Салідарныя зь Беларусьсю
Салідарныя зь Беларусьсю Solidarni z Białorusią | |
Гады | 2006 — цяперашні час |
---|---|
Краіна | Польшча |
Горад | 2006—2010: Варшава 2011: розныя |
Мова(-ы) | польская, беларуская |
Жанры | рок, рэґі, рэп |
Злучаныя праекты | Ініцыятыва «Вольная Беларусь»(pl) |
«Салідарныя зь Беларусьсю» (па-польску: Solidarni z Białorusią) — штогадовы канцэрт, які праводзіцца з 2006 году 25 сакавіка польскай моладзевай арганізацыю Ініцыятыва «Вольная Беларусь»(pl).
2006 год
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ідэя канцэрту была створаная групай польскіх студэнтаў з моладзевай арганізацыі Ініцыятыва «Вольная Беларусь»(pl) у 2006 годзе. Канцэрт стаў магчымасьцю для беларускіх музыкаў выступаць на шырокай публіцы, а для жыхароў Польшчы — магчымасьцю пазнаёміцца зь беларускай культурнымі і палітычнымі рэаліямі (падчас канцэрту акрамя музыкі паказваліся ўрыўкі фільмаў, фатаграфіі з палітычных дэманстрацыяў у Менску). Канцэрт ладзіўся таксама й у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году[1][2]. На канцэрце выступілі беларускія выканаўцы — Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Кулінковіч, Лявон Вольскі з N.R.M., Юрка Асеньнюк. Сярод польскіх артыстаў можна было пачуць гурты Raz Dwa Trzy й Habakuk[3]. Імпрэза згуртавала каля 6000 чалавек[4].
2007 год
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падрыхтоўка да другога канцэрту адрозьнівалася большай амбіцыёзнасьцю. У гэты раз месцам канцэрту быў прызначаны Замкавы пляц Варшавы, галоўная плошча старога гораду. Вядучымі зьяўляліся польскія тэлезоркі. На пляцы разьмяшчаліся тры вялікія маніторы, якія паказвалі ўрыўкі разгону апазыцыйных дэманстрацый. Аднак у канцэрце 2007 году адмовіліся выступіць некаторыя зь беларускіх музыкаў. Сярод іх — Кася Камоцкая — паэтка, вакалістка, былая беларуская «рок-князёўна»[5]. Адмовіўся таксама беларускі рэпэр Кроў. Зь іх боку гэта быў акт нязгоды са сцэнарам канцэрту, які прапанавалі арганізатары. Беларускія выступленьні былі заплянаваныя ў якасьці дадатку да выступаў польскіх зорак, сярод якіх Sidney Polak, Kayah[6].
Другі канцэрт наведала каля 11 000 чалавек[4].
2008 год
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэці па ліку канцэрт прайшоў 30 сакавіка, а ня 25-га, як папярэднія. Гэтаму спрычынілі тыбэцкія падзеі сярэдзіны сакавіка. У гэтым годзе канцэрт прайшоў пад лёзунгам: «Беларуская мова — мова беларусаў». Галоўная задача арганізатараў канцэрту — зьвярнуць увагу на праблему занядбаньня беларускай мовы: закрыцьцё беларускамоўных газэтаў і беларускамоўных школаў[2].
Падчас імпрэзы выступалі польскія гурты й беларускія выканаўцы: Вольскі, Вайцюшкевіч, Руся, Кулінковіч, IQ48 і Памідораў[7].
Кожны выступоўца, у залежнасьці ад нацыянальнасьці, выконваў песьні на ўласнай мове. Таксама гучалі пераклады «Паветранага шара» і «Трох чарапах» на польскую мову, выкананыя сумесна з польскімі музыкамі.
Напрыканцы імпрэзы на сцэну запрасілі прадстаўнікоў Тыбэту й выказалі ім супольную польска-беларускую салідарнасьць[7]. Таксама гучала меркаваньне, што канцэрт гэты будзе апошнім, а наступны пройдзе ў Менску на плошчы Якуба Коласа[7].
Канцэрт трансьляваўся ў жывым этэры незалежнага тэлеканалу «Белсат», а таксама «Эўрапейскага радыё для Беларусі» і «Радыё Рацыя».
