Перайсьці да зьместу

ПВК Вагнэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Група Вагнэра»)
«Вагнэр»
рас. «Вагнер»
Гады існаваньня ад 1 траўня 2014 (10 гадоў таму) да 24 чэрвеня 2023
Краіна Расея
Падпарадкаваньне Камбінат харчаваньня «Канкорд» (Санкт-Пецярбург)
Тып мота-стралковыя войскі
Функцыя падтрымка расейскіх уварваньняў за мяжу
Колькасьць 20 000 (чэрвень 2023 г.)
Дысьлякацыя Молькін (Краснадарскі край)
Мянушка «Музыкі», «Аркестра»
Дэвіз Кроў, гонар, Радзіма, адвага
Колеры чорны, белы і чырвоны
Узбраеньне пальная зброя, артылерыя, танкі
Войны Расейска-ўкраінская вайна, Грамадзянская вайна ў Сырыі, Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну (2022)
Дзейны камандзір Яўген Прыгожын

«Вагнэр» — прыватная вайсковая кампанія Расеі, якую ў траўні 2014 году заснаваў пецярбурскі прадпрымальнік Яўген Прыгожын.

Першапачаткова існавала ў выглядзе батальённай тактычнай групы для падтрымкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, у прыватнасьці ў Луганскай вобласьці. Уваходзіла ў склад харчовага камбінату «Канкорд»[1]. Адсутнічае на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асобаў Расеі. Але яе байцы прымалі ўдзел у баявых апэрацыях у Сырыі і на ўсходзе Ўкраіны[2][3].

Назва ПВК (прыватная вайсковая кампанія) «Вагнэр» упершыню прагучала ў 2014 годзе ў паведамленьнях, што найміты гэтай групоўкі ваявалі разам з падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны. У расейскіх СМІ арґанізацыя пазыцыянуецца як прыватная вайсковая рота пад камандаваньнем падпалкоўніка ў адстаўцы Ўзброеных сіл Расеі Дзьмітара Ўткіна па мянушцы «Вагнэр».

Пра тое, як узьнікла прыватная вайсковая кампанія Вагнэра, пісала пецярбурскае выданьне «Фонтанка.ру». Паводле ягоных зьвестак, у 2013 годзе расейскія мэнэджэры прыватнай вайсковай кампаніі Moran Security Group, якая спэцыялізавалася на абароне гандлёвых судоў ад піратаў, Вадзім Гусеў і Яўген Сідараў, зарэгістравалі ў Ганконгу ПВК «Славянскі корпус» і набралі па часовых працоўных дамовах 267 супрацоўнікаў для «аховы радовішчаў і нафтаправодаў» у Сырыі. Замест гэтага супрацоўнікі «Славянскага корпусу» ўзялі ўдзел у грамадзянскай вайне ў гэтай краіне[3]. У чэрвені 2017 году ПВК Вагнэра была ўключана ў санкцыйны сьпіс ЗША[4], што прывяло, у пэўным сэнсе, да легалізацыі яе агульнапрынятай назва, паколькі ў гэтым сьпісе дадзеная арґанізацыя была названая PMC Wagner і ўключана ў рубрыку «Абазначэньні ўкраінскіх сэпаратыстаў» (EO 13660 — Designations of Ukrainian Separatists)[5].

Як мяркуецца, байцы ПВК ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе, грамадзянскіх войнах ў Сырыі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы[6], Лібіі[7]. Паведамлялася аб іх прысутнасьці ў Судане, Вэнэсуэле, Мазамбіку[8][9], на Мадагаскары.

25 студзеня 2019 году агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на атамана казацкага таварыства «Ховрино» Яўгена Шабаева[10], што ў Вэнэсуэлу за адзін-два дні да пачатку пратэстаў прыбыла група былых расёйскіх вайскоўцаў, зьвязаных з так званай "прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр», у колькасьці 400 чалавек для аховы прэзыдэнта Нікаляса Мадура[11][12][13].

