Царква Сьвятога Спаса (Полацак)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятога Спаса
| |
Спаская царква да надбудовы пазалочанага купала-цыбуліны
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Полацак |
Каардынаты | 55°30′14″ пн. ш. 28°46′50″ у. д. / 55.50389° пн. ш. 28.78056° у. д.Каардынаты: 55°30′14″ пн. ш. 28°46′50″ у. д. / 55.50389° пн. ш. 28.78056° у. д. |
Канфэсія | Расейская праваслаўная царква |
Эпархія | Полацкая япархія |
Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідзтва[d] |
Аўтар праекту | Іаан[d] |
Дата заснаваньня | XII стагодзьдзе |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Сайт | spas-monastery.by |
Царква Сьвятога Спаса | |
Царква Сьвятога Спаса на Вікісховішчы |
Царква́ Сьвято́га Спа́са[a] — помнік архітэктуры XII стагодзьдзя ў Полацку, часткова перабудаваны ў XVII—XIX стагодзьдзях (зьмянілася канструкцыя даху і форма купала, урэшце ўлады Расейскай імпэрыі ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі паставілі на царкву маскоўскі купал-цыбуліну). Знаходзіцца ў цэнтры комплексу Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Твор Полацкай школы дойлідзтва. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Полацкае княства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На просьбу Эўфрасіньні Полацкай мясцовы япіскап выдзяліў для будаваньня царквы вёску Сяльцо за межамі Полацку каля япіскапскай пахавальні, «идеже братия наша лежа, преже нас бывши епископи». «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай» дае падставу меркаваць, што Эўфрасіньня магла распачаць узьвядзеньне па 1128—1129 гадох на блаславеньне япіскапа Міны. Імаверна, царкву заклалі па сьмерці бацькі Эўфрасіньні, князя Сьвятаслава Ўсяславіча па 1128 годзе[1]:
И тако начаста пребывати в монастыри. И по сему блаженная Ефросиния заложи церковь каменну св. Спаса. | ||
Асьвячэньне магло адбыцца паміж 1133 годам і пачаткам 1140-х гадоў япіскапам Іліяй, які ў гэты час (да 1145 году) кіраваў полацкай япіскапіяй. Паводле іншых меркаваньняў, царкву мог асьвяціць пераемнік япіскапа Іліі Казьма, які быў полацкім япіскапам у 1143—1166 гадох[1]. Аўтар «Жыція» апісвае гэтую падзею наступным чынам:
Преподобная Ефросиния видевше совершенну церковь, возрадовася, и бысть священие ей — велия радость всем христьяном; и собравшися князи и сильнии мужие, иноки и инокиня и простии людие и бысть торжество велие и праздноваша многия дни. | ||
Дакладна вядома, што царкву за 30 тыдняў збудаваў полацкі дойлід Іаан («муж нарочит именем Иоан, приставник над делатели церковными», г.зв. кіраўнік арцелі ўзьвядзеньня цэркваў) на заказ прападобнай ігуменьні Эўфрасіньні Полацкай.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1563—1579 гадох у манастыры ўжо не было манахаў[2], у 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў ягоныя будынкі Полацкаму езуіцкаму калегіюму. Вядома, што езуіты атрымалі комплекс у зруйнаваным стане. Неўзабаве яны аднавілі старажытную царкву і пакінулі ёй стары тытул — Перамяненьня Пана[3].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) па захопе Полацку маскоўскім войскам у 1656 годзе на загад маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча царкву Сьвятога Спаса паўторна асьвяцілі як прыналежную да Маскоўскай царквы. Па вызваленьне места яна зноў знаходзілася ў валоданьні езуітаў, якія выкарыстоўвалі будынак як касьцёл. Паміж 1728 і 1734 гадамі, а таксама ў 1786 годзе ордэн праводзіў аднаўленчыя працы.
Пад уладай Расейска імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала знаходзіцца ў валоданьні езуітаў. У 1800—1803 гадох будынак грунтоўна рэканструяваў прафэсар архітэктуры езуіт Войцех Абрампольскі[4]. У вайну 1812 году царква пацярпела, але неўзабаве яе аднавілі. Паводле тагачаснага інвэнтару сьвятыня мела наступны выгляд:
Франтон касьцёлка з чатырма калёнамі, над каторымі малая мураваная вежачка з касьцёльным званочкам. Па бакох франтону дзьве малыя жалезныя піраміды і дзьве вазы, абітыя жалезнай бляхай, купал таксама бляшаны, дах жа касьцёльны пакрывае дахоўка. У сярэдзіне ўва ўсім касьцёле старадаўняе маляваньне на сьценах і на шасьці падпіраючых хоры і купал калёнах. | ||
Па скасаваньні ордэна ў 1820 годзе будынак перайшоў да іншых гаспадароў, і толькі ў 1832 годзе расейскія ўлады перадалі царкву Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). У 1833 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара А. Порты яе часткова перабудавалі. Асьвячэньне «благолепно отремонтированного Спасова храма» адбылося 30 ліпеня 1839 году.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1918 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр. Сваю дзейнасьць царква аднавіла ў 1990 годзе ў складзе Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.