2009 год
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чацьверты канцэрт адбыўся 22 сакавіка 2009 г. на Тэатральнай Плошчы ў Варшаве. Арганізатарамі былі Ініцыятыва Вольная Беларусь і Сталічны горад Варшава. Выступілі беларускія гурты Dali i Мёд, а таксама музыкі: Валошын, Андрэ Карп, Саша з гурту IQ48, Наста Някрасава і Дзьмітры Хадневіч. Сярод польскіх музыкаў выступілі: Гжэгаш Маркоўскі (выканаў песьню «Хочам быць сабой»), Галіна Францковяк, Чэслаў Сьпева, Робэрт Брылеўскі, Адам Новак з гурту «Раз два тры», Сіднэй Поляк, Тымон Тыманьскі, Гутэк і Габа Кулька, а таксама гурты EastWest Rockers, Izrael i Maleo Reggae Rockers i Mute. На сцэне зьявіліся таксама Браніслаў Вільдштайн і Агнешка Рамашэўска-Гузы са словамі салідарнасьці для беларусаў. Вядучыў быў Робэрт Ляшчыньскі. Канцэрт адбыўся пры непрыязных умовах надвор’я – нізкай тэмпературы і падачым дажджы. На канцэрт прыйшло каля 13 тысячы гледачоў.
Канцэрт 22 сакавіка стаў кульмінацыяй усяго цыклю беларускіх імпрэзаў пад лёзунгам «Пачуй Беларусь!», якія адбываліся ў Варшаве 15—27 сакавіка. 15 сакавіка ў клюбе Пункт адбыўся канцэрт «Рэгі для Беларусі», на якім выступілі: Habakuk, Izrael і беларускі бард Віктар Шалкевіч. 16 сакавіка на сядзібе Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі на вуліцы Фрэта 20/24a адбыліся дэбаты на беларускую тэматыку. 18 сакавіка ў клюбе Powiększenie арганізавалі паказ беларускіх дакумэнтальных фільмаў: «Беларускі Дэкамерон», рэжысэр Віктар Дашук і «Звычайны прэзідэнт» рэжысэра Юрыя Хашчавацкага; пасьля паказу была дэгустацыя беларускай кухні. У той самы дзень у клюбе Fresh адбыўся гіп-гопавы канцэрт пад назвай «Сіла слова», на якім выступілі: Mes, Numer Raz, Muflon, Proceente і іншыя. У ноч з 18 на 19 сакавіка арганізавана акцыя пратэсту супраць абмежаваньня вольнасьці слова ў Беларусі — «Дай голас беларусам». Гэта была частка міжнароднай акцыі, прыдуманай Маладымі эўрапейскімі фэдэралістамі. Удзельнікі акцыі вешалі на рот помнікаў у горадзе таблічку «Аддайце голас беларусам». 19 сакавіка ў клюбе «Мэдык» адбыўся рок-канцэрт, на якім выступіў беларускі гурт «Мёд», а таксама польскія Hurt i Mute. 22 сакавіка на Тэатральнай плошчы адбылася галоўная вялікая імпрэза–канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю». 23 сакавіка ў клюбе Kamieniołomy адбыўся рок-канцэрт, на якім выступіў беларускі гурт Dali. 25 сакавіка была арганізаваная дэманстрацыя з нагоды Дня Волі — сьвяткаванага беларускай апазыцыяй сьвята гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэманстранты, сярод якіх былі беларусы, што жывуць у Варшаве, а таксама палякі (паміж іх быў рэжысэр Міраслаў Дэмбінскі), прайшлі ад помніка Капэрніка да Сойму. Там уручылі паслу Міхалу Шчэрбе пэтыцыю з просьбай зьвярнуць увагу на сытуацыю ў Беларусі. 27 сакавіка адбылася Крытычная маса, якая зьмяшчала беларускія элемэнты – музыку і бела-чырвона-белыя сьцягі.
2010 год
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пяты канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю» павінны быў адбыцца 11 красавіка. Плянаваліся выступы польскіх рок-зорак: Сыднэй Поляк, Янэк Пэнчак і The Relievers, зь беларускага боку — «Спрат», Recha, Слава Корань, Аляксандар Кулінковіч. Аднак імпрэзу адмянілі ў сувязі з польскай трагедыяй.[8]
2011 год – Пачуй нас!
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2011 годзе імпрэза распаўсюдзілася на іншыя гарады, як польскія, так і замежныя. Лёзунг канцэрту ў гэтым годзе быў «Пачуй нас!».
