Манаполія (гульня)
«Манаполія» | |
Гуляньне ў Камэруне (2019 год) | |
Вытворца(-ы) | «Браты Паркеры» |
---|---|
Дата выпуску | 5 лістапада 1935 (89 гадоў таму) |
Краіна паходжаньня | ЗША |
Распрацоўнік(і) | Чарлз Дароў |
Аздабляльнік(і) | Чарлз Дароў |
Выдавец | «Браты Гасэнфэльды» |
Жанр(ы) | імітацыйная |
Мова(-ы) | ангельская |
Колькасьць гульцоў | 2—8 |
Дыяпазон узростаў | ад 8 гадоў |
Час устаноўкі | 2—5 хвілінаў |
Працягласьць гульні | 1—3 гадзіны |
Узровень стратэгіі | узбагачэньне за кошт набыцьця, арэнды і продажу нерухомасьці |
Уплыў выпадковасьці | кіданьне костак і выцягваньне картак |
Неабходныя ўменьні | гандаль |
Сайт | shop.hasbro.com/e… (анг.) |
«Манаполія» — амэрыканская шматкарыстальніцкая настольная гульня ў гандаль нерухомасьцю, прыдуманая ў сакавіку 1933 году інжынэрам Чарлзам Дароў.
7 сакавіка 1933 году Чарлз Дароў зь нямецкага прадмесьця на паўночны захад ад Філадэлфіі (штат Пэнсыльванія) выразаў для прадпрымальніцкай гульні дамы і гасьцініцы з кавалкаў дрэва, а фішкі — з бранзалета жонкі[1]. Затым ён заказаў у друкара 5000 набораў гульні, якія імкліва прадаў праз унівэрсальную краму ў Філядэльфіі[2]. У 1934 годзе Дароў прапанаваў аўтарскае права на гульню братам Паркерам, якія былі вядучымі вытворцамі гульняў у ЗША. У 1935 годзе браты Паркеры набылі правы на гульню і выпусьцілі яе шматтысячным накладам 5 лістапада, што зрабіла Чарлза Паркера мільянэрам. У 1936 годзе яе пачалі пастаўляць за мяжу[1]. У выніку гульня стала найбольш прадаванай у ЗША і краінах Заходняй Эўропы. На 1994 год гульню выдавалі ў 43-х краінах на 25 мовах[2].
Мэта, рыштунак і падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтай гульні ў «Манаполію» было стаць найбагацейшым гульцом за кошт набыцьця, арэнды і продажу нерухомасьці. Рыштунак гульні складаўся з дошкі і 2-х костак, фішак, 32-х дамоў і 12 гасьцініцаў. Таксама прыкладаліся карткі «Куфра супольнасьці» і «Шанцу», купчая картка на кожную нерухомасьць і гульнявыя грошы. Дошку ставілі на стол. У адведзеныя на дошцы месцы клалі па стосе картак «Куфра супольнасьці» і «Шанцу» тварам уніз. Кожны гулец абіраў сабе па фішцы для колавага руху па дошцы. Перад пачаткам кожны гулец атрымліваў па 1500 даляраў у наступных купюрах: 2 купюры па 500, 100 і 50 даляраў; 6 — па 20 даляраў; 5 — па 10, 5 і 1-м даляры. Рэшту гульнявых грошай і іншага рыштунку пакідалі банку[2].