У 2003 годзе Нацыянальны банк Беларусі адбіў манэту з выявай царквы Сьвятога Спаса на рэвэрсе.
З 2000-х гадоў праводзіцца рэканструкцыя (рэстаўрацыя) царквы, навуковым кіраўніком якой прызначылі Генадзя Лаўрэцкага[5]. Лаўрэцкі выступае за захаваньне выгляду будынка, які той набыў у XIX ст.[6]. У 2007 годзе надбудаваны ўладамі Расейскай імпэрыі драўляны купал-цыбуліну дэмантавалі, а на яго паставілі новы, абшыты пад золата (супраць гэтага купала сваё меркаваньне выказвалі найбольш аўтарытэтныя беларускія навукоўцы). Праз павелічэньне вагі канструкцыі пачалося разбурэньне скляпеньняў і муроў царквы[7]. З гэтай прычыны ЮНЭСКО адмовіла Беларусі ва ўлучэньні царквы ў Сьпіс сусьветнай спадчыны[8].
У верасьні 2011 году ў царкве раскрылі фрэску XII стагодзьдзя з выявамі сьвятых князёў-мучанікаў Барыса і Глеба, якія былі братамі, і сьвятога чэскага князя Вацлава[9].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік Полацкай школы дойлідзтва. Дойлід Іаан імкнуўся стварыць урачысты архітэктурны вежападобны манумэнт, помнік-рэквіем[1].
Царква атрымала вельмі выразны кампазыцыйны разьвязак. Гэта быў выцягнуты ў пляне крыжова-купальны 3-нэфавы 6-стоўпны аб’ём (даўжыня без апсыды 14,4 м, з апсыдай 18,2 м, шырыня 9,8 м, таўшчыня выкладзеных плінфай сьценаў (1,24—1,8 м). Цэнтральны нэф з усходу завяршаўся паўкруглай апсыдай, падзеленай тонкімі паўкалёнкамі. Бакавыя апсыды малых памераў паўцыркульныя, звонку нябачныя. Бакавыя паўднёвы і паўночны фасады падзяляюцца пілястрамі з паўкалёнамі на два вузкія і два шырокія прасьценкі, іх праразаюць два ярусы аркавых аконных праёмаў, дэкараваных броўкамі. Аконныя праёмы ніжняга яруса ў паўтара разы большыя за верхнія, з броўкамі з чатырох шэрагаў плінфы. Барабан купала абапіраўся на кубічны пастамэнт. Моцна высунутая паўкруглая апсыда рытмічна падзяляецца шасьцю тонкімі паўкалёнкамі, на барабане ў прасьценках вузкіх аркавых аконных праёмаў — прастакутныя ў сечыве лапаткі. Будынак мае два ўваходныя парталы — заходні галоўны і паўднёвы дадатковы[1].
Царква захавалася амаль цалкам, пэўныя перабудовы адбыліся толькі ў верхняй частцы. Вынікам іх стала замена закамарнага пакрыцьця насьценным, увядзеньне ў афармленьне атынкаваных фасадаў гафраванага фрызавага паса, які наклалі на старажытны раманскі; салярнага арнамэнту ў пазухі вялікіх закамараў, капітэляў пілястраў з вэртыкальный гафраваньнем, зьбіўка паўкалёнак на кутніх лапатках. Апроч таго, з аконных праёмаў прыбралі броўкі паўцыркульнага абрысу з бакавымі гарызантальнымі ўсёкамі (г. зв. — сырыйскага тыпу)[10].
Унутраная прастора падзяляецца шасьцю масіўнымі апорнымі слупамі (унізе 8-гранныя, вышэй — 4-гранныя) на тры нэфы, бакавыя зь якіх вузейшыя і завяршаюцца паўкруглымі эксэдрамі ў тоўшчы ўсходняй сьцяны. Кампазыцыя пляну характарызуецца рытмічным падзелам унутранай прасторы: шырокі прытвор, потым вузкі нартэкс, далей зноў шырокая малітоўная заля і, нарэшце, вузкая апсыда. Прытвор адмяжоўваецца ад малітоўнай залі трыма невысокімі аркамі, над якімі разьмяшчаюцца хоры, на якія ідзе лесьвічны ход у тоўшчы заходняй сьцяны. Па іхных бакох дзьве маленькія крыжападобныя ў пляне перакрытыя купальнымі скляпеньнямі на ветразях кельлі, адна зь якіх (направа ад уваходу), паводле паданьня, прызначалася для Эўфрасіньні Полацкай, другая — для яе сястры Эўпраксіі. Перакрыцьці нэфаў — цыліндрычныя скляпеньні. Пад царквой скляпеністая крыпта.
