Войны Тэўтонскага ордэна зь Вялікім Княствам Літоўскім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Прыбалтыка ў 1308—1455 роках

Войны Тэўтонскага ордэна зь Вялікім Княствам Літоўскім (1283—1409) — сэрыя ўзброеных канфліктаў, якую вялі нямецкія рыцарскія ордэны (Тэўтонскі (Нямецкі, Прускі), Інфлянцкі (Лівонскі) і іншыя) супраць ВКЛ, у асноўным у Жамойці і ў беларускім Панямоньні; частка агульнай нямецкай экспансіі ў Прыбалтыцы.

Зьнікненьне фармальнай, ідэалягічнай нагоды для вайны — хрышчэньне Літвы паводле Крэўскай уніі (1385), — не азначыла, аднак, і сканчэньня ваенных дзеяньняў, а толькі іхні пераход у новую форму.

Сярод наступстваў вайны было ўтварэньне незаселенай густа-лясной пустэчы паміж землямі Ордэна і ВКЛ. Таксама мяркуецца[1], што пераважная скіраванасьць нямецкіх удараў на балцкія землі запаволіла рост, а магчыма, што і паменшыла значэньне балцкага элемэнту ў ВКЛ.

У палітычны і ваенны фон вайны ўваходзілі канфлікты з Польшчай за Валынь і Галіччыну (1340—1360-я гады) і з Маскоўскім княствам за ўплыў на княствы Русі: Смаленск, Цьвер і іншыя (1340-я — 1370-я гады), унутраны канфлікт вакол улады ў ВКЛ (1370—1390-я гады).

Агульны характар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульны характар вайны асноўваўся на апэрацыях мясцовага значэньня (паходах, рэйдах, зь нямецкага боку вядомых як г.зв. «паходы на Літву»), скіраваных на эканамічнае аслабленьня праціўніка — на спусташэньне земляў і масавы выган палонных (з ВКЛ так было выведзена больш за 200 тыс. ч.). Адносна вялікія бітвы здараліся вельмі рэдка (бітва пад Коркгаўзам, 1298, бітва пад Вапляўкенам, 1311, бітва пад Меднікамі, 1320, бітва на Стрэве, 1348, бітва пад Рудавай, 1370).

Наогул, нягледзячы на ідэйнае апраўданьне вайны нехрышчонасьцю Літвы, ваенныя дзеяньні Ордэна ў ВКЛ ня мелі выразнага рэлігійнага характару, а больш былі выпрабаваньнем для рыцарства, у тым ліку для «гасьцей» зь ліку рыцарства эўрапейскага: ангельскага, францускага, з 1360-х гадоў — польскага. Сілы, якія прыцягваліся, звычайна былі параўнальна нязначнымі (некалькі соцень воінаў, невялікая колькасьць братоў-рыцараў). Зь іншага боку, частасьць такіх паходаў дасягала 8 за год (2-я пал. 14 ст.), нярэдка — некалькіх разоў за год, звычайна — раз за год, і вельмі рэдка за год не адбывалася аніводнага такога паходу. За 1345—1377 налічваюць да 100 такіх паходаў[2].

Пасьля 1360 ваенныя дзеяньні набылі новыя асаблівасьці. Актывізавалася эўрапейская дапамога, у тым ліку прыток эўрапейскага, у тым ліку польскага, рыцарства на дапамогу Ордэну ў паходах у Прусію і адтуль на Літву. Практычна гэтыя землі, як «населеныя паганцамі», сталі вайсковым палігонам для рыцарства Эўропы[a]. Часьцей сталі высылацца вялікія кантынгенты, сталі асвойвацца новыя кірункі ўдараў — апроч самой Жамойці, на Аўкштоту (асабліва інфлянцкае войска), на Русь, Полацкую і Чорную (Дзяляцічы, Беліца і інш.). З 1370-х гадоў тэўтонскія і інфлянцкія войскі пачалі ажыцьцяўляць свае паходы ўзгоднена (напрыклад, у паходах 1371, 1372 і 1377).

Зброя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1340-я гады немцы пачынаюць выкарыстоўваць вагняпальную зброю. У час гэтай вайны была ўпершыню на землях ВКЛ выкарыстана артылерыя (ордэнская аблога Друі[b], жнівень 1377). Неўзабаве артылерыя зьявілася і ў войску ВКЛ.

Падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна пачалася нападам тэўтонцаў на літоўскі замак Бізэну (1283). Асноўнымі мэтамі тэўтонцаў сталі Жамойць і замкі сярэдняга Панямоньня, але пад удар трапіла і беларускае Панямоньне — ужо ў 1284 адбыўся першы (і пасьпяховы) нямецкі паход на Гарадзен (Гародня). Разумеючы важнасьць своечасовага апавяшчэньня аб нападах, князь Віцень узяў пад сваю апеку адбудаваныя бізэнскі і гарадзенскі замкі, і ўвёў у іх сталую гарнізонную службу, што было навіной у тагачаснай ваеннай справе ў ВКЛ. Верагодна, што на той час Ордэн ня быў гатовы да поўнамаштабнай вайны з ВКЛ, таму актыўныя ваенныя дзеяньні даволі доўга (да 1295) не ўзнаўляліся, а тым часам тэўтонцы ўмацавалі свае пазыцыі будовай замкаў Рагнэт і Тыльзыт на Нёмане (1289).

1290-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1295 і 1296 адбыліся тры ордэнскія паходы ў гарадзенскае Панямоньне, зь іх два — на сам Гарадзен. Наогул, горад і крэпасьць прыцягвалі найбольшую ўвагу Ордэну як стратэгічны пункт на шляху далейшай экспансіі, і на працягу ўсяго XIV ст. былі мэтай шматлікіх ордэнскіх паходаў. У сваю чаргу Гарадзен служыў базай для ваенных удараў ВКЛ на захад.

У Падзьвіньні войска ВКЛ перамагло ордэнскае (1298) пад Коркгаўзам (у сучаснай Латвіі).

1300-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Важнай вяхой у нарошчваньні ваеннага патэнцыялу Ордэну ў Прыбалтыцы стала прыбыцьцё ў Прусію (1304) г.зв. «гасьцей» — крыжовых рыцараў з розных нямецкіх земляў, якія зьбіраліся дапамагаць Ордэну ў барацьбе супраць новых ворагаў хрысьціянства — «літвінаў». Перавод сталіцы Ордэна ў Марыенбург (1309) сыгналізаваў аб пераносе цэнтру ўвагі Ордэна са Сьвятой Зямлі на Прыбалтыку і азначыў актывізацыю барацьбы Ордэна супраць ВКЛ.

У 1305 і 1306 ордэнскія войскі зьдзейсьнілі тры паходы ў Гарадзенскую зямлю, у 1311 — яшчэ два. У красавіку 1311 Віцень зь літоўска-беларускім войскам уварваўся ў Прусію, але рыцары яго дагналі і разграмілі на зваротным шляху. У 1314 адбыліся тры спусташальныя ордэнскія паходы, два на этнічныя літоўскія землі, і адзін — на Наваградак («у зямлю Крывічоў»); войскі ВКЛ абложвалі замак Хрыстмемель (1315). У далейшым, па сканчэньні пэрыяду пасіўнасьці пасьля сьмерці князя Віценя, сілы ВКЛ перайшлі да актыўных дзеяньняў і на нейкі час перахапілі ініцыятыву: паход Давыда Гарадзенскага на Прусію (1319), бітва пад Меднікамі (1320), чатыры паходы войска ВКЛ у Прусію і Інфлянты за пэрыяд да 1323, у той час як Ордэн адказаў толькі адным. Гэтым самым часам дапамогу ад ВКЛ у абароне ад ордэнскіх войскаў атрымліваў Пскоў (1322 і 1323).

1320-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1-й чвэрці XIV ст. палітычнае становішча ВКЛ палепшылася. Ініцыятыва хрышчэньня Літвы Гедымінам (13221324) спрычынілася да заступніцтва за Літву папы Яна XXII, які забараніў Ордэну паходы на яе тэрыторыю, і да падпісаньня чатырохгадовага перамір’я (1324). Хаўрусьнікам ВКЛ стала Польшча, дзе жадалі рэваншу за захоп Ордэнам Памор’я і Гданьску (1308—1309). Ваенны саюз ВКЛ і Польшчы быў падпісаны ў 1325. Адным з замежнапалітычных наступстваў гэтага саюзу было ўцягваньне ВКЛ у канфлікт паміж імпэратарам Людовікам Баварскім і папам Янам XXII на баку апошняга і Польшчы, якая падтрымлівала папу.

