Перайсьці да зьместу

Новае жыцьцё (царква)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Царква́ «Но́вае Жыцьцё́» — адна з пратэстанцкіх цэркваў Менску. Паўстала ў 1992 годзе. Налічвае блізу 1000 чалавек (чальцоў царквы і парафіянаў). Мае 14 філіяў па Беларусі і за яе межамі. Старэйшы пастар — Вячаслаў Ганчарэнка.

Агульная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Суполка «Новае жыцьцё» належыць да хрысьціянаў поўнага Эвангельля, як і яшчэ тры найбуйнейшыя пратэстанцкія супольнасьці — баптысты, пяцідзясятнікі і адвэнтысты Сёмага дня. Пяцідзясятнікі і хрысьціяне поўнага Эвангельля вызначаюцца тым, што яны ў часе малітвы могуць гаварыць на іншых, ці так званых «анёльскіх», мовах[1].

У царкве «Новае жыцьцё» больш моладзі, чым у іншых суполках. Хрысьціяне поўнага Эвангельля не прытрымліваюцца аскетызму і вераць, што Божы цуд адбываецца ў звычайным жыцьці. Яны лічаць, што Бог дае вернікам фінансавы дабрабыт ды іншыя рэчы, каб жыцьцё было больш камфортным.

Гісторыя царквы пачынаецца з 1991 году, з пропаведзі Эвангельля на вуліцах Менску. Праз два месяцы колькасьць далучыўшыхся людзей павялічылася настолькі, што памяшканьня пяцідзясятніцкай царквы стала недастатне. Тады было вырашана сустракацца ў кінатэатры, які арандавалі, выкупляючы квіткі на цэлы сэанс. Вячаслаў Ганчарэнка выдаткаваў на гэта свой месячны заробак, далей дапамагалі ахвяраваньні. Праз паўгады людзі самі сталі называць Ганчарэнку пастарам, а сваю суполку — царквой. Афіцыйным жа днём яе нараджэньня лічыцца 17 чэрвеня 1992 году, калі адбыліся першае вадохрышча і хлебапералом[2]. У тым самым годзе царква была афіцыйна зарэгістраваная ў Менгарвыканкаме.

Доўгі час набажэнствы ладзіліся ў арандаваных памяшканьнях. З 1999 году менскія ўлады, выкарыстоўваючы Дэкрэт прэзыдэнта «Аб мітынгах, сходах і вулічных шэсьцях», пачалі вымушаць адміністрацыю дамоў культуры і іншых установаў, якія здавалі памяшканьні ў арэнду цэрквам, разрываць дамовы з рэлігійнымі аб’яднаньнямі[3]. Доўгі час царква вымушаная была ладзіць богаслужэньні пад адкрытым небам.

Супрацьстаяньне з уладамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сытуацыя вакол будынку царквы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Набыцьцё і перабудова

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2002 годзе «Новае жыцьцё» набыла будынак былога кароўніку агульнай плошчай 1641 м² у Менскім раёне «для пабудовы культавага будынку». У 2003 годзе вёска Сухарава (разам з набытым царквой будынкам) была ўлучаная ў склад г. Менску. Царква ўзгадніла ў Камітэце па архітэктуры і горадабудаўніцтве Менскага гарвыканкаму рэканструкцыю будынку для адміністрацыйна-грамадзкіх мэтаў. Рэканструяваньне пад культавы будынак было забароненае з-за таго, што ўсе зямельныя надзелы ў Менску, прызначаныя для культавых пабудоваў, ужо разьмеркаваныя[4]. Пазьней узгадненьні былі адкліканыя паводле наўпроставага ўказаньня Аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму.

У 2005 годзе на прыведзены ў прыдатны стан будынак (з уключэньнем у склад Менску ён атрымаў адрэсу вул. Кавалёва, 72) быў атрыманы тэхнічны пашпарт як на культавую пабудову (пазьней тэхпашпарт быў скасаваны). Пасьля таго, як усе раённыя адміністрацыі Менску адмовілі ў арэндзе памяшканьняў для правядзеньня набажэнстваў, было вырашана праводзіць іх у былым кароўніку бяз згоды ўладаў[4]. Праз адсутнасьць санкцыі гарадзкіх уладаў на набажэнствы пастар і адміністратар царквы неаднаразова былі аштрафаваныя паводле артыкулу 167-1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях РБ[5].

