Перайсьці да зьместу

Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларускі гуманітарны ліцэй
Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа
Заснаваны 28 лістапада 1990 (34 гады таму)
Зачынены 25 чэрвеня 2003 (21 год таму)
Дырэктар Уладзімер Колас
Тып Ліцэй
Адрас БеларусьМенск, вул. Кірава, д. 21

Беларускі гуманітарны ліцэй  — навучальная ўстанова, якая забясьпечвала навучаньне ў 8—11 клясах агульнаадукацыйнай школы і рыхтавала навучэнцаў да паступленьня ў ВНУ. У 1990—1998 гадах быў структурнай часткай Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі Беларусі. З 2003 году існуе неафіцыйна.

Беларускі гуманітарны ліцэй быў заснаваны 14 студзеня 1990 году ў Менску. Спачатку існаваў як нядзельны ліцэй. Загадам Міністэрства адукацыі Беларусі за 23 верасьня 1991 году створаны як стацыянарны гуманітарны ліцэй у складзе Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру. Амаль адразу ён стаў прэстыжнай навучальнай установай. Меў стацыянарную філію ў Сьветлагорску (Гомельская вобласьць). Выкладаньне вялося па-беларуску[1].

Зь сярэдзіны 1990-х гадоў у ліцэі пачынаюцца сур’ёзныя канфлікты зь беларускімі ўладамі. Пасьля беспасьпяховых спробаў зачыніць ліцэй яму ў 1998 г. надалі новы назоў, «Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа».

25 чэрвеня 2003 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь загадаў Міністэрству адукацыі ліквідаваць ліцэй[2]. Але дэ-факта ліцэй захаваўся. Сёньня ліцэісты навучаюцца ў падпольных умовах. Зь імі працуе каля 20 выкладчыкаў. У 2004—2016 гадах ліцэй закончыла больш за 200 чалавек. Існуе дамова пра супрацоўніцтва ліцэю зь дзьвюма сярэднімі навучальнымі ўстановамі польскага гораду Гданьску, дзе частка ліцэістаў пэрыядычна вучыцца й праходзіць атэстацыю.

Працуючы неафіцыйна, ліцэй праводзіў паасобныя вучэбныя сэсіі ў Польшчы (Варшава, Гданьск, Закапанае, Шклярска Парэмба, Старахавіцы), Летуве (Вільня) і Францыі (Арэк-сюр-Люар). У 2005—2015 гадах падчас замежных сэсіяў зь ліцэістамі і іх настаўнікамі[3] сустракаліся Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі, Лех Валэнса, Тадэвуш Мазавецкі, Генрык Вуец[4], Браніслаў Герэмэк, Анджэй Сэвэрын ды іншыя. У 2009 годзе ў Прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве з моладзьдзю ліцэю сустракалася жонка тагачаснага прэзыдэнта Польшчы Марыя Качынская[5]. У 2014 годзе адбылася сустрэча з выкладчыкамі і навучэнцамі ліцэю Ганны Камароўскай, жонкі наступнага прэзыдэнта Польшчы [6]. У Менску зь ліцэістамі сустракаліся віцэ-сьпікер Эўрапейскага Парлямэнту Януш Анышкевіч, прэзыдэнт гораду Гданьску Павал Адамовіч, расейскі літаратар і праваабаронца Аляксей Сіманаў, шмат якія дзеячы культуры і навукі Беларусі ды іншых краінаў.

У 2015 годзе ліцэй адзначаў 25-годзьдзе свайго існаваньня[7][8].

