Пражытковы мінімум
Падкляса ад | мінімум, даход |
---|---|
Частка больш агульнага | спажывецкі кошык |
Пражытковы мінімум[1] — найменшыя выдаткі на набыцьцё спажывецкіх тавараў і паслугаў для задавальненьня асноўных фізыялягічных і грамадзка-культурных патрэбаў чалавека.
Распрацоўваецца ў сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго чальца сям'і рознага складу. Натуральна-рэчавая будова ўтвараецца на аснове набору тавараў і паслугаў, што задавальняюць функцыянальныя патрэбы на пэўным адрэзку часу ва ўмовах канкрэтнай краіны. Улучае асноўныя крыніцы выдаткаў: харчаваньне, адзеньне, бялізну і абутак, лекі, прадметы гігіены і санітарыі, мэблю, прадметы гаспадарчага і культурна-побытавага прызначэньня, культурна-асьветныя мерапрыемствы і адпачынак, побытавыя паслугі, перавозкі і сувязь, а таксама ўтрыманьне дзіцяці ў дашкольнай установе. Служыць нарматывам для разьліку: зьмяненьня роўню жыцьця насельніцтва, забесьпячэньня найменш абароненых слаёў насельніцтва, мінімальнага заробку, пэнсіі, стыпэндыі і іншай маёмаснай дапамогі насельніцтву[2], як то алімэнты і дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей і і даглядаюць інвалідаў[3].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з Законам ад 9 студзеня 1992 году бюджэт пражытковага мінімуму зацьвярджаў урад Беларусі. Падлік ажыцьцяўлялі з улікам прапановаў прафсаюзаў і аб'яднаньняў. Яго памер пераглядалі штоквартал з улікам росту спажывецкіх цэнаў, а яго склад — кожныя 5 гадоў з улікам зьмяненьня ў нормах спажываньня. Цягам тыдня ад зацьвярджэньня яго будову і грашовую велічыню абнародавалі ў дзяржаўным друку[2].
6 студзеня 1999 году прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб пражытковым мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з 3-м артыкулам Закону найменшы набор харчовых вырабаў для пражытковага мінімуму вызначалі на падставе нормаў спажываньня, якія распрацоўвала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і навуковымі ўстановамі. Нехарчовыя тавары і паслугі ўлучалі ў пражытковы мінімум як вызначаную долю ад кошту найменшага набору харчаваньня. Такую долю вызначалі на падставе статыстыкі пра абсяг нехарчовага спажываньня малазабясьпечанымі грамадзянамі. Паводле 4-га артыкула, Урад Беларусі зацьвярджаў Палажэньне аб разьліку бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ), а Мінпрацы Беларусі — яго памер у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У 6-м артыкуле прадугледжвалася выкарыстаньне БПМ у якасьці меркі прызнаньня грамадзянаў малазабясьпечанымі, што давала права на дзяржаўную маёмасную дапамогу[4].
4 верасьня 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 865, якой зацьвердзіў Палажэньне аб парадку разьліку бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). Кошт нехарчовых тавараў і паслугаў вызначылі ў 77 % ад найменшага набору харчаваньня. Адпаведную нехарчовую долю падлічылі на падставе зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі пра выдаткі малазабясьпечаных хатніх гаспадарак за 2009—2013 гады. У разьліку ўлічылі выдаткі на: адзеньне, абутак і тканіну, мэблю, побытавыя прадметы, асабістыя паслугі і прадметы асабістага карыстаньня, жыльлёва-камунальныя паслугі, ахову здароўя, паслугі адукацыі, грамадзкага транспарту і сувязі. Штоквартальны разьлік БПМ перадалі Мінпрацы ад ўраду. Яго разьлічвалі для 6 групаў насельніцтва: працаздольных дарослых, пэнсіянэраў і студэнтаў, а таксама дзяцей да 3-х гадоў, ад 3-х да 6 гадоў і ад 6 да 18 гадоў. У якасьці БПМ у сярэднім на душу насельніцтва прынялі сярэднедушавы БМП сям'і з 4-х чалавек, якая складалася з мужа, жонкі, сына 13 гадоў і дачкі 7 гадоў[5].