У гэтым самым годзе Менскі гарвыканкам прыняў рашэньне пра спыненьне для «Новага Жыцьця» права карыстаньня зямельным надзелам і пра прымусовы выкуп будынку ў сувязі зь «нямэтавым выкарыстаньнем». Мэтавым выкарыстаньнем магла быць толькі гадоўля кароў, але паколькі на той час тэрыторыя ўжо ўвайшла ў межы гораду, гэтая дзейнасьць таксама стала недапушчальная[6]. 21 ліпеня Гаспадарчы суд Менску прыняў рашэньне пра прымусовы выкуп будынку за 37,5 мільёнаў рублёў (каля 16 000 даляраў)[5][7]. На працягу году царква спрабавала абскардзіць рашэньне Менгарвыканкаму, дайшоўшы да Вышэйшага гаспадарчага суду, ды безвынікова. Тады вернікі 6 кастрычніка 2006 году распачалі пост-галадоўку ў абарону царквы. Непасрэднай нагодай стала тое, што 29 верасьня 2006 г. фондам «Мендзяржмаёмасьць» 37,5 млн руб. былі пералічаныя на банкаўскі рахунак царквы. Вернікам было адведзена 10 дзён (да 9 кастрычніка) на тое, каб пакінуць будынак[5].

У галадоўцы, якая трывала 23 дні, прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Сярод іх былі вернікі ня толькі з супольнасьці «Новае Жыцьцё», але і зь іншых поўнаэвангельскіх цэркваў, у тым ліку і зь іншых местаў — Гародні, Гомелю, Мазыру і да т. п[5]. Яны патрабавалі скасаваць рашэньне Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні царквы зямлі і будынку, а таксама перапрафіляваньня будынку ў культавы[6]. Падчас акцыі штовечар ладзіліся набажэнствы з удзелам грэка- і рыма-каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў розных дэнамінацыяў. Урачы паліклінік мікрараёну Сухарава адмовіліся аглядаць галадоўнікаў і прапанавалі ім зьвяртацца ў «хуткую дапамогу»[5].

На дванаццаты дзень галадоўкі Вячаслаў Ганчарэнка быў запрошаны ў Адміністрацыю прэзыдэнта, дзе кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Алег Праляскоўскі паабяцаў «урэгуляваць пытаньне ў межах прававога поля». 28 кастрычніка, пасьля таго, як стала вядома, што вырак Гаспадарчага суду пра прымусовы выкуп будынку царквы апратэставаны калегіяй Вышэйшага гаспадарчага суду, галадоўка была спыненая[5][8]. За яе час 10 чалавек апынуліся ў лякарні, 4 — у рэанімацыі з дыягназам «скрайняе зьнясіленьне арганізму»[6].

Перагляд справы ў Вышэйшым гаспадарчым судзе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 2006 году пачаўся перагляд справы судзьдзёй Вышэйшага гаспадарчага суду Кацярынай Караткевіч. 27 лістапада рашэньне пра прымусовы выкуп будынку і спыненьне права карыстаньня зямельным надзелам было скасаванае Калегіяй Вышэйшага гаспадарчага суду.

Тым часам напрыканцы 2007 году ў будынак царквы пачалі наведвацца міліцыянты, прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацый і камунальных службаў. Вернікі прынялі рашэньне не пускаць пабочных асобаў, пакуль ня будзе судовага рашэньня[9].

22 сьнежня адбылося першае паседжаньне Вышэйшага гаспадарчага суду па разглядзе пазову царквы «Новае Жыцьцё» да Менгарвыканкаму. Аднак 19 сакавіка 2007 году судзьдзя Кацярына Караткевіч прыпыніла разгляд справы на няпэўны тэрмін «у сувязі зь неабходнасьцю кансультацыяў з кампэтэнтнымі органамі»[6]. Судовая справа не аднаўлялася больш за паўтара году.

Увосень 2008 году судовы працэс паміж «Новым Жыцьцём» і Менгарвыканкамам быў адноўлены з азначэньнем: «У сувязі з тым, што неабходнасьць кансультацыяў з кампэтэнтнымі органамі адпала»[6]. 13 студзеня 2009 году судзьдзя К. Караткевіч вынесла рашэньне на карысьць Менгарвыканкаму. Вернікам было адмоўлена ва ўсіх патрабаваньнях[10].

16 сакавіка 2009 году ўлады ў пісьмовай форме прапанавалі вернікам абмеркаваць пытаньне будаўніцтва ў раёне МКАД і вуліцы Шаранговіча новага будынку царквы на зямельным участку плошчай 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за раней выдзелены. Аднак на агульным сходзе 5 траўня вернікі адзінагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што рашэньне пытаньня аб выдзяленьні суполцы новага зямельнага ўчастку зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы ня менш за 100 тыс. даляраў ЗША, а на ўзьвядзеньне новага храму неабходна вынайсьці ад 3 да 5 млн даляраў[11].

