Нафтагаз Украіны
Тып | Публічнае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Наводзім лад |
Заснаваная | 27 сьнежня 1965 (58 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Міністэрства газавай прамысловасьці СССР |
Уласьнікі | Украіна |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Украіна, Кіеў, вул. Б.Хмяльніцкага, д. 6. |
Ключавыя фігуры | Андрэй Кобалеў, Юлія Кавалёва |
Галіна | Нафтагазавая прамысловасьць |
Прадукцыя | Прыродны газ, нафта, траспартаваньне |
Абарачэньне | ▲131,248 млрд грыўнаў ($5468,667 млн; 2015 г.) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲-7,029 млрд грыўнаў (-$292,875 млн; 2015 г.) |
Чысты прыбытак | ▲-36,323 млрд грыўнаў (-$1513,458 млн; 2015 г.) |
Лік супрацоўнікаў | 77 308 (2016 г.)[1] |
Матчына кампанія | Кабінэт міністраў Украіны |
Даччыныя кампаніі | ПАТ «Укргазаздабыча» і «Укрнафта» |
«Нафтагаз Украіны» (укр. Нафтогаз України) — дзяржаўнае прадпрыемства Ўкраіны ў галіне нафтагазавай прамысловасьці, заснаванае ў сьнежні 1965 году ў Кіеве. Паводле Пастановы Кабінэта міністраў Украіны ад 25 траўня 1998 году № 747, мае ў якасьці «маёмасьці, якая выкарыстоўваецца для забесьпячэньня транспартаваньня, захоўваньня прыроднага газу і разьмеркавання нафты, нафтапрадуктаў і якая згодна з заканадаўствам не падлягае прыватызацыі»: «магістральныя газанафтаправоды і збудаваньні на іх; разьмеркавальныя нафтаправоды і збудаваньні на іх; газанафтасховішчы; транспартныя сродкі спэцыяльнага прызначэньня». З таго часу зьяўляецца найбольшым паводле выручкі прадпрыемствам Украіны і асноўным прадпрыемствам паліўна-энэргетычнай галіны.
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 31 сьнежня 2015 г. «Нафтагаз Украіны» валодаў акцыямі прадпрыемстваў у галіне:
- вытворчасьці — ПАТ «Укргазаздабыча» (100%), ААТ «Укрнафта» (50% +1), УП «Замежнафтагаз», ЗАТ «Карпатыгаз» (49,99%) і ЗАТ «Надра Геацэнтар» (45%);
- транспартаваньня — ПАТ «Укртрансгаз» (100%), ПАТ «Укртранснафта» (100%) і ПАТ «Укрспэцтрансгаз» (100%);
- гандлю — УП «Газ Украіны», ТА «Нафтагаз Замежжа» (Швайцарыя; 100%), ААТ «Кіраваградгаз» (51%), УП «Украўтагаз»;
- забесьпячэньня — УП «Вуглесынтэзгаз Украіны», УП «Укрнафтагазкамплект»[1].
Таксама за мяжой працавалі 4 філіі ў Расеі (Масква, вул. Пілюгіна, д. 24), Туркмэністане (Ашгабад, Арчабільскі праспэкт), Швайцарыі (Жэнэва, вул. Альфрэда Вэнсэна, д. 16) і Эгіпце (Каір, раён Маадзі) і 2 прадстаўніцтвы ў Бэльгіі (Брусэль, вул. Брэйдэля, д. 40) і Вугоршчыне (Будапэшт, вул. Лазьняў, д. 22Б). На канец 2015 году ўласныя сродкі (капітал) склалі 450,458 млрд грыўнаў ($18,769 млрд), абавязкі (доўг) — 219,242 млрд грыўнаў ($9,135 млрд). Ад 1 кастрычніка 2015 году да 30 красавіка 2016 году «Нафтагаз Украіны» ўсталяваў наступныя цэны за кубічны мэтар прыроднага газу ва Ўкраіне: для насельніцтва — 7,19 грыўні ($0,3), прамысловым спажыўцам — 6,474 грыўні ($0,27), для захоўваньня — 0,112 грыўні ($0,005), для транспартаваньня — 0,6891 грыўні ($0,03), вытворцам побытавага цяпла — 1,84 грыўні[1] ($0,08).
