захад ад вёскі Падасіньнік. Лягеры ўяўлялі сабой адкрытую пляцоўку, абнесеную калючым дротам. Подступы да іх былі замінаваныя. Ніякіх пабудоваў, нават лёгкага тыпу, на тэрыторыі лягераў не было. Зьняволеныя разьмяшчаліся тут жа на зямлі. Многія з іх, што не маглі ўжо рухацца, без памяці ляжалі ў брудзе. Зьняволеным было забаронена разводзіць вогнішчы, зьбіраць гальлё для падсьцілкі. За самую нязначную спробу парушыць гэты рэжым гітлераўцы расстрэльвалі людзей»[3].
З трох лягераў вызвалілі 33 480 чалавек, з іх 15 960 (48 %) дзяцей ва ўзросьце да 13 гадоў і 13 072 (39 %) жанчынаў, а таксама 4448 (13 %) старых. Адразу па вызваленьні вязьняў камандзір 1-га Беларускага фронту Канстанцін Ракасоўскі падпісаў Распараджэньне аб стварэньні 25 вайскова-палявых шпіталёў для лекаваньня вязьняў сіламі каля 2000 жаўнераў. Падчас лекаваньня тыфозных хворых заразілася і загінула звыш 50 чырвонаармейцаў. Адпаведна ад тыфу загінула некалькі сотняў вязьняў. Таксама было шмат памерлых ад абмаражэньня і раненьняў. Вайсковая пракуратура 65-й арміі расьсьледавала ваенныя злачынствы нямецкіх захопнікаў у Азарыцкіх лягерах сьмерці[1]. Агулам ад голаду, тыфу і холаду за некалькі тыдняў загінула звыш 13 000 вязьняў[2].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1965 годзе на месцы Азарыцкага лягеру сьмерці ўзьвялі мэмарыяльны комплекс. 24 чэрвеня 2004 году ў Азарычах (Каленкавіцкі раён) адчынілі Музэй памяці. У 2005 годзе зьнялі дакумэнтальны фільм «Азарычы, 1944 г.»[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Азарыцкія лягеры сьмерці ў Вялікую Айчынную вайну // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 красавіка 2020 г. Праверана 10 лістапада 2022 г.
- ^ а б А. Альперын. Больш за тыдзень людзі не вытрымлівалі - гінулі: гісторыя лягера сьмерці Азарычы // Радыё «Спадарожнік», 18 сакавіка 2019 г. Праверана 10 лістапада 2022 г.
- ^ Валяр'ян Шкленьнік. Рагачоўскі фронт // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мэмарыяльны комплекс вязьням Азарыцкага лягера сьмерці // Партал «Экскурсіі па Беларусі», 2022 г. Праверана 10 лістапада 2022 г.
Гэта — накід артыкула па гісторыі Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |