Перайсьці да зьместу

Інтэграл (кампанія)

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Інтэграл»
Выява лягатыпу
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Высокія тэхналёгіі для лепшага жыцьця
Заснаваная 13 сьнежня 1963 (62 гады таму)[1]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 121а[2]
Ключавыя фігуры Віталь Саладуха, Аляксандар Дудкін[3]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя вадкакрышталічны экран, вымяральнік ціску, інтэгральная схема, касавы апарат, транзыстар, электронны гадзіньнік, дазатар, лічыльнік, табло і тэрмомэтар, бактэрыцыдны абпраменьвальнік, электрамэханічны ложак
Абарачэньне 150,71 млн руб.[4] (2019 г.; 72,155 млн $)[5]
Апэрацыйны прыбытак 2,154 млн руб. (2019 г.; 1,031 млн $)
Чысты прыбытак 2,087 млн руб. (2019 г.; 0,999 млн $)
Лік супрацоўнікаў 4843 (2020 год)
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Камэртон» (Пінск), «Колератрон» (Берасьце) і «Электрамодуль» (Маладэчна)
Аўдытар «ФБК-Бел»[6]

«Інтэгра́л» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі па вырабе электронных прыстасаваньняў, заснаванае ў сьнежні 1963 году ў Менску.

На 2020 год быў найбольшым вытворцам інтэгральных мікрасхемаў і паўправадніковых прыбораў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе з гадавой магутнасьцю па больш як мільярдзе асобнікаў. Ажыцьцяўляў поўны шэраг распрацоўкі і вытворчасьці ад крэмнавых зьліткаў да электрапрыладаў[7]. Холдынг «Інтэграл» улучаў 10 прадпрыемстваў, зь іх 7 у Менску: «Завод паўправадніковых прыбораў» (інтэгральныя мікрасхемы і вадка-крышталічныя індыкатары), Навукова-тэхнічны цэнтар «Белмікрасыстэмы» (распрацоўка мікрасхемаў і прыбораў), Завод «Электроніка» (электрапрылады), «Камэртон» (Пінск; крэмнавыя пласьціны і электрапрылады), ААТ «Электрамодуль» (Маладэчна; сілавыя дыёды і выпрамляльныя блёкі), УП «Інтэгралтэхсэрвіс», УП «Інтэгралпаліграф», УП «Ролан» і ААТ «Колератрон» (Берасьце; дыёды, электрапрылады і друкаваныя платы)[8].

На 2020 год ААТ «Інтэграл» мела чыстыя памяшканьні(en) клясы 1 плошчай 195 кв. мэтраў, клясы 10 — 950 кв.м, клясы 100—1338 кв.м, клясы 1000 — 3713 кв.м, клясы 10 000 — 3713 кв.м і клясы 100 000 — 14 742 кв.м. Крыштальная вытворчасьць ажыцьцяўлялася ў памяшканьнях клясаў 1, 10, 100 і 1000. Гадавая магутнасьць апрацоўкі пласьцінаў прамерам 200 мілімэтраў з праектнымі нормамі 0,35 мікрамэтру складала 12 000 асобнікаў, прамерам 150 мм з нормамі 0,8 мкм — 120 000, прамерам 100 мм з нормамі 1,5 мкм — 355 000 і прамерам 100 мм з нормамі 2 мкм — 180 000. У крыштальнай вытворчасьці выкарыстоўвалі: 1) камплемэнтарны мэтал-аксыд-паўправаднік (КМАП) 0,35 мкм, 2 полікрышталічныя крэмны (ПКК) і 3 Me; 2) 2-КМАП 0,8 мкм, 3 ПКК і 2 Me; 3) высакавольтны КМАП 0,8 мкм, 2 ПКК і 1 Me; 4) 2-палярны спосаб 1,5—5 мкм і 1—2 Me; 5) 2-палярныя звышвысокачастотныя (ЗВЧ) транзыстары; 6) дыёды Шоткі; 7) плянарны выраб тырыстараў з разьдзяленьнем сустрэчнай дыфузіяй; 8) эпітаксіяльна-плянарны і дыфузійна-плянарны выраб крэмнавых паўправадніковых высакавольтных транзыстараў[9].

Завод «Электроніка» ААТ «Інтэграл» (2019 год)

Гадавая магутнасьць зборачнай вытворчасьці ў корпусы паўправадніковых прыбораў складала 30 млн асобнікаў і знаходзілася ў памяшканьнях клясы 10 000. Карпусаваньне мікрасхемаў магутнасьцю на 60 млн асобнікаў месьцілася ў памяшканьнях клясы 100 000. Мікрасхемы зьбіралі ў плястмасавыя корпусы 20 відаў: малы контур, 2-радковы, малаконтурны транзыстар (МКТ) 3-х відаў — К-МКТ223-4-1, К-МКТ223-4-2 і МКТ523-1; транзыстарны контур (ТК) 6 відаў — К-ТК-5-11, К-ТК-5-12, ТК-220АВ/5, ТК-220АВ/7, К-ТК-220-7-180 і К-ТК-220-7-230; 1-радковы (АРК) 5 відаў — АРК-3П, АРК-9П, АРК-9МПФ, АРК-13П і АРК-15П; падвойна-сагнуты аднарадковы (ПСА) ПCА-9П і ПСА-9МПФ; чацьвярны плоскі (ЧПК) ЧПК-80 і ЧПК-100. Паўправадніковыя прыборы зьбіралі ў корпусы з: 1) мэталашкла 4-х відаў — транзыстарны контур ТК-3, ТК-18 і ТК-72, а таксама скрыня 22А-01; плястмасы 8 відаў — ТК-92, ТК-126, ТК-218 і ТК-220, адасоблены, двайны 10-ватны, ІПАК і МКТ-23. Таксама для мікраэлектронных прыбораў выраблялі пласьціны монакрышталічнага крэмну (МПК) прамерам: 1) 100 мм з праектнымі нормамі звыш 1,2 мкм — 720 000 асобнікаў за год (магутнасьць); 2) 150 мм з нормамі 0,5—1,2 мкм — 120 000; 3) 200 мм з нормамі 0,35—0,5 мкм — 10 000[9].

На 2020 год ААТ «Інтэграл» выпускала пад уласным таварным знакам звыш 2200 відаў інтэгральных мікрасхемаў, 800 відаў паўправадніковых прыбораў, 200 відаў вадкакрышталічных экранаў і 80 найменьняў электрапрыладаў для аховы здароўя, банкаў, гандлю і сельскай гаспадаркі[10]:

  • 18 відаў электрапрыладаў для аховы здароўя — індыкатар хуткасьці выдыху, электронны тэрмомэтар «Інтэграл ТЭ-04», мэдычныя маніторы «Інтэграл», «ММ 18І» і перанасны МПП для пацыента, кампутар агляду пацыента «СМІнт», вэнтылятар лёгкіх «ШВЛ Інтэграл», у тым ліку перанасны, электрахірургічны генэратар «ЭХГ Інтэграл», аўтадазатар ДЭА-100, шпітальныя ложкі «Інтэграл» КБМ-01, у тым ліку палатныя КБЭ-П і КБЭ-Р, каталку «Інтэграл КЭМ», працэдурны стол «Малеча», ложак для нованароджаных «Сашанька», бактэрыцыдныя абпраменьвальнікі «АБН-150К» (насьценны) і «АБП-450К» (перасоўны)[11];
  • 6 відаў сьвятлодыёдных сьвяцільнікаў — столевыя «Ікар», у тым ліку падвясны «Майстар», вулічныя «ДКУ01», у тым ліку кансольны «Траса», супрацьвандальны «ДБО 01» і ўбудаваны «ДВО01»[12];
  • 24 віды сельскагаспадарчых электрапрыладаў — інфармацыйна-кіраўнічы бартавы кампутар БІКС для збожжаўборачнага камбайна, у тым ліку «Ліда-1300», вылічальнікі ўнясеньня ўгнаеньняў «СКУУ-М» (мінэральных) і «СКУУ-А» (арганічных), а таксама кансэрвантаў «СУК», вылічальнікі для прэс-падборшчыка «СІК-П» і апрысквальніка «САК-А», дазатар вагі «СКМ», чуйнікі страты збожжа «ДПЗП-1» і «ДПЗПА», прылады аховы электраланцуга камбайна ПАП-01, сыгналізатар задняга ходу «СЗХР», камутатар сыгналаў, чуйнік узроўню вадкасьці «ЧУВ», індыкатар мотагадзіньніка «ІМ-01», кампутар для льнопадборшчыка «СУК-П», блок індыкацыі частасьці «БІЧ-У.03», бартавы кампутар унівэрсальнага энэргетычнага сродка «БІКС-УЭС», шляхавыя бескантактныя выключальнікі «ЭВІТ-С3» для трактароў «Беларус» і «ЭВІ-151» для самазвалаў «БелАЗ», вылічальнік высейваньня «ПАК», дазатар кормараздавальніка «СКМС.02» і пераўтваральнік напругі «ПН 480-24»[13];
  • 11 відаў вытворчых прыладаў — лазэрны гравіравальнік «СЛМГ», дэфлекторны лазэрны маркіравальнік, нізкавольтныя пераўтваральнікі «ПНР150-48», «ПНР100-24» і «ПНР60-12», тэрмінал аддаленага маніторынгу перавозкі «ТАМ.4», маўленчы інфарматар «МЭІ», дыскаконусныя антэны «ШЫ2.091.018» і «АЛ/2 ШЫ2.091.019» для чыгункі, а таксама АЛ/2М «СІКМ.464.641.018» для мэтрапалітэну, паветраныя фільтры «Лайк-Д» і «Лайк-ДС» клясаў Ф7—Ф9 для мэдыцыны, а таксама фільтры высокавыніковага ўтрыманьня часьцінак клясаў Х11-15 для фармацэўтыкі, ідэнтыфікатар жалезабэтонных вырабаў[14];
  • 11 відаў электронных гадзіньнікаў — сэкундамер «Інтэграл С-01», гадзіньнік-сэкундамер «Інтэграл ГС-01», насьценныя гадзіньнікі «Інтэграл ГЭН-08» (дата і тэмпэратура), «Інтэграл ГЭН-08М», «Інтэграл ГЭ-03»-М і «Інтэграл ГЭ-03»-Д (тэмпэратура), у тым ліку электронна-мэханічны кварцавы, настольныя «Інтэграл ГЭ-07» (будзільнік і дата) і «Інтэграл ГЭ-08» (будзільнік, дата і тэмпэратура), насьценны гадзіньнік-каляндар «Інтэграл ГКЭН-03» (атмасфэрны ціск, вільготнасьць, дата, радыяцыя і тэмпэратура) і «Інтэграл ГЭ-15» (атмасфэрны ціск і тэмпэратура)[15];
  • 6 відаў прамысловай электронікі — перарывальнікі лямпы стаяначнага тормаза «ПКЛ-1» (24В) і «ПКЛ-3» (12В), перарывальнік шклоачышчальніка «ПШ-1», перарывальнік пазначальніка паваротаў «ППЭ-1» з лапкамі і «ППЭ-2» безь іх, разгалінавальнік інтэрфэйсу «РС-485»[16];
  • 3 віды гандлёва-банкаўскага абсталяваньня — касавыя апараты «Інтэграл 105» і «Інтэграл 301-2», прылада зваркі поліэтыленавай плёнкі[17].
Модуль МПО-10 зь мікрасхемамі «Інтэграл» (2008 год)

