Перайсьці да зьместу

Сячкарня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Польская сячкарня ў скансэне «Гронічак» (Глінка)

Сячка́рня — сельскагаспадарчая машына для рэзкі саломы на корм скаціны, а таксама здрабненьня зеляніны злакавых, кукурузы ды іншых фуражных расьлінаў на сілас(de).

Сячкарні зьявіліся ў XIX стагодзьдзі і замянілі падобныя да косаў ручныя прылады, вядомыя як разакі́. Традыцыйныя сячкарні заснаваныя на мэтадзе разака, у якім уведзены мэханізм абаротнага руху нажа і мэханізм, які падае матэрыял для раздрабненьня.

Пасечаныя мякіна і сена ішлі на корм коняў і буйной рагатай скаціны або для кампаставаньня(de) і закісаньня(de) (сіласу).

Традыцыйная сячкарня складаецца з станіны, на якой замацаваны накіравальны жолаб для падачы сыравіны да шнэкаў. Папярэчна на станіне ўмацаванае кола-махавік з парай нажоў зь легаванай сталі, якія сякуць салому. На коле прымацаваная ручка, з дапамогай якой вярчэльнымі рухамі абсталяваньне прыводзіцца ў дзеяньне; магчымае таксама падлучэньне коннага млыну(en). Пасечаная сыравіна зьбіраецца ў карыта — звычайна драўлянае. Усе астатнія дэталі сячкарні вырабляліся зь літага чыгуну.

Даўжыню наразанай сечкі(en) можна рэгуляваць, найчасьцей у граніцах 5—80 мм.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]