Асаблівую гістарычна-мастацкую каштоўнасьць маюць фрэскавыя размалёўкі XII ст. — унікальны твор манумэнтальнага мастацтва сусьветнай значнасьці. Старажытныя фрэскі таксама аздаблялі вонкавую паўднёвую сьцяну (не зьбераглася)[11].
У царкве захоўваўся напрастольны крыж, зроблены ў 1161 годзе. Разам з цудоўным абразом «Маці Божая Этэская-Карсунская» крыж забраў маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч у паход на Рыгу ў 1656—1667 гадох (крыж вярнулі ў манастыр у 1659 годзе, абраз вывезьлі ў Маскву)[12].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да перабудовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Да пераходу ў валоданьне Маскоўскай царквы. Мастак W. Kobell, 1812 г.
-
Абмеры, 1833 г.
-
Да надбудовы купала-цыбуліны. Мастак Ю. Азямблоўскі, 1849 г.
-
Да і па надбудове купала-цыбуліны. Абмеры А. Сапунова, XIX ст.
Па перабудове
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
І. Трутнеў, 1866 г.
-
І. Трутнеў, 1866 г.
-
1888 г.
-
1890 г.
-
1888 г.
-
1894 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1870-я гг.
-
1870-я гг.
-
1889—1891 гг.
-
1890-я гг.
-
1890-я гг.
-
1890-я гг.
-
1893 г.
-
1893 г.
-
да 1900 г.
-
1903 г.
-
1910 г.
-
1910 г.
-
1910 г.
-
1910 г.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1931 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавы выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
З боку апсыды
-
Галоўны фасад
-
З боку брамы-званіцы
Фрэскі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Збаўца. Пакліканьне Закхея
-
Маці Божая
-
Арханёл Гаўрыіл
-
Апосталы
-
Уваход Гасподні ў Ерусалім
-
Прарок Езэкіль (?)
-
Зьбіваньне немаўлятаў
-
Вылячэньне пракажонага
-
Сьвятая Эўхарыстыя
-
Царыца Саўская
-
Прападобная Эўфрасіньня Александрыйская гутарыць з бацькам
-
Сцэна жыція сьвятой Эўфрасіньні Александрыйскай
-
Сьвяты мучанік Кіпрыян
-
Прападобны Макары
-
Прападобны Павал Фівейскі
-
Праведны Сімяон Богапрыемец і прарочыца Ганна
-
Невядомая сьвятая
-
Невядомая прападобная
-
Невядомая сьвятая мучаніца
-
Эўфрасіньня Полацкая падносіць мадэль царквы Збаўцу
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назва помніка архітэктуры прыводзіцца паводле беларускай гістарычнай традыцыі. Цяперашні афіцыйны тытул: «Царква Праабражэньня Гасподняга» або «Спаса-Праабражэнская царква» (рас. Церковь Преображения Господнего, Спасо-Преображенская церковь); таксама Спаская царква, Спасаўская царква, Спаса-Эўфрасіньнеўская царква
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 165.
- ^ Ярашэвіч А. Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 455.
- ^ Гліннік В. Да гісторыі будаўнічай актыўнасці полацкіх езуітаў у фальварку Спас // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Полацак: НПГКМЗ, 2003. С. 66.
- ^ Гліннік В. Да гісторыі будаўнічай актыўнасці полацкіх езуітаў у фальварку Спас // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Полацак: НПГКМЗ, 2003. С. 67.
- ^ Дрык Л. Журналісты за гістарычную спадчыну // Туризм и отдых. № 32, 2007.
- ^ Корбут В. Фрески в лесах // Советская Белоруссия. 19 октября 2006.
- ^ Буховецкий А., Буховецкий А., Закревский Е. Спасите белорусскую святыню. Краевед-исследователь Полоцкой земли. Праверана 2 чэрвеня 2012 г.
- ^ Лабадзенка Г. У Нясьвіжы на знаку ЮНЭСКА зрабілі памылку ў слове ЮНЭСКА // Зьвязда : газэта. — 31 сакавіка 2011. — № 59 (26923). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Хітроў А., БелТА. Сэнсацыйныя адкрыцьці // Зьвязда : газэта. — 7 верасьня 2011. — № 170 (27033). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 166.
- ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 400.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 167.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 210Г000621 |