Рубель (вёска)
Рубель | |
трансьліт. Rubieĺ | |
Першыя згадкі: | 1458 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Столінскі |
Сельсавет: | Рубельскі |
Насельніцтва: | 3695 чал. (2009) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1655 |
Паштовы індэкс: | 225533 |
СААТА: | 1258858076 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°58′25″ пн. ш. 27°3′58″ у. д. / 51.97361° пн. ш. 27.06611° у. д.Каардынаты: 51°58′25″ пн. ш. 27°3′58″ у. д. / 51.97361° пн. ш. 27.06611° у. д. |
± Рубель | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Рубе́ль[1] (таксама — Рубэ́ль[1]) — вёска ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці, на рацэ Чакве (старарэчча Рубельская Рака), за 10 км на паўднёвы захад ад Альпеню, за 6 км на ўсход ад Беражнога, за 3 км на поўнач ад Хотамелю, за 18 км паўночны ўсход ад Століна, за 263 км — ад Берасьця, за 26 км — ад чыгуначнай станцыі Гарынь.
Рубель уваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Рубельскага сельсавету і сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыва «Рубельскі» (былога калгасу). Другая велічынёй вёска ў Берасьцейскай вобласьці (пасьля Альшанаў).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя згадкі пра вёску належаць да 1458 году, калі яна згадваецца пад назвай Любра (Любер). Да канца ХVIII стагодзьдзя гэтая назва ператварылася ў назву Рубля, Рубель. У XVI—XVIII стагодзьдзях вёска знаходзілася ў складзе Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, зьўлялася ўладаньнем Зышчынічаў, Пашкевічаў, Рэзановічаў. З 1793 году вёска знаходзіцца ў складзе Расейскай імпэрыі, у Хорскай воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні. З 1921 году знаходзіцца ў складзе Польшчы. З 1939 году ў складзе Беларускай ССР. 15 студзеня 1940 году ў складзе Давыд-Гарадоцкага раёну Пінскай вобласьці быў створаны Рубельскі сельсавет. Падчас Другой сусьветнай вайны, у 1944 годзе, нямецкія захопнікі забілі 122 жыхары і спалілі вёску падчас адступленьня (730 хат). Уцалела толькі царква. Вёска Рубель увекавечаная ў мэмарыяльным комплексе «Хатынь» як адна са спаленых вёсак. З 1954 году ў Берасьцейскай вобласьці. З 1961 году ў Столінскім раёне.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1886 год — 450 жыхароў, 46 гаспадарак; 1897 год — 450 жыхароў, 38 дамоў[2]
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 3259 жыхароў, 448 двароў; 1921 год — больш за 2800 насельнікаў, 457 гаспадарак; 1932 год — 4166 жыхароў; 1939 год — 541 двор, 3887 чалавек; перад пачаткам нямецка-савецкай вайны — 3688 чалавек, 730 гаспадарак; 1959 год — 4668 насельнікаў; 1970 год — 5565 жыхароў; 1999 год — 4186 жыхароў, 440 двароў
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 1350 сядзібаў, 4138 жыхароў; 2004 год — 1444 двароў, каля 4500 жыхароў; 2005 год — 4034 чал., 1453 двары[2]; 2007 год — 4300 чал., 1461 двор[3]; 2009 год — 3695 жыхароў; 2010 год — 4700 чал.[4].
Да 1973 году Рубель была самай вялікай вёскай у Беларусі[3]. Цяпер другая велічынёй вёска ў Столінскім раёне і Берасьцейскай вобласьці (пасьля Альшанаў), да 2005 году — трэцяя ў Берасьцейскай вобласьці (пасьля Альшанаў і Моталю).
Інфрастуктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У вёсцы знаходзяцца льнокамбінат (не працуе), аддзяленьне сувязі РУП «Белпошта», аддзяленьне ААТ «Беларусбанк», аптэка, 7 прыватных крамаў («Вераніка», «Людміла», «Вольга», аўтазапчасткі), 4 дзяржаўных крамы, два ўнівэрмагі («Сылюэт» і «Прамтавары»), кафэ «Івушка», школьная сталовая, кнігарня (зачынена), дзьве хлебныя крамы, бібліятэка, Дом культуры, камбінат бытавога абслугоўваньня, сярэдняя школа, два ясьлі-сады, рынак, аўтазаправачная станцыя, два млыны.
У ліпені 2008 году ў вёсцы адкрылася новая амбуляторыя.
Інфармацыя для турыстаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1965 годзе ўзьведзены помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Каля вёскі знаходзяцца курганы, паселішчы і могільнік зарубінецкай культуры.
Помнікі архітэктуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (Рубельская Міхайлаўская царква). Пабудавана ў 1796 годзе. Адзін з самых яскравых прыкладаў палескай школы драўлянага дойлідзтва стылю барока.
- Усьпенская царква. Пабудавана ў 1996 годзе.
- Малітоўны дом хрысьціян веры эвангельскай (хрысьціян-баптыстаў)
Тэрытарыяльны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйная вёска дзеліцца на 11 мікравёсак:
- Вакза́л — паўднёва-заходняя частка вёскі, на захад ад цэркваў;
- Вялі́кі Лес — паўднёва-заходняя частка вёскі, за Вакзалам;
- До́ўгае — усходняя частка вёскі, каля Салабаі;
- Жыды́ — усходняя частка вёскі;
- Запо́льле — паўночна-ўсходняя частка вёскі;
- Зарэ́чча — заходняя частка вёскі, на левым беразе Чаквы;
- Машлякі́ — паўднёвая частка вёскі;
- Но́вы Пасёлак — на ўсход ад Туразы;
- Салабаі́ — усходняя частка вёскі;
- Сяло — цэнтральная частка вёскі;
- Ту́раза — паўночна-ўсходняя частка вёскі.
Вуліцы: 50 гадоў Кастрычніка, 60 гадоў Кастрычніка, Агародная, Алега Кашавога, Астроўскага, Багдановіча, Берагавая, Будзённага, Вакзальная, Вялікалясная, Гагарына, Горкага, Зарэчная, Казлова, Калгасная, Камарова, Камсамольская, Карла Маркса, Кірава, Клімука, Леніна, Лугавая, Машэрава, Маякоўскага, Моладзевая, Палеская, Партызанская, Паўночная, Перамогі, Піянэрская, Пушкіна, Разановіча, Савецкая, Садовая, Францішака Скарыны, Ціхая, Чырвонаармейская, Школьная, Якуба Коласа, Янкі Купалы
Завулкі: 50 гадоў Кастрычніка, Агародны, Алега Кашавога, Берагавы, Горкага, Казлова, Калгасны, Кастрычніка, Леніна, Ленінскі, Машэрава, Піянэрскі, Савецкі, Ціхі, Янкі Купалы
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 268—269
- ^ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0388-7. С. 591.
- ^ а б Вось гэта Рубель! // Звязда
- ^ Пра «маё» і «не маё»(недаступная спасылка) // Звязда