Сярод інтэгральных схемаў у асноўным выраблялі:

  • 6 відаў запамінальных прыладаў — мікракантролер з убудаваным драйвэрам вадкакрышталічнага экрана, прамысловы кантролер, электрычна-сьціральная пастаянная запамінальная прылада (ЭСПЗП) зь міжмікрасхемнай шынай, ЭСПЗП з 3-дротавай шынай, статычная апэратыўная памяць і арытмэтычныя прылады[18];
  • 5 відаў драйвэраў — вадка-крышталічных індыкатараў, плязьменных экранаў, сьвятлодыёдаў, інтэрфэйсная мікрасхема і схема аховы сьветладыёдаў[19];
  • 14 відаў аналягавых мікрасхемаў — для аўтамабільнай і сілавой электронікі, чуйнікі, гадзіньнікавыя мікрасхемы, імпульсны пераўтваральнік, кампаратар і стабілізатар напругі, апэрацыйны ўзмацняльнік, таймэр, канвэртары тока, аналягава-лічбавы пераўтваральнік, мікрасхема кантролю напругі сілкаваньня, вольт-дэтэктар і крыніца апорнай напругі[20];
  • 3 віды мікрасхемаў кіраваньня — для аддаленага кіраваньня і зараднай прылады, узмацняльнікі нізкай частасьці;
  • 15 відаў мікрасхемаў для сувязі — абанэнцкай тэлефоннай лініі, аналягавы камутатар, імпульсна-кодавы мадулятар-кофідэк, радыёчастасьцевай ідэнтыфікацыі, прымач, фармавальнік гукавых сыгналаў, нумаранабіральніка, размоўнага тракту, тэлефоннай электроннай карткі, аднакрыштальнага тэлефона і электроннага ключа[21];
  • 12 відаў лічбавых лягічных мікрасхемаў — на Камплемэнтарных мэтал-аксыд-паўправадніках сэрыяў IN74, К561 і IW4000BN, транзыстарна-транзыстарнай лёгікі з дыёдамі Шоткі (ТТЛШ) сэрыяў IN74LSXXXN і КР, ТТЛ сэрыі К155[22];
  • 16 відаў складнікаў адмысловага прызначэньня — запамінальныя прылады сэрыі 541, 537, 1632, 1623, 1617, 1635, 1644, 1642, 1669, 9000, 1835PE2Т-ХХ, 9001РТ1У, 1655РР1Т*, 1659РУ1Т і 1666РЕ014, кантролеры шыротна-імпульснай мадуляцыі сэрыі 1114, стабілізатары напругі сэрыяў 1244, 1252ЕР1Т, 1253, 1264, 1325, 1342ЕН5Т, 1326, 1343, 1344 і 1349ЕГ1У, крыніцы апорнай напругі сэрыяў 1369 і 142, мікракантролеры і супэрвізары сілкаваньня сэрыяў 1880, 1881, 1842, 588, 1345 і 5518АП1ТБМ, лічбавыя патэнцыямеры сэрыі 1315, інтэрфэйсныя мікрасхемы сэрыяў 588, 5102, 5559, 5560 і 1554ИН1УБМ, мікрасхемы пераўтваральнікаў, відэамультыплексары і аналягавыя мікрасхемы сэрыяў 1467 і 1473, элемэнты лічбавай логікі сэрыяў 133, 136, 1533, 1554, 1564, 1594 і 5584, базавыя матрычныя крышталі (БКМ) і праграмаваная лягічная інтэгральная схема (ПЛІС), драйвэры і мікрасхемы ўтваральнікаў часавых інтэрвалаў, а таксама чуйнікаў тэмпэратуры і ідэнтыфікацыі[23];
  • 2 калькулятарныя мікрасхемы, 4 мікрасхемы для тэрмомэтраў і 5 генэратараў мэлёдыяў;
  • 4 віды гадзіньнікавых мікрасхемаў — зь лічбавай, у тым ліку вакуўмналюмінісцэнтнай і сьвятлодыёднай, і стрэлкавай індыкацыяй[24].

Таксама «Інтэграл» выпускаў:

  • 3 віды оптаэлектронікі — крэмнавыя лавінныя фотадыёды і малагабарытныя фотапамнажальнікі;
  • 8 відаў дыёдаў — звышвысокачастасьцевыя (ЗВЧ), магутныя матрыцы, дыёды Шоткі, імпульсныя матрыцы, дыёды Зэнэра, выпрамляльныя, варыкапныя матрыцы і варыкапы[25];
  • тырыстары і трыякі, 2-палярныя і палявыя транзыстары;
  • вадкакрышталічныя індыкатары і іх модулі, інфармацыйныя табло[26].
Мікрасхемы «Інтэграл» сэрыяў 133ЛР1 і 136ЛР3

У 1961 годзе пачалі будаўніцтва галоўнага корпуса і будынка заводакіраўніцтва. 13 сьнежня 1963 году ў Менску ўвялі ў дзеяньне «Завод паўправадніковых прыбораў», на якім выпусьцілі першыя досьледныя партыі дыёдаў. Першым кіраўніком заводу стаў Пётар Гайдэнка[27]. У 1963 годзе пачалі ўзводзіць лямпавы завод «Транзыстар». У 1965 годзе выпусьцілі першыя транзыстары. У 1968 годзе ў Менску адчынілі завод «Транзыстар». У 1969 годзе пачалі сэрыйную вытворчасьць інтэгральных мікрасхемаў[28]. У 1971 г. «Інтэграл» утварыў аб’яднаньне прадпрыемстваў, што ўлучыла заводы «Камэртон» (Пінск, Берасьцейская вобласьць), «Колератрон» (Берасьце, 1983), «Транзыстар» (1968), «Электроніка» (1978) і «Элмаш», канструктарскія бюро «Белмікрасхемы», «Захад» (Берасьце, 1986) і «Няміга» (1991)[29]. У 1972 годзе стварылі спэцыяльнае канструктарска-тэхналягічнае бюро (СКТБ) НВА «Інтэграл». У 1973 годзе вырабілі першы ў СССР электронны наручны гадзіньнік «Сэкунда-2». У 1974 годзе «Iнтэграл» узнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі за распрацоўку і стварэньне апаратуры для дасьледаваньня касьмічнай прасторы. Папярэдне інжынэры «Iнтэграла» стварылі элемэнтную базу для сыстэмы кіраваньня міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Р-36М[27]. У 1977 годзе выпусьцілі першую мікрасхему запамінальнай прылады. У 1978-м стварылі першы мікрапрацэсар і адчынілі завод «Электроніка». У 1979-м у Пінску пусьцілі завод «Камэртон». У 1979 годзе ў гадзіньніках «Электронiка» выкарысталі інтэгральныя схемы з транзыстарамі з малібдэнавым затворам, вырабленыя на аснове камплемэнтарнага мэтал-аксыд-паўправадніка (КМАП). Гэта зрабіла той гадзіньнік самым прэстыжным побытавым прыборам у сьвеце, і зрабіла яго першым цывільным дасягненьнем прадпрыемства. У 1980 годзе «Iнтэграл» налічваў 30 000 супрацоўнікаў і быў найбольшым вытворцам паўправадніковых вырабаў у СССР. У 1981 годзе прадпрыемства атрымала ордэн Леніна за распрацоўку і вытворчасьць электронных блокаў для наземнага комплексу шматразовай касьмічнай сыстэмы[30]. Папярэдне на «Інтэграле» стварылі элемэнтную базу кіраваньня для 1-га савецкага шматразовага касьмічнага карабля «Буран»[27]. У 1982 годзе распрацавалі лягічныя інтэгральныя схемы. У 1983-м у Берасьці адчынілі завод «Колератрон». У 1986-м у Берасьці стварылі СКБ «Захад». У 1988-м выпусьцілі першыя мікракампутары. У 1990-м — мікрасхемы для тэлефаніі[28].