Польшча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўны канцэрт адбыўся на плошчы Дэфляд у Варшаве а 18:30. Выступалі тры беларускія гурты (Крама, Рэха, Vinsent) і тры польскія (Akurat, Януш Сташэўскі і Maleo Reggae Rockers)[9]. Вядучым канцэрту быў Робэрт Ляшчыньскі[10]. Крыху раней у той самы дзень праводзілася гарадзкая гульня, падчас якой удзельнікі маглі адчуць сябе прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Падчас конкурсаў стваралася ілюзія рэалій барацьбы з дыктатурай, такіх як: расклейваньне плякатаў, тайнае разношаньне ўлётак, пазьбяганьне агентаў і міліцыі, карыстаньне тэлефонам, які падслухоўваецца[11].
У Беластоку 26 сакавіка а 17.00 у клюбе «Loft» адбыўся канцэрт, на якім выступілі чатыры мясцовыя гурты (Miejski Klub Przyjaciół Chilloutu, Scrapped Culture, Blow Art i The Greed), а таксама беларускі гурт Relikt. Імпрэзе папярэднічаў «Марш вольнасьці», які распачнуўся каля помніка Юзэфу Пілсудзкаму паўгадзіны раней перад канцэртам[12]. Яго арганізатарамі былі таварыства «Маладыя дэмакраты» і Моладзевая гарадзкая Рада ў Беластоку. Удзельнікі (каля 20 маладых людзей) патрабавалі ад уладаў Беларусі вызваленьня вязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсій[13].
У Гданьску 26 сакавіка а 13:30 у тэатры «Акно» адбыўся міні-канцэрт беларускага гурта «Рэха». Папярэднічала імпрэзе дэманстрацыя каля Доўгага таргу, якая падтрымлівала змаганьне зь беларускім рэжымам. Арганізатарамі мерапрыемства былі студэнты зь Беларусі, якія навучаюцца ў Труймясьце, навуковае таварыства UG «Мазаіка», бюро «Гданьск і Мэтраполія Эўрапейская сталіца культуры 2016 — кандыдат», а таксама дзейнае ў Сапоце Беларускае культурнае таварыства «Хатка»[14].
У Катавіцах 27 сакавіка а 18 гадзіне на вуліцы Мар’яцкай адбыўся канцэрт, на якім выступілі тры польскія гурты: Cała Góra Barwinków, Leniwiec і Radical Garaża, а таксама беларускі гурт з Полацку – Indra. Канцэрт пачаўся з уступнага слова эўрапарлямэнтара др Марка Мігальскага, які выразіў падтрымку для падобных ініцыятываў. Таксама выступіў Эдуард Гладышаў, беларускі студэнт і апазыцыянэр з Кракава, які распавёў аб парушэньні правоў чалавека і асноваў дэмакратыі ў Беларусі. На канцэрт прыйшлі некалькі соцень чалавек рознага ўзросту, сярод якіх былі і беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Катавіцах. Арганізатарам мерапрыемства было таварыства Праект Сылезія, а са-арганізатарамі Бюро дэпутата Эўрапейскага парлямэнта др-а Марка Мігальскага і горад Катавіцы[15][16].
У Кельцах 25 і 26 сакавіка ад поўдню да вечару ў клюбе Woor на плошчы Свабоды адбываліся «Дні салідарнасьці з Беларусьсю». Была арганізаваная акцыя напісаньня апэляцыйных лістоў да ўладаў Беларусі з патрабаваньнем вызваліць апазыцыянэраў. Паказваліся дакумэнтальныя фільмы пра палітычную і грамадзкую сытуацыю ў Беларусі, адносіны беларускай апазыцыі і іншыя беларускія фільмы. У першы дзень імпрэзы адбылася дыскусія на тэму Беларусі, у якой удзельнічалі грамадзкія дзеячы і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў. Арганізатарамі мерапрыемства былі таварыства Цэнтар валянтэрства і Ініцыятыва Вольная Беларусь, каардынатаркай была Эмілія Міхта[17].