Амбасадар РФ у Вэнэсуэле Ўладзімер Заемскі заявіў, што паведамленьні аб прысутнасьці расейскіх прыватных вайсковых «кампаній» у краіне — «качка»[10]. Іншыя афіцыйныя асобы ў Расеі і Вэнэсуэле, да якіх розныя СМІ зьвярталіся за тлумачэньнямі, таксама абверглі гэтыя здагадкі[14][15][16]. Дырэктар выведкі ўпраўленьня Мінабароны ЗША генэрал-лейтэнант Робэрт Эшлі, выступаючы з дакладам на слуханьнях у камітэце па выведцы Сэнату Кангрэсу ЗША, заявіў, што Пэнтагон не знайшоў прыкмет вайсковай прысутнасьці Расеі і Кітаю ў Вэнэсуэле[17]. 7 лютага кіраўнік Паўднёвага камандаваньня ВС ЗША адмірал Крэйг Фолер на слуханьнях у камітэце па справах узброеных сіл Сэнату Кангрэсу ЗША заявіў, што амэрыканскія ўлады ведаюць пра паведамленьні СМІ пра тое, што «расейскія сілы бясьпекі» былі перакінутыя ў Вэнэсуэлу, і спрабуюць знайсьці пацьверджаньне гэтай інфармацыі[18].

У красавіку 2019 году ў шэрагу інфармацыйных выданьняў, якія спасылаліся на The Daily Telegraph, якое ў сваю чаргу спасылаецца на The Sun, зьявіліся паведамленьні, што ў трыпалітанскай апэрацыі ЛНА ўдзельнічае ПВК «Вагнэр»[19][20][21].

2 кастрычніка латвійскае выданьне «Meduza» апублікавала расьсьледаваньне, прысьвечанае ўдзелу расейскіх наймітаў у лібійскім канфлікце. Журналісты спасылаліся на кіраўніка Ўральскага аддзяленьня «Саюзу Добраахвотнікаў Данбаса» (СДД) Максіма Хлопіна, які паведаміў ім імёны загінуўшых у Трыпалі байцоў з Расеі. Пазьней на старонцы СДД ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» Хлопін апублікаваў запіс, дзе абвяргаў дадзеныя выданьня, заявіўшы, што не перадаваў ёй ніякай інфармацыі[22].

Па дадзеных выданьня The New York Times, у пачатку лістапада ў раён Трыпалі былі перакінутыя да 200 расейскіх наймітаў. На думку журналістаў, гэта зьяўляецца часткай шырокай кампаніі па аднаўленьні расейскага ўплыву на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, страчанага пасьля распаду СССР. Разам з тым, міністар унутраных спраў ўраду Сараджа, Фатх Башага, абвінаваціў Расею ў распальваньні канфлікту ў Лібіі з тым, каб распаўсюдзіць свой уплыў на краіну-вытворцу нафты, і заклікаў ЗША ўзмацніць свае намаганьні для спыненьня канфлікту[23]. МЗС Расеі абверг дадзеныя абвінавачваньні[24].

17 лютага 2023 году прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі паведаміў, што ПВК «Вагнэр» страціла на расейска-ўкраінскай вайне звыш 30 000 чалавек забітымі і параненымі. Пры гэтым большасьць загінулых складалі завэрбаваныя ў турмах вязьні[25]. 23—24 чэрвеня 2023 году «Вагнэр» учыніў узброены мяцеж супраць міністра абароны Сяргея Шайгу. 27 чэрвеня 2023 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў, што зь дзяржаўнага бюджэту Расеі ад траўня 2022 году па травень 2023 году вылучылі 86,2 млрд расейскіх рублёў (звыш 1 млрд $) на ўтрыманьне «Вагнэра». Зь іх 70,3 млрд рас.руб. пайшло на заробкі наймітаў, а 15,8 млрд рас.руб. — на заахвочваньне ўдзелу ў «Вагнэры». Яшчэ 110,1 млрд рас.руб. пайшлі на страхавыя выплаты наймітам і іх сем’ям, а 80 млрд рас.руб. склалі даходы прадпрыемства «Канкорд» за пастаўку харчаваньня ў расейскае войска[26].

25 ліпеня 2020 году група з 32 грамадзянаў Расеі засялілася ў менскую гасьцініцу «ІББ» (прасп. Газэты Праўда, д. 11). 27 ліпеня гэтыя мужчыны ў веку ад 24 да 49 гадоў пераехалі на здраўніцу «Беларусачка» ў Ждановічах (Менскі раён). 29 ліпеня група «А» Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі пры падтрымцы Атраду міліцыі асаблівага прызначэньня ГУУС Менскага гарвыканкаму затрымала іх, бо тыя мелі аднастайную вопратку ў вайсковым стылі. Затрыманыя апынуліся наймітамі прыватнага вайсковага прадпрыемства «Вагнэр». У той дзень 33-га найміта ПВК «Вагнэр» затрымалі ў Гомельскай вобласьці. Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што ў Беларусь прыбыло звыш 200 такіх наймітаў. Тэлеканал «Беларусь 1» абнародаваў імёны і прозьвішчы затрыманых, а таксама іх фатаграфіі і сканы пашпартоў[27]. Беларускае тэлеграфнае агенцтва зьмясьціла поўныя імёны і даты народзінаў 33 затрыманых грамадзянаў Расеі[28]. Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў пра 14 чалавек сярод затрыманых, якія пры апытаньні згадалі свой удзел у вайне на Данбасе[29].

20 з 33 затрыманых значыліся ў базе ўкраінскага сайту «Міратворац»[30]. 5 з 20 чалавек са знойдзеных у базе «Міратворцу» названыя чальцамі групы «ПВК Вагнэра», якая ўдзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі. Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў 30 ліпеня паведаміў што, паводле апэратыўнай інфармацыі, на волі на тэрыторыі Беларусі застаецца каля 200 баевікоў, іх шукаюць. Затрыманыя раней даюць паказаньні. Паводле яго, іх у рамках крымінальнай справы падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў. Раўкоў таксама назваў незатрыманых баевікоў «іголкай у стозе сена». Таксама, паводле Раўкова, на тэрыторыі Расеі, пад Псковам і Невелем, рыхтуюцца новыя групоўкі баевікоў[31].

Цягам 11—19 ліпеня 2023 году ў намётавы лягер у вёсцы Цэль Асіпавіцкага раёну (Магілёўская вобласьць) з Расеі прыбыла прынамсі 485 аўтамашынаў ПВК «Вагнэр», што засьведчылі спадарожнікавыя здымкі[32]. 19 ліпеня 2023 году Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт зарэгістраваў ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг» са статутным фондам 200 рублёў (каля 80 даляраў). Прадпрыемства ўнесьлі ў Адзіны дзяржаўны рэгістар юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі Беларусі, дзе надалі ўліковы нумар плацежніка (УНП) 791314882. Кіраўніком прадпрыемства значыўся Яўген Прыгожын. У якасьці адрасу пазначылі: Асіпавіцкі раён, Пратасевіцкі сельсавет, вёска Цэль, Усходняя вул., д. 2А. Там месьціўся палявы лягер, куды прыбылі рэшткі ПВК «Вагнэр» з Расеі[33]. На паўторным спадарожнікавым здымку амэрыканскага прадпрыемства «Лябараторыі плянэты» (Сан-Францыска) ад 25 ліпеня ў лягеры ў вёсцы Цэль налічвалася 754 аўтамабілі «Вагнэра». Сярод іх было 534 (70 %) легкавікі, у тым ліку мікрааўтобусы, пікапы і фургоны. Рэшту складалі 99 цяжкавікоў, 62 тэнтавыя фургоны, 33 аўтобусы і 26 вайсковых цяжкавікоў[34].

4 жніўня 2023 году Асіпавіцкі раённы выканаўчы камітэт паставіў на ўлік ТАА «Група «Вагнэр» са статутным капіталам у 200 рублёў па тым самым адрасе на Ўсходняй вуліцы ў вёсцы Цэль, што і «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг». Яго ўласьнікам значыўся расейскі грамадзянін Максім Пятроў. У якасьці віду дзейнасьці значыліся іншыя віды адукацыі, што ўлучалі навучальныя цэнтры, якія прапануюць курсы выжываньня[35].

Нягледзячы на тое, что Вагнэр называецца прыватнай кампаніяй, шмат хто мяркуе[Хто?], што наймітаў экіпіруе і падтрымлівае Міністэрства абароны РФ і Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне (ГРУ). Па словах Руслана Левіева, аналітыка праекту Conflict Intelligence Team, іх трэніровачны палігон знаходзіцца побач з палігонам 10-й брыгады ГРУ [у Краснадарскім краі], таму калі б іх існаваньне не было ўхваленае ўрадам, то гэта было б немагчыма, яны ня мелі б права знаходзіцца побач з базай элітнага спэцназу ГРУ. Сайт militaryarms.ru паведамляе, што ў Вагнэра «вельмі высокі адсотак стратаў, што не характэрна для прыватных вайсковых кампаній». У дакладзе гаворыцца, што ў Данбасе і Сырыі найміты Вагнэра працуюць у самых небясьпечных сытуацыях, часта гінуць на пачатку атакі падчас штурму населеных пунктаў і пазыцыяў праціўніка.

Падразьдзяленьне, абслугоўваюць структуры, зьвязаныя зь бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным, блізкім сябрам Уладзімера Пуціна. На афіцыйным узроўні існаваньне арґанізацыі Расея не камэнтуе, Пуцін на штогадовай прэс-канфэрэнцыі ў 2018 годзе выказаўся пра яе так: «Калі яны не парушаюць расейскія законы, яны маюць права працаваць, прасоўваць свае бізнэс-інтарэсы ў любым пункце плянэты»[36].

У 2018 годзе Служба бясьпекі Ўкраіны паведамляла, што ў складзе ПВК «Вагнэра» ў Сырыі ваююць 11 беларусаў. Шасьцёра зь іх бралі ўдзел у наступе ў правінцыі Дэйр-ез-Зор, падчас якога шмат удзельнікаў былі забітыя, у тым ліку Руслан Бабінін, Канстанцін Гірс, Эдвард Давыдаў, Сяргей Сазанаў, Аляксандар Ступніцкі і Вадзім Юшкевіч[37].

Ваенныя злачынствы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 2020 году Рада правоў чалавека ААН стварыла місію маніторынгу ў Лібіі, якая падрыхтавала даклад пра датычнасьць наймітаў «Вагнэра» да расстрэлаў мірных жыхароў пасьля ўзяцьця ў палон, мінаваньня мячэтаў і цывільных мясьцінаў[38].

У кастрычніку 2021 году экспэрты ААН заклікалі ўрад Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі (ЦАР) спыніць дачыненьні з «Вагнэрам», бо яго найміты ўчынялі катаваньні цывільных і згвалтаваньні жанчынаў і мужчынаў, а таксама пакараньні сьмерцю падчас наступу на паўстанцаў. Урадавая камісія ЦАР пацьвердзіла адпаведныя парушэньні правоў чалавека з боку расейскіх наймітаў[38].

У студзені 2022 году замежная сьледчая група «Ўсе вочы на Вагнэр» засьведчыла, што баевікі «Вагнэра» учынілі масавыя забойствы звыш 330 мірных жыхароў у Малі, зь іх большасьць у горадзе Мура. Пры гэтым праваабаронцы арганізацыі «Дазор правоў чалавека» задакумэнтавалі забойства прынамсі 35 мірных жыхароў у паселішчы Дагофры на поўдні гэтай заходнеафрыканскай краіны. Спадарожна «Ўсе вочы на Вагнэр» задакумэнтавала, што вагнэраўцы ўчынялі катаваньні, згвалтаваньні і марадэрства[38].

У студзені 2023 году ў Бахмуце (Украіна) атрад «Вагнэра» пад загадам былога зьняволенага Аляксея Савічава, паводле яго ўласнага прызнаньня, учыніў масавае забойства параненых украінскіх вайскоўцаў і баевікоў «Вагнэра». Пры гэтым Савічаў скарыстаў 30 гранатаў. Са словаў Савічава, целы забітых спалілі. Зь яго ж словаў, пасьля абмену ваеннапалоннымі ў лютым 2023 году расейскія афіцэры аддалі загад «усіх старэйшых за 15 гадоў расстрэльваць бяз слоў». У выніку разам зь іншымі забілі 10 падлеткаў. Таксама найміт Савічаў паведаміў, што ў «Вагнэры» за адмову забіваць цывільных каралі расстрэлам. Атрад «Вагнэра» пад загадам былога зьняволенага Азамата Ўлдарава, паводле яго прызнаньня, учыніў масавае забойства звыш 300 чалавек, зь іх 40 дзяцей, якія хаваліся ў падвале. Такі загад Улдараў, зь яго ж словаў, аддаў сам, бо меў адпаведны загад «зьнішчыць усіх» падчас штурму Салядару і Бахмуту[38].