Пэдагагічны склад

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэдагагічны калектыў ліцэю ад самага заснаваньня прытрымліваўся ідэалаў нацыянальнага адраджэньня. З самага пачатку ліцэй узначальваў кінарэжысэр і пэдагог Уладзімер Колас. Распрацоўкай зьместу навучаньня й забесьпячэньня вучэбнага працэсу кіраваў кандыдат філялягічных навук Лявон Баршчэўскі. У ім працавалі дактары (Валянцін Голубеў, Міхась Тычына, Уладзімер Кулажанка, Захар Шыбека) і кандыдаты (Алег Трусаў, Павал Церашковіч, Алесь Лозка, Павал Баркоўскі, Пётра Садоўскі, Валянцін Мазец, Уладзімер Емяльянчык, Павал Лойка, Алесь Жлутка, Вольга Дадзіёмава, Алена Каштанава, Васіль Варонін, Віктар Кісель, Тадэвуш Навагродзкі, Анатоль Вісловіч, Алена Таболіч, Дзіна Вадзюшына, Пятро Васючэнка, Яўген Шунэйка, Люба Тарасюк, Васіль Каваліў, Ларыса Зайцава, Аляксандар Палоньнікаў, Уладзімер Лемех, Мікалай Бірукоў, Аляксей Хадыка, Юры Бушлякоў і інш.) навук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіль Сёмуха, гісторык Анатоль Сідарэвіч, літаратар Андрэй Хадановіч, філёляг Вінцук Вячорка, выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімер Дзіско, Ірына Сідарэнка, Вольга Кузьміч.

Сярод былых вучняў і выпускнікоў ліцэю літаратары і літаратурныя перакладчыкі Ільля Сін, Міхась Баярын, Глеб Лабадзенка, Сяргей Сматрычэнка, Антон Рудак, Наста Лабада, Дзяніс Марціновіч, навукоўцы і акадэмічныя выкладчыкі Павал Баркоўскі, Юлія Захарына, Алесь Суша, Юлія Лахвіч, Юлія Назаранка, Натальля Багданава, Максім Чарняўскі, Павал Котаў, Алесь Мікус, Ірына Кашталян, Сьвятлана Пацыенка, Вольга Крыжаноўская, Кір Тананушка, журналісты Кацярына Ткачэнка, Франак Вячорка, Адэля Дубавец, Віталь Зыблюк, грамадзкія дзеячы Андрэй Кім, Алесь Міхалевіч, актор Раман Падаляка, мастакі Аляксей Іваноў, Антон Крыштаповіч, грэка-каталіцкі сьвятар а. Яўген Усошын і інш.

  • Гісторыя Беларусі. Літаратура. Сусьветнае мастацтва: Экспэрымэнтальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэю / Скл. Голубеў В., Кітурка І., Баршчэўскі Л., Тычына М., Сурскі Я. Менск, 2014.
  • Гісторыя Беларусі. Літаратура. Выяўленчае мастацтва: Экспэрымэнтальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэю. Выпуск другі / Скл. Голубеў В., Кітурка І., Баршчэўскі Л., Васючэнка П., Тычына М., Колас В. Менск, 2015.
  • Літаратура і мастацтва. Геаграфія. Беларускі фальклор. Экспэрымэнтальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэю. Выпуск чацьвёрты / Скл. Л.П. Баршчэўскі, П. У. Церашковіч, А. Ю. Лозка. Таварыства беларускай школы. Мн., 2017.
  • Сусьветная гісторыя. Гісторыя Беларусі. Геаграфія. Экспэрымэнтальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэю. Выпуск трэці / Скл. А. А. Трусаў, В.Ф. Голубеў, П. У. Церашковіч. Таварыства беларускай школы. Мн., 2016.
  • Голубеў В. Гісторыя Беларусі, 1945 — 2017 гг. Мн., 2017.
  • Літаратура і мастацтва. Сусьветная гісторыя. Геаграфія. Экспэрымэнтальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэю. Выпуск пяты / Скл. Л.П. Баршчэўскі, А. А. Трусаў, П. У. Церашковіч. Таварыства беларускай школы. Мн., 2018.
  • Колас У. Г. Лёс ліцэю. СПб., 2006.
  • Беларуская школа : тэзісы навукова-практычнай канфэрэнцыі (28—29 сакавіка 1992 года, г. Мінск) / Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ; [рэдкалегія: Л. Баршчэўскі (галоўны рэдактар) і інш.], 1992.
  • Мадэль нацыянальнага гуманітарнага ліцэя // Адукацыя і выхаванне № 5, 1994. — С. 27-38.
  • Мы 25 гадоў выконваем ролю Мінадукацыі: Інтэрв'ю з Лявонам Баршчэўскім // Наша Ніва. 2015. 14 студзеня.