Мікрасхема «Інтэграл» КМ155ЛА3 у керамічным корпусе

У 1991 годзе заснавалі СКБ «Няміга». У 1991 годзе распрацавалі мікрасхемы для тэлевізараў «Вiцязь» (Віцебск) і «Гарызонт» 3-га і 4-га пакаленьня. У выніку каля 30% вытворчасьці склалі мікрасхемы для тэлевізараў[27]. У 1992 годзе інжынэры СКБ «Няміга» прадставілі 1-ы беларускі партатыўны кампутар «ПК-300»[31]. У 1992 годзе «Інтэграл» пачаў пастаўляць бяскорпусныя крышталі ў складзе пласьцінаў для далейшай зборкі пад лядоўні паўднёвакарэйскага вытворцы «Шчасьлівая Вэнэра»[32]. У 1992-м стварылі электроннае абсталяваньне для банкаў і крамаў, а таксама тэлефонны апарат. У 1993-м пачалі выпускаць мікрасхемы для калькулятараў. У 1994-м стварылі мікрасхему для электрычна-сьціральнай перапраграмавальнай пастаяннай запамінальнай прылады (ЭСППЗП). У 1995-м распрацавалі мікрасхему для 1-платнага тэлевізара 6-га пакаленьня і тэлефонныя плястыкавыя карткі. У 2001 годзе распрацавалі звышхуткадзейныя дыёды і мікрасхемы для аўтаэлектронікі. У 2002-м асвоілі мікрасхему для тэлевізійнага працэсара. У 2003-м адчынілі прадстаўніцтвы ў Індыі і Кітаі. У 2003 годзе «Пеленг» заказаў у «Інтэграла» распрацоўку факальнай плоскасьці на аснове электрапрыбораў з зарадавай сувязьзю, што дазваляюць здымаць прадметы на высокай хуткасьці ў космасе. Спачатку для 1-га беларускага спадарожніка стварылі аснастку звышхуткаснай цьвёрдацельнай электронікі, на плоскасьці якой разьмясьцілі крышталі. Затым распрацавалі керамічны корпус для факальнай плоскасьці[27]. У 2005 годзе пачалі вырабляць палявыя транзыстары і распрацавалі бартавы кампутар для спадарожніка «БелКА». У 2006-м пусьцілі сэрыйную вытворчасьць мікрасхемаў з праектнай нормай 0,8 мікрамэтру. У 2007 годзе пачалі вытворчасьць мэдычных вырабаў. У 2008-м сталі выпускаць запамінальныя прылады адмысловага прызначэньня ёмістасьцю 256 кілябіт. У 2009-м распрацавалі мікрасхемы з нормай 0,35 мкм. У 2010-м вырабілі запамінальныя прылады ёмістасьцю 1 мэгабіт і пачалі вытворчасьць мікрасхемаў на пласьцінах прамерам 200 мм. Таксама ў 2010 годзе «Інтэграл» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства[28]. У 2010 г. палова замежнага збыту прыпала на Расею (звыш $40 млн), дзе звыш 90% экспарту прызначалася збройным прадпрыемствам[33].

У 2011 годзе «Інтэграл» стаў найбольшым экспартэрам Беларусі ў Паўднёвую Карэю за кошт паставак інтэгральных мікрасхемаў[34]. У 2012 годзе «Інтэграл» накіраваў каля 80% экспарту ў Расею[35]. У 2012 годзе для спадарожніка аддаленага зандаваньня Зямлі вырабілі зборкі фотаадчувальных прыбораў з зарадавай сувязьзю (ФПЗС). У 2013 годзе выручка вырасла да 1096,5 млрд рублёў[36] (122,2 млн $)[37]. Апэрацыйны прыбытак павялічыўся да 30,5 млрд руб (3,39 млн $), чысты прыбытак — да 29,4 млрд руб (3,27 млн $). Прадпрыемства налічвала 5572 супрацоўнікі. 14 чэрвеня 2013 году Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь паставіла на ўлік холдынг «Інтэграл» за № 62. У 2013 годзе выпрацоўка на супрацоўніка склала 30 000 даляраў ЗША[38]. За 2013 год звыш 70% вырабаў паставілі за мяжу[39]. У верасьні 2013 году «Інтэграл» стаў вырабляць бартавыя кампутары для збожжаўборачнага камбайна «Палесьсе ГС16» распрацоўкі «Гомсельмашу»[40]. 22 кастрычніка 2013 году А. Лукашэнка даў згоду на прызначэньне Віталя Саладухі кіраўніком «Інтэграла»[41].

