Перайсьці да зьместу

Хрышчэньне Гасподняе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вадохрышча»)

Хрышчэ́ньне Гаспо́дняе (Вадо́хрышча) — зімовае сьвята, якое адзначаецца 6 студзеня ў Праваслаўнай царкве — па старым стылі (па новым стылі — 19 студзеня). Адпаведнае сьвята ў Каталіцкім касьцёле — Трох Каралёў.

Праваслаўная традыцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Хрышчэньне Гасподняе, XIII—XIV ст., Пскоў

Калі Ісусу Хрысту споўнілася трыццаць гадоў, настаў Ягоны час адкрытага служэньня выратаваньню людзей. Ён прыйшоў да Яна Прадцечы, які хрысьціў народ у рацэ Ярдан, і таксама папрасіў хрышчэньня. Адчуваючы сваю недасканаласьць, Ян сказаў яму: «Мне патрэбна ад Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Ісус адказаў: «Пакінь цяпер гаварыць пра гэта, бо так належыць нам выконваць усякую праўду». Ян паслухаўся і дапусьціў яго да хрышчэньня. Пасьля таго, як Ісус Хрыстос, хрысьціўшыся, выходзіў з вады і маліўся, Яну дадзена было ўбачыць, што нябёсы расхінуліся і Дух Божы ў выглядзе галуба сышоў на Ісуса. Пры гэтым зь нябёс пачуўся голас: «Ты Сын Мой любы, у Табе Маё благаваленьне». Сьвята Хрышчэньня называецца таксама Богаяўленьнем, бо ў гэты дзень Бог паказаў Сябе сьвету ў Прасьвятой Тройцы (Айцец, Сын, і Сьвяты Дух). Бог Айцец абвясьціў зь нябёс аб Сыне, Сын хрысьціўся ад сьвятога Прадцечы Гасподняга Яна, Дух Сьвяты сышоў на Сына ў выглядзе голуба.

Будучы бязгрэшным, Ісус Хрыстос ня меў патрэбы ў хрышчэньні, як у ачышчэньні ад асабістых грахоў, аднак Сваім Хрышчэньнем, як гаворыцца ў царкоўных песнапеньнях, «патапіў у водах Ярдана грахі ўсяго сьвету» і асьвяціў воду.

Асаблівасьцю сьвята Хрышчэньня Госпада зьяўляецца два вялікія водаасьвячэньні, першае зь іх адбываецца напярэдадні сьвята 18 студзеня — Вадзяная Куцьця — у храме, а другое 19 студзеня — у дзень самога сьвята пад адкрытым небам на рэках, сажалках і ў студнях. Вадохрышчанская сьвятая вада называецца агіасмай (грэч. — «асьвячоная»), гэта — вялікая царкоўная сьвятыня. З даўніх часоў гэтая вада прызначаецца, у прыватнасьці, для тых, хто па розных прычынах пазбаўлены таінства Прычасьця.

Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.

Богаяўленне таксама адбываецца, калі некаторыя царквы ўспамінаюць, што Ісус быў ахрышчаны, калі яму было каля 30 гадоў, і пачаў вучыць людзей пра Бога. Хрышчэнне азначае "адкрыццё", і як візіт мудрацоў, так і яго хрышчэнне з'яўляюцца важнымі момантамі, калі Ісус быў «зьяўлены», як вельмі важны для свету.[1]

Трапар сьвята Хрышчэньня Гасподняга, глас 1

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі Ты, Госпадзі, хрысьціўся ў Іардане,
выявілася пакланеньне Троіцы,
бо голас Айца сьведчыў аб Табе,
Узьлюбленым Цябе Сынам называючы,
а Дух, у выглядзе голуба,
сьцьвердзіў праўдзівасьць гэтага слова.
Явіўся Ты Хрысьце Божа,
і прасьвятліў сьветы, слава Табе.

Кандак сьвята Хрышчэньня Гасподняга, глас 4

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Явіўся Ты сёньня сусьвету,
і сьвятло Тваё, Госпадзі, захавалася на нас,
якія сьвядома апяваем Цябе:
прыйшоў і явіўся Ты —
Сьвятло Непрыступнае.

Задастойнік сьвята Хрышчэньня Гасподняга

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Велічай, душа мая, Пачэсьнейшую за нябесныя войскі Дзеву, Прачыстую Багародзіцу. Ня можа ніякі народ цябе дастойна пахваліць, зьдзіўляецца ж розум і вышэй за сьвет апяваць Цябе, Багародзіца, але, паколькі Добрая Ты, веру прымі, бо любоў ведаеш божую нашу, бо Ты Заступніца хрысьціян, Цябе велічаем.

Народная традыцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У народнай традыцыі гэтым зімовым сьвятам завяршаюцца Каляды. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку. Таксама на Вадохрышча існаваў абрад купаньня ў палонцы. У 2019 годзе ў ім ўдзельнічала 18 900 жыхароў Менску, у 2020-м — 14 600, а 2021-м — 24 000 чалавек[2].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хрышчэньне Гасподняесховішча мультымэдыйных матэрыялаў