У 2015 годзе большасьць прыроднага газу здабылі ў 6 з 24 вобласьцяў Украіны: Палтаўскай, Харкаўскай, Сумской, Днепрапятроўскай, Львоўскай і Закарпацкай. «Нафтагаз Украіны» валодаў блізу 70% прыроднага газу, які здабывалі ва Ўкраіне, і газатранспартнай сыстэмай Украіны (ГТС), якая была адной з найбольшых у сьвеце паводле магутнасьці (146 млрд м³ за год за мяжу). Агульная працягласьць магістральных і разьмеркавальных газаправодаў складала звыш 38,5 тыс. км. Звыш 40% прыроднага газу, які паставілі з Расеі ў Эўропу ў 2014—2015 гадах, прапампавалі праз магістральныя газаправоды Ўкраіны: 67 млрд м³ са 184,4 млрд м³ (36,3%) продажаў «Газпрама» у несумежныя краіны Эўропы за 2015 год, што склала 45,9% магутнасьці ГТС Украіны. Таксама «Нафтагаз Украіны» валодаў 11 падземнымі газасховішчамі агульнай магутнасьцю ў 31 млрд м³, што было найбольшым паказьнікам у Эўропе. Агульная даўжыня магістральных нафтаправодаў ва Ўкраіне складала 4,7 тыс. км. Магутнасьць 11 нафтасховішчаў — 1,1 млн тонаў. 8 газа- і нафтаперапрацоўчых заводаў «Нафтагаза Ўкраіны» выраблялі бэнзін, дызэльнае паліва і звадкаваны прыродны газ (ЗПГ)[1].
У 2015 годзе збыт «Нафтагаза Ўкраіны» склаў 131,248 млрд грыўнаў ($5468,667 млн), зь іх 87,288 млрд грыўнаў (66,5%) пакупнікам з Украіны, 43,533 млрд грыўнаў (33,17%) — з Расеі, 425 млн грыўнаў (0,32%) — з Эгіпта і 2 млн грыўнаў — з Эўропы. Па галінах збыт з даданьнем 27,3 млрд грыўнаў (17,2%) унутрыгрупавых продажаў (158,6 млрд) прыпадаў на: гандаль прыродным газам — 66,9 млрд грыўнаў (42,2%), траспартаваньне газу — 50 млрд грыўнаў (31,5%), газаздабычу — 21,2 млрд грыўнаў (13,4%), нафтавую галіну — 18,9 млрд грыўнаў (11,9%) і захоўваньне газу — 1,6 млрд грыўнаў (1%). З агульнага ліку 77 308 супрацоўнікаў на канец 2015 году: 55 641 (75%) быў работнікам, 12 714 (16%) — адмыслоўцамі, 8459 (11%) — на кіраўнікамі і 494 (1%) — слубжоўцамі. За 2015 год «Нафтагаз Украіны» траспартаваў 98,5 млрд м³ прыроднага газу і 16,8 млн тонаў сырой нафты, здабыў 16 млрд м³ газу і 2,2 млн тонаў нафты і газавага кандэнсату. Таксама вырабілі 1,6 млн тонаў нафтапрадуктаў і 0,4 млн тонаў звадкаванага нафтавага газу. На канец 2015 году даведзеныя запасы нафты, кандэнсату і газу складалі 1618,6 млн барэляў. На 19 верасьня 2016 году ў газасховішчах знаходзілася звыш 16 млрд м³ газу[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 верасьня 2007 году «Нафтагаз Украіны» адчыніў сваё прадстаўніцтва ў Беларусі паводле дазволу Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня. Прадстаўніцтва ўзначаліў Аляксандар Сідарчук. У Беларусі адмыслоўцы «Нафтагаза Ўкраіны» ўдзельнічалі ў праверках газавымяральных станцыяў «Белтрансгаза»[2]. 