У 2014 годзе «Інтэграл» паставіў аналягавыя моначыпы для паўднёвакарэйскіх вытворцаў аўтамабіляў і зарадных прыладаў для пляншэтаў і смартфонаў[42]. 1 верасьня 2014 году паводле заяўкі «Інтэграла» ва ўстановах сярэдняй спэцыяльнай адукацыі пачалі навучаньне па спэцыяльнасьці «мікра- і нанаэлектронныя тэхналёгіі і сыстэмы»[43]. У 2014 годзе распрацавалі перанасны вэнтылятар лёгкіх і 23 мікрасхемы сэрыі 5584 для спадарожнікаў. Таксама асвоілі шматкрыштальную зборку КМАП для апэратыўнай памяці на 16 мэгабіт. У 2015-м стварылі ідэнтыфікатар жалезабэтонных вырабаў і сьветладыёднае асьвятленьне для птушкафабрык. Таксама вырабілі мікрасхему з крэмнам на ізалятары. На студзень 2015 году на прадпрыемстве працавала звыш 5000 чалавек[44]. За 2015 год вытворчасьць перавысіла 1,5 трлн рублёў (92,3 млн $), а экспарт склаў 83,5 млн даляраў ЗША. Урад Беларусі падтрымаў вылучэньне прадпрыемству пазыкі на 30 млн эўра[45]. Каля 80% экспарту прыпала на Расею, а рэшта на краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі[46].

У 2016-м распрацавалі мікрасхему для лічбавага тэрмомэтра. На 2016 год «Інтэграл» выпускаў інфармацыйныя табло для банкаў і грамадзкага транспарту, касавыя апараты, мэдтэхніку і мікрасхемы для тэлевізараў, смартфонаў і зарадных прыстасаваньняў[47], якія выпускалі ў Кітаі. У лютым 2016 году прадпрыемства атрымала заказ на сьвятлодыёдныя табло, сынхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, для цягнікоў Менскага мэтрапалітэну[48]. 5 сакавіка 2016 году табло «бягучы радок» усталявалі ў адным зь цягнікоў 1-й лініі мэтро[49]. На 18 траўня 2016 году «бягучы радок» працаваў у 6 цягніках 1-й лініі мэтро і ў 2-х цягніках Аўтазаводзкай лініі[50]. За 1994—2016 гадах на «Інтэграле» распрацавалі і стварылі каля 250 вырабаў двайнога прызначэньня, якія пастаўлялі ў Расею, Нямеччыну, Швайцарыю і ЗША[51]. За 2016 год «Інтэграл» абнавіў кадры на 7% за кошт 314 адмыслоўцаў, зь іх было 82 выпускнікі ВНУ. Астатнія атрымалі сярэднюю спэцыяльную і прафэсійна-тэхнічную асьвету. Сярэдні ўзрост працаўнікоў складаў 44 гады. Пасьля 1-га году працы выпускнікам сталі павышаць надбаўку з 20 да 80%, а за 2-і год — да 150%, што прывяло да замацаваньня выпускнікоў пасьля абавязковай адпрацоўкі. Адмыслоўцаў для прадпрыемства рыхтавалі 3 катэдры на мэханіка-матэматычным факультэце БДУ, у БДУІРы і Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце[52]. 5 красавіка 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ «Аб прысуджэньні Дзяржаўных прэміяў Рэспублікі Беларусь 2016 году», паводле якога ўзнагародзілі 2 супрацоўнікаў «Інтэграла» — Віталя Саладуху і Сяргея Шведава за распрацоўку мікраэлектронікі на экспарт і зборачнага абсталяваньня[53]. У 2017-м стварылі чуйнік тэмпэратуры. На красавік 2017 году на «Інтэграле» дзейнічалі азотна-тленавая і вадародна-тленавая станцыі. Звыш 30% супрацоўнікаў былі ў веку да 35 гадоў. Больш як 51% працаўнікоў меў вышэйшую і сярэднюю спэцыяльную асьвету. Для вытворчасьці мікрасхемы выконвалі ад 300 да 800 апэрацыяў. Досьледныя мікрасхемы выпрабоўвалі на безадмоўнасьць перад пастаноўкай на вытворчасьць ад 3000 да 4500 гадзінаў (да 9 месяцаў). Найбольш шырока вырабы «Інтэграла» выкарыстоўвалі ў ядзернай энэргетыцы, касьмічнай тэхніцы і высокадакладных прыладах пад узьдзеяньнем электрамагнітнага поля. Для аховы здароўя распрацавалі аўтадазатар «ДЭА-100» і манітор «Інтэграл-12». Таксама выраблялі магнітныя карткі, прыстасаваньні кампутарнай памяці, шпітальныя электраложкі з супрацьпролежневымі матрацамі і ложак для нованароджаных «Сашачка»[32]. У вытворчасьць укаранілі 137 распрацовак вырабаў двайнога прызначэньня, экспарт якіх склаў каля 350 млн даляраў ЗША[54]. У верасьні 2017 году фізыкі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту запатэнтавалі «Золь-гель спосаб утварэньня сэгнэтаэлектрычнай аксыднай плёнкі», які распрацавалі ў супрацы з «Інтэгралам». Гэты нанаматэрыял уяўляў сабой кандэнсатарны мікраслой, які прызначаўся для вытворчасьці такіх энэрганезалежных запамінальных прыладаў, як: магнітны дыск, флэш-картка і сім-картка[55].

