Крумкачы Менск
Крумкачы | |||||
Поўная назва | Футбольны клюб Крумкачы | ||||
---|---|---|---|---|---|
Заснаваны |
2011 («Крумкачы»), 2018 (НФК «Крумкачы») | ||||
Горад | Менск, Беларусь | ||||
Стадыён |
САК «Алімпійскі» Умяшчальнасьць: 1530 | ||||
Дырэктар | Алег Давідовіч | ||||
Галоўны трэнэр | |||||
Чэмпіянат | Другая ліга | ||||
· 2022 | 2 месца | ||||
| |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы krumkachy.com (рас.) krumkachy.by (бел.) |
Крумкачы — беларускі футбольны клюб зь Менску. У 2016—2017 гадах выступаў у Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. У 2018 годзе заняў другое месца ў Другой лізе і атрымаў права на ўдзел у Першай лізе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Створаны як аматарскі клюб. Дэбютаваў у Другой лізе дзьвюма перамогамі: над «Лівадыяй» — 2:0[1], і над «Клецкам» — 6:1[2][3], дзякуючы чаму «Крумкачы» апынуліся на першым месцы ў турнірнай табліцы. Акрамя таго ў заяўку каманды быў уключаны найлепшы хакеіст Беларусі Міхаіл Грабоўскі[4]. Сам хакеіст заявіў, што плянуе не раней за чэрвень правесьці некалькі гульняў за «Крумкачоў» проста дзеля задавальненьня[5], але з-за траўмы так і не згуляў ніводнай гульні за клюб. У 2014 годзе за «Крумкачоў» выступаў футбольны агент Молі Эбабісэ[6].
Посьпехі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 красавіка 2016 году адбылася першая ў гісторыі клюбу перамога ў Найвышэйшай лізе над клюбам «Нёман» з Горадні. Сам жа пачатак сэзону выйшаў вельмі пасьпяховым. Захаваўшы лідэраў, каманда ўзмацнілася некалькімі дасьведчанымі гульцамі, а таксама шэрагам легіянэраў. У першай палове сэзону «Крумкачы» ішлі ў верхняй палове табліцы, прэтэндуючы на мэдалі, былі атрыманы перамогі над фаварытамі чэмпіянату — салігорскім «Шахцёрам» (2:0) і менскім «Дынама» (4:1). Аднак, утрымаць пазыцыі каманда ня здолела, і ўвосень апусьцілася ўніз табліцы. У кастрычніку «Крумкачы» пакінуў галоўны трэнэр Алег Дулуб, які ўзначаліў клюб украінскай Прэм’ер-лігі «Карпаты». Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра стаў Васіль Хамутоўскі, зь якім «Крумкачы» захавалі прапіску ў эліце, заняўшы выніковае 11-е месца. Аднак пасьля сканчэньня сэзону Хамутоўскі вырашыў не працягваць працоўныя адносіны з клюбам. Пасьля доўгіх пошукаў новага галоўнага трэнэра ў канцы студзеня 2017 году стала вядома, што каманду ачоліць украінскі спэцыяліст Уладзімер Пяценка[7].
26 лютага 2018 году Беларуская фэдэрацыя футболу адмовілася прымаць да разгляду дакумэнты клюбу на атрыманьне ліцэнзіі на сэзон 2018 году ў Найвышэйшай лізе[8]. 2 сакавіка 2018 году камітэт па статусе і пераходах футбалістаў пазбавіў клюбу 2 пунктаў[9], 16 сакавіка былі зьнятыя яшчэ 3 пункты[10]. Клюб падаваў апэляцыі на рашэньне камітэту ліцэнзаваньня ў апэляцыйны камітэт і футбольны арбітраж, але яны былі адхіленыя[11], і месца «Крумкачоў» у Найвышэйшай лізе заняло менскае «Тарпэда».
Перараджэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку 2018 году заўзятары клюбу зарэгістравалі новую юрыдычную асобу НФК «Крумкачы», якой былі перададзеныя правы на выкарыстаньне назвы і лягатыпу папярэдняга клюбу, а каманда была заяўленая ў Другую лігу на сэзон 2018 году[12]. У пачатку 2019 году дзеля атрыманьня ліцэнзіі на выступленьне ў Першай лізе клюб зьмяніў назву на «Футбольны клюб НФК», бо старая юрыдычная асоба з назвай «Крумкачы» ўсё яшчэ была чальцом АБФФ[13]. Клюб добра ўзмацніўся, запрасіўшы гульцоў з досьведам выстапаў у Найвышэйшай лізе, дадаўшы да іх некалькі маладых выканаўцаў, таксама вярнуўся шэраг гульцоў былых «Крумкачоў». Камандзе ставілася на мэту выйсьці ў Найвышэйшую лігу, аднак сэзон пачаўся дрэнна, сталічны клюб апынуўся ў ніжняй палове табліцы. У траўні 2019 году быў звольнены галоўны трэнэр Аляксей Кучук, на ягонае месца быў прызначаны Сяргей Кузьмініч. Усьлед за трэнэрам каманду пакінулі некаторыя спартоўцы, таксама канчаткова ад клюбных справаў адышоў колішні кіраўнік Дзяніс Шунто. У другой палове сэзону каманда паказвала лепшыя вынікі і фінішавала восьмай. У сакавіку 2020 году каманда вярнула назву «Крумкачы». Добра ўзмацніўшыся, «Крумкачы» адразу зачапіліся за верхнюю палову табліцы, доўгі час змагаліся за выхад у Найвышэйшую лігу, аднак у выніку занялі трэцяе месца і саступілі ў пераходных матчах «Слуцку» (0:2, 1:2).
У студзені 2021 году на пасаду галоўнага трэнэра вярнуўся Алег Дулуб[14]. Каманда захавала лідэраў, падмацаваўшыся таксама шэрагам маладых гульцоў. У Першай лізе «Крумкачы» хутка сталі лідэрамі, некаторы час змагаліся за першы радок з койданаўскім «Арсэналам». У чэрвені Дулуб пакінуў клюб, некаторы час камандай кіраваў ягоны памочнік Сяргей Казека, а ў ліпені новы галоўным трэнэрам стаў Алег Кубараў, які да таго быў спартовым дырэктарам клюбу. Пазьней «Крумкачы» праз шэраг няўдалых матчаў адкаціліся на трэці радок, прапусьціўшы наперад «Белшыну», гэтаму становішчу пагражалі іншыя клюбы, якія рушылі ўсьлед, аднак сталічная каманда здолела захаваць трэцяе месца да фінішу турніру і зноў трапіла да пераходных матчаў, дзе паводле двубою саступіла мазырскай «Славіі» (0:1, 0:0).
У пачатку 2022 году клюб меў істотныя фінансавыя праблемы. Каманду пакінулі амаль усе гульцы, а таксама трэнэрскі штаб. У студзені трэнавацца пачалі пераважна футбалісты юнацкіх камандаў. Дырэкцыя САК «Алімпійскі», дзе ў апошнія гады «Крумкачы» праводзілі хатнія матчы, адмовілася працягваць дамову арэнды стадыёну. Пошук іншых арэнаў таксама скончыўся беспасьпяхова. У выніку 3 лютага 2022 году клуб накіраваў у АБФФ ліст з адмовай ад удзелу ў Першай лізе ў новым сэзоне і заявіў аб пераходзе ў Другую лігу[15]. Тым ня менш, дзеля ўдзелу ў Другой лізе клюб здолеў падрыхтаваць баяздольны склад. У дывізіёне Менску «Крумкачы» доўга рухаліся ў лідэрах, але занялі выніковы другі радок. У плэй-оф каманда трапіла ў фінал, дзе саступіла «Ніве» з Доўбізны (2:5 у дадатковы час) і стала срэбраным прызэрам. Паводле вынікаў сэзону 2022 году «Крумкачы» атрымалі права далучыцца да Першай лігі і першапачаткова мелі намер туды заявіцца[16], аднак у студзені 2023 году, не знайшоўшы дастатковага бюджэту, клюб адмовіўся ад павышэньня і вырашыў працягнуць выступы ў Другой лізе[17].
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэмпіянат і Кубак Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2014 | Другая | 2 ▲ | 30 | 19 | 3 | 8 | 64–37 | 60 | 1/32 |
2015 | Першая | 3 ▲ | 30 | 19 | 3 | 8 | 67–45 | 60 | 1/16 |
2016 | Найвышэйшая | 11 | 30 | 9 | 6 | 15 | 24–39 | 33 | 1/16 |
2017 | Найвышэйшая | 13 | 30 | 5 | 10 | 15 | 26–47 | 25 | 1/4 |
2018 | Другая | 2 ▲ | 28 | 23 | 3 | 2 | 80–16 | 72 | 1/32 |
2019 | Першая | 8 | 28 | 11 | 7 | 10 | 41–38 | 40 | 1/16 |
2020 | Першая | 3 | 26 | 16 | 4 | 6 | 46–28 | 52 | 1/8 |
Першая — Пераходныя матчы | 2 | 0 | 0 | 2 | 1–4 | ||||
2021 | Першая | 3 | 33 | 17 | 9 | 7 | 58–31 | 60 | 1/16 |
Першая — Пераходныя матчы | 2 | 0 | 1 | 1 | 0–1 | ||||
2022 | Другая — Менскі | 2 | 16 | 12 | 2 | 2 | 51–12 | 38 | 1/16 |
Другая — плэй-оф | 2 | 7 | 3 | 3 | 1 | 12–11 | |||
2023 | Другая — Менск | 1/128 |
Галоўныя трэнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Кузьмініч (з траўня 2019 году)[18]
- Аляксей Кучук (травень 2017 году — травень 2019 году, в. а. у траўні — сьнежні 2017 году)[19]
- Уладзімер Пяценка (люты — травень 2017 году)[20][21]
- Якаў Залеўскі і Васіль Хамутоўскі (выканаўцы абавязкаў у кастрычніку — лістападзе 2016 году)[22]
- Алег Дулуб (травень 2015 году — кастрычнік 2016 году)[23][24]
- Аляксандар Багайчук (травень 2014 году — красавік 2015 году)
- Алег Лявонцьеў (да траўня 2014 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 2-я лига. Тур 1. Воронье нашествие
- ^ Футбол. Чемпионат Беларуси. Вторая лига. Покер Алексея Мазаника принес «Крумкачам» победу над «Клецком»
- ^ Вторая лига. 2-й тур. «Ливадия» сильнее «Торпедо», покер Мазаника принес «Крумкачам» победу над «Клецком» и другие результаты
- ^ «Крумкачы» включили в заявку Михаила Грабовского
- ^ Михаил Грабовский: «Попадание в заявку „Крумкачоў“? Все же понимают, что это не очень серьезно, просто игра в удовольствие»
- ^ Молли Ебобиссе: «Несколько лет назад уровень Второй лиги был очень хорошим. А сейчас футбол умирает»(недаступная спасылка)
- ^ Украинский тренер Пятенко возглавит «Крумкачы»
- ^ АБФФ: Принято решение не принимать к рассмотрению заявление ФК «Крумкачы» на выдачу лицензии «Высшая лига» (рас.)
- ^ «Крумкачей» лишили очков и продлили запрет на регистрацию игроков (рас.)
- ^ С «Крумкачей» сняли еще три очка и оштрафовали Дениса Шунто на 20 базовых величин (рас.)
- ^ «Крумкачы» не будут играть в высшей лиге (рас.)
- ^ «НФК Крумкачы» подали заявку на участие во второй лиге (рас.)
- ^ ФК НФК — новое название «Крумкачоў» (рас.)
- ^ НФК "Крумкачы" объявили о возвращении на пост главного тренера Олега Дулуба (рас.) football.by Праверана 2021-01-24 г.
- ^ Официально: "Крумкачы" отправили в АБФФ заявку на выступление во второй лиге в сезоне-2022 (рас.) football.by Праверана 2022-03-07 г.
- ^ "Нива", "Крумкачы", "Виктория" и "Жодино-Южное" хотят идти в первую лигу (рас.) football.by Праверана 2023-01-13 г.
- ^ "Крумкачы" отказались от прохождения лицензирования для первой лиги (рас.) football.by Праверана 2023-01-13 г.
- ^ Сергей Кузьминич возглавил НФК (рас.)
- ^ Алексей Кучук будет готовить «Крумкачоў» к матчу с «Ислочью» (рас.)
- ^ «Крумкачы» объявили о назначении Владимира Пятенко на пост главного тренера (рас.)
- ^ Владимир Пятенко покинул пост главного тренера «Крумкачей» (рас.)
- ^ Залевский и Хомутовский смогут возглавлять «Крумкачоў» до конца сезона, несмотря на отсутствие нужной лицензии (рас.)
- ^ Новым главным тренером ФК «Крумкачы» стал Олег Дулуб (рас.)
- ^ Галоўны трэнер «Крумкачоў» падаў у адстаўку