14 жніўня вернікам суполкі «Новае жыцьцё» судовыя выканаўцы ўручылі распараджэньне пра тое, што, паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду, яны мусяць вынесьці сваю маёмасьць і да 21 жніўня пакінуць храм[1]. З 21 жніўня 2009 году будынак царквы знаходзіцца на балянсе ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску[12], аднак вернікі вырашылі не сыходзіць дабраахвотна і працягнулі ладзіць свае набажэнствы[13].

У канцы 2009 году супрацоўнікі Менскага гарадзкога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя выявілі сьляды нафтапрадуктаў у пробах, узятых на праезнай частцы дарогі ля будынку царквы, і інтэрпрэтавалі гэта як забруджаньне навакольнага асяродзьдзя[14]. 26 лютага 2010 году суд Маскоўскага раёну Менску пастанавіў, што царква «Новае Жыцьцё» за нанесены ўрон павінна сплаціць кампэнсацыю ў памеры 263 мільёны рублёў, а таксама штраф 8,75 мільёны рублёў[15]. Як сьцьвярджае юрыст супольнасьці хрысьціянаў поўнага Эвангельля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін, пры адборы спробаў грунту не прысутнічалі панятыя і прадстаўнікі супольнасьці. Тэрыторыя вакол царквы раней выкарыстоўвалася калгасам імя Калініна для сельгасвытворчасьці, а затым на ёй разьмяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адкідаў з рэшткамі і рухавікамі аўтамабіляў[14]. Адкідаючы абвінавачваньні ў прадузятасьці, старшыня Менскага гарадзкога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Баравікоў паведаміў, што царква не адзіная юрыдычная асоба, да якой мае прэтэнзіі экалягічнае ведамства. У якасьці прыкладу чыноўнік назваў Менскі маторны завод, да якога за псаваньне земляў прад’яўлены пазоў на суму 15 млн. рублёў.

Агульная сума штрафаў на канец жніўня 2010 году склала 266 мільёнаў рублёў (каля 10 тысячаў даляраў былі сплочаныя). Вернікі прынялі рашэньне не плаціць штрафы. А для таго, каб абскардзіць рашэньне суду, трэба сплаціць пошліну ў памеры 17 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, паводле словаў юрыста царквы Сяргея Луканіна, спадзеваў на станоўчы вынік справы ў гэтым выпадку таксама мала, бо дагэтуль адбыліся агулам больш за 30 судоў, але адстаяць свае правы ў іх так і не атрымалася[16].

У будынку царквы абрэзаныя ўсе камунікацыі (у тым ліку электрычнасьць і вада), а яе банкаўскі рахунак арыштаваны[17][18].

Стан рэчаў у цяперашні момант

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наступнае паведамленьне пра тое, што вернікі павінны пакінуць памяшканьне, прыйшло юрысту Сяргею Луканіну 27 лістапада 2012 року, праз тры гады пасьля выраку. Паводле пастановы Вышэйшага гаспадарчага суду, будынак павінен быць вызвалены да 5 сьнежня[19]. У адказ парафіяне пачалі кругласутачную малітву ў памяшканьні царквы[20].

4 сьнежня 2012 року, наконадні плянаванага высяленьня Сяргей Луканін атрымаў пастанову судовае выканаўцы Гаспадарчага суду пра тое, што вытворчасьць па справе высяленьня скасаваная[21]. Спыненьне адбылося ў сувязі з заяваю ЖРЭА Маскоўскага раёну, на балянс якога перададзены будынак царквы, пра адмову ад спробы забраць будынак. Аднак усе ранейшыя рашэньні суду засталіся ў сіле[22].

11 лютага 2010 году на праспэкце Незалежнасьці быў затрыманы юрыст царквы «Новае Жыцьцё» Сяргей Луканін, які прапаведаваў сярод моладзі. Правёўшы гадзіну ў камэры Цэнтральнага РАУС, ён быў адпушчаны без складаньня пратаколу[23].

Пасьля таго, як вернікі прынялі рашэньне праводзіць набажэнствы ва ўласным храме без дазволу ўладаў, пастар Вячаслаў Ганчарэнка і адміністратар царквы Васіль Юрэвіч некалькі разоў падвяргаліся адміністратыўным штрафам паводле артыкулу 167-1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях РБ. Апошні раз да моманту вынясеньня рашэньня пра пазбаўленьне права карыстаньня зямельным надзелам Маскоўскі суд Менску аштрафаваў Ганчарэнку на 30 базавых велічыняў (амаль мільён бел. рублёў)[5].