Правілы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Банкірам абіралі гульца, які меў ладзіць аўкцыёны. Пры ўдзеле больш як 5 гульцоў банкір мог ня браць удзелу ў гульні па-за аўкцыёнамі. Пры меншым ліку гульцоў банкір меў асобна трымаць асабістыя і банкаўскія сродкі. Разам з грашыма банк захоўваў купчыя карткі на нерухомасьць, дамы і гасьцініцы да іх набыцьця і выкарыстаньня гульцамі. Банк выплочваў заробкі і прэміі, прадаваў і выстаўляў на аўкцыён нерухомасьць, а таксама выдаваў адпаведныя купчыя карткі на яе. Сярод іншага, банк прадаваў гульцам дамы і гасьцініцы, а таксама пазычаў грошы пры патрэбе закладу нерухомасьці. Праз банк зьбіралі падаткі і штрафы, пазыкі і адсоткі па іх, а таксама цану ўсялякай нерухомасьці, якую той прадаваў або выстаўляў на аўкцыён. Банкір мог выпусьціць усялякую патрэбную колькасьць грошай праз надпісы на звычайнай паперы, калі сканчваліся друкаваныя гульнявыя грошы[2].
На пачатку гульні кожны гулец па чарзе ад банкіра кідаў косьці. Гулец з найбольшым атрыманым лікам пры кіданьні пачынаў хадзіць першым. Ён разьмяшчаў фішку ў куце з пазнакай «Руш», кідаў косьці і перасоўваў фішку ў кірунку стрэлкі на колькасьць палёў, пазначанай на касьцях. Пасьля заканчэньня руху ход перадавалі наступнаму гульцу зьлева. Фішкі заставаліся на занятых у ходзе руху палях да наступнага ходу. На адным месцы магло заставацца некалькі фішак. Адпаведна дасягнутаму фішкай поля гульцу маглі даць права набыць нерухомасьць і іншую маёмасьць або абавязаць заплаціць арэнду ці падатак, выцягнуць картку «Куфра супольнасьці» альбо «Шанцу», у тым ліку «Ідзі ў турму». Пры кіданьні абодвух касьцей двума аднолькавымі лічбамі-двайнікамі ўверх гулец хадзіў паўторна. Аднак гулец меў імгненна перасунуць сваю фішку на поле з пазнакай «У турме», калі пры кіданьні 3 разы запар косьці паказвалі лічбы-двайнікі[2].
Банк выплочваў гульцу 200 даляраў заробку, калі гулец апынаўся на полі «Руш» або праходзіў празь яго, як у выніку кіданьня касьцей, гэтак і выцягваньня карткі. Заробак у 200 даляраў выплочвалі штораз пры праходжаньні вакол дошкі. Пры гэтым, гулец атрымліваў 200 даляраў за праходжаньне праз поле «Руш» і яшчэ 200 даляраў за паўторнае яго дасягненьне паводле ўказаньня карткі «Наперад на Руш», калі пры кіданьні костак праходзіў праз «Руш» на поле «Куфар супольнасьці» на 2 палі далей або на поле «Шанец» на 7 палёў далей і выцягваў картку «Наперад на Руш»[2].
Набыцьцё і наём нерухомасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гулец у «Манаполію» мог набыць нерухомасьць у банка паводле надрукаванай цаны, калі апынаўся на полі безгаспадарнай нерухомасьці ў выніку ходу. Пры яе набыцьці гулец атрымліваў купчую картку на адпаведную нерухомасьць, якую разьмяшчаў яе тварам уверх перад сабой для паказу ўласнасьці. Банкір прадаваў такую нерухомасьць праз аўкцыён заяўніку найвышэйшай цаны. Пакупнік плаціў банку суму заяўкі гатоўкай і атрымліваў купчую картку на гэтую нерухомасьць. У аўкцыёне мог удзельнічаць усялякі гулец, у тым ліку той, які адмовіўся набыць нерухомасьць паводле надрукаванай цаны. Пры гэтым, заяўкі маглі пачынацца ад любой цаны[2].
