Перайсьці да зьместу

Гісторыя Ракава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ракаў — даўняе магдэбурскае[1] места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся касьцёлы Сьвятога Духа (1730—1793, былы), Сьвятой Ганны (1830) і Найсьвяцейшай Панны Марыі (1906). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся манастыр базылянаў, зруйнаваны савецкімі ўладамі ў 1960-я.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Ракаў упамінаецца ў XIV стагодзьдзі як вялікакняскае ўладаньне. У 1465 годзе вялікі князь Казімер перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 году — у валоданьні Завішаў. У 2-й палове ХVІ ст. тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пачатку XVIII ст.). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясьціна ўвайшла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1568 годзе Ракаў атрымаў статус мястэчка. У 1-й палове ХVІІ ст. паселішча перайшло да Сангушкаў, за якімі яно стала значным гадлёвым местам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 годзе Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Сьвятога Духа.

У 1701 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы ў год. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Празь места праходзілі 2 гасьцінцы: МенскПяршаіВаложынАшмяны і Ракаў — Вялейка. У 1702 годзе Казімер Сангушка заснаваў тут базылянскі манастыр. У 1742 годзе адбыўся пажар, які зьнішчыў кляштар Сьвятога Духа (неўзабаве адбудаваны). На 1779 год у месьце было 297 двароў, 24 крамы, 91 рамесьнік.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ракаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1794 годзе за ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фэльдмаршалу Салтыкову. На 1800 год — 276 двароў, дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі школа, 20 мураваных крамаў, 2 вадзяныя плыны. На Рынку стаяла ратуша. У 1804 годзе Салтыкоў прадаў Ракаў Зьдзяхоўскім. У 1824 годзе мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касьцёл і капліцу, у 1830 годзе — змуравалі прымогілкавую капліцу Сьвятой Ганны. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1835 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар Сьвятога Духа, а касьцёл гвалтоўна перарабілі ў царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1839 годзе царскія ўлады скасавалі базылянскі манастыр, царкву перадалі МП, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабалі, манастырскі шпіталь — зачынілі.

У 1843 годзе ў Ракаве збудавалі майстэрні сельскагаспадарчых машынаў (веялкі, малатарні, сячкарні інш.), якія добра разыходзіліся ў Менскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбурскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы й сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. На 1886 год — дзейнічалі 2 царквы, касьцёл і сынагога, працавалі народная вучэльня, бровар, землеапрацоўчых прыладаў, ганчарны і цагельны заводы, 2 вадзяны млыны, 29 крамаў. Паводле М. Улашчыка[2], у 1901 годзе тут вырабілі 80 малатарняў. На 1859 год у мястэчку было 140 двароў[3].

У канцы XIX — пачатку ХХ стагодзьдзяў Ракаў знаходзіўся ў валоданьні Мар’яна Зьдзяхоўскага, прафэсара Кракаўскага і Віленскага ўнівэрсітэтаў. У гэты час у сядзібе Зьдзяхоўскага зьбіраліся вядомыя літаратары й музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Атэнамі». На 1905 год у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 годзе тут збудавалі нэагатычны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі. У пачатку XX стагодзьдзя існавалі некалькі млыноў, касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, капліца Сьвятой Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; найбліжэйшы доктар — у Заслаўі. У 1906—1909 гадах дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску, якое займалася падтрымкай адукацыі на польскай мове[4].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ракаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[5]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут было 552 двары. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.

У 1939 годзе Ракаў увайшоў у БССР. 15 студзеня 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі.

На 1994 год у Ракаве было 805 двароў, на 2001 год — 765 двароў, на 2008 год — 746 гаспадарак. У 2007 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

  1. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 312.
  2. ^ Улашчык М. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 88.
  3. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
  4. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 34-37.
  5. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Ракавасховішча мультымэдыйных матэрыялаў