У 2018-м — сталі вырабляць мікрасхемы супэрвізараў сілкаваньня[28]. На 2018 год холдынг «Інтэграл» быў найбольшым вытворцам мікрасхемаў у Эўропе. 6 сакавіка 2018 году «Інтэграл» запусьціў новую лінію мантажу мікраэлектронікі, што больш як 10-кратна паскорыла вытворчасьць[56]. На красавік 2018 году 5 касьмічных апаратаў працавала з абсталяваньнем «Iнтэграла». Ішла распрацоўка сумеснага з «Раскосмасам» спадарожніка з шырынёй паласы агляду да 50 км[27] і распазнаваньне да 35 см 8 красавіка 2020 году падпісалі пагадненьне аб стварэньні сумеснай групоўкі 8 такіх спадарожнікаў[57].

У сьнежні 2009 году «Інтэграл» пачаў зборку манітораў пад уласным таварным знакам з дэталяў «Філіпс» (Нідэрлянды) і «Асэр» (Тайвань). Пры гэтым гарантыю на манітор сталі даваць на 3 гады. Аднак пад налепкамі на вадка-крышталічных маніторах «Інтэграл 19» заставаўся таварны знак тайваньскага вытворцы «Асэр» (Хунцы), а на самім маніторы значылася яго адпаведная мадэль V193HQ[58].

Згодна з матэрыяламі Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру(be) ды OCCRP, «Інтэграл» нават пасьля ўвядзеньня санкцый супраць Беларусі працягвае закупляць заходнія камплектуючыя для вытворчасьці мікрачыпаў, якія затым выкарыстоўваюцца ў расійскіх ракетах ва Украіне. Такія закупкі ажыцьцяўляюцца з дапамогай пасрэднікаў у Польшчы, Турэччыне, Кыргыстане ды Кітаі[59].

24 лютага 2022 году завод быў унесены ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[60]. У тым жа годзе Інтэграл трапіў у санкцыйныя сьпісы Вялікабрытаніі, Канады, Новай Зэляндыі, Украіны ды Японіі[61].