Гулец, якому належала нерухомасьць, зьбіраў чынш зь іншага гульца, калі той апынаўся на ёй у выніку ходу. Памер чыншу вызначаўся сьпісам, надрукаваным на купчай картцы адпаведнай нерухомасьці. Пры гэтым, чынш ня сплочвалі, калі нерухомасьць была закладзенай. У такім выпадку купчую картку на закладзеную нерухомасьць клалі тварам уніз перад яе ўласьнікам. Гулец мог патрабаваць падвойны чынш за незабудаваную нерухомасьць, калі валодаў усімі купчымі карткамі на нерухомасьць у адной колеравай групе, напрыклад 3-ма карткамі на Канэктыкуцкі, Вэрмонцкі і Ўсходні праспэкты ў блакітнай колеравай групе. Гэтае правіла тычылася незакладзенай нерухомасьці, нават калі іншая нерухомасьць у гэтай колеравай групе была закладзенай. Чынш быў шматкроць вышэйшым, калі нерухомасьць зьмяшчала дамы і гасьцініцы. Урэшце, гулец мог сабраць чынш, толькі калі запытаў яго перад тым, як наступны гулец кінуў косьці.
«Куфар супольнасьці» і «Шанец»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гулец браў верхнюю картку з калоды «Куфар супольнасьці» або «Шанец», калі апынаўся на адпаведным полі. Пры гэтым, ён выконваў указаньні на картцы і вяртаў яе тварам уніз на дно калоды. Картку «Вызваліцца з турмы» трымалі да выкарыстаньня, пасьля якога яе вярталі на дно калоды. Гулец таксама мог прадаць гэтую картку іншаму гульцу паводле ўзгодненай цаны, калі не жадаў яе скарыстаць[2].
«Падаходны падатак», «Турма» і «Бясплатная стаянка»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гулец у «Манаполію» меў сплаціць банку 200 даляраў або 10 % агульнага кошту ад усёй сваёй гатоўкі на руках, надрукаваных цэнаў незакладзенай і закладзенай нерухомасьці, а таксама сабекошту ўсіх будынкаў ва ўласнасьці, калі апынаўся на полі «Падаходны падатак». Выбраць спосаб аплаты падаходнага падатку варта было перад вылічэньнем сумы агульнай вартасьці сваёй маёмасьці[2].
Гулец апынаўся ў полі «Турма», калі фішка прыбывала на поле з пазнакай «Ідзіце ў турму», выцягваў картку з пазнакай «Ідзіце ў турму» або тройчы запар кідаў косьці з аднолькавымі лічбамі-двайнікамі ўверсе. Пры адпраўцы на поле «Турма» гулец ня мог атрымаць 200 даляраў заробку, незалежна ад разьмяшчэньня фішкі на дошцы. Гэты ход заканчваўся адразу па адпраўцы ў «Турму». Гулец не зазнаваў спагнаньня і працягвае рух у наступным ходзе, калі апынаўся на полі «Турма» ў ходзе звычайнага руху, бо ажыцьцяўляў «Толькі наведваньне». Гулец вызваляўся з поля «Турма» праз: 1) выкарыстаньне карткі «Вызваліцца з турмы» пры наяўнасьці; 2) набыцьцё карткі «Вызваліцца з турмы» ў іншага гульца і яе задзейнічаньне; 3) сплату 50 даляраў штрафу перад кіданьнем костак у любы з наступных 2-х хадоў; 4) кіданьне костак з 2-ма аднолькавымі лічбамі-двайнікамі ўверсе ў адзін з 3-х наступных хадоў, што дазваляла імгненна хадзіць на лік палёў, які паказвалі лічбы-двайнікі разам, але не хадзіць адразу паўторна. Штраф у 50 даляраў даводзілася плаціць пры адсутнасьці лічбаў-двайнікоў уверсе костак пасьля 3-х хадоў. Пры гэтым, гулец вызваляўся з поля «Турма» і адразу рухаўся наперад на лік палёў, паказаны ў выніку кіданьня костак. Сярод іншага, гулец мог набываць і прадаваць нерухомасьць, дамы і гасьцініцы, а таксама зьбіраць чынш падчас знаходжаньня на полі «Турма»[2].
Гульцы не атрымлівалі грошай, нерухомасьці і ўзнагароды па прыбыцьці на поле «Бясплатная стаянка»[2].