12 жніўня 2009 году «Нафтагаз Украіны» зачыніў сваё прадстаўніцтва ў Менску для перадачы яго паўнамоцтваў прадстаўніцтву даччынага прадпрыемства «Укртрансгаз», якое атрымала дазвол на адкрыцьцё ад МЗС Беларусі. Супрацоўнікі «Укртрансгаза» на пастаяннай аснове назіралі на памежных газаразьмеркавальных станцыях у Кобрыні (Берасьцейская вобласьць) і Мазыры (Гомельская вобласьць) за аб’ёмам і якасьцю прыроднага газу, які пастаўляўся паводле кантракту між «Нафтагазам Украіны» і расейскім «Газпрамам» аб транзыце расейскага газу праз Украіну[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 сьнежня 1965 году Міністэрства газавай прамысловасьці СССР Загадам № 216 стварыла Вытворчае кіраўніцтва «Укргазпрам»(uk) (Кіеў, Украінская ССР) па распрацоўцы газавых і газакандэнсатных радовішчаў ва Ўкраінскай ССР. У 1970 годзе «Укргазпрам» становіцца Вытворчым аб’яднаньнем здабычы газу ва Ўкраінскай ССР. У 1974 годзе — Усесаюзным прамысловым аб’яднаньнем здабычы газу ва Ўкраінскай ССР. У 1988-м — Дзяржаўным вытворчым кіраўніцтвам па здабычы і транспартаваньні газу ва Ўкраінскай ССР. У жніўні 1989 году «Укргазпрам» уваходзіць у склад Дзяржаўнага газавага канцэрну СССР «Газпрам» у якасьці Вытворчага аб’яднаньня здабычы, перапрацоўкі, транспартаваньня газу і газавага кандэнсату[4]. Пасьля здабыцьця незалежнасьці Ўкраінай 24 жніўня 1991 году «Укргазпрам» падпарадкавалі Кабінэту міністраў Украіны.
25 лютага 1998 году прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма падпісаў Указ № 151/98 «Пра рэфармаваньне нафтагазавага комплексу Ўкраіны», які прадугледжваў «стварэньне Кабінэтам міністраў Украіны дзяржаўнай Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі „Нафтагаз Украіны“ на базе 100% акцыяў дзяржаўных акцыянэрных таварыстваў, створаных шляхам пераўтварэньня прадпрыемстваў нафтагазавага комплексу, якія не падлягаюць прыватызацыі, а таксама пакетаў акцыяў адкрытых акцыянэрных таварыстваў нафтагазавага комплексу, у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам пакінутыя ў дзяржаўнай уласнасьці»[5]. 25 траўня 1998 году Кабінэт міністраў Украіны зацьвердзіў Пастанову № 747 «Пра ўтварэньне Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі „Нафтагаз Украіны“», паводле якой «статутны фонд Кампаніі ўтвараецца шляхам перадачы ў яго … маёмасьці акцыянэрнага таварыства „Укргазпрам“ і яго даччыных прадпрыемстваў у сувязі зь іх рэарганізацыяй; маёмасьці Дзяржаўнай акцыянэрнай холдынгавай кампаніі „Укргаз“ у сувязі зь яе ліквідацыяй». У выніку «Нафтагаз Украіны» стаў «правапераемнікам ўсіх маёмасных правоў і абавязкаў акцыянэрнага таварыства „Укргазпрам“ і яго даччыных прадпрыемстваў». Паводле Дадатка 1 да Пастановы ў статутны фонд прадпрыемства «Нафтагаз Украіны» таксама перадалі 100% акцыяў 4-х дзяржаўных акцыянэрных таварыстваў: дзяржаўнае вытворчае прадпрыемства «Чарнаморнафтагаз» (Сімфэропаль); Прадпрыемства прыдняпроўскіх магістральных нафтаправодаў (Крамянчук, Палтаўская вобласьць); прадпрыемства магістральных нафтаправодаў «Сяброўства» (Львоў); фірма закупкі, транспартаваньня і рэалізацыі звадкаванага газу «Укратрансгаз» (Даліна, Івана-Франкоўская вобласьць)[6].