  1. ^ У Санкт-Пецярбургу адкрыўся «ПВК Вагнэр Цэнтар» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 4 лістапада 2022 г. Праверана 1 траўня 2023 г.
  2. ^ В Сирии задумались о привлечении частной военной компании к боям под Алеппо.
  3. ^ а б Они сражались за деньги fontanka.ru 23.08.2017
  4. ^ США ввели санкции против ЧВК «Вагнер». РИА Новости (2017-06-20). Праверана 2017-07-02 г.
  5. ^ Treasury Designates Individuals and Entities Involved in the Ongoing Conflict in Ukraine. Министерство финансов США. Праверана 2018-02-27 г.
  6. ^ Сафари для Вагнера. Новая газета - Novayagazeta.ru (2018-06-13). Праверана 2019-08-18 г.
  7. ^ The Telegraph: в Ливии находятся 300 наемников «ЧВК Вагнера». Новая газета - Novayagazeta.ru. Праверана 2019-08-18 г.
  8. ^ TV Rain Inc (2019-10-31) В Мозамбике убили пятерых бойцов ЧВК «Вагнер». tvrain.ru. Праверана 2019-10-30 г.
  9. ^ Российские наёмники вытеснили из Мозамбика местные ЧВК 2019-11-19 г.
  10. ^ а б Атаман раскрыл источник информации о бойцах российских ЧВК в Венесуэле // РБК, 26.01.2019.
  11. ^ Связанные с Кремлём бойцы помогают охранять президента Венесуэлы // Reuters, 25.01.2019.
  12. ^ Reuters узнал об охраняющих Мадуро наемных военных из России // РБК, 25.01.2019.
  13. ^ «The battle for Venezuela’s future», The Economist, 30.01.2019.
  14. ^ Кремль опроверг отправку российских наемников в Венесуэлу // Лента. Ру, 27.01.2019.
  15. ^ Косачев усомнился, что Мадуро обратится за охраной к России // РИА Новости, 30.01.2019.
  16. ^ Вице-премьер Борисов отверг наличие российских военных в Венесуэле // РБК, 31.01.2019.
  17. ^ Разведка США не зафиксировала военного присутствия России и Китая в Венесуэле // Коммерсантъ, 02.02.2019
  18. ^ Пентагон: США ищут подтверждение данным о присутствии подразделений России в Венесуэле. // ТАСС, 07.02.2019.
  19. ^ Фельдмаршал Хафтар, получив поддержку от ЧВК Вагнера, начал наступление на Триполи
  20. ^ ЧВК Вагнера нашли в Ливии
  21. ^ МАРШАЛУ ХАФТАРУ МОЖЕТ ПОМОЧЬ ЧВК ВАГНЕРА
  22. ^ «Медуза» построила расследование о ЧВК «Вагнер» в Ливии на фейках
  23. ^ Российские наемники в Ливии: Триполи просит помощи у США
  24. ^ В МИД РФ опровергли сообщения о российских наемниках в Ливии
  25. ^ Белы дом: страты ПВК «Вагнэр» ва Ўкраіне складаюць больш за 30 тысяч чалавек // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 лютага 2023 г. Праверана 1 траўня 2023 г.
  26. ^ Пуцін расказаў, колькі патрацілі на ўтрыманьне ПВК «Вагнэр» зь дзяржаўнага бюджэту Расеі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 чэрвеня 2023 г. Праверана 29 чэрвеня 2023 г.
  27. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Прадстаўнікі замежнай прыватнай ваеннай кампаніі затрыманыя ў Беларусі // Белтэлерадыёкампанія, 29 ліпеня 2020 г. Праверана 2 жніўня 2020 г.
  28. ^ Пад Менскам затрыманыя 32 баявікі замежнай прыватнай ваеннай кампаніі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 ліпеня 2020 г. Праверана 2 жніўня 2020 г.
  29. ^ Раўкоў расказаў аб далейшых мерах пасьля затрыманьня пад Менскам групы баевікоў замежнай ПВК // БелТА, 29 ліпеня 2020 г. Праверана 2 жніўня 2020 г.
  30. ^ Сярод затрыманых у Беларусі баевікоў шмат выхадцаў з Украіны, — цэнтар «Міратворац», Радыё Свабода, 29-07-2020
  31. ^ Раўкоў: Рэшту з 200 баевікоў шукаюць у Беларусі, затрыманых падазраюць у падрыхтоўцы тэракту, Радыё Свабода, 30-07-2020
  32. ^ У Беларусь прыбылі яшчэ 2 калёны ПВК «Вагнэр», у іх сама меней 150 машын // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 ліпеня 2023 г. Праверана 25 ліпеня 2023 г.
  33. ^ АВ. Яўген Прыгожын зарэгістраваў кампанію ў Асіпавіцкім раёне // Беларуская служба Польскага радыё, 22 ліпеня 2023 г. Праверана 25 ліпеня 2023 г.
  34. ^ Ня менш за 750 адзінак тэхнікі знаходзіцца ў лягеры вагнэраўцаў каля Асіпавічаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 26 ліпеня 2023 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
  35. ^ У Беларусі зьявілася ТАА «Група «Вагнэр» // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 16 жніўня 2023 г. Праверана 16 жніўня 2023 г.
  36. ^ Большая пресс-конференция Владимира Путина
  37. ^ КДБ Білорусі перевіряє інформацію СБУ, шукаючи білоруських наймитів групи «Вагнера», Радіо Свобода, 10-03-2019
  38. ^ а б в г Марадэрства, гвалт, публічныя забойствы. У якіх ваенных злачынствах вінавацяць ПВК «Вагнэр» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 чэрвеня 2023 г. Праверана 1 ліпеня 2023 г.