Перайсьці да зьместу

Тадэвуш Рэйтан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тадэвуш Рэйтан
лац. Tadevuš Rejtan
Тадэвуш Рэйтан
Тадэвуш Рэйтан

Герб Рэйтан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 жніўня 1742(1742-08-20)[1]
Памёр 8 жніўня 1780(1780-08-08)[1] (37 гадоў)
Пахаваны
Род Рэйтаны
Бацькі Дамінік Міхаіл Рэйтан
Тэрэза з Валадковічаў
Дзейнасьць палітык
Подпіс Выява аўтографу

Тадэ́вуш Рэ́йтан (1741, маёнтак Грушаўка Наваградзкага павету, хрост давершаны 20 ліпеня 1742 у Ляхавічах — 8 жніўня 1780) — вайсковы і палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

Тадэвуш Рэйтан — актыўны ўдзельнік «падзельнага» сойму Рэчы Паспалітай, які разам зь нешматлікімі іншымі пасламі рашуча процідзеяў анэксіі зямель дзяржавы[2].

Паходжаньне, адукацыя і кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Паходзіў зь літоўскага шляхецкага роду Рэйтанаў гербу ўласнага, сын Дамініка Міхала, падкаморага наваградзкага, і Тэрэзы з Валадковічаў, унук Міхала, скарбніка мазырскага. Меў брата Міхала, пісара земскага наваградзкага, быў траюрадным братам Тадэвуша Касьцюшкі[3]. Маці паходзіла з старажытнага беларускага шляхецкага роду. Яе родны дзядзька, Фэліцыян Валадковіч, быў мітрапалітам Уніяцкай царквы ў Рэчы Паспалітай.

Нарадзіўся ў 1740 годзе, 20 ліпеня 1742 году бацькі давяршылі яго хрост[4].

Навучаўся ў езуіцкім калегіюме (Нясьвіж або Наваградак), служыў у прыватным войску Радзівілаў. Паводле некаторых зьвестак, браў удзел у Барскай канфэдэрацыі[2].

З мастацкага твору Генрыка Жавускага вынікае, што скасаваў заплянаванае вясельле, калі пабачыў у доме сваёй нявесты партрэт маскоўскага гаспадара Пятра I.

«Падзельны» сойм

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Шляхецкі соймік Наваградзкага ваяводзтва 22 сакавіка 1773 году абраў Тадэвуша Рэйтана паслом на сойм 1773—1775 гадоў, дзе плянавалася зацьвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Наваградзкага павету Самуэлем Корсакам і ад Менскага павету Станіславам Багушэвічам(be) спрабаваў сарваць сойм, каб не дазволіць зацьверджаньня падзелу дзяржавы.

Чатыры дні разам з аднадумцамі (амаль выняткова зь Вялікага Княства Літоўскага) не дазваляў маршалку А. Панінскаму ўзначаліць сойм. Сваю пазыцыю паслы абгрунтоўвалі законнымі падставамі: гэтае паседжаньне сойму паводле чаргі мусіла праходзіць у Горадні, а не ў Варшаве, а маршалкам яго мусіў быць ліцьвін, а не паляк. Апроч таго, сойм склікаўся не як канфэдэрацкі, а як звычайны, і пачынаць яго пад знакам канфэдэрацыі было незаконна[5].

Спачатку прарасейскія сілы ўпрошвалі Тадэвуша Рэйтана, каб саступіў. Потым хацелі, як і іншых, падкупіць грашыма. Урэшце, канфэдэрацкі суд прыняў пастанову пазбавіць яго «маёмасьці і гонару» і выгнаць з краіны. Аднак прадстаўнік Наваградзкага павету застаўся непахісным.

Т. Рэйтан перад выхадам з сойму, фрагмэнт карціны Я. Матэйкі

Асабліва драматычны характар падзеі набылі ў часе патрыятычнай прамовы Самуэля Корсака, у якой той выкрываў паслоў-здраднікаў. Не чакаючы заканчэньня выступу, яны пачалі выходзіць з залі. У адказ Тадэвуш Рэйтан лёг крыжом перад выхадам і закрычаў:

« Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны! »

На наступны дзень расейскі амбасадар Штакельбэрг выставіў каралю і вялікаму князю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму ўльтыматум: альбо безумоўнае падпарадкаваньне, альбо ўвядзеньне ў Варшаву 50-тысячнага расейскага войска.

Барэльеф Т. Рэйтану ў Грушаўцы, фота 1928 г.