Пасьля таго, як у царквы быў адняты зямельны надзел, а пазьней і будынак царквы, пастара Вячаслава Ганчарэнку і адміністратара царквы Васіля Юрэвіча некалькі разоў штрафавалі за правядзеньне несанкцыянаваных набажэнстваў[10].

10 сакавіка 2008 году Вячаслаў Ганчарэнка аштрафаваны на 350 000 рублёў за невыкананьне пракурорскага прадпісаньня даць магчымасьць агледзець будынак[9].

25 красавіка 2008 году Вячаслаў Ганчарэнка аштрафаваны на 40 базавых велічыняў (1 400 000 рублёў) за парушэньне правілаў збору подпісаў грамадзянаў (подпісы зьбіраліся пад зваротам у Канстытуцыйны суд за тое, каб былі ўнесеныя зьмены ў закон аб рэлігіі і ў Адміністрацыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь) і на 350 000 руб. за невыкананьне пракурорскага распараджэньня даць магчымасьць агледзець будынак прадстаўнікам энэрганагляду, пажарным ды прадстаўнікам камунальных службаў[24].

1 кастрычніка 2009 году Вячаслаў Ганчарэнка аштрафаваны на 12 базавых велічыняў (420 000 руб.) за ўчыненьне перашкодаў супрацоўнікам МНС РБ пры спробе агледзець будынак[10].

У сьнежні 2009 году Эўрапейскі парлямант прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой «ад беларускіх улад чакаецца дакладны і значны прагрэс у справе дэмакратызацыі грамадзтва на працягу 2010 году» і выказваецца надзея, што царква «Новае жыцьцё» атрымае магчымасьць дзейнічаць свабодна[25].

Зьняты тэлеканалам «Белсат» дакумэнтальны фільм «Шанец на новае жыцьцё», які распавядае пра гісторыю царквы і яе вернікаў, быў адзначаны на III Фэсьце фільмаў пра сям’ю, што прайшоў 21-23 кастрычніка ў Лодзі (Польшча), за «спраўны падыход да тэмы перасьледу рэлігійнай меншасьці ў Беларусі»[26].

У падтрымку царквы «Новае Жыцьцё» выступілі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саньнікаў, Аляксей Міхалевіч і Рыгор Кастусёў. Іхні зварот з заклікам да ўладаў спыніць ціск на пастара і вернікаў царквы «Новае Жыцьцё» і забясьпечыць канстытуцыйнае права на свабоду сумленьня накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, упаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, у офіс АБСЭ ў Рэспубліцы Беларусь, Эўрапейскі парлямэнт[17].