  1. Віншаваньне прэзыдэнта // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2013. — № 235 (27600). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. Кантакты (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  3. Кіраўніцтва (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  4. Зьвесткі пра акцыянэрнае таварыства і яго дзейнасьць па стане на 1 студзеня 2020 г. (рас.) // ААТ «Інтэграл», 23 красавіка 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  5. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублiкi Беларусь за 2019 год (2,0887 рублі за даляр ЗША) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  6. А.Г. Ранейскі, В.Т. Суслава. Аўдытарскія высновы за 2019 год (рас.) // ААТ «Інтэграл», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  7. Перавагі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  8. Будова (рас.) // ААТ «Інтэграл», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  9. 1 2 Магчымасьці (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  10. Вырабы (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  11. Вырабы для мэдыцыны і нагляду за здароўем (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  12. Сьвятлодыёдныя сьвяцільнікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  13. Вырабы для сельскагаспадарчай тэхнікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  14. Вырабы вытворча-тэхнічнага прызначэньня (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  15. Электронныя гадзіньнікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  16. Прамысловая электроніка (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  17. Гандлёва-банкаўскае абсталяваньне (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  18. Запамінальныя прылады (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  19. Драйвэры пэрыфэрыйных прыладаў (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  20. ІМС для сілавой электронікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  21. ІМС для сувязі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  22. Стандартныя лічбавыя лягічныя ІМС (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  23. Электронная кампанэнтная база адмысловага прызначэньня (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  24. Гадзіньнікавыя ІМС (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  25. Дыёды (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  26. Вадкакрышталічныя індыкатары (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  27. 1 2 3 4 5 6 Ігар Самойлаў. Менскi «Iнтэграл»: 55 гадоў у касьмiчным страi // Зьвязда. — 7 красавіка 2018. — № 67 (28683. — С. 7.
  28. 1 2 3 4 Гісторыя прадпрыемства (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  29. Людміла Ісаева. «Інтэграл» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 279-280. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  30. Іван Ждановіч. І на «Iнтэграле» яго віншавалі // Голас Радзімы : газэта. — 25 студзеня 2019. — № 2 (3590). — С. 6. — ISSN 0439-3619.
  31. Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». У эпоху кампутарызацыі // БелТА, 8 кастрычніка 2018 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  32. 1 2 Уладзімер Хількевіч. Ад спадарожніка да «Малыша» і «Сашачкі» // Мясцовае самакіраваньне. — 19 красавіка 2017. — № 13 (397). — С. 6.
  33. Павал Берасьнеў. Жыць за ўласны кошт // Зьвязда : газэта. — 14 траўня 2011. — № 88 (26961). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  34. Кан Вон Сік: Беларусь інвэстыцыйна прывабная карэйскім бізнэс-колам // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 31 жніўня 2012 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  35. У.Сямашка прапануе больш актыўна шукаць інвэстара для ААТ «Інтэграл» // БелТА, 14 лютага 2013 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  36. Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2013 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь Праверана 26 сьнежня 2014 г.
  37. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2013 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 26 сьнежня 2014 г.
  38. Уладзіслаў Кулецкі. Яны ня скардзяцца. Яны працуюць // Газэта «Зьвязда», 17 ліпеня 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  39. Аляксандар Лукашэнка павіншаваў калектыў ААТ «Інтэграл» // Белтэлерадыёкампанія, 13 сьнежня 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  40. Ірына Асташкевіч. Новы камбайн стымулюе айчынных вытворцаў // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2013. — № 166 (27776). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  41. Прэзыдэнт Беларусі разгледзеў кадравыя пытаньні // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 кастрычніка 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  42. Андрэй Крывашэеў. Гісторыя адносін Беларусі і Паўднёвай Карэі вядзе свой адлік з 1992 году // Белтэлерадыёкампанія, 27 верасьня 2014 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  43. У Беларусі адкрываецца падрыхтоўка па некалькіх новых прафэсіях // БелТА, 5 лютага 2015 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  44. Сёньня мэр Менску сустрэўся з калектывам прадпрыемства «Інтэграл» // Белтэлерадыёкампанія, 21 студзеня 2015 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  45. Вераніка Пуставіт. «Інтэграл» паправіў здароўе // Зьвязда. — 3 лютага 2016. — № 20 (28130. — С. 2.
  46. Прэм'ер-міністар азнаёміўся з працай ААТ «Інтэграл» // БелТА, 16 верасьня 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  47. Аляксандар Харкавец, тэлеканал «Беларусь 1». Інавацыйныя распрацоўкi і новыя рынкі збыту // Белтэлерадыёкампанія, 1 лютага 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  48. Тэлеканал «Беларусь 1». Cьвятлодыёдныя табло, сынхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, зьявяцца ў цягніках мэтро // Белтэлерадыёкампанія, 1 лютага 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  49. «Бягучы радок» зьявіцца ў вагонах менскага мэтро // БелТА, 5 сакавіка 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  50. «Бягучы радок» зьявіцца ў ліпені ў васьмі саставах менскага мэтро // БелТА, 18 траўня 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  51. Натальля Брэвус, тэлеканал «Беларусь 1». Прысуджэньне дзяржаўных узнагародаў за навуковыя працы не павінна насіць фармальнага характару // Белтэлерадыёкампанія, 28 лютага 2017 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  52. Натальля Лубнеўская. Першае працоўнае месца // Зьвязда. — 25 сакавіка 2017. — № 57 (28421. — С. 6.
  53. Прысуджаныя Дзяржаўныя прэміі // Зьвязда. — 6 красавіка 2017. — № 65 (28429. — С. 2.
  54. Міхаіл Маціеўскі. Лукашэнка ўручыў Дзяржаўныя прэміі і дзяржузнагароды работнікам розных сфэраў // БелТА, 28 красавіка 2017 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  55. У Гомелі распрацавалі нанаматэрыял для вырабаў мікраэлектронікі // Газэта «Зьвязда», 17 верасьня 2017 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  56. Тэлеканал «Беларусь 1». «Інтэграл» запускае новую лінію мантажу мікраэлектронікі // Белтэлерадыёкампанія, 6 сакавіка 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2018 г.
  57. Беларусь і Расея ствараюць новы спадарожнік зандаваньня Зямлі // Белтэлерадыёкампанія, 8 красавіка 2020 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  58. З чаго зьбіраюць маніторы «Інтэграл» (рас.) // Tut.by, 24 сьнежня 2009 г. Праверана 12 студзеня 2021 г.
  59. Беларусский «Интеграл» обходит санкции, поддерживая военную агрессию России (рас.) OCCRP
  60. U.S. Treasury Targets Belarusian Support for Russian Invasion of Ukraine (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2022-02-24). Праверана 2022-02-25 г.
  61. Відкрите акціонерне товариство «Інтеграл»-керуюча компанія холдингу «Інтеграл»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]