У 2006 годзе «Нафтагаз Украіны» вырабіў звыш 1/8 сукупнага ўнутранага прадукту Ўкраіны (16%) і забясьпечыў 10% паступленьняў у дзяржаўны каштарыс. Прадпрыемства здабыло звыш 97% газу і нафты ва Ўкраіне. За 2006 год збыт склаў $9,9 млрд, прыбытак — $2,1 млрд. На 2007 год «Нафтагаз Украіны» быў манаполіяй у галіне транспартаваньня газу і нафты праз Украіну па трубаправодах. На верасень 2007 году на прадпрыемстве працавала звыш 170 тыс. чалавек (каля 1% працаздольнага насельніцтва Ўкраіны)[2]. У 2007 г. «Нафтагаз Украіны» і «Эгіпецкая галоўная нафтавая карпарацыя» (ЭГНК) заключылі канцэсійную дамову на правядзеньне нафтавай выведкі і здабычы ў Заходняй пустыні Эгіпта. У 2012 годзе бакі ўтварылі ў роўных дзелях прадпрыемства «Пэтрасанан», якое здабыло ў 2015 годзе 318 тыс. тонаў нафты (2,33 млн барэляў) і 192 млн м³ газу[1]. Ад 25 лістапада 2015 году «Нафтагаз Украіны» цалкам адмовіўся ад закупак расейскага прыроднага газу ў «Газпрама», які дагэтуль быў асноўным яго пастаўніком ва Ўкраіну[7].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Туманаў(uk) (1966—1984)
- Ігар Бакай (9 красавіка 1998 — 1 красавіка 2000)
- Ігар Дзідзенка (7 красавіка — 20 чэрвеня 2000)
- Вадзім Капылоў (14 ліпеня 2000 — 5 лютага 2002)
- Юры Бойка(uk) (5 лютага 2002 — 2 сакавіка 2005)
- Аляксей Іўчанка (2 сакавіка 2005 — 11 траўня 2006)
- Аляксей Болкісеў (30 чэрвеня — 14 жніўня 2006)
- Уладзімер Шалудчэнка (14 жніўня 2006 — 21 лютага 2007)
- Яўген Бакулін (1 сакавіка — 24 сьнежня 2007)
- Алег Дубіна(uk) (24 сьнежня 2007 — 2 сакавіка 2010)
- Яўген Бакулін (15 сакавіка 2010 — 25 сакавіка 2014)
- Андрэй Кобалеў (з 25 сакавіка 2014 году[8])
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е Гадавая справаздача 2015 (укр.) // «Нафтагаз Украіны», 19 верасьня 2016 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
- ^ а б БелаПАН. У Беларусі адкрылася прадстаўніцтва кампаніі «Нафтагаз Украіны» // Tut.by, 20 верасьня 2007 г. Праверана 14 красавіка 2017 г.
- ^ Тацяна Каравянкова. Кампанія «Нафтагаз Украіны» закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі // БелаПАН, 12 жніўня 2009 г. Архіўная копія ад 12 жніўня 2009 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
- ^ Вытворчае аб'яднаньне здабычы, перапрацоўкі, транспартаваньня газу і газавага кандэнсату «Укргазпрам» Дзяржаўнага газавага канцэрна СССР (ДГК «Газпрам» СССР), м. Кіеў (укр.) // Цэнтральны дзяржаўны архіў органаў вышэйшай улады і кіраваньня Ўкраіны, 5 сакавіка 1998 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
- ^ Леанід Кучма. Указ прэзыдэнта Ўкраіны № 151/98 «Пра рэфармаваньне нафтагазавага комплексу Ўкраіны» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 5 сакавіка 1998 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
- ^ Валеры Пуставойценка. Пастанова Кабінэта міністраў Украіны № 747 «Пра ўтварэньне Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі "Нафтагаз Украіны"» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 28 лютага 2017 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
- ^ Расея спыняе пастаўкі газу ва Ўкраіну // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 лістапада 2015 г. Архіўная копія ад 25 лістапада 2015 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
- ^ «Інтэрфакс-Украіна». Андрэй Кобалеў узначаліў «Нафтагаз Украіны» // Хартыя'97, 26 сакавіка 2014 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Нафтагаз Эўропы»: факты і статыстыка (укр.)
- ПАТ «Укргазаздабыча» (укр.)
- «Нафтагаз Украіны» // Газэта «Зьвязда», 28 сакавіка 2014 г. Праверана 13 красавіка 2017 г.
Гэта — накід артыкула пра Ўкраіну. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |