Перайсьці да зьместу

Студэнт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Студэнты»)
Озьяс Лёдзюк(fr) «Малады студэнт» (1894)

Студэнт (лац. studens — «стараньнік») — навучэнец вышэйшай навучальнай установы. Пры вочным навучаньні слухае лекцыі і ўдзельнічае ў сэмінарах. Затым здае залікі і экзамэны, выконвае курсавыя працы і ўдзельнічае ў практыцы паводле спэцыяльнасьці. Пры сканчэньні навучаньня выконвае дыплёмную працу. Пры завочным навучаньні абавязваецца наведваць ВНУ толькі для здачы экзамэнаў.

У 1287 годзе ў Балёнскім унівэрсытэце (Тасканская марка, Сьвятая Рымская імпэрыя; цяпер рэгіён Эмілія-Раманьня, Італія) зьявіўся студэнцкі гімн «Давайце радавацца» (лац. Гаўдэамус). 17 лістапада 1941 году на Міжнароднай сустрэчы студэнтаў у Лёндане (Ангельшчына) пастанавілі адзначаць Міжнародны дзень студэнта ў гонар чэскіх студэнтаў Карлавага ўнівэрсытэту (Прага, Пратэктарат Багеміі і Маравіі, Трэці Райх; цяпер Чэхія), забітых нямецкімі акупантамі двума гадамі раней.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту на сцэне

На студзень 2012 году ў 55 ВНУ Беларусі навучаліся звыш 450 тыс. студэнтаў (4,7% насельніцтва Беларусі), зь іх 96 тыс. першакурсьнікаў. У Менску навучаліся 53% студэнтаў. Навучаньне ў 64% выпадкаў ажыцьцяўлялася платна за ўласныя сродкі. 34% студэнтаў атрымлівалі вышэйшую адукацыю за кошт урадавых выдаткаў у абмен на адпрацоўку па разьмеркаваньні. Прадпрыемствы аплочвалі навучаньне 2% студэнтаў зь ліку сваіх супрацоўнікаў. На верасень 2011 г. стыпэндыю атрымлівала палова студэнтаў. Іншагароднія складалі 56% студэнтаў. У студэнцкіх гуртажытках пражывалі каля 82 тыс. студэнтаў дзённага навучаньня (2/3 іншагародніх заяўнікаў). Моладзь ва ўзросьце ад 17 да 24 гадоў складала 82% студэнтаў. Мужчыны — 41%. Таксама ў ВНУ Беларусі навучаліся 11 тыс. замежных грамадзянаў (2,4% ад агульнага ліку)[1]. На 2013 год навучэнцы вучэльняў, каледжаў і ВНУ Беларусі складалі 6,21% насельніцтва, што было 4-м у сьвеце паказьнікам[2].

На верасень 2020 году ў ВНУ Беларусі налічвалася 263 400 студэнтаў і магістрантаў (2,8 % насельніцтва Беларусі). Дзяржаўнымі былі 42 зь 50 ВНУ. Сярод іх было 33 унівэрсытэты, 9 акадэміяў і 8 інстытутаў. Зь іх да прыватных ВНУ належалі 6 інстытутаў і 2 унівэрсытэты. На верасень 2019 году найбольш пашыранымі зь 15 профіляў вышэйшай адукацыі былі: 1) ладжаньне вытворчасьці, гаспадарка, зносіны, кіраваньне і права — 29,9 % студэнтаў; 2) будаўніцтва, дойлідзтва, тэхналёгіі і тэхніка — 25,7 %; 3) ахова здароўя, гасьціннасьць, сацыяльная абарона, турызм і фізычная культура — 11,2 %; 4) дызайн, мастацтва, гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі — 10,9 %; 5) прафэсійная адукацыя і пэдагогіка — 9,8 %; 6) лясная і сельская гаспадарка, садова-паркавае будаўніцтва — 8,7 %; 7) іншае — 3,8 %. Студэнты атрымлівалі асьвету па больш як 400 напрамках спэцыяльнасьцяў. Найбольшымі 5 унівэрсытэтамі Беларусі паводле ліку студэнтаў былі:

  1. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — 22 800 (8,6 % студэнтаў),
  2. Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт — 21 100 (8 %),
  3. Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт — 14 600 (5,5 %),
  4. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі — 12 600 (4,8 %),
  5. Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт — 11 100 студэнтаў (4,2 %)[3].

За 2017—2022 гады лік замежных студэнтаў у Беларусі вырас зь 17 000 да 32 000 са 107 краінаў[4].

  1. ^ Надзея Нікалаева. Месца ў студэнцкім інтэрнаце маюць дзьве трэці з тых, хто мае патрэбу // Зьвязда : газэта. — 25 студзеня 2012. — № 15 (27130). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Аляксандар Пукшанскі. Беларусь займае 4 месца ў сьвеце па колькасьці студэнтаў // Зьвязда : газэта. — 6 жніўня 2013. — № 144 (27509). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Студэнты Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 студзеня 2021 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Мэтавы набор, амаладжэньне кадраў і папулярнасьць за мяжой // БелТА, 25 жніўня 2022 г. Праверана 25 жніўня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Студэнтсховішча мультымэдыйных матэрыялаў