Канфэдэрацкі суд пагражаў Тадэвушу Рэйтану крымінальным пакараньнем і канфіскацыяй маёнтку, адначасна яго спрабавалі купіць за грошы, але наваградзкі дэпутат не саступіўся сваім прынцыпам і поглядам. 1 сьнежня 1773 году склаў маніфэст, дзе канстатаваў нелегітымнасьць канфэдэрацыі і трактатаў аб падзеле Рэчы Паспалітай.

Дзякуючы супраціву паслоў пераважна зь Вялікага Княства Літоўскага іншыя краіны даведаліся, што ў Рэчы Паспалітай няма «агульнай згоды» на падзел. Па завяршэньні сойму Тадэвуш Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку, дзе дапісваў «Дыярыўш майго пасольства» (зьнік у пазьнейшыя часы).

Памятны камень у Грушаўцы пры капліцы

У літаратуры сустракаюцца розныя зьвесткі датычна сьмерці Тадэвуша Рэйтана. Паводле гісторыка Зьмітра Юркевіча, у пачатку жніўня 1780 году зь візытам пашаны ў сядзібу Рэйтанаў завітаў расейскі генэрал. Ім мог быць генэрал Іван Міхельсон, які ў тыя часы, паводле наяўных судовых справаў, бываў у Наваградзкім ваяводзтве. За год да гэтага ён набыў у Міхала Рэйтана фальваркі вакол места Невеля на Полаччыне. Убачыўшы, што брат гасьцінна прымае ў Грушаўцы прадстаўніка ворагаў, Тадэвуш Рэйтан пачаў гнаць таго з двара. Відаць, спалоханыя сваякі гвалтам зачынілі Тадэвуша Рэйтана ў цагляным флігелі — «мураванцы», у якім той жыў па вяртаньні з сойму. Пабіўшы шыбы, Тадэвуш Рэйтан паспрабаваў вырваць краты, але вырвацца ня змог. Прытым ён моцна скалечыўся, ад чаго і памёр на другі дзень здарэньня 8 жніўня 1780 году (таксама існуе міт, нібы ён скончыў жыцьцё самагубствам, які ня мае дакумэнтальных падставаў[6]). Напярэдадні сьмерці Тадэвуш Рэйтан спавядаўся ксяндзу, якога, як пісала з словаў сьведкі пляменьніца Салямэя Рэйтан, «да апошняй хвіліны трымаў за руку»[6].

Спачыў у касьцёле места Ляхавічаў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1867 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі касьцёл ў каталікоў і перарабілі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1966—1967 гадох савецкія ўлады зруйнавалі гэты будынак. Існуе здагадка, што ў 1867 годзе труну Тадэвуша Рэйтана маглі перапахаваць на мескіх могілках[6].

Яшчэ сучасьнікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем[2]. Чатырохгадовы сойм 1788—1792 гадоў абвясьціў яго «вартым нацыянальнай жалобы», а ягоныя дзеяньні — «узорам для перайманьня».

У наш час у Беларусі і Польшчы Тадэвуш Рэйтан лічыцца прыкладам патрыятызму і самаадданасьці. Яму прысьвячаюцца шматлікія мастацкія творы, у тым ліку аповесьці Генрыка Жавускага, карціна Яна Матэйкі «Рэйтан» (1864—1866), нарыс Юльяна Нямцэвіча «Жыцьцё Тадэвуша Рэйтана» (1818) ды іншыя. Тадэвуша Рэйтана ўславіў Адам Міцкевіч у сваёй паэме «Пан Тадэвуш».

У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Грушаўцы паставілі бюст Тадэвушу Рэйтану (цяпер у Нацыянальным музэі ў Кракаве), у 1993 годзе — мэмарыяльны знак. У 1997 годзе ў Ляхавічах прайло рэгістрацыю грамадзкае аб’яднаньне «Гістарычнае аб’яднаньне „Тадэвуш Рэйтан“» (цяпер не існуе). У 2013 годзе куратарская група фэстывалю «Дах» заснавала Арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана.

  1. 1 2 Tadeusz Reytan (Rejtan, Reyten) h. własnego // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  2. 1 2 3 ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 528.
  3. Юркевіч З. Рэйтан і Касцюшка — браты, Наша Ніва, 1 лютага 2017 г.
  4. Зьміцер Юркевіч. Помнікі тваёй краіны // Ігуменскі тракт. — 17 верасьня 2013. — № 30 (45). — С. 6.
  5. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  6. 1 2 3 Журавлевич С. Миллион евро для Грушевки: райисполком получил грант на реставрацию усадьбы Тадеуша Рейтана, TUT.BY, 12 лістапада 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]