Люба Тарасюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Люба Тарасюк
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 7 сьнежня 1953(1953-12-07)
Памерла 16 чэрвеня 2006(2006-06-16) (52 гады)
Пахаваная
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці літаратуразнаўца, паэтка, пісьменьніца
Мова Беларуская
Дэбют 1973
Значныя творы «Смага ракі» (1983), «Апалогія красы» (2003)

Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (7 сьнежня 1953, в. Пінкавічы, Пінскі раён, Пінская вобласьць — 16 чэрвеня 2006, в. Пінкавічы, Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — беларуская паэтка, літаратуразнаўца.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася 7 сьнежня 1953 году ў в. Пінкавічы Пінскага раёну Пінскай вобласьці ў сям’і рабочых. Бацька, Канстанцін Міхайлавіч, працаваў рабочым, загадчыкам гаспадарчай часткі на розных прадпрыемствах Пінску, маці, Надзея Паўлаўна, — у пінскім гатэлі.

У 1970 годзе скончыла з залатым медалём Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Якуба Коласа. Значны ўнёсак у фармаванне сьветапогляду Тарасюк зрабіў настаўнік беларускай мовы і літаратуры, заснавальнік літаратурна-краязнаўчага музэю Якуба Коласа ў Пінкавічах Іван Калоша[1].

У 1975 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт з чырвоным дыплёмам[2]. Адзіная на сваім курсе атрымала Ленінскую прэмію і выступала на розных навуковых канфэрэнцыях па хадатайніцтвах Ніла Гілевіча і Васіля Быкава[1].

Працягвала вучобу ў асьпірантуры, пасьля заканчэньня якой з 1978 году працавала выкладніцай. У 1980 годзе атрымала навуковую ступень кандыдаткі філялягічных навук. У 1986 годзе стала дацэнткай Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З 1993 году да верасьня 2005 году працавала ў Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце на катэдры гісторыі беларускай літаратуры[2]. Выкладала гісторыю беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ ст. і вусную народную творчасьць.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1981 году. Уваходзіла ў Раду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, рэдакцыйную калегію часопісу «Маладосьць». У 1991—2005 гадох узначальвала суполку Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў на філялягічным факультэце БДУ.

Памерла 16 чэрвеня 2006 году ў в. Пінкавічы Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Пахаваная на мясцовых могілках.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы твор надрукаваны ў 1966 годзе ў газэце «Піянер Беларусі». У 1973 годзе ў часопісы «Маладосьць» надрукаваная падборка вершаў.

У 1983 годзе ў серыі «Першая кніга паэта» выйшла кніга паэзіі «Смага ракі». Апошнюю кнігу Тарасюк «Апалогія красы» выдала ў 2003 годзе.

Дасьледавала клясычную і сучасную паэзію. Аўтарка звыш за 200 навукова-мэтадычных працаў[3], у тым ліку манаграфій «Вернасьць вытокам: фальклёрныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985), «Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ — пачатку ХХ ст.» (1999).

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Смага ракі» (1983)
  • «Апалогія красы» (2003)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]