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Радыё «Свабода»: Вернікі «Новага жыцьця» вырашылі не пакідаць свой храм Маніторынг СМІ. Беларускі хрысьціянскі партал «Царква» (19 жніўня 2009). Праверана 25 кастрычніка 2010 г.
  2. ^ Рождение церкви «Новая Жизнь» (рас.). Царква «Новае Жыцьцё». Праверана 25 кастрычніка 2010 г.
  3. ^ Ядвіга Мацкевіч (20 верасьня 2004) У суботу 19 верасня на плошчы Бангалор у Мінску адбыўся мітынг пратэсту арганізаваны Рэлігійным аб’яднаньнем цэркваў Хрысьціянаў поўнага Эвангельля.. Праваабарончы цэнтар «Вясна». Праверана 1 лістапада 2010 г.
  4. ^ а б Валерий Фадеев (27 жніўня 2009) Заслуженный юрист Беларуси о ситуации вокруг «Новой Жизни» (рас.). Царква «Новае Жыцьцё». Праверана 25 кастрычніка 2010 г.
  5. ^ а б в г д е ё Мария Савушкина 3.3. Ситуация в церкви «Новая жизнь»: хронология событий, сообщения в СМИ (рас.) Аналітыка. Ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне». Праверана 1 лістапада 2010 г.
  6. ^ а б в г д Сітуацыя вакол будынака царквы «Новае Жыццё». Актуальнае. Інфармацыйны праваабарончы цэнтар «Свабода сумленьня». Праверана 27 кастрычніка 2010 г.
  7. ^ «Новае жыцьцё»: ці будзе штурм а 19 гадзіне? Грамадзтва. Радыё «Свабода» (20 жніўня 2009). Праверана 26 кастрычніка 2010 г.
  8. ^ Основные претенденты на президентство выступили в поддержку церкви «Новая Жизнь» (рас.) Навіны. Царква Ісуса Хрыста (22 кастрычніка). Праверана 31 кастрычніка 2010 г.
  9. ^ а б Аштрафавалі пастара царквы «Новае жыцьцё» Грамадзтва. Радыё «Свабода» (10 сакавіка 2008). Праверана 27 кастрычніка 2010 г.
  10. ^ а б в Пастара Ганчарэнку аштрафавалі Грамадзтва. Радыё «Свабода» (1 кастрычніка 2009). Праверана 26 кастрычніка 2010 г.
  11. ^ Алег Мыцік (21 жніўня 2009) «Новае Жыццё» — настрой на негвалтоўны супраціў Тема. Незалежная грамадзка-палітычная інтэрнэт-газэта «МЫ». Праверана 27 кастрычніка 2010 г.
  12. ^ История конфликта между церковью «Новая жизнь» и Мингорисполкомом (рас.) Новости. «Новае жыцьцё» (3 сьнежня 2012). Праверана 5 сьнежня 2012 г.
  13. ^ Алена Пытэль (24 жніўня 2010) Новыя прэтэнзіі да царквы «Новае жыцьцё» Здарылася ў Беларусі. «Польскае радыё для замежжа». — «Зь юрыдычнага пункту гледжаньня наш будынак перастаў быць нашай уласнасьцю са жніўня 2009 году, калі ўлады самі на сябе перапісалі ўласнасьць нашага будынку. Але мы працягваем ім карыстацца.». Праверана 25 кастрычніка 2010 г.
  14. ^ а б Пастару царквы «Новае жыццё» пагражае турма «за псаванне земляў» Грамадства. «Хартыя’97» (7 траўня 2010). Праверана 27 кастрычніка 2010 г.
  15. ^ Солидарность с церковью (рас.). Царква «Новае Жыцьцё» (2 сакавіка 2010). Праверана 26 кастрычніка 2010 г.
  16. ^ Алена Пытэль (24 жніўня 2010) Новыя прэтэнзіі да царквы «Новае жыцьцё» Здарылася ў Беларусі. «Польскае радыё для замежжа». — «Каб абскардзіць рашэньне суда, нам трэба заплаціць 17 мільёнаў рублёў (6 тысяч даляраў) дзяржаўнай пошліны. Тады будзе магчымасьць падаць скаргу ў вышэйшыя судовыя ўстановы. Да гэтага часу мы прайшлі больш за 30 судоў, таму ведаем, што адстаяць свае правы немагчыма». Праверана 25 кастрычніка 2010 г.
  17. ^ а б Кандыдаты на прэзыдэнта заступаюцца за «Новае жыцьцё» Людзі і выбары. Радыё «Свабода» (22 кастрычніка 2010 году). Праверана 25 кастрычніка 2010 г.
  18. ^ Арыштаваны банкаўскі рахунак царквы «Новае жыцьцё» Навіны. «Польскае радыё для замежжа» (31 жніўня 2010). Праверана 5 сакавіка 2016 г.
  19. ^ Ігар Карней. (27 лістапада 2012) «Новаму жыцьцю» загадалі за тыдзень пакінуць будынак Грамадзтва. Радыё «Свабода»Праверана 5 сьнежня 2012 г.
  20. ^ Галіна Абакунчык. (1 сьнежня 2012) У царкве «Новае жыцьцё» моляцца днём і ноччу Грамадзтва. Радыё «Свабода»Праверана 5 сьнежня 2012 г.
  21. ^ Галіна Абакунчык. (4 сьнежня 2012) Царкву «Новае жыцьцё» ня высяляць. Справа закрытая Грамадзтва. Радыё «Свабода»Праверана 5 сьнежня 2012 г.
  22. ^ Бог услышал нас!!! Выселение церкви отменяется! (рас.) Новости. «Новае жыцьцё» (4 сьнежня 2012). Праверана 5 сьнежня 2012 г.
  23. ^ Юрист церкви «Новая Жизнь» был задержан милицией (рас.). Царква «Новае Жыцьцё» (12 лютага 2010). Праверана 26 кастрычніка 2010 г.
  24. ^ Пастара Ганчарэнку аштрафавалі на 1 750 000 рублёў Грамадзтва. Радыё «Свабода» (25 красавіка 2008). Праверана 27 кастрычніка 2010 г.
  25. ^ Дзіна Шаўцова і Вячаслаў Ганчарэнка пра абмежаванне права на свабоду веравызнання Навіны. Беларуская хрысьціянская дэмакратыя (2 студзеня 2010). Праверана 27 кастрычніка 2010 г.
  26. ^ Фільм пра царкву «Новае жыццё» адзначылі ў Польшчы Што новага?. «Белсат» (25 кастрычніка 2010). Праверана 26 кастрычніка 2010 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]