У Кракаве культурныя падзеі цягнуліся тры дні. У чацьвер 24 сакавіка а 17 гадзіне ў Малым калегіюме Paderevianum адбылася дыктоўка па беларускай мове. Тэкст дыктоўкі распрацаваў Дзьмітры Клабанаў, працаўнік Інстытуту ўсходнеславянскай філялёгіі Ягелонскага ўнівэрсытэту, аўтар кнігі «Крок за крокам знаёмімся зь Беларусьсю». У пятніцу 25 сакавіка ў клюбе «Ціша» на вул. Брацкай 3-5 а 18 гадзіне адбылася выстава жывапісу і графікі беларускай мастачкі Нікі Сандрос. Пасьля выставы адбыўся невялікі канцэрт беларускай песьні ў выкананьні маладога беларускага музыкі Нікіфара Маліноўскага. У суботу 26 сакавіка ў кавярні Наварольскі ў Сукеньніцах а 19 гадзіне быў арганізаваны вечар беларускай і польскай паэзіі. Свае вершы чыталі паэты зь Беларусі: Ірына Хадарэнка і Павал Надольскі. Вершы іншых беларускіх і польскіх паэтаў у арыгінале і ў перакладзе чыталі студэнты Дзяржаўнай Вышэйшай тэатральнай школы і сябры Беларускага таварыства[18].
У Сапоце 25 сакавіка а 19 гадзіне ў канцэртнай залі Polskiej Filharmonii Kameralnej і ў Лясной опэры адбыўся канцэрт беларускіх музыкаў: барда Зьмітра Вайцюшкевіча і гурта Рэха. Канцэрт быў платны. Арганізатарамі былі беларускія студэнты з Гданьскага ўнівэрсытэту, сябры студэнцкага навуковага таварыства UG «Mozaika», пры падтрымцы Ініцыятывы Вольная Беларусь, Беларускага культурнага таварыства «Хатка», бюро «Гданьск і Мэтраполія Эўрапейская сталіца культуры 2016 — кандыдат» і таварыства «Гарадзкая культура». Мерапрыемства прайшло пры ганаровай падтрымцы прэзыдэнта Сапота Яцака Карноўскага[19].
У Шчэціне 13 сакавіка а 18 гадзіне ў Доме культуры «Славянін» адбыўся канцэрт гуртаў: Rowdyside, Annalisa, Kumka Olik i Titus Tommy Gunn. У перапынку паміж імі выступіў Францішак Вячорка, беларускі дзеяч апазыцыі. Канцэрт быў платным, а ўвесь даход з імпрэзы быў перадазены на статутныя мэты Ініцыятывы Вольная Беларусь. Арганізатарамі былі: I агульнаадукацыйны ліцэй у Шчэціне, Дом культуры «Славянін» і Эўрапейскае таварыства студэнтаў права Liceum ELSA Szczecin. Імпрэзу падтрымалі: гміна Нова Варпна, Павятовае староства ў Паліцах, Заходнепаморская Ўправа Маршалкоўскі, Урад гораду Шчэцін, Шчэцінскі Ўнівэрсытэт, Gazeta Wyborcza Szczecin, Polskie Radio Szczecin[20].
Інцыдэнт ва Ўлацлаўку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імпрэза ў межах акцыі «Салідарныя з Беларусьсю» плянавалася таксама ва Ўлацлаўку. Ініцыятарам і арганізатарам была няўрадавая арганізацыя «Праект Улацлавак». 22 сакавіка ў Аб’яднаньні каталіцкіх школ павінна было адбыцца спатканьне моладзі зь беларускім апазыцыяністам, а 27 сакавіка ва Ўлацлаўскім цэнтры культуры плянаваўся канцэрт беларускага фольк-рокавага гурта з Гомлю «Бан Жвірба» і двух улацлаўскіх музычных гуртаў на разагрэве. Перад канцэртам плянавалася правядзеньне конкурсу на лепшую карыкатуру Аляксандра Лукашэнкі. Арганізатары чакалі, што прыйдзе каля 300—400 гледачоў, якім бы раздалі бела-чырвона-белыя стужкі, што сымбалізуюць салідарнасьць з дэмакратычнымі памкненьнямі беларусаў. Імпрэза павінна была быць бясплатнай. Яе кошт, які складаўся з транспарту і начлегу беларускіх музыкаў, друкаваньня плякатаў, зьбіраўся ўзяць на сябе Ўлацлаўскі цэнтар культуры[21].