Дамы і гасьцініцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гулец мог набыць дамы ў банка і ўзьвесьці іх на нерухомасьці, калі валодаў усім наборам іншай нерухомасьці ў адной колеравай групе. Пры гэтым, гулец мог разьмясьціць дом на полі любой нерухомасьці аднолькавага колеру. Пагатоў, такі гулец зьбіраў падвойны чынш зь іншага гульца на полі аднаколернай незабудаванай нерухомасьці. Таксама гулец мог набыць і ўзьвесьці на любым ходзе ўсялякі пажаданы лік дамоў пры дастатковых сродках. Пры гэтым, іх варта было ўзводзіць раўнамерна. Напрыклад, патрабавалася ўзьвесьці па адным доме на полі кожнай нерухомасьці аднаго колеру, каб узьвесьці 2-і дом на нерухомасьці такога колеру. На полі адной нерухомасьці было магчыма ўзьвесьці да 4-х дамоў. Прадаваць дамы банку варта было таксама раўнамерна. Кожны гулец мог набыць гасьцініцу ў банка і ўзьвесьці яе на полі ўсялякай нерухомасьці, колеравая група якой была занятая скапленьнямі па 4 дамы. Пры гэтым, ён вяртаў 4 дамы з поля гэтай нерухомасьці банку і плаціў цану за гасьцініцу, паказаную на купчай картцы на нерухомасьць. На полі кожнай нерухомасьці было магчыма ўзьвесьці толькі па адной гасьцініцы[2].
Сярод іншага, перад будоўляй гульцам даводзілася чакаць продажу або вяртаньня іншым гульцом сваіх дамоў банку, калі ў таго сканчаліся дамы. Дамы або гасьцініцы мелі прадаваць праз аўкцыён паводле заяўкі найвышэйшай прапанаванай цаны, калі некалькі гульцоў жадалі набыць больш будынкаў, чым меў банк. Уласьнік мог прыватна прадаць усялякаму іншаму гульцу за любую цану палі незабудаванай нерухомасьці, чыгунку і прадпрыемства жыльлёвых паслугаў. Пры гэтым, варта было прадаць назад банку ўсе будынкі на палях забудаванай нерухомасьці аднаго колеру. Дамы і гасьцініцы прадавалі на любым ходзе за палову цаны набыцьця. Пагатоў, дамы з палёў нерухомасьці аднаго колеру прадавалі раўнамерна ў адваротным парадку іх узьвядзеньня. Усе гасьцініцы на палях аднаколернай нерухомасьці было магчыма прадаць разам або раўнамерна па адным доме ў разьліку вартасьці адной гасьцініцы роўнай 5 дамам[2].
На кожным ходзе было магчыма закласьці палі незабудаванай нерухомасьці банку. З палёў забудаванай нерухомасьці аднаго колеру варта было спачатку зьнесьці і прадаць банку ўсе будынку за палову цаны набыцьця. Вартасьць закладу была надрукаваная на кожнай купчай картцы на нерухомасьць. Існавала магчымасьць зьбіраць чынш з поля незакладзенай нерухомасьці пры закладзенасьці іншых палёў аднаго колеру. Пры гэтым, адсутнічаў чынш з закладзенага жыльлёвага прадпрыемства і поля нерухомасьці. Уласьнік меў заплаціць банку суму закладу і 10 %, каб зьняць заклад з поля нерухомасьці. Таксама ўласьнік мог набываць назад дамы за поўную цану, калі выкупіў з закладу ўсе палі нерухомасьці аднаго колеру. Гулец, які закладаў нерухомасьць, захоўваў валоданьне ёй, таму іншы гулец ня мог набыць яе зьняўшы заклад у банка. Разам з тым, уласьнік мог прадаць поле закладзенай нерухомасьці іншаму гульцу за любую ўзгодненую цану. Новы ўласьнік мог адразу пры жаданьні зьняць заклад, выплаціўшы яго і 10 % банку. Пры гэтым, новы ўласьнік меў заплаціць банку 10 %, калі не здымаў яго адразу, і дадаткова 10 % пры выплаце сумы закладу пазьней. Заклад нерухомасьці банку быў адзіным спосабам пазычаньня грошай у гульні, бо гульцы не маглі пазычаць адно аднаму[2].
Разарэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гульца абвяшчалі банкрутам пры запазычанасьці, якая перавышала здольнасьць аплаты іншаму гульцу або банку. Такі гулец меў перадаць усе сродкі іншаму гульцу, перад якім меў доўг, і сысьці з гульні. Пры такім разьліку гэты гулец меў вярнуць банку дамы і гасьцініцы за палову цаны, каб перадаць атрыманыя грошы пазыкадаўцу. Таксама гулец перадаваў пазыкадаўцу закладзеную нерухомасьць, за якую новы ўласьнік выплачваў банку 10 % яе вартасьці. Пры гэтым, новы ўласьнік мог адразу сплаціць асноўную суму закладу. Такі ўласьнік меў паўторна заплаціць 10 %, калі вырашаў зьняць заклад у наступныя хады. Усе сродкі перадавалі банку пры запазычанасьці за падатак і спагнаньне нават пасьля продажу будынкаў і закладу нерухомасьці. У такім выпадку банк безадкладна прадаваў праз аўкцыён усю атрыманую нерухомасьць, за выняткам будынкаў. Збанкрутавалы гулец імгненна пакідаў гульню. Выйграваў апошні гулец, які заставаў у гульні[2].
Скарочаная гульня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры скарачэньні гульні ў «Манаполію» ўводзілі 3 правілы.
- Падчас падрыхтоўкі банкір ператасоўваў стос купчых картак на нерухомасьць і даваў гульцу зьлева зрэзаць калоду. Затым раздаваў па 2 карткі за раз кожнаму гульцу. Гульцы мелі безадкладна аплаціць банку надрукаваную цану кожнай карткі.
- Пабудова гасьцініцы ацэньвалася ў 4 дамы, таму папярэдне на палях нерухомасьці аднаго колеру варта было мець па 3 дамы. Пры гэтым, чынш за гасьцініцу заставаўся аднолькавым. Збытавая вартасьць гасьцініцы адпаведна складала палову ад цаны набыцьця ў 4 дамы.
- Гульня сканчалася пасьля банкруцтва 2-га гульца. Гульню імгненна спынялі, а пазыкадаўцу перадавалі перадавалі ўсе сродкі, у тым ліку будынкі і нерухомасьць, незалежна ад таго, ці пазыкадаўца гулец або банк. Усе гульцы, якія засталіся, падлічвалі сваю ўласнасьць: 1) гатоўку на руках; 2) пляцы нерухомасьці, жыльлёвыя прадпрыемствы і чыгунку ва ўласнасьці паводле надрукаваных на дошцы цэнаў; 3) закладзеную нерухомасьць ва ўласнасьці паводле паловы цаны на дошцы; 4) дамы паводле цэнаў набыцьця; 5) гасьцініцы паводле цаны набыцьця ўлучна з 3-ма збытымі дамамі. Перамагаў найбагацейшы гулец[2].
Таксама да пачатку гульні існавала магчымасьць вызначыць пэўны час яе сканчэньня. Пры гэтым, банкір тасаваў і зразаў карткі, пасьля чаго раздаваў па 2 кожнаму гульцу. Адпаведна гульцы адразу цану атрыманай нерухомасьцію. Па сканчэньні часу таксама перамагаў найбагацейшы гулец[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 2014. — № 43 (27653). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Чарлз Дароў. Манаполія: гульня братоў Паркераў у гандаль нерухомасьцю [буклет] = Monopoly: Parker Brothers Real Estate Trading Game. — 11-е выд. — Род-Айлэнд: Браты Гасэнфэльды, 1996. — 8 с. — (0009-I-Rev 2).
Гэта — накід артыкула пра гульні. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |