Перайсьці да зьместу

Людміла Іванаўна Ніжэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Людміла Ніжэвіч
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га і 7-га скліканьняў
11 кастрычніка 2016 — цяперашні час
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас, Раман Галоўчанка
Папярэднік Анатоль Бойка
Намесьніца міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі
16 кастрычніка 2012 — 13 кастрычніка 2016[1]
Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася3 траўня 1964 (60 гадоў)
Капыль, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
ПартыяАграрная
АдукацыяГомельскі каапэратыўны інстытут (1987)
Сужэнец замужам
Дзеці дачка
Бацька Іван Марцінкевіч
Узнагароды

Людміла Іванаўна Ніжэвіч (дзяв. Марцінкевіч; нар. 1964, Капыль, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўная дзяячка Беларусі.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га і 7-га скліканьняў (зь 2016 году) ад Капыльскай акругі № 66[2]. Зь 2019 году ўзначальвала ў Палаце прадстаўнікоў Пастаянную камісію па бюджэце і фінансаў. Намесьніца міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі (2012—2016).

У 1981 годзе скончыла ў Капылі сярэднюю школу № 3. У 1983 годзе скончыла Маладэчанскі ўлікова-плянавы тэхнікум Белкаапсаюзу. У 1983—1985 гадох працавала бухгальтаркай Капыльскага раённага спажывецкага таварыства, дзе пазьней стала загадніцай сэктару. У 1988 годзе перайшла на працу эканамісткай аддзелу культуры Капыльскага раённага выканаўчага камітэту, дзе пазьней заняла пасаду галоўнай бухгальтаркі і перайшла на пасаду галоўнай эканамісткі аддзелу фінансаў[3]. У 1989 годзе скончыла Гомельскі каапэратыўны інстытут з атрыманьнем спэцыяльнасьці бухгальтарскі ўлік і аналіз гаспадарчай дзейнасьці[4].

У 1997—2002 гадох працавала галоўнай кантралёркай-рэвізоркай кантрольна-рэвізійнай управы Міністэрства фінансаў Беларусі па Капыльскім раёне. У студзені—ліпені 2003 году была намесьніцай начальніка аддзелу кантролю за бюджэтнымі сродкамі і пазабюджэтнымі фондамі той самай управы па Менскай вобласьці. У 2003—2004 гадох была начальніцай аддзелу фінансаў аграпрамысловага комплексу фінансавай управы ў Менскім абласным выканаўчым камітэце, дзе ў 2004—2008 гадох займала пасаду намесьніцы старшыні камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня. У 2008—2009 гадох працавала загадніцай сэктару прагнозу і аналізу разьвіцьця сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці галоўнай управы эканомікі і фінансаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі[4]. У 2009—2010 гадох была начальніцай аддзелу гаспадарчага разьвіцьця УП «Белзьнешгандальінвэст» Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта[4]. У 2010—2012 гадох займала пасаду начальніцы галоўнай управы эканомікі і фінансаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі[4].

Намесьніца міністра сельскай гаспадаркі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 кастрычніка 2012 году стала намесьніцай міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі[4]. 3—7 сьнежня 2012 году ўзначальвала дэлегацыю ад ураду Беларусі на 145-й сэсіі Рады Харчова-сельскагаспадарчай арганізацыі (ХСА) ААН у Рыме (Італія)[5]. 15 траўня 2013 году брала ўдзел ад ураду Беларусі ў 1-м паседжаньні працоўнай групы «Ўсходняга партнэрства» па сельскай гаспадарцы і разьвіцьці сельскай мясцовасьці, якое праходзіла ў Брусэлі (Бэльгія)[6].

13 лістапада 2013 году Палата прадстаўнікоў Беларусі ўхваліла законапраект аб ратыфікаваньні Пагадненьня між урадам Беларусі ХСА аб тэхнічнай дапамозе, заключанага 8 траўня 2013 году. Намесьніца міністра Людміла Ніжэвіч у той дзень патлумачыла, што пагадненьне стварала прававыя ўмовы для атрыманьня дапамогі ад ХСА, якая мела скласьці 650 000 даляраў да 2015 году[7]. 2 траўня 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 404 аб узнагароджаньні Ганаровай граматай Савету міністраў, паводле якой Людмілу Ніжэвіч узнагародзілі «за шматгадовую плённую працу і значны асабісты ўклад у разьвіцьцё аграпрамысловага комплексу»[8].

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11 верасьня 2016 году абралася дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га скліканьня ад Капыльскай акругі № 66. Цягам тэрміну паўнамоцтваў ад 18 кастрычніка 2016 году[9] па 4 сьнежня 2019 году займала пасаду намесьніцы старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах. Была сяброўкай 3-х працоўных групаў Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацы з замежнымі парлямэнтамі — Бэльгіі, Кіпру і Ўзбэкістану. Адказвала за 6 законапраектаў, прынятых[4]:

  1. 21 чэрвеня 2017 году ў адным чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2016 год»[10];
  2. 2 кастрычніка 2017 году ў 2-м чытаньні на прапанову Савету міністраў Беларусі «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб крэдытных гісторыях»[11];
  3. 18 сьнежня 2017 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага ФСАН Рэспублікі Беларусь на 2018 год»[12];
  4. 27 чэрвеня 2018 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага ФСАН Рэспублікі Беларусь за 2017 год»[13];
  5. 19 сьнежня 2018 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», а менавіта ў Падатковы кодэкс Беларусі, дзе зь 2019 году скасавалі дарожны збор з замежных самаходаў і падатак на недабудаваную нерухомасьць, а таксама скасавалі права Саветаў дэпутатаў 10-кратна павялічваць падатак на невыкарыстоўваную нерухомасьць і абмежавалі памер пені сумай даналічанага па выніках праверкі падатку[14];
  6. 26 чэрвеня 2019 году ў адным чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага ФСАН Рэспублікі Беларусь за 2018 год»[15].

17 лістапада 2019 году пераабраралася ў Палату прадстаўнікоў 7-га скліканьня ад Капыльскай акругі № 66[16]. 11 сьнежня 2019 году заняла пасаду старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах[17], а таксама ўвайшла ў склад Рады Палаты прадстаўнікоў. Стала сяброўкай дэпутацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкім сходзе Саюзу Беларусі і Расеі, дзе была намесьніцай старшыні камісіі па бюджэце і фінансах. Таксама была сяброўкай 6 працоўных групаў Нацсходу Беларусі па супрацы з замежнымі парлямэнтамі — ЗША і Канады, Кітаю, Лаосу, Мэксыкі (намесьніца), Філіпінаў і Чэхіі (кіраўніца). Адказвала за 6 законапраектаў, прынятых[18]:

  1. 19 лістапада 2019 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага ФСАН Рэспублікі Беларусь на 2020 год»[19];
  2. 9 красавіка 2020 году ў 2-м чытаньні на прапанову Савету міністраў Беларусі «Аб зьмяненьні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб захадах прадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюду зброі масавага паражэньня»[20];
  3. 25 чэрвеня 2020 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага ФСАН Рэспублікі Беларусь за 2019 год»[21];
  4. 18 сьнежня 2020 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год»[22];
  5. 17 чэрвеня 2021 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за 2020 год»[23];
  6. 21 сьнежня 2021 году ў 2-м чытаньні на прапанову А. Лукашэнкі «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год»[24].

21 сьнежня 2021 году старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Ніжэвіч заявіла: «пры падрыхтоўцы бюджэту разглядаліся розныя сцэнары разьвіцьця эканомікі ў наступным годзе, уплыў санкцыйнага націску, узаемаадносіны, якія сёньня выбудоўваюцца з Захадам, улічвалася ўзмацненьне экспартнага патэнцыялу і арыентаваньне рынку ў нашым традыцыйным напрамку — Расейская Фэдэрацыя, краіны Азіі, Кітай». Пры гэтым, Палата прадстаўнікоў ухваліла рэспубліканскі бюджэт на 2022 год з дэфіцытам 2,844 млрд рублёў[25].

  1. ^ Бадак і Ніжэвіч вызваленыя ад пасад у сувязі зь пераходам у парлямэнт // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 кастрычніка 2016 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  2. ^ У Беларусі выбраны парлямэнт шостага скліканьня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 верасьня 2016 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  3. ^ М.Г. Яўсюк. Ніжэвіч Людміла Іванаўна (знакамітыя выпускнікі) (рас.) // Сярэдняя школа № 3 Капыля, 20 красавіка 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  4. ^ а б в г д е Ніжэвіч Людміла Іванаўна (шостае скліканьне) // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  5. ^ ХСА адзначае ўзрастаючую ролю Беларусі як пастаўшчыка прадуктаў харчаваньня на сусьветныя рынкі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 сьнежня 2012 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  6. ^ Беларусь і ЭЗ абмеркавалі прапановы па далейшым разьвіцьці сувязяў у сельскагаспадарчай сфэры // БелТА, 15 траўня 2013 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Дэпутаты ратыфікавалі дакумэнт аб тэхнічнай дапамозе ХСА для Беларусі // БелТА, 13 лістапада 2013 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Міхаіл Мясьніковіч. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 траўня 2014 г. № 404 «Аб узнагароджаньні А.Ю.Жураўлёва і Л.І.Ніжэвіч Ганаровай граматай Савету міністраў Рэспублікі Беларусь» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 6 траўня 2014 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  9. ^ Пастаянныя камісіі сфармаваныя ў Палаце прадстаўнікоў // БелТА, 18 кастрычніка 2016 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  10. ^ «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2016 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  11. ^ «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб крэдытных гісторыях» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  12. ^ «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2018 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  13. ^ «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2017 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  14. ^ «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  15. ^ «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2018 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  16. ^ ЦВК абнародавала прозьвішчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня // БелТА, 18 лістапада 2019 г. Праверана 11 сакавіка 2022 г.
  17. ^ Белаконеў, Давыдзька і Савіных узначалілі профільныя камісіі ў новым парлямэнце // БелТА, 11 сьнежня 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  18. ^ Ніжэвіч Людміла Іванаўна (сёмае скліканьне) // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  19. ^ «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2020 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  20. ^ «Аб зьмяненьні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб захадах прадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюду зброі масавага паражэньня» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  21. ^ «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2019 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  22. ^ «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  23. ^ «Аб зацьверджаньні справаздачы аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за 2020 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  24. ^ «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  25. ^ Дэпутаты прынялі ў другім чытаньні праект рэспубліканскага бюджэту на 2022 год // БелТА, 21 сьнежня 2021 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.