9 лістапада 2021 году ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 637, якой узьняў нехарчовую долю ў БПМ да 83 % ад кошту харчаваньня. У склад найменшага набору харчаваньня ўваходзілі 42 вырабы. Сярод іх для дарослых і дзяцей прызначалася па 41 вырабе. Гэтак у набор для дарослага мужчыны ўлучылі 1,3 кг маргарыну, а для дзіцяці — 2,2 кг манных крупаў. Агульным быў сьпіс 40 харчовых вырабаў, у які ўваходзілі: жытні і пшанічны хлеб, пшанічная мука і макарона, рыс, аўсяныя, грачаныя, прасяныя і груцавыя крупы, бабовыя і бульба, капуста, морква, буракі, зеляніна, агуркі, таматы і іншая агародніна, агароднінныя кансэрвы, алей і масла, малако і кісламалочныя вырабы, сьмятана, сыр і тварог, яйкі, каўбаса, ялавічына, сьвініна і мясныя субпрадукты, мяса птушкі, сьвежамарожаная рыба і салёны селядзец, садавіна і садавінавыя сокі, цукар і сушаная садавіна, гарбата і соль[6].
Год | 1 лютага | 1 траўня | 1 жніўня | 1 лістапада |
---|---|---|---|---|
2024 | 406,74 | 418,73 | 433 | |
2023 | 341,48 | 352,13 | 364,4 | 367,79 |
2022 | 296,55 | 311,15 | 328,5 | 339,83 |
2021 | 262,87 | 273,27 | 283,46 | 288,01 |
2020 | 239,87 | 246,78 | 256,1 | 258,11 |
2019 | 216,9 | 224,02 | 230,91 | 231,83 |
2018 | 199,32 | 206,58 | 213,67 | 214,21 |
2017 | 180,1 | 183,82 | 197,57 | 197,81 |
2016* | 1 591 310 | 1 699 430 | 175,5 | 174,52 |
2015 | 1 428 100 | 1 474 870 | 1 569 130 | 1 567 810 |
2014 | 1 128 070 | 1 212 470 | 1 343 420 | 1 396 020 |
2013 | 924 150 | 974 110 | 1 026 290 | 1 047 530 |
2012 | 706 880 | 743 020 | 843 870 | 880 030 |
2011 | 296 870 | 343 260 | 442 360 | 574 790 |
2010 | 255 220 | 266 230 | 274 510 | 283 050 |
2009 | 234 370 | 243 570 | 249 410 | 250 070 |
2008 | 223 660 | |||
*Дэнамінацыя 1 ліпеня 2016 году ў 10 000 разоў. |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Альбэрт Паўловіч, Дзяніс Крывадуб, М. Эвенчык. прожиточный минимум — пражытковы мінімум // Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі / рэд. Іпаліт Поляк. — Менск: Інбелкульт, 1928. — 71 с. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія). — 1000 ас.
- ^ а б Пражытачны мінімум // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 427—428. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
- ^ Памер БПМ павялічваецца з 1 жніўня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 ліпеня 2024 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.
- ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 1999 г. № 239-З «Аб пражытковым мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, 2022 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.
- ^ БелТА. Пражытачны мінімум будзе разьлічвацца па-новаму // Зьвязда : газэта. — 9 верасьня 2014. — № 170 (27780). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Раман Галоўчанка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2021 г. № 637-З «Аб зьмяненьні пастановаў Савата міністраў Рэспубліцы Беларусь у пытаньнях сацыяльных нарматываў» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 11 лістапада 2021 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.
- ^ Бюджэт пражытковага мінімуму (рас.) // Партал «Эталён-Анлайн», 31 ліпеня 2024 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |