Перайсьці да зьместу

Праваслаўная царква Ўкраіны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ПЦУ»)

Каардынаты: 50°27′20″ пн. ш. 30°31′21″ у. д. / 50.45556° пн. ш. 30.5225° у. д. / 50.45556; 30.5225

Праваслаўная царква Ўкраіны
укр. Православна церква України
Абрэвіятура ПЦУ
Папярэднік Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, Украінская аўтакефальная праваслаўная царква
Дата ўтварэньня 15 сьнежня 2018 (5 гадоў таму)
Юрыдычны статус рэлігійнае аб’яднаньне
Штаб-кватэра Міхайлаўскі Залатаверхі манастыр
Месцазнаходжаньне Кіеў
Дзейнічае ў рэгіёнах Украіна
Сяброўства 7098 прыходаў (2020 г.)
Афіцыйныя мовы украінская
Кіеўскі мітрапаліт Епіфаній (Думенка)
Кіроўны орган Сабор
Матчына кампанія Сусьветны патрыярхат Канстантынопалю
Сайт pomisna.info

Правасла́ўная царква́ Ўкраі́ны (па-ўкраінску: Православна церква України) — хрысьціянская царква Ўкраіны, заснаваная ў сьнежні 2018 году.

Кіеўская мітраполія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 988 г. у выніку хрысьціянізацыі Кіеўскай Русі Ўладзімерам Сьвятаславічам была ўтворана першая ўкраінская хрысьціянская царква з цэнтрам у горадзе Кіеве пад назвай Кіеўская мітраполія Ўсяленскага патрыярхату Канстанцінопаля.[1] Пасьля Берасьцейскай уніі 1596 г. адбыўся раскол ва ўкраінскім хрысьціянстве, якое падзялілася на праваслаўных і ўніятаў.

У 1685 г. Маскоўскі патрыярхат пачаў далучэньне Кіеўскай мітраполіі Ўсяленскага патрыярхату, высьвяціўшы ў Масковіі кіеўскага мітрапаліта Гедэона. У 1686 г. праз сімонію Ўсяленскі Патрыярх Дыянісій ІV (пазьней быў падвергнуты анатэме) выдаў Сынадальны ліст, у якім даваў права высьвячаць Кіеўскага мітрапаліта Маскоўскаму Патрыярху ў парадку аскезы, абранай саборам духавенства й вернікамі яго дыяцэзыі. У абавязковым парадку мітрапаліт Кіеўскі павінен згадваць Усяленскага Патрыярха Канстанцінопальскага як свайго Першаіерарха на любой службе, абвяшчаючы й пацьвярджаючы сваю кананічную залежнасьць ад Царквы-Маці, але ні адна з гэтых умоў не была выканана. Кіеўская мітраполія фактычна стала адной са звычайных епархій Маскоўскага патрыярхату, калі Пётар Вялікі ў 1722 г. абраў Варлаама (Ванятовіча) у сане архіепіскапа, а не мітрапаліта. Сьвяты Сынод Усяленскага Патрыярхату ў працэсе прадастаўленьня Аўтакефаліі Ўкраінскай Царкве на пасяджэньні 11 кастрычніка 2018 г. адмяніў Сынадальны ліст 1686 г. з-за сімоніі й грубага яе парушэньня.[2]

Томас аб аўтакефаліі царквы

11 кастрычніка 2018 году Сынод Сусьветнага патрыярхату Канстантынопалю (СПК; Турэччына) зацьвердзіў пастанову аб намеры надаць аўтакефалію Праваслаўнай царкве Ўкраіны[3]. У рамках пастановы скасавалі Сынадальны ліст 1686 году, паводле якога Кіеўская мітраполія перайшла пад кіраваньне Маскоўскага патрыярхату. Таксама аднавілі ў чыне кіеўскага патрыярха Філярэта і зьверхніка УАПЦ Макарыя[4]. 29 лістапада 2018 году Сынод СПК ухваліў праект Статуту ПЦУ[5]. 5 сьнежня 2018 году сусьветны патрыярх Варфаламей І падпісаў запрашэньне на Аб’яднаўчы сабор Праваслаўнай царквы Ўкраіны, які прызначылі на 15 сьнежня ў Сафійскім саборы Кіева. На сабор запрасілі ўладыкаў Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП), Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату[6].