У 1327 ваенныя дзеяньні былі ўзноўленыя, гэтым разам паміж Тэўтонскім ордэнам і ВКЛ разам з Польшчай. У 1328 адбыліся тры паходы немцаў на ВКЛ, два зь іх — на Гародню, у 1329 прускае войска ўварвалася ў Жамойць і заняло там амаль усе ключавыя замкі. У 1329, пасьля аблогі і няўдалай спробы Гедыміна дапамагчы саюзьнікам (паход на Каркус), Інфлянцкі Ордэн захапіў Рыгу. Узяцьце і падпарадкаваньне Рыгі і рыскага архібіскупа (1329) дазволіла Інфлянцкаму ордэну, які да 1330-х гадоў практычна ня вёў актыўных дзеяньняў супраць ВКЛ, актывізавацца пачаўшы з 1331 (паход на Вільню 1334; паходы на Жамойць 1330, 1332 і 1333; паходы на Полацак 1333 і 1334; аблога крэпасьці Пулен, 1336).

Пасьля фактычнага сканчэньня вайны з Польшчай (1332) і падпісаньня зь ёй перамір’я (1337) актывізаваўся і Нямецкі ордэн. На Нёмане былі пастаўлены замкі Марыенбург і Баербург (гэты замак меўся быць сталіцай падпарадкаванага літоўскага краю), замак Фрыдбург перабудаваны з захопленай крэпасьці Вэлена. У 1337 Ордэн атрымаў ад імпэратара Людовіка Баварскага новы данацыйны акт (дарчы ліст) на Літву, прычым Літва разумелася як гістарычны рэгіён — з Жамойцю і Русьсю. Адзначаецца, што ізаляванасьць на палітычнай сцэне Эўропы і практычная адсутнасьць ваеннай актыўнасьці ВКЛ у 1330-я гады прывялі княства пад канец дзесяцігодзьдзя да надзвычай цяжкага становішча[3].

Аднак у канцы 1330-х гадоў актыўнасьць ордэнаў неспадзявана паменшылася, прычынай чаго лічаць зварот князя Гедыміна па прыняцьце хрысьціянства, за што той і быў атручаны.

1340-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па сьмерці Гедыміна палітычнае становішча ВКЛ пагоршылася. Інфлянцкі ордэн узнавіў наступ на Пскоўскую зямлю (1341), немцамі была купленая ў Даніі Эстонская зямля (1346). Пасьля Каліскага міру (1343) Польшча на 66 гадоў выйшла з ваенных дзеяньняў у гэтым рэгіёне. Тым часам Польшча вяла з ВКЛ барацьбу за Валынскую і Галіцкую землі. Такім чынам, апроч канфліктаў з Польшчай і Масквой (вакол Смаленскай зямлі), у 1340—1350-я гады ВКЛ засталося сам-насам з кансалідаванымі сіламі Ордэна, зь якім салідарызаваліся і ўплывовыя постаці эўрапейскай палітыкі — Ян Чэскі, Людовік Вугорскі, герцаг Карл Люксэмбурскі (будучы імпэратар Карл IV). Да ўдзелу ў «сьвятой вайне з паганцамі» запрашаліся эўрапейскія рыцары, і рыцарства Эўропы ахвотна ўдзельнічала ў вайне (паход аддзелу герцага Вільгельма на Жамойць і інш.).

Паход аб’яднаных рыцарскіх сілаў на Літву ў 1345 сарваўся з-за дрэннай каардынацыі і раньняй вясны, але ў 1348 адбыўся спусташальны паход прускага войска з удзелам рыцараў-«гасьцей» на Панямоньне, які скончыўся цяжкай паразай арміі Альгерда і Кейстута пад Коўнай.

Гэтыя падзеі, аднак, азначылі пачатак пэрыяду адноснага зацішша ў вайне. У 1345—1360 Прускі ордэн правёў 10 паходаў, Інфлянцкі — 6, ВКЛ — 10. Сваю ролю тут зайграла тагачасная агульнаэўрапейская эпідэмія чумы, але галоўнай прычынай лічыцца новая ініцыятыва хрышчэньня Літвы, якая выходзіла ад Кейстута (1348) да нямецкага імпэратара і багемскага караля Карла IV, потым ад князёў Літвы да Людовіка Вугорскага (1351), потым паўторна да Карла IV (1358).

Гэтым часам паміж Нямецкім ордэнам і ВКЛ двойчы заключаўся мір, у 1349—1351 і 1355—1356, але пасьля няўдачы ініцыятывы 1358 падтрымка Карла IV была страчана, і ў 1360 ваенныя дзеяньні ўзнавіліся.

1360-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1362 была захопленая Коўна, у 1366 праведзены паход на Полацак. У 1367 быў заключаны мір зь інфлянцкім ляндмагістрам, што дазволіла Альгерду правесьці тры паходы на Маскву. У 1370 ваенныя дзеяньні ўзнавіліся, і войска ВКЛ пры спробе паходу на Кёнігсбэрг панесла паразу пад Рудавай. Паходы на ВКЛ адбываліся ў 1371, 1372. У 1373 ўзнавіліся і шырокамаштабныя ваенныя дзеяньні, прычым посьпех усё больш хіліўся на боку Ордэна, які, да таго ж, атрымліваў дапамогу з боку Эўропы. У 1377 былі абложаны Трокі і часткова спалена Вільня, у жніўні 1377 абложана Друя[b], увосень 1377 адбыўся паход Альбрэхта III Аўстрыйскага на Жамойць, у сьнежні — напад на Беліцкі замак (цяпер вёска Беліца). У 1379 быў абложаны замак Берасьце, спустошана Гарадзенская зямля. У 1381 адбыліся паходы на Вільню і на Полацак, быў разбураны замак Навапольле.

Дзеяньні ВКЛ у 1370-я гады былі абмежаванымі, зь іх найбольш значнымі былі паходы Сьвідрыгайлы і Андрэя Альгердавіча на Дзюнабург і Падзьвіньне ў 1373 і 1375, паход Кейстута ў Курляндыю ў 1377.

У 1379 Ягайла і Кейстут падпісалі зь вялікім магістрам Вінрыхам фон Кніпродэ 10-гадовае замірэньне, якое тычылася толькі пэўных прыгранічных земляў (Ваўкавыск, Сураж, Дарагічын, Камянец, Мельнік, Бельск, Берасьце, Горадзен). У тым самым годзе Ягайла пачаў шукаць сэпаратнага пагадненьня з крыжакамі, і ў лютым 1380/1381[c] падпісаў з інфлянцкім ляндмагістрам мірнае пагадненьне, якое ня тычылася Жамойці і земляў Кейстута, а ў траўні 1380/1381 падпісаў з магістрам усяго Тэўтонскага ордэна мірнае пагадненьне, якое таксама ня тычылася земляў Кейстута.

Гэты пэрыяд вайны праходзіў пад моцным уплывам унутрыдзяржаўнай барацьбы Ягайлы і Кейстута, потым Вітаўта, якую часова выйграў Ягайла. Узамен за 4-гадовы мір ён саступіў (31 кастрычніка 1382) Ордэну Жамойць па раку Дубісу і паабяцаў на працягу 4 гадоў хрысьціцца. Але Вітаўт, уцёкшы ў Прусію, паабяцаў Ордэну, у якасьці лена, наогул усю Жамойць. У сваю чаргу ўлады Ордэна карысталіся канфліктам унутры ВКЛ у сваіх уласных інтарэсах, і, напрыклад, парушылі пагадненьне ў верасьні 1383 у паходзе на Вільню і Трокі, супольна зь сіламі Вітаўта (3000 жамойтаў). Трокі былі захоплены, частка Вільні спалена. Аднак хутка Ягайла змог адваяваць Трокі, а Ордэн страціў свайго ўнутранага хаўрусьніка пасьля ўцёкаў Вітаўта (лета 1384). Ягайла, шукаючы хаўрусьнікаў, адхіліў саюз з Масквой і зрабіў выбар на карысьць Польшчы, што абумовіла падпісаньне Крэўскай уніі (1385).

Пасьля 1385[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Незадаволенасьць умовамі Крэўскай уніі, палітыкай Ягайлы і ўзмацненьне ўнутрыдзяржаўнай апазыцыі на чале зь Вітаўтам прывялі да працягу грамадзянскай вайны ([1389—1392), у якой удзельнічаў і Ордэн. Вітаўт, тады князь гародзенскі, зьбег да крыжакоў і заключыў зь імі хаўрус. У 1390 Вітаўт з войскам крыжакоў (сярод «гасьцей» — Генрых, граф Дэрбі, у далейшым — кароль Генрых IV) няўдала штурмаваў замкі Вільні і адступіў у Прусію. Новы і таксама беспасьпяховы паход на Вільню быў зьдзейсьнены Вітаўтам і крыжакамі ў 1391. Зімой 1391 Вітаўт узяў Гародню і Меднікі. Аднак у 1392 Вітаўт разарваў хаўрус з Ордэнам, а 4 жніўня 1392 заключыў Востраўскае пагадненьне зь Ягайлам.