Мерапрыемства, аднак, не адбылося. За два тыдні перад імпрэзай адмовіўся Ўлацлаўскі цэнтр культуры, падобна зрабіла Аб’яднаньне каталіцкіх школ. Арганізатары прабавалі перанесьці мерапрыемства, аднак дзьве школы, да якіх яны тэлефанавалі, таксама адмовіліся. Паводле Мар’юша Серачкевіча з «Праекту Ўлацлавак», які быў каардынатарам мерапрыемства, адмову неафіцыйна тлумачылі палітычнымі прычынамі, тлумачачы тым, што ўлады горада не жадаюць праводзіць мерапрыемствы, на якіх крытычна выступаюць супраць уладаў Беларусі[21]. Улацлавэк зьяўляецца партнэрскім горадам беларускага Магілёва і цесна зь ім супрацоўнічае[22]. Згодна зь Серачкевічам, улады гораду ўжо раней нэгатыўна рэагавалі на акцыі, якія асуджаюць парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Паводле прадстаўнікоў Улацлаўскага цэнтру культуры, імпрэзу трэба было адмяніць па фінансавых прычынах, паколькі нечакана там трэба было зрабіць рэмонт[21].
Сьвет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2011 годзе канцэрты ў межах акцыі «Салідарныя зь Беларусьсю» адбыліся першы раз таксама па-за межамі Польшчы. 26 красавіка ў Вільні ў Доме нацыянальных меншасьцяў арганізавалі сьвяточную імпрэзу ў гонар 93-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас мерапрыемства былі прачытаны некалькі рэфэратаў на гістарычную тэматыку, а таксама выступілі барды зь Вісагінасу. Арганізатарамі было Таварыства беларускай культуры ў Вільні пры падтрымцы «Ініцыятывы Вольная Беларусь». Каардынатарам быў Уладзіслаў Гурыновіч[23].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рок-князёўна Кася Камоцкая як калумніст «naviny.by» у 2008 годзе давала такую ацэнку фэсту: «Ня трэба думаць, што калі ў Польшы ёсьць праэкт „Салідарныя зь Беларусьсю“, ён зацікаўлены ў беларускай музыцы. У самой назве акцыі — квінтэссэнцыя прыярытэтаў: „Салідарныя зь Беларусьсю“, а не „Прыйшлі паслухаць беларускую музыку“»[24].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Салідарны зь Беларусьсю(недаступная спасылка), «Белсат», 31 сакавіка 2008
- ^ а б Канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю» пройдзе ў Варшаве(недаступная спасылка), «Хартыя’97», 17 сакавіка 2008
- ^ «Салідарныя зь Беларусьсю»(недаступная спасылка), «Польскае радыё для замежжа», 13 сакавіка 2006
- ^ а б Салідарныя зь Беларусьсю/Solidarni z Białorusią Музыка социального и гражданского действия
- ^ Ракавыя князёўны(недаступная спасылка), «Звязда», 16 сакавіка 2002
- ^ «Салідарныя зь Ямайкай», «Tuzin.fm», 28 сакавіка 2007
- ^ а б в Грандыёзны канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве, «Наша Ніва», 31 сакавіка 2008
- ^ «Салідарныя зь Беларусьсю — 2010», «Tuzin.fm», 11 красавіка 2010
- ^ Usłysz Białoruś: w niedzielę wielki koncert
- ^ Dodali otuchy pod Pałacem. Solidarni z Białorusią
- ^ Gra miejska o białoruskiej opozycji
- ^ Koncert « Solidarni z Białorusią» po raz pierwszy w Białymstoku
- ^ W Białymstoku odbyła się akcja Solidarni z Białorusią(недаступная спасылка)
- ^ Solidarnie z Białorusią
- ^ "Solidarni z Białorusią" po raz pierwszy w Katowicach(недаступная спасылка)
- ^ Koncert Solidarni z Białorusią(недаступная спасылка)
- ^ Kielce: Dni Solidarności z Białorusią(недаступная спасылка)
- ^ Solidarni z Białorusią(недаступная спасылка)
- ^ Solidarni z Białorusią - Wolność Kultury, Kultura Wolności
- ^ "Solidarni z Białorusią"
- ^ а б в Włocławek odwołał solidarność z Białorusią
- ^ Miasta partnerskie
- ^ Салідарныя з Беларуссю ў Вільні — 26 сакавіка
- ^ Камоцкая, Кася (2008-08-17) Кася Камоцкая. ШОУ-БІЗ. Салідарны з рок-н-ролам? (бел.). naviny.by. Праверана 2020-02-03 г. Архіўная копія ад 2015-03-30 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сайт арганізатараў канцэртаў (пол.)
- Крытыка канцэрту 2008 году (рас.) // «naviny.by», 3 красавіка 2008
- Зьміцер Вайцюшкевіч, Руся — Я нарадзіўся тут. (2008, Live)