15 сьнежня 2018 году Аб’яднаўчы сабор украінскіх праваслаўных цэркваў зацьвердзіў Статут ПЦУ і адпаведна назву Праваслаўная царква Ўкраіны, а таксама абраў кіеўскім мітрапалітам 39-гадовага Епіфанія[7], які са сьнежня 2017 году быў пераяслаўскім мітрапалітам УПЦ КП. 5 студзеня 2019 году ў канстантынопальскім Саборы сьвятога Юрыя патрыярх Варфаламей падпісаў Томас аб аўтакефаліі ПЦУ. Томас папярэдне каліграфічна аформілі на пэргаміне ў Ксэнафонцьеўскім манастыры на Атоне. У нядзелю, 6 студзеня, на сьвята Богаяўленьня томас перадалі кіеўскаму мітрапаліту Епіфанію. Падчас набажэнства на Раство 7 студзеня падпісаны скрутак выставілі ў Сафійскім саборы Кіева[8]. Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, 7 студзеня Сафійскі сабор наведала прынамсі 150 000 вернікаў[9]. 9 студзеня томас вярнулі ў Стамбул, дзе яго падпісалі ўсе сябры Сыноду СПК, пасьля чаго перавезьлі назад ва Ўкраіну на пастаяннае захоўваньне[10].

30 студзеня 2019 году Міністэрства юстыцыі Ўкраіны паставіла на дзяржаўны ўлік рэлігійнае аб’яднаньне «Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы» па адрасе: Кіеў, вул. Трохсьвяціцельская, д. 6 (Міхайлаўскі Залатаверхі манастыр). 3 лютага 2019 году мітрапаліт Епіфаній узышоў на пасад зьверхніка ПЦУ падчас набажэнства ў Сафійскім саборы Кіева[11]. На 19 сакавіка 2019 году да Праваслаўнай царквы Ўкраіны далучылася звыш 500 прыходаў Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне[12].

  1. ^ The subordination of the Metropolitanate of Kyiv to the Moscow church was carried out by Patriarch Dionysius without the consent and approval of the Holy and Holy Synod of the Great Church of Christ.
  2. ^ DECISION OF THE SYNOD: THE UKRAINIAN CHURCH WILL RECEIVE A THOMOS. Full text (укр.) Праверана 2019-08-31 г.
  3. ^ Канстантынопальскі патрыярхат у Стамбуле распачаў працэдуру наданьня ўкраінскай царкве аўтакефаліі // Белтэлерадыёкампанія, 11 кастрычніка 2018 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  4. ^ Сусьветны патрыярхат: Аб’яднальны сабор ва Ўкраіне адбудзецца ў сьнежні // Газэта «Зьвязда», 19 лістапада 2018 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  5. ^ Сусьветны патрыярхат зацьвердзіў праект статута Ўкраінскай памеснай царквы // Эўрарадыё, 29 лістапада 2018 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  6. ^ Стала вядома, калі адбудзецца Аб’яднаўчы сабор Украінскай праваслаўнай царквы // Газэта «Новы час», 5 сьнежня 2018 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  7. ^ Стала вядома афіцыйная назва новай царквы ва Ўкраіне // Газэта «Зьвязда», 15 сьнежня 2018 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  8. ^ Патрыярх Варфаламей падпісаў томас аб аўтакефаліі ўкраінскай царквы // Газэта «Зьвязда», 5 студзеня 2019 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  9. ^ Вікторыя Лаўнікевіч. Томас у Кіеве: немагчымае магчыма // Газэта «Новы час», 8 студзеня 2019 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  10. ^ У Стамбуле ўсе члены Сынода Ўсяленскага патрыярхату падпісалі Томас аб аўтакефаліі ўкраінскай царквы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 студзеня 2019 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  11. ^ У Кіеве адбылася інтранізацыя кіраўніка ПЦУ // Газэта «Новы час», 3 лютага 2019 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.
  12. ^ Украінцы перад выбарамі: «Калі ўлада ня зьменіцца, яшчэ больш народу пяройдзе ў аўтакефальную царкву» // Радыё «Свабода», 27 сакавіка 2019 г. Праверана 2 красавіка 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]