Умяшаньне Тэўтонскага ордэна ў палітыку ВКЛ працягвалася і далей. У 1394 аддзел крыжакоў на чале з ордэнскім маршалам Вэрнэрам Тэтынгерам, дайшоўшы да Вільні, Наваградку, Ліды і «зрабіўшы значныя спусташэньні… зганяе мноства палонных абодвага полу і зводзіць іх у Прусію»[4].

Спусташэньні, якія чыніла вайна, а таксама жаданьне свабодна дзейнічаць на ўсходзе, падштурхнулі Вітаўта да сэпаратнага Салінскага міру з крыжакамі, згодна з умовамі якога крыжакам назаўсёды адыходзіла Жамойць (мір папярэдне падпісаны 23 красавіка 1398 і зацьверджаны 12 кастрычніка 1398 на востраве Салін)[5]. Такі дагавор, між іншым, сьведчыў і пра жаданьне буйных фэадалаў ВКЛ цалкам разарваць дзяржаўную унію з Польшчай.

Аднак фэадалы Жамойці не згадзіліся зь пераходам пад уладу немцаў і паўсталі. Гэта, разам з працягам ордэнскіх набегаў на ВКЛ, і зь няўдачамі на ўсходзе (бітва на Ворскле), вымусіла Вітаўта да зьмены курсу, падтрымкі Жамойці і заключэньня Віленска-Радамскай уніі з Польшчай (1401).

Напады крыжакоў працягваліся і ў далейшым. Увосень 1401 адзін з крыжацкіх атрадаў напаў на Коўна, другі на Гародзенскую зямлю. Крыжакі спусташалі і палілі вёскі, выводзілі ў Прусію палонных. У лютым 1402 магістр Ордэна зноў зрабіў напад на Гародзенскую зямлю, забраўшы 400 палонных. Быў зроблены напад і зь Лівоніі. А ў траўні 1402 літоўскія і жамойцкія аддзелы захапілі Клайпеду і іншыя пагранічныя замкі, спалілі іх, а насельніцтва ўзялі з сабой у Літву. Улетку 1402 крыжакі дайшлі да Меднікаў і Ашмянаў. Замкаў не здабылі, але край быў спустошаны. У канцы 1402 Вітаўт спаліў Рагнету, а ў красавіку 1403 нават захапіў Дынабург і Юрбарг, аднак крыжакі ўзялі Мерэч і спустошылі ваколіцы Трокаў. Цяжкасьці вайны на два фронты (з Ордэнам і з Масквой) вымусілі Вітаўта да чарговага, Рацёнскага, міру з крыжакамі (22 траўня 1404), якім пацьверджваўся Салінскі мір 1398[6].

Аднак пасьля падпісаньня міру з Масквой (1408), на патаемнай нарадзе Ягайлы і Вітаўта ў Наваградку (канец сьнежня 1408) было пастаноўлена вярнуць Жамойць у ВКЛ.

Вясной 1409 у Жамойці было пачата паўстаньне, падтрыманае Вітаўтам і палітычна падтрыманае Ягайлам (аспрэчана юрыдычнае права Ордэна на Жамойць тым, што Ордэну быў прапанаваны трацейскі суд адносна Жамойці, і было прапанавана ўстрымацца ад нападаў на Жамойць). Пасольства Ягайлы да вялікага магістра (1409) пагражала ў выпадку адмовы падтрымаць ВКЛ. Вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген у адказ абвясьціў Польшчы вайну (фармальнае абвяшчэньне ў Марыенбургу 6 жніўня 1409, грамата польскаму каралю ўручаная ў Корчыне 15 жніўня 1409).

Такім чынам асобная вайна ВКЛ скончылася, і пачалася «Вялікая вайна» Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Быў папулярны, напр., такі выраз: «Заслужыць (рыцарскія) шпоры ў Прусіі».
  2. ^ а б Дакладней, верагодна, што гэта была менавіта Друя («новы замак русінаў амаль у 12 мілях за Дзюнабургам»).
  3. ^ Варыянт зьлічэньня 1380 у Сагановіча, 1381 у Ермаловіча.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ермаловіч. С. 51, 84, 85.
  2. ^ Ермаловіч. С. 51.
  3. ^ Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд / М. Ермаловіч. — Мн.: Выд. цэнтр «Бацькаўшчына», 1994.— 91 с.: іл. ISBN 985-6026-01-6. С. 36, 37.
  4. ^ Длугош, Я. Грюнвальдзкая битва. — М. — Л., 1962. — С. 33.
  5. ^ Любавский, М. Литовско-русский сейм. — М., 1900. — С. 24—26.
  6. ^ Kolankowski, L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. 1. — Warszawa